БРУ́НТЛАНД ((Brundtland) Гру Харлем) (н. 20.4.1939, Осла),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Нарвегіі. Скончыла ун-т у г. Осла і Гарвардскі ун-т (ЗША). У 1974—79 міністр па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. З 1977 дэп. парламента. У 1975—81 нам. старшыні, з 1981 старшыня Нарвежскай рабочай партыі (НРП). У 1979—81 старшыня знешнепаліт. к-та сторцінга (парламента), з 1986 — Міжнар. камісіі па навакольным асяроддзі і развіцці. У 1981, 1986—89 і з 1990 прэм’ер-міністр Нарвегіі.

т. 3, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫСО́ ((Brissot) Жак П’ер) (15.1.1754, г. Шартр, Францыя — 31.10.1793),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, лідэр жырандыстаў. З 1789 выдаваў газ. «Patriote Francais» («Французскі патрыёт»). У першы перыяд рэвалюцыі ўдзельнік Якабінскага клуба, выступаў супраць абсалютызму, за ўтварэнне рэспублікі. Быў абраны дэпутатам Заканадаўчага сходу, заклікаў пачаць рэв. вайну супраць еўрап. манархій (1791). Пасля звяржэння манархіі ў Францыі (1792) і прыходу жырандыстаў да ўлады патрабаваў спынення рэвалюцыі. У Канвенце ўзначаліў барацьбу жырандыстаў супраць якабінцаў і ў час якабінскай дыктатуры гільяцінаваны ў Парыжы.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДГАЙМ ((Waldheim) Курт) (н. 21.12.1918, Андрэ-Вердэн, зямля Ніжняя Аўстрыя, Аўстрыя),

дзяржаўны дзеяч Аўстрыі, дыпламат. Д-р юрыд. н. (1944). Вучыўся ў Венскай консульскай акадэміі (1937—39), скончыў Венскі ун-т (1944). З 1945 на дыпламат. службе. Пастаянны прадстаўнік Аўстрыі пры ААН (1964—68 і 1970—71). Міністр замежных спраў Аўстрыі (1968—70). Ген. сакратар ААН у 1972—81. Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў 1986—92.

Тв.:

Рус. пер. — Австрийский путь М., 1976;

Единственная в мире должность. М., 1980.

К.Вальдгайм.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РГАС ((Vargas) Жэтуліу Дарнеліс) (19.4.1883, г. Сан-Боржа, Бразілія — 24.8.1954),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Бразіліі. Юрыст. Дэп. кангрэса (з 1922), міністр фінансаў (з 1926), губернатар штата Рыу-Гранды-ду-Сул (з 1928). Прэзідэнт Бразіліі ў 1930—45 і 1951—54. У 1945 заснаваў Браз. трабальісцкую (рабочую) партыю. Праводзіў курс на памяншэнне эканам. і знешнепаліт. залежнасці Бразіліі ад ЗША, паляпшэнне становішча працоўных. Адхілены ад улады генералітэтам; скончыў самагубствам.

Літ.:

Шокина И.Е. Жетулиу Дорнелис Варгас // Вопр. Истории. 1996. № 4.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЛЕ́ ((Varlet) Жан Франсуа) (14.7.1764, Парыж — каля 1832),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99. На пач. рэвалюцыі прымкнуў да якабінцаў. Летам 1792 адышоў ад іх і з пач. 1793 разам з Ж.Ру ўзначаліў групу «шалёных». 9—10.3.1793 спрабаваў узняць паўстанне супраць жырандыстаў, за што арыштаваны. У час паўстання 31.5—2.6.1793 часовы прадстаўнік паўстанцкага к-та. Прыхільнік паслядоўнай дэмакратыі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794 арыштаваны і да восені 1795 зняволены. Пасля перавароту Васемнаццатага брумера (1799) адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЬКО́Ў (Мікалай Карнілавіч) (6.5.1902, Віцебск — 4.7.1973),

савецкі ваенны дзеяч, ген.-лейтэнант артылерыі (1954). Скончыў Ваенна-тэхн. акадэмію імя Дзяржынскага (1931). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У 1934—36 выкладаў у Ваен. артыл. акадэміі імя Дзяржынскага. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Варонежскім, Цэнтр., 1-м Укр., Паўд., 1-м Бел. франтах: камандзір асобнай брыгады, корпуса ППА. З 1945 на адказных пасадах у войсках ППА краіны. У 1959—62 нам. начальніка Ваен. каманднай акадэміі ППА.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛА́СКА АЛЬВАРА́ДА ((Velasco Alvarado) Хуан) (16.6.1910, г. П’юра, Перу — 24.12.1977),

ваенны і дзярж. дзеяч Перу. Дывізіённы ген. (1965). Скончыў афіцэрскую школу (1934). У 1962—63 ваен. аташэ ў Францыі. З 1966 нач. ген. штаба арміі, з 1968 галоўнакаманд. сухап. войскамі. У кастр. 1968 узначаліў рэв. выступленне ваенных. Прэзідэнт Перу (1968—75, адначасова да 1972 прэм’ер-міністр). Урад Веласка Альварада прыняў закон аб агр. рэформе, нацыяналізаваў уласнасць амер. нафтавых і гарнарудных кампаній і інш. Скінуты ў выніку ваен. путчу.

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Элі (н. 30.9.1928, г. Сігету-Мармацыей, Румынія), амерыканскі грамадскі дзеяч, пісьменнік. Праф. іудаістыкі Сіці-каледжа ў Нью-Йорку (з 1972). Скончыў Сарбону. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагераў Асвенцім, Бухенвальд. З 1956 у ЗША. Піша пераважна па-французску. Большая ч. яго твораў («І свет маўчаў», 1956; «Дзень», 1961; «Песня мёртвых», 1966 і інш.) звязана з тэмай катастрофы еўрап. яўрэйства. Аўтар тэрміна «халакост» (татальнае знішчэнне яўрэяў у 2-ю сусв. вайну). Нобелеўская прэмія міру 1986.

Э.Візел.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НЬЕЎ (Анатоль Андрэевіч) (1900—25.5.1942),

дзярж. і парт. дзеяч БССР. У 1918—33 у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны. У 1934 на Паўн. Каўказе. З 1935 1-ы сакратар Мазырскага акр. к-та КП(б)Б. У 1937—38 нам. Старшыні СНК БССР, 2-і сакратар ЦК КП(б)Б. Чл. ЦК (1936—38) і Бюро ЦК КП(б)Б (1937—38). Чл. ЦВК БССР (1935—38). У 1940 рэпрэсіраваны, асуджаны на 20 гадоў зняволення. Рэабілітаваны ў 1954.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),

бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.

Л.​У.​Языковіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)