ГАЛКО́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 20.5.1942, в. Судзілы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета (з 1996 Нац.акад.т-р оперы Беларусі). Сярод партый нац. рэпертуару: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Раман («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Ціханаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). У класічным рэпертуары вылучаюцца партыі драм. і лірыка-драм. плана: Пінкертон, Каварадосі («Чыо-чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Радамес, Дон Карлас («Аіда», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Герман, Вадэмон («Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анатоль Курагін («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМСАХУ́РДЫЯ (Канстанцін Сіманавіч) (15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццё груз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 14.5.1955, г. Віцебск),
бел. сацыёлаг. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996). Д-р сацыялаг. н. (1994), праф. (1997). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1980). З 1978 працаваў у ЦК ЛКСМБ, СМ Беларусі. З 1994 у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: заг. сектара, нам.нач.Гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі. Адначасова з 1991 выкладае ў БДУ. Нам. акадэміка-сакратара Аддзялення гуманіт. навук і мастацтваў Нац.АН Беларусі, гал. рэдактар час. «Социология». Даследуе асн. кірункі і перспектывы сістэмнай трансфармацыі сучаснага грамадства, праблемы каштоўнасных арыентацый моладзі, методыкі аператыўнага вывучэння грамадскай думкі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў па сацыялогіі, методыцы сацыялагічных даследаванняў, гісторыі сацыялогіі.
Тв.:
Семья и молодежь: Профилактика отклоняющегося поведения. Мн., 1989 (у сааўт.);
Молодежь и демократизация советского общества. Мн., 1990 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕР ((Giller) Агатан) (9.1.1831, мяст. Апатоўка Калішскага ваяв., Польшча — 17.8.1887),
польскі паліт. дзеяч, журналіст, удзельнік паўстання 1863—64. У 1853 за рэв. прапаганду сасланы ў Сібір. У 1860 вярнуўся па амністыі ў Варшаву і ўключыўся ў паліт. барацьбу. Летам 1862 увайшоў у склад Цэнтр.нац.к-та ў Варшаве. Адзін з лідэраў правага крыла «чырвоных». Прыхільнік польска-рускага рэв. саюзу, у вер. 1862 вёў у Лондане перагаворы з А.І.Герцэнам аб супрацоўніцтве. Вясной 1863 чл. Часовага нац. ўрада, рэдагаваў паўстанцкія газеты. Летам 1863 выехаў за мяжу, жыў у Германіі, Францыі, Галіцыі, Швейцарыі. Аўтар «Гісторыі паўстання польскага народа ў 1861—1864 гг.» (т. 1—4. Парыж, 1867—71), багатай фактычным матэрыялам. Выдаў зборнік мемуараў «Польшча ў змаганні» (т. 1. Парыж, 1868; т. 2. Кракаў, 1875), у якім змешчаны ўспаміны многіх удзельнікаў паўстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНА́ДА (франц. colonnade),
рад або рады калон, аб’яднаных гарыз. перакрыццем ці антаблементам. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынкаў выкарыстоўваюцца ў выглядзе порцікаў і галерэй, якія прылягаюць да будынка, аб’ядноўваюць яго асобныя часткі, звязваюць з навакольным асяроддзем (з прасторай двара або плошчы). Можа быць самаст. збудаваннем. Унутры будынкаў К. абрамляюць залу, выкарыстоўваюцца для расчлянення і адначасова сувязі асобных ч. параднага інтэр’ера. Вядома ў манум. архітэктуры Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Пашырана ў еўрап. архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, класіцызму.
