2) невялікая частка чаго-н., узятая для вызначэння якасці, саставу;
3) колькасць вагавых частак высакароднага металу (золата, серабра і г.д.) у пэўнай колькасці вагавых частак сплаву, а таксама кляймо з абазначэннем гэтай колькасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АРЫЗО́НА (Arizona),
штат на ПдЗ ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адм. ц. — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на ПнУ (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на ПдЗ.
Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́МПІЯ (Olympia),
старажытнагрэчаскі горад на ПнЗ п-ва Пелапанес, на р. Алфей. Рэліг. цэнтр стараж. грэкаў, месца культу Зеўса і правядзення Алімпійскіх гульняў. Буйны цэнтр мастацтваў (7—4 ст. да н.э.). У канцы 7 ст. да н.э. пабудаваны храм Геры і 12 скарбніц на шляху да храма. Гал. Частка арх. ансамбля — храм Зеўса (468—456 да н.э., арх. Лібан), дзе знаходзілася вялізная статуя Зеўса з золата і слановай косці (скульпт. Фідый), залічаная грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету.
Сярод арх. помнікаў: будынак савета (булеўтэрый, 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 5 ст. да н.э.), храм Маці багоў (1-я пал. 4 ст. да н.э.), свяцілішча Пелапса, гімнасій і інш. З усталяваннем хрысціянства Алімпія заняпала, у 426 н.э. спалена па загадзе рым. імператара Феадосія II. У час раскопак (вядуцца з 1829) выяўлена больш за 130 статуй, каля 13 тыс. бронзавых прадметаў, да 10 тыс. надпісаў на бронзавых таблічках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв.валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр.Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пд з Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні вадароду з інш. элементамі. Простыя ці бінарныя гідрыды вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя інертных газаў, плацінавых металаў (за выключэннем паладыю), серабра, золата, кадмію, ртуці, індыю, талію.
Гідрыды шчолачных і шчолачназямельных (акрамя магнію) металаў — солепадобныя іонныя злучэнні. Крышт. рэчывы, устойлівыя пры адсутнасці вільгаці (напр., гідрыды літыю LiH tпл 680 °C, кальцыю CaH2 tпл 815 °C). Пры ўзаемадзеянні з вадой утвараюць шчолачы і вадарод. Гідрыды пераходных металаў і рэдказямельных элементаў (металападобныя гідрыды) светла- ці цёмна-шэрыя крышт. рэчывы з метал. бляскам, устойлівыя на паветры пры пакаёвай т-ры (напр., гідрыды тытану TiH2 мае т-ру раскладання 600—700 °C). Гідрыды неметалаў — кавалентныя злучэнні, у асн. газападобныя рэчывы (высокатаксічныя, асабліва гідрыды мыш’яку AsH3 і фосфару PH3). Моцныя аднаўляльнікі, пры 100—300 °C раскладаюцца да элемента і вадароду. Бор і крэмній утвараюць вышэйшыя гідрыды: боравадароды і сіланы. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнікі ў арган. сінтэзе і пры атрыманні металаў, як каталізатары, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў (германію, крэмнію). Гл. таксама Алюмінію злучэнні, Літыю злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЎ (Канстанцін Васілевіч) (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад.АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн.БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз. фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.Л.Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;
Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.А.Шаўчуком) // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),
пласкагор’е ў Індыі, унутр.ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн.км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена з Пн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.
На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-ра мая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 мм за год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВАДНІКІ́,
рэчывы, у якіх пры ахаладжэнні ніжэй за крытычную тэмпературу электрычнае супраціўленне падае практычна да нуля — мае месца звышправоднасць.
Ад інш. электраправодных матэрыялаў З. адрозніваюцца поўнай адсутнасцю супраціўлення пастаяннаму эл. току, т.зв. захопам магн. патоку ўнуры кольца з З. і эфектам Майснера (магн. поле не пранікае ў тоўшчу З. пры напружанасці поля, меншай за крытычную, — сілавыя лініі поля агінаюць З.; на гэтым эфекце заснавана дзеянне звышправодных магн. экранаў). Да З. адносяцца многія металы (свінец Pb, алюміній Al, талій Ti, ніобій Nb і інш.), метал сплавы (напр., свінец—золата Pb—Au, ніобій—тытан—цырконій Nb—Ti—Zr), інтэрметалічныя злучэнні, карбіды, нітрыды, некаторыя паўправаднікі і палімеры. З. выкарыстоўваюцца для стварэння звышправодных магнітаў, балометраў, магутных электрагенератараў і рухавікоў, сілавых кабеляў і трансфарматараў вял. магутнасці для сістэм цэнтралізаванага размеркавання электраэнергіі, звышадчувальных дэтэктараў выпрамяненняў, у высакаскораснай лічбавай электроніцы і інш.Гл. таксама Высокатэмпературная звышправоднасць, Джозефсана эфект.
Літ.:
Физико-химия сверхпроводников. М., 1976;
Шмидт В.В. Введение в физику сверхпроводников. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАГА́НЕСБУРГ, Іаханесбург (Johannesburg),
горад на ПнПаўд.-Афр. Рэспублікі, у цэнтры горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. 712,5 тыс.ж., з прыгарадамі каля 3 млн.ж. (1993). У цэнтр ч. горада пераважае белае насельніцтва (афрыканеры, англа-паўднёваафрыканцы), у прыгарадах — негрыцянскае. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл. і прамысл. цэнтр краіны. У горадзе праўленні асн. горнапрамысл. і фін. канцэрнаў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (горнае абсталяванне, эл.-тэхн., аўтазборка), хім., тэкст., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, дрэваапр., пашыў адзення. У межах горада 7 буйных руднікоў па здабычы золата. Шліфоўка алмазаў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Муніцыпальная маст. галерэя (з 1911).
Засн. ў 1886 як шахцёрскі пасёлак пры рудніках Вітватэрсранда. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 захоплены англічанамі (1900), у 1910 уключаны ў склад брыт. дамініёна Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 ПАР). З 1928 горад. У пач. 20 ст. І. — адзін з цэнтраў масавых выступленняў афр. насельніцтва супраць расізму і апартэіду. Пасля 2-й сусв. вайны горад перажыў эканам. бум (развіццё хім. прам-сці, машынабудавання, апрацоўкі каштоўных камянёў).