КАП’ЯКІ́ДАЛЬНІК,

старажытнае прыстасаванне для кідання кап’я, якое павялічвала далёкасць палёту, сілу і меткасць кідка. Вядомы з позняга палеаліту, асабліва ў абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, Амерыкі і Паўн.-Усх. Азіі. Уяўляў сабой драўляную палку ці дошку (прамавугольнай ці мечападобнай формы, шыр. 5—12 см, даўж. 30—150 см) з жалабком і ўпорам для дрэўка кап’я. Трапляліся і ў выглядзе раменнай пятлі. Паверхню К. ўпрыгожвалі разьбой, інкрустацыяй, часам фарбавалі.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́РА (Carrara),

горад у Цэнтр. Італіі, у вобласці Таскана, за 6 км ад берага Лігурыйскага м. 68 тыс. ж. (1987). Са старажытнасці вядомы кар’ерамі белага (Карарскага) мармуру; каля палавіны занятых у прам-сці працуюць на яго здабычы і апрацоўцы. Прадпрыемствы хім. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць машын для апрацоўкі мармуру. Школа маст. апрацоўкі мармуру. Акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1769). Арх. помнікі 12—14 ст. Музей.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЫЛЬЁНЕ ((Castiglione) Бальдасарэ) (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),

італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.

Тв.:

Рус. пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.

т. 8, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАВІ́ЦЫ (Katowice),

горад на Пд Польшчы, цэнтр Верхнесілезскай агламерацыі (аб’ядноўвае каля 20 гарадоў). Вядомы з 1598. 369 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Каменнавугальныя шахты; чорная і каляровая металургія; разнастайнае машынабудаванне, харч., фарфора-фаянсавая, паліграф. прам-сць. Ун-т, мед., эканам., фіз. выхавання, муз. акадэміі. Вышэйшая духоўная семінарыя. Філіял Польскай АН. Філармонія. Тэатры. Паблізу, на г. Св. Ганны — помнік сілезскім паўстанцам 1919—21.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́РАБ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 180 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажэшкі, Дамброўскія, Дзяконскія, Ласкія, Русоцкія, Эйсманты. Мае ў чырв. полі выяву залатога карабля з ільвінымі галовамі спераду і ззаду і мураванай вежай з зубцамі. Клейнод — на прылбіцы з каронай такі ж карабель з вежай. У Польшчы вядомы з канца 13 ст., спачатку меў выяву карабля з мачтай і ветразем.

Герб «Кораб».

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДАНЁР (франц. cour d’honneur літар. ганаровы двор),

парадны паўраскрыты двор перад будынкам, утвораны асн. будынкам і яго 2 бакавымі крыламі (радзей каланадай). Пашыраны ў еўрап. палацавай архітэктуры 17—1-й пал. 19 ст. На Беларусі найб. вядомы ў палацавых і сядзібных комплексах 18—19 ст. (Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс і інш.). Прыём параднай прасторавай кампазіцыі сучаснай архітэктуры.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПУ́Н,

у беларусаў печыва з квашанага цеста ў выглядзе тоўстага бліна. Камяк цеста расплясквалі на патэльні, пасыпалі соллю, кменам, макам. Пяклі на гарачым вуголлі пры адкрытым агні. Спажывалі за снеданнем, бралі ў поле. Часам намазвалі слоем тварагу, смятанай, цёртым макам. Такія Л. пасылалі сваякам у якасці гасцінца, бралі з сабой у адведкі да парадзіхі. Вядомы пераважна на Віцебшчыне. Падобны да скавародніка, праснака.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯЛІ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 350 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Абрамовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія, Манівідавічы, Сяняўскія, Тарноўскія, Тышкевічы, Чапскія. У блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Клейнод — над прылбіцай з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік і зорка. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ляліва».

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАЦЁР,

у беларусаў ганчарны выраб; глыбокая гліняная пасудзіна са слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, якая служыла для расцірання маку і інш. прадуктаў, а таксама для гатавання ежы ў печы, заквашвання цеста і інш. Пасудзіны, падобныя формаю да М., вядомы па археал. раскопках з жал. веку. Бытаваў паўсюдна да сярэдзіны 20 ст. пад рознымі назвамі: макотра, макацёрка, цёрла, вярцеха, вярцянка, мяліца і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Макацёры.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́СЬКАЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў в. Мароські Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. ў 1971. Скарб ухаваны ў 1655—56. У гліняным гаршку знаходзіліся білонныя і сярэбраныя манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Шведскай Прыбалтыкі, Курляндыі, Брандэнбурга, Прусіі, герцагстваў Цешын і Сучава, Іспанскіх Нідэрландаў, Рэспублікі Злучаных Правінцый, з якіх вядомы 5682 экз. Адзін з найбуйнейшых грашовых скарбаў 17 ст., выяўленых на Беларусі. Зберагаецца ў Мінскім абл. краязн. музеі.

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)