На Беларусі К. выкарыстоўваліся ў палацавых пабудовах стыляў барока, класіцызму, а таксама гандл. будынках 19 ст. У архітэктуры 20 ст. выкарыстоўвалася як асн. элемент кампазіцыі гал. фасадаў (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом прафес. саюзаў у Мінску, будынак Бел.т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску і інш.). У выглядзе К. аформлены гал. ўваход у Цэнтр.бат. сад Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЧЫ́НАЎ (Барыс Іванавіч) (н. 19.6.1935, Мінск),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства ў машынабудаванні. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1986), д-ртэхн.н. (1976), праф. (1989). Засл. вынаходнік Беларусі (1981). Сын І.І.Купчынава. Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1969 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні трэння і зносу цвёрдых цел, фізіцы і механіцы кампазіцыйных матэрыялаў на аснове палімераў, трыбалогіі вадкіх крышталёў. Распрацаваў канстр.-тэхнал. параметры працэсу вытв-сці драўнінна-палімерных матэрыялаў, асновы новага павук. кірунку па стварэнні высокаэфектыўных вадкакрышт. змазачных матэрыялаў. Навук. адкрыццё ў галіне біятрыбалогіі (1984). Дзярж. прэмія БССР 1972.
Тв.:
Технология конструкционных материалов и изделий на основе измельченных отходов древесины. Мн., 1992 (разам з М.В.Немагаем, С.Ф.Мельнікавым);
Биотрибология синовиальных суставов. Мн., 1997 (разам з Я.Дз.Белаенкам, С.Ф.Ермаковым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАС (Lagos),
горад, сталіца Нігерыі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на астравах і ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Адм. ц. штата Лагас. 10,3 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Буйнейшы эканам., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Канцэнтруе каля палавіны прамысл. патэнцыялу краіны. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, перапрацоўка какавы), тэкст., металаапр., радыётэхнічная. Суднабуд. і суднарамонтныя верфі. 2 ун-ты. Нац. музей.
Засн. партугальцамі ў канцы 15 ст. на месцы паселішча племя йаруба-аворы. У 15—16 ст. залежны ад Беніна горад-дзяржава, якім кіраваў ваен. правадыр. У 17 ст. адзін з цэнтраў гандлю рабамі. У выніку англ. экспансіі з 1852 пад кантролем Вялікабрытаніі, у 1861 каланізаваны англічанамі. Цэнтр нац.-вызв руху. З 1914 адм. ц. пратэктарата Нігерыя, з 1960 сталіца незалежнай Нігерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІНАЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 8.3.1940, в. Зялёнаўка Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне геаграфіі і геафізікі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-ргеагр.н. (1982), праф. (1989). Скончыў Ленінградскае вышэйшае інж. марское вучылішча (1963). З 1969 у Сібірскім ін-це зямнога магнетызму, іонасферы і распаўсюджвання радыёхваль Сібірскага аддзялення АНСССР. З 1973 заг. лабараторыі Усесаюзнага ін-та гідраметінфармацыі Сусв. цэнтра даных (Обнінск), з 1977 у Гал.геафіз. абсерваторыі (Ленінград) — заг. лабараторыі, нам. дырэктара. З 1990 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі (нам. дырэктара, з 1997 дырэктар, заг. лабараторыі), адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па праблемах дыягназу і прагнозу клімату.
Тв.:
Вулканические извержения и климат. Л., 1984;
Причины и следствия климатических изменений. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫЧ (Генадзь Міхайлавіч) (н. 25.2.1935, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Акад.Нац.АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1986). Д-рэканам.н. (1973), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Брат Л.М.Лыча. Скончыў Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1958). У 1958—61 на Брэсцкай абл.с.-г. доследнай станцыі; з 1967 у Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1977 у БелНДІ эканомікі і арг-цыі сельскай гаспадаркі (нам. дырэктара). З 1988 дырэктар Ін-та эканомікі і адначасова з 1992 акад.-сакратар Аддзялення гуманіт. навук Нац.АН Беларусі. Даследуе праблемы павышэння эканам. эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, у т. л. меліярацыі, кіравання нар. гаспадаркай, эканам. суверэнітэту, міждзярж. эканам. інтэграцыі.
Тв.:
Размещение и специализация сельского хозяйства Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.);
Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. Мн., 1988;
Эффективность использования производственных ресурсов. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.