ПАЛЕАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), палеазой (ад палеа... + грэч. zoē жыццё),
першая пасля пратэразою (дакембрыю) эратэма агульнай стратыграфічнай шкалы адкладаў зямной кары фанеразою; папярэднічае мезазойскай эратэме (эры) і адпавядае палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Вылучана ў 1837 англ. геолагам А.Седжвікам. Падзяляецца на кембрыйскую, ардовікскую, сілурыйскую, дэвонскую, каменнавугальную і пермскую сістэмы (перыяды; гл. адпаведныя арт.). Пачалася 570 млн.г. назад, доўжылася каля 340 млн. гадоў.
Утвораныя ў дапалеазойскі час платформы ў Паўн. (Кіт.-Карэйская, Паўн.-Амерыканская, Сібірская, Усх.-Еўрапейская) і Паўд. (Антарктычная, Аравійская, Афрыканская, Аўстралійская, Індастанская, Паўд.-Амерыканская) паўшар’ях існавалі на працягу палеазойскай эры. Яны неаднаразова апускаліся і заліваліся морамі, у якіх намнажаліся марскія асадкі; на кантынентах фарміраваліся чырванаколерныя пароды, у паглыбленнях — вугляносныя тоўшчы (Данбас, Рурскі бас. і інш.) і эвапарытавыя ўтварэнні (Перадуральскі прагін і інш.). На працягу палеазою адбываліся вял. тэктанічныя рухі, якія суправаджаліся інтэнсіўным вулканізмам і гораўтварэннем (каледонская складкавасць, герцынская складкавасць). У канцы палеазою паўн. платформы ўтварылі суперкантынент Лаўразію, паўд. — Гандвану, якія раздзяляліся акіянам Тэціс.
У арган. свеце на пачатку эры з’явіліся жывёльныя арганізмы з цвёрдым мінералізаваным шкілетам, у кембрыі — археацыяты, трылабіты, беззамковыя брахіяподы, у ардовіку—сілуры — грапталіты, імшанкі, наўтыліды, канадонтаносьбіты; у дэвоне — ганіятыты, гастраподы, замковыя брахіяподы, каралы; у карбоне—пермі — фарамініферы, пеліцыподы і інш. З пазваночных, асабліва ў дэвоне, шырока вядомы рыбы, у карбоне—пермі — разнастайныя земнаводныя. Істотныя змены адбыліся і ў раслінным свеце: у кембрыі—ардовіку пераважалі водарасці, у сілуры з’явіліся першыя расліны сушы (псілафіты), у дэвоне — мохападобныя, прапапараці, членістасцябловыя. Каменнавугальны перыяд характарызуецца росквітам дрэвападобных раслін (асн. крыніца намнажэння вугалю), пермскі — пашырэннем хвойных, з’яўленнем цыкадавых і гінгкавых. З адкладамі эратэмы звязаны багацейшыя радовішчы каменнага вугалю, нафты, мінер. солей, фасфарытаў, жал. руд, медзі, золата і інш.
На Беларусі вядомы ўтварэнні ўсіх перыядаў палеазойскай эры. Адклады сістэм: кембрыйскай (гліны, пясчанікі, алеўраліты, магутнасцю да 430 м), ардовікскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, магутнасцю да 150 м) і сілурыйскай (арганагенныя вапнякі, мергелі, гліны, магутнасцю да 630 м) пашыраны ў Брэсцкай упадзіне і на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы; дэвонскай (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны, пясчанікі, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, вулканагенныя ўтварэнні, ніжнедэвонскія магутнасцю да 80 м, сярэднедэвонскія да 200 м і верхнедэвонскія да 3000—3500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і месцамі ў Брэсцкай упадзінах, на Жлобінскай і Латвійскай седлавінах, усх. схілах Бел. антэклізы; каменнавугальнай (пясчанікі, гліны, глініста-мергельныя пароды з праслоямі вапнякоў, даламітаў, бурых вуглёў, магутнасцю ад некалькіх метраў да 1000 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, на крайнім ПдЗ Валынскай монакліналі; пермскай (чырванаколерныя пясчанікі, гліны, даламіты, гіпсы і інш., магутнасцю 30—500 м) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне, на паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Да адкладаў палеазою прымеркаваны радовішчы нафты, каменнай і калійных солей, даламітаў, гаручых сланцаў, даўсаніту, пітных і мінеральных вод, расолаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая стварае асн.вытв. фонды прам-сці шляхам узвядзення прамысл. прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў. У працэсе П.б. выконваецца ўвесь комплекс буд.-мантажных работ, уводзяцца ў дзеянне новыя, пашыраюцца ці рэканструююцца дзеючыя прадпрыемствы. Пачынаецца з распрацоўкі тэхн. праекта, размяшчэння заказаў, пастаўкі на буд. пляцоўку буд. матэрыялаў і абсталявання. Пры гэтым выконваецца вял. аб’ём падрыхтоўчых і асн. работ, звязаных з планіроўкай тэрыторыі, адводам грунтавых вод, падвядзеннем трансп. і энергет. камунікацый (дарог, ЛЭП, водаправода), будучых наземных і падземных камунікацый. Паралельна ідзе падрыхтоўка кадраў для эксплуатацыі прадпрыемства. Цыкл П.б. заканчваецца апрабаваннем і прыёмам зманціраванага абсталявання з выпускам прадугледжанай праектам прадукцыі і поўным асваеннем вытв. магутнасцей.
П.б. ў БССР пачалося ў 1920—30-я г. Да 1926 у асн. адбудоўваліся прадпрыемствы, разбураныя ў часы 1-й сусв. вайны, герм. і польскай акупацый. Новае П.б. пачалося ў 1927 з буд-ва буйной на той час БелДРЭС у Аршанскім р-не. Да 1941 на Беларусі пабудавана больш за 1700 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку станкабудаўнічыя ў Мінску, Віцебску і Гомелі, штучнага валакна ў Магілёве, с.-г. машын у Гомелі, цэментны ў Крычаве, ільнокамбінат у Оршы, ф-кі «КІМ» у Віцебску, «Камунарка» ў Мінску, а таксама каля 200 торфазаводаў, 68 ільнозаводаў, каля 500 прадпрыемстваў малочнай прам-сці. Пасля 2-й сусв. вайны вялося адбудаванне разбураных прадпрыемстваў; за 1945—90 пабудавана больш за 880 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку з-ды аўтамаб., трактарны, гадзіннікавы, шарыкападшыпнікавы, маторны, аўтам. ліній і ЭВМ у Мінску, нафтаперапр. ў Наваполацку і Мазыры, азотных угнаенняў у Гродне, хім. ў Гомелі, Бел. металургічны ў Жлобіне, штучнага валакна ў Светлагорску, Лукомская і Бярозаўская ДРЭС, камбінаты салігорскія калійныя, «Лаўсан» у Магілёве, баваўняна-папяровы ў Баранавічах. З 1990 П.б. занята пераважна заканчэннем буд-ва прадпрыемстваў, пачатых у папярэднія гады, рэканструкцыяй і пашырэннем дзеючых магутнасцей.
У 1990—98 у Рэспубліцы Беларусь уведзены ў дзеянне магутнасці на Бел. цэментным з-дзе ў Касцюковічах, Бел. металургічным з-дзе ў Жлобіне, праведзена рэканструкцыя Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.; у 1993—98 — новыя прамысл. магутнасці па перапрацоўцы 69 т мяса за змену, 37,4 т. каўбасных вырабаў за змену, 215,9 т хлебабулачных вырабаў за суткі, 28,8 тыс.т кандытарскіх вырабаў, 30,2 млн. умоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў, 6404,1 тыс. дал. безалкагольных напіткаў, 20,65 т жывёльнага масла за змену.
Асн. задачы рэфармавання П.б. — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай буд. прадукцыі пры пераходзе да рыначнай эканомікі і стварэнне нац. сістэмы тэхн. нарміравання, стандартызацыі і сертыфікацыі, забеспячэнне ўстойлівасці і даўгавечнасці будынкаў і збудаванняў і іх пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, эканомія энергарэсурсаў. П.б. ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць буд. арг-цыі Мін-ва архітэктуры і буд-ва. Праектаванне прамысл. прадпрыемстваў вядуць праектныя ін-ты «Белпрампраект», «Агртэхбудмаш», «Нафтахімпраект», Дзіпрасельбуд у Мінску, Дзярж.ін-т праектавання прадпрыемстваў машынабудавання Мін-ва прам-сці Рэспублікі Беларусь у Гомелі, Белнафтахімпраект у Наваполацку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУЗах. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 316,9 тыс.км². Нас. 1068 тыс.чал. (2000), гарадскога 66,9%. Найб. шчыльна заселены паўд. і паўд.-ўсх. раёны. Цэнтр — г.Томск. Найб. гарады: Северск, Стражавой, Асіна, Калпашава.
Паверхня раўнінная, пераважаюць плоскія, забалочаныя тэр.Зах.-Сіб. раўніны. На ПнУ Кецка-Тымская, на ПдЗ Васюганская раўніны, на ПдУ адгалінаванні Кузнецкага Алатау (выш. да 211 м). Цэнтр ч. занята шырокай далінай р. Об, якая падзяляе тэр. на балоцістае левабярэжжа і ўзвышанае правабярэжжа. Карысныя выкапні: 75 радовішчаў нафты, 15 нафта- і 7 газакандэнсатных (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). 12 радовішчаў метал. руд (жал., тытанавых, рэдказямельных і інш.), торф, буры вугаль, буд. матэрыялы. Вял. запасы артэзіянскай пітной вады, тэрмальных і мінер.вод (бромістых, ёдзістых, серавадародных, радонавых). Клімат кантынентальны. Зіма суровая і працяглая, лета цёплае і кароткае. Сярэдняя т-растудз. ад -19 °C да -21 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 400—550 мм за год, пераважна летам. Гал.р. Об з прытокамі Том, Чулым, Кець, Тым (справа), Чая, Парабель, Васюган (злева). Шмат азёр. Каля 30% тэр. забалочана. Глебы дзярнова-падзолістыя і тарфянабалотныя, на Пд і ПдУ — шэрыя лясныя і чарназёмныя. Пад лесам 63% тэр., пераважаюць хвойныя пароды (сіб. кедр, лістоўніца, піхта, елка, хвоя), растуць бяроза, асіна.
Т.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. На долю прам-сці прыпадае каля 60% валавога ўнутр. прадукту. Гал. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі); паліўная (51%), хім. (21%), маш.-буд. (17%), электраэнергетыка (9%), харчовая (7%). Штогадовая здабыча нафты 6—7 млн.т, прыроднага газу 5—6 млрд.м³. Хім. (вытв-сць плутонію для АЭС, медпрэпаратаў, гумавага абутку), маш.-буд. (вытв-сць электрарухавікоў, горна-шахтавага абсталявання, кабелю, электралямпаў, падшыпнікаў, металарэзных інструментаў, мед. тэхнікі і інш.), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля, алоўкі, запалкі) прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Харч. (мукамольная, масларобная, мясная, рыбакансервавая і інш.) і лёгкая (швейная, трыкат.) не забяспечваюць мясц. патрэбы. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і цяплічным агародніцтве. С.-г. ўгоддзі займаюць 1,4 млн.га, у т. л. ворныя землі 0,6 млн.га. Асн. збожжавыя культуры (пшаніца, жыта, ячмень) сеюць на Пд і ПдУ. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. На долю жывёлагадоўлі прыпадае 70% валавога аб’ёму с.-г. прадукцыі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, вакол г. Томск жывёлагадоўчыя комплексы па прамысл. вытв-сці свініны, мяса птушкі і яек, цяплічныя гаспадаркі. Пушны промысел і зверагадоўля. Рыбалоўства. Асн. віды транспарту — водны і аўтамабільны. Суднаходства па рэках Об, Чулым, Том, Кець, Чая, Парабель, Васюган. Гал. рачныя парты: Томск, Аляксандраўскае, Асіна, Калпашава. Даўж. аўтадарог 4,5 тыс.км. Чыгунка Тайга—Томск—Асіна—Белы Яр (402 км) злучае Т.в. з Транссібірскай магістраллю. 8 аэрапортаў. Нафтаправод Аляксандраўскае—Анжэра-Суджанск, газаправод Мыльджына—Кузбас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЦІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў Забайкаллі, у Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 431,5 тыс.км². Нас. 1249,4 тыс.чал. (2001), гарадскога 62%. Цэнтр — г.Чыта. Найб. гарады: Краснакаменск, Борзя, Пятроўск-Забайкальскі, Балей, Шылка. У складзе Ч.в. Агінская Бурацкая аўтаномная акруга.
Ч.в. займае тэр. паміж Ябланавым хр. на З і р. Аргунь на У. У рэльефе пераважаюць сярэдневышынныя горы (1400—1900 м) — хрыбты Ябланавы, Чэрскага, Баршчовачны, Даурскі, Алёкмінскі Станавік і інш., падзеленыя міжгорнымі катлавінамі. На Пн горы падымаюцца да выш. 3072 м (хр. Кодар, пік БАМ), на Пд — Прыанонская раўніна. Карысныя выкапні: волава, золата, серабро, вісмут, торый, уран, малібдэн, вальфрам, медныя (Удаканскае радовішча медзі, 3-е ў свеце па запасах), поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль, плавікавы шпат, вырабныя камяні, буд. матэрыялы, крыніцы мінер.вод. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма працяглая і суровая, маласнежная, лета кароткае і цёплае. Сярэдняя т-растудз. ад -26 да -33 °C, ліп. 17—21 °C. Ападкаў 240—400 мм за год. Месцамі шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Шылка (з вытокамі Анон і Інгада) і Аргунь — вытокі Амура, Алёкма, Чара і Віцім (прытокі Лены), Хілок і Чыкой (прытокі Селенгі). Буйныя азёры — Барун-Тарэй і Зун-Тарэй. Глебы пераважна горна-таежныя падзолістыя, у стэпах — чарназёмы і каштанавыя, у міжгорных катлавінах — лугава-мярзлотныя і лугава-чарназёмныя. Больш за 1/2 тэр. займаюць горна-таежныя лясы (даурская лістоўніца, хвоя, кедр). На Пд — злакава-разнатраўныя стэпы. Даурскі і Сахандзінскі запаведнікі.
Гал. галіна прам-сці — горназдабыўная; здабыча золата (Тасееўскае, Балейскае, Дарасунскае радовішчы), малібдэну, літыю, берылію, танталу, ніобію (ВА «Жырэкенскі малібдэн»), волава (Шэрлавагорскі камбінат), свінцова-цынкавых руд (Нерчынскі поліметал. камбінат), прыроднага урану (Прыаргунскае радовішча, адзінае ў Расіі), флюарыту (Давенда). Паліўна-энергет. комплекс прадстаўлены здабычай каменнага і бурага вугалю (13 млн.т, 2001) і вытв-сцю электраэнергіі (5,9 млрд.кВт∙гадз) на ДРЭС (Харанорская, Чыцінская) і ЦЭЦ (Краснакаменская, Первамайская, Чыцінская). Развіты чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (кампрэсары, халадзільныя ўстаноўкі, у т. л. для марскіх суднаў, станкі, краны, буравы інструмент), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, шпалы, сталярныя вырабы, мэбля), лёгкая (тэкст., швейная, абутковая, гарбарная, футравая, вытв-сцьмаст. вырабаў), харч.прам-сць. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (72% кошту с.-г. прадукцыі). Спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі, мяса-малочнай жывёлагадоўлі, мясной табуннай конегадоўлі. Свіна- і птушкагадоўля. На Пн аленегадоўля, у горна-таежных раёнах пушны промысел (собаль, гарнастай, андатра). Рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі 4814 тыс.га, у т. л. ворных зямель 712 тыс.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, грэчка, кукуруза) і зернебабовых культур. Бульбаводства і агародніцтва. Збор лекавых траў. Даўж. чыгунак 2399 км. На Пд — Транссібірская магістраль, на Пн — Байкала-Амурская магістраль. Даўж. аўтадарог 9806 км, гал. — Улан-Удэ—Чыта—Забайкальск — граніца з Кітаем. Суднаходства па р. Шылка. Аэрапорты: Чыта, Краснакаменск, Борзя, Балей, Нерчынск. Курорты: Дарасун, Шыванда, Ургучан, Малакоўка, Алентуй, Ямараўка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ ФЛОТ (ВМФ; у многіх краінах наз. ваенна-марскія сілы — ВМС),
від узбр. сіл, прызначаны для дзеянняў на водных прасторах. У большасці марскіх дзяржаў прызначаны пераважна для абароны ўзбярэжжа і нац.тэр.вод, дзеянняў у радыусе да 300 міль. ВМФ Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Францыі паводле задач падзяляецца на стратэг.ядз. сілы марскога базіравання (атамныя ракетныя падводныя лодкі, узброеныя балістычнымі ракетамі з далёкасцю стральбы да 11 тыс.км; забяспечваюць ядз. стрымліванне патэнцыяльнага агрэсара, несучы баявое патруляванне ў Сусв. акіяне) і сілы агульнага прызначэння — мнагамэтавыя падводныя лодкі, надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры, эскадраныя мінаносцы, фрэгаты, мінна-тральныя і дэсантныя караблі, дапаможныя судны).
ВМФ зарадзіўся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме і інш. і складаўся з вёславых суднаў (у т. л.грэч. трыера і рым. трырэма з трыма радамі вёслаў), якія ў баі выкарыстоўвалі абардаж і таран. У 1 ст. да н.э. рымляне першыя выкарысталі для абстрэлу варожых суднаў кідальныя машыны — балісты і катапульты. У сярэднявеччы не было падзелу суднаў на ваен. і гандлёвыя, пры неабходнасці купецкі карабель мог стаць баявым ці пірацкім. У 7 ст. ў Венецыі і Генуі створана парусна-вяслярная галера. У марскіх паходах 907 і 911 на Візантыю кіеўскага князя Алега ўдзельнічалі баявыя лодкі-караблі палачан. З 15 ст. на караблях для абароны сталі выкарыстоўваць невял. гарматы. Упершыню флот з баявых суднаў з’явіўся ў галандцаў у час вайны 1552—58 з англічанамі. У 17 ст. флот падзяліўся на ваенны і гандлёвы і стаў парусным (першыя парусныя, пераважна ваен. караблі-нефы пабудавалі ў 11 ст. французы). У Расіі стварэнне рэгулярнага ВМФ распачата ў 1696. У 18 ст. ў барацьбе за панаванне на моры перамагла Вялікабрытанія, зацвердзілася лінейная тактыка марскога бою. У 1-й пал. 19 ст. флот стаў паравы (у Расіі пасля Крымскай вайны 1853—56), з’явілася мінная зброя, у 2-й пал. 19 ст. — тарпедная, адным з асн. тыпаў караблёў стаў браняносец. На пач. 20 ст. з’явіліся падводныя лодкі, карабельная радыёсувязь, марская авіяцыя. ВМФ актыўна ўдзельнічаў і развіваўся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. У 1950—60-я г.ВМФ стаў ракетна-ядзерны. Пасля заканчэння «халоднай вайны» ВМС краін НАТО скараціліся на 25%. На Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія, польская (1919—39) і савецкая (1940—41) Пінскія ваенныя флатыліі.
ВМФ арганізацыйна падзяляецца на флаты і флатыліі, уключае роды сіл: флот (надводныя караблі, катэры, падводныя лодкі), марскую авіяцыю, марскую пяхоту і часці (войскі) берагавой абароны (артылерыі), а таксама ваенна-марскія базы, службы і часці спец. прызначэння (разведкі, тылу, сувязі і нагляду і інш.), ваенна-марскія навуч. ўстановы і г.д. Ён, як правіла, аснашчаны процікарабельнымі, зенітнымі і крылатымі ракетамі, радыёэлектронным узбраеннем (сістэмы сувязі, радыёпеленгатары, эхалоты, сістэмы радыётэхн. разведкі) і інш.Асн. баявыя якасці ВМФ — пастаянная боегатоўнасць, універсальнасць, мабільнасць, вял. аўтаномнасць, моц сродкаў паражэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад лац. melioratio паляпшэнне),
комплекс тэхн. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямельных, раслінных, водных і кліматычных рэсурсаў.
Гал. мэта М. — павышэнне ўрадлівасці глеб, фарміраванне высокапрадукцыйных аграбіяцэнозаў, стварэнне спрыяльных умоў для існавання карыснай флоры і фауны, уключэнне ў гасп. абарот вял. плошчаў непрыдатных зямель. Найб. пашырана с.-г.М., якая прадстаўлена гідратэхн., хім., агралесамеліярац., супрацьэразійнымі і культуртэхн. відамі. Гідратэхнічная М. (М. зямель з неспрыяльным водным рэжымам) — асушэнне або арашэнне глеб, тэрыторый. У залежнасці ад канкрэтных глебава-кліматычных умоў ствараюцца асушальныя, асушальна-ўвільгатняльныя, асушальна-арашальныя меліярац. сістэмы. Хімічная М. праводзіцца на с.-г. угоддзях з неспрыяльнымі аграхім. ўласцівасцямі глебы, яна ўключае вапнаванне глебы, унясенне мінер. угнаенняў і інш.хім. рэчываў. Агралесамеліярацыя выкарыстоўваецца для павышэння прадукцыйнасці лясоў. Супрацьэразійная М. накіравана на папярэджанне размыву і змыву глебы паверхневымі водамі, выдзімання яе ветрам, на ўмацаванне яроў і інш.Тэхнічная М. выкарыстоўваецца пры буд. работах для замацавання грунтоў. Большасць М. праводзіцца адначасова з культуртэхн. работамі, накіраванымі на паляпшэнне стану зямель. Пры выкананні меліярац. работ выкарыстоўваюцца меліярацыйныя машыны.
М. — адно з самых вял. антрапагенных уздзеянняў на прыродныя комплексы. Яна прыводзіць да пераўтварэння глеб, гідраграфіі, клімату, расліннасці, што выклікае глыбокія змены ў прыродным асяроддзі. Узніклі таксама новыя навукі, якія вывучаюць гэтыя з’явы: меліярацыйная гідрагеалогія, меліярацыйная геаграфія, меліярац. гідралогія, меліярац. глебазнаўства і інш. Выявіліся адмоўныя вынікі ўздзеяння М. на прыроду: перасушка глеб, выпрацоўка торфу, памяншэнне разнастайнасці жывёл і раслін, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод (адпаведна і ў калодзежах), павялічваецца колькасць замаразкаў, сухавеяў і інш.
Тэр. Беларусі адносіцца да зоны лішкавага ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12% тэрыторыі) займаюць балоты, з іх больш за 80% нізінныя. Гэта патрабуе гідратэхн. М., накіраванай на паляпшэнне водна-паветр. рэжыму тарфяна-балотных і пераўвільготненых мінер. глеб. Першыя асушальныя работы пачаліся ў 1856, калі на тэр. Горы-Горацкага земляробчага ін-та быў закладзены ганчарны дрэнаж. У 1873—98 М. на Палессі працавала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот. У 1920—30-я г. праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена. Тэмпы М. рэзка павялічыліся ў 1960-я г., асабліва на Беларускім Палессі. З 1970-х Г. павысілася доля закрытага дрэнажу, сістэм з двухбаковым рэгуляваннем воднага рэжыму (22,1%, 1996), арашэння. Асн. віды меліярац. работ суправаджаюцца меліярацыяй клімату.
На Беларусі асушана каля 4 млн.га, з іх каля 3 млн.гас.-г. угоддзяў: 40% ворыва, 28 сенажацяў, 27 пашы, 5% інш. (1999). Патрабуецца ўдасканаленне тэхн. стану меліярац. сістэм на пл. 892,5 тыс.га (30,6%) усіх асушаных с.-г. угоддзяў. Для захавання эталонных прыродных комплексаў ствараюцца запаведнікі, заказнікі і інш. ахоўныя тэрыторыі, дзе правядзенне М. абмяжоўваецца або забараняецца. Для памяншэння негатыўных экалагічных вынікаў у меліярац. праектах уведзены раздзел «Ахова прыроды», ажыццяўляецца экалагічная экспертыза праектаў. Для больш эфектыўнага вырашэння праблем меліярац. навукі створаны н.-д. ўстановы, галаўная — меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ.
В.С.Аношка.
Да арт.Меліярацыя. Шлюз-рэгулятар на меліярацыйным канале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ І САМАКІРАВАННЕ
Ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Мясц. Саветы дэпутатаў з’яўляюцца прадстаўнічымі органамі дзярж. улады на тэр. адпаведных адм.-тэр. адзінак і асн. звяном мясц. самакіравання, якое забяспечвае на сваёй тэр. ўзгодненую дзейнасць органаў тэр. грамадскага самакіравання. Адзіную сістэму мясц. Саветаў дэпутатаў складаюць сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя і абласныя Саветы дэпутатаў. Яны выбіраюцца грамадзянамі, якія пражываюць на адпаведнай тэр., тэрмінам на 4 гады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991 (у рэдакцыі закона ад 10.1.2000) да выключнай кампетэнцыі мясц. Саветаў належаць: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця (жыллёвага і дарожнага буд-ва, добраўпарадкавання, камунальна-быт. і сац.-культ. абслугоўвання насельніцтва, аховы прыроды і інш.), мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; кантроль за выкарыстаннем зямель, іх нетраў, вод, лясоў, паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў і інш. прыродных рэсурсаў; вырашэнне пытанняў адм.-тэр. ўладкавання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; назначэнне мясц. рэферэндумаў. Для папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, а таксама для кантролю за выкананнем рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў з дэпутатаў выбіраюцца пастаянныя камісіі. Рэкамендацыі камісій аддаюцца на разгляд адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арганізацыямі.
Органамі мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі і адначасова выканаўчымі і распарадчымі органамі мясц. Саветаў дэпутатаў з’яўляюцца абласныя, раённыя, гарадскія, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты з правамі юрыд. асобы. Яны падсправаздачныя і падкантрольныя вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам, а таксама падсправаздачныя мясц. Саветам дэпутатаў па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі. У сістэму органаў выканаўчай улады ўваходзяць таксама мясц. адміністрацыі, утвораныя на тэр. раёнаў у гарадах, дзе не выбіраюцца раённыя Саветы дэпутатаў. Кіраўнікі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясц. Саветамі дэпутатаў. На аснове добраахвотнага волевыяўлення грамадзян па іх ініцыятыве, па ініцыятыве Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта могуць стварацца органы тэр. грамадскага самакіравання (саветы і камітэты мікрараёнаў, жыллёвых комплексаў, дамавыя, вулічныя, квартальныя, пасялковыя, сельскія камітэты і інш.) з мэтай вырашэння праблем сац.-эканам. развіцця сваёй тэр., задавальнення духоўных і культ. патрэбнасцей насельніцтва. На адпаведнай частцы адм.-тэр. адзінкі можа быць створаны толькі адзін орган тэр. грамадскага самакіравання. Мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству або абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, адмяняюцца паводле існуючага заканадаўства або могуць быць абскарджаны ў суд. парадку. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясц. Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБЫ
Асноўныя асаблівасці глеб Беларусі абумоўлены размяшчэннем краіны ў рэгіёне з умерана кантынентальным кліматам. працяглым вегетацыйным перыядам, высокім біякліматычным патэнцыялам. Паводле глебава-геаграфічнага раянавання на Беларусі вылучаюць 3 глебавыя правінцыі; паўночную (Прыбалтыйская), цэнтральную (Беларуская), паўднёвую (Палеская). Глебаўтваральныя пароды: азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), марэнныя (12,7%), водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), алювіяльныя (6,8%), балотныя (9,6%). Глебы краіны ўтварыліся ў выніку падзолістага, дзярновага, балотнага працэсаў і лесіважу, якія спалучаюцца паміж сабой і з культурным глебаўтваральным працэсам. Ва ўтварэнні асобных глеб удзельнічаюць таксама буразёмны, заліўны і алювіяльны працэсы, водная і ветравая эрозія. У наменклатурны спіс глеб Беларусі ўваходзіць 13 глебавых тыпаў: дзярнова-карбанатныя, бурыя лясныя, падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, падзолістыя забалочаныя, балотна-падзолістыя, дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, балотныя, поймавыя, антрапагенныя і інш. Паводле колькасці вільгаці іх падзяляюць на аўтаморфныя, паўгідраморфныя і гідраморфныя.
Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца на ўсёй тэр. краіны на фоне дзярнова-падзолістых глеб. Найб. буйныя іх масівы ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны фарміруюцца ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу пад травяністай расліннасцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах (вапняках, даламітах, меле, лёсе, карбанатнай марэне). Характарызуюцца моцным гумусавым гарызонтам (15—40 см), які мае 2,5—6% гумусу. Паводле глыбіні залягання карбанатаў і ступені насычанасці імі верхняй часткі профілю падзяляюцца на падтыпы: тыповыя, вышчалачаныя і ападзоленыя. Дзярнова-карбанатныя тыповыя глебы ў сувязі з неспрыяльнымі водна-фізічнымі якасцямі пад ворыва не выкарыстоўваюцца.
Дзярнова-карбанатныя вышчалачаныя і ападзоленыя глебы вызначаюцца высокай патэнцыяльнай урадлівасцю. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасці ацэньваюцца ў 70—100 балаў.
Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых глеб у цэнтр. і зах. частках краіны пад шыракалістымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Утвараюцца ў выніку буразёмаўтварэння (спалучэнне гумусава-акумулятыўнага працэсу з лесіважам і агліненнем