МІЖНАРО́ДНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК (франц. Systéme International d’Unitées; СІ),

сістэма адзінак фізічных велічынь, прынятая 11-й Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вазе (1960). Створана для уніфікацыі вымярэнняў фіз. велічынь і замены вял. колькасці сістэм адзінак, што ўзніклі на аснове метрычнай сістэмы мер. Складаецца з 7 асн. адзінак: даўжыні — метр, масы — кілаграм, часу — секунда, сілы эл. току — ампер, тэрмадынамічнай т-ры — кельвін, сілы святла — кандэла, колькасці рэчыва — моль; 2 дадатковых: плоскага вугла — радыян, прасторавага вугла — стэрадыян.

Ахоплівае ўсе галіны навукі і тэхнікі, устанаўлівае пэўную сувязь у вымярэннях мех., цеплавых, эл. і інш. велічынь. Асн. і дадатковыя адзінкі сістэмы даюць магчымасць пры дапамозе вызначальных ураўненняў атрымаць неабходную колькасць кагерэнтных (без увядзення якіх-н. каэфіцыентаў прапарцыянальнасці) вытворных адзінак 18 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, зіверт, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Найменні інш. вытворных адзінак утвараюцца праз найменні асн., дадатковых і некаторых вытворных адзінак. Напр., адзінка шчыльнасці мае найменне кілаграм на кубічны метр, адзінка ўдзельнай цеплаёмістасці — джоўль на кілаграм∙кельвін. Пераважная колькасць асн. і вытворных адзінак СІ сваімі памерамі зручная для практыкі. Выкарыстанне дольных адзінак і кратных адзінак дае магчымасць падабраць патрэбныя памеры адзінак пры вымярэнні кожнай фіз. велічыні. Большасць краін свету прыняла М.с.а. для абавязковага ці пераважнага выкарыстання. У б. СССР (у т. л. у Беларусі) з 1.1.1980 было ўстаноўлена абавязковае выкарыстанне М.с.а. ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і нар. гаспадаркі, а таксама пры выкладанні фізіка-тэхн. дысцыплін.

Літ.:

Бурдун Г.Д. Справочник по международной системе единиц. 3 изд. М., 1980;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983;

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,

пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм. хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г. у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). У сацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як ​1/5 нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.

У Сав. Расіі (пазней СССР) і ў інш. сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. У Сав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т. л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.

У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.

На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНК Зах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б. ч. яе тэрыторыі. У кастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У Заходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б. СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб у дзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.

Літ.:

Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.

А.​Б.​Дорына, Е.​Ф.​Саўчук.

т. 11, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

першацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Аднагадовая або шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна сямейства першакветных з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў парасонападобнае аднабокае суквецце, якая цвіце ранняй вясной.

2. Тое, што і прымула.

3. Пра травяністыя расліны, якія пачынаюць цвісці ранняй вясной. Выпаўзаюць на свет Праз вільготны пясок Сінь-пралескі і тварыкі чысцяць... Добры дзень, першацвет! Чарнушэвіч.

4. зб. Цвет, які з’явіўся ўпершыню ў жыцці пэўнай расліны. — А ці помніш цяпер ты, Кандраце, Як калісь першацвет абрывалі мы ў садзе? — Помню, помню, ды з песняй яшчэ, ды з якою: Зацвітаюць сады над Бярозай-ракою. Зарыцкі. // Першы, ранні, свежы цвет. Як над бруістаю быстраю рэчкаю Пахнуць лілеі, аер і чарот, І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крат, Тры гады не удыхаў. Барадулін. Пад кронамі стаіўся вецер; баіцца патрывожыць ён галіны ў душным першацвеце, пчаліны на пялёстках звон. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

практы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да практыкі (у 1, 2 знач.); звязаны з практыкай, з рэальнымі патрабаваннямі, магчымасцямі. Практычныя вывады. Практычная дзейнасць. Практычная дапамога. □ [Зёлкін:] Папярэдняе азнаямленне з Вашай працай дае нам падставу заявіць, што яна мае не толькі навуковае, але і глыбокае практычнае значэнне. Крапіва.

2. Які займаецца непасрэдна якой‑н. справай, непасрэдна кіруе кім‑, чым‑н. Практычнае кіраўніцтва.

3. Які з’яўляецца прымяненнем ведаў, навыкаў на практыцы. Практычныя заняткі. Практычнае навучанне.

4. Звязаны з прымяненнем на практыцы (якой‑н. галіны навукі, ведаў і пад.). Практычная астраномія. Практычная механіка. Практычны курс англійскай мовы.

5. Які добра разбіраецца ў жыццёвых справах; дзелавіты, вопытны. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. [Багуцкі:] — Як ты сумяшчаеш свае абавязкі дыспетчара са сваёй.. крыху паэтычнай, мітуслівай, ва ўсякім разе далёка не практычнай натурай? Лынькоў.

6. Выгадны, зручны ў справе; эканомны. Практычны метад. Практычны колер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разло́жысты, ‑ая, ‑ае.

1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.

2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.

3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разма́шысты, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца шырокімі, свабоднымі ўзмахамі рук, ног. Нічыпар Сідаравіч павярнуўся і, убачыўшы, хто зайшоў да яго, размашыстымі крокамі падаўся насустрач. Сіўцоў. Касцістая, шырокая фігура, размашыстыя рухі, рэзкая хада, грамавы голас, велізарныя боты, — усім гэтым .. [Мальвіна] зразу зварочвае на сябе ўвагу. Колас. // Буйны, разгоністы (пра почырк). Двайны лісток з вучнёўскага сшытка ў клетачку густа спісаны размашыстым почыркам Сяргея Барсука. Жычка.

2. Раскідзісты, з вялікім размахам (у 3 знач.). Размашыстыя галіны дуба. Размашыстыя рогі. □ Аж колы сакочуць, не ўгледзіш за дышл[е]м, за размашыстым вобадам. Лынькоў. // Які шырока раскінуўся на вялікую адлегласць, шырокі.

3. Які вызначаецца шырынёй, паўнатой праяўлення. Такая, брат Алесь, туга — балючая, размашыстая, што кліча ў даль. Брыль. Вацік сядзеў на трактарным крэсле, глядзеў на бягучы пас, на яго размашыстую сілу. Баранавых. // Які вызначаецца смелым характарам, шырокай натурай. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і сцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Біць чым‑н. гнуткім; хвастаць. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. У час другой перамены Вінцусь дзесьці знайшоў гнуткую лазіну і пачаў ёю сцёбаць дзяўчат па голых нагах. Прокша. Паўлюк перастаў трашчаць карой і сцёбаў дубцом па траве. Пташнікаў. // Біць, хвастаць таго, хто рухаецца (пра галіны і пад.). Ішоў, І травы па каленях Балюча сцёбалі яго [чалавека]. Калачынскі. Каласы жорстка сцябалі .. [Бабейку] па твары. Хадкевіч. / Пра вецер, дождж, град і пад. Па шыбах шырокіх [акон] сцёбаў асенні дожджык. Чарнышэвіч. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Быкаў. Сцябае па твары вецер, здзірае з галавы капялюш. Лось. // перан. Рэзка адчытваць, крытыкаваць. Сцябаць крыўднымі словамі. □ [Люба:] — Лоўка [Саламон] сцёбаў начальства. Лоўка! Як у гогалеўскім «Рэвізоры» выйшла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.

2. зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка. «Звязда». // Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка. // Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.

3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.

•••

Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

філасо́фія, ‑і, ж.

1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.

2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.

3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.

4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.

[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,

найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).

П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля ​3/5 сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, ​2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П Японія. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.

2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл. вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).

Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст.аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.

У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.

На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял. Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім. прам-сць, асабліва вытв-сць мінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл. «Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл. Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл. Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.

З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац. АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).

Літ.:

Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996.

Л.​Ф.​Пашкевіч.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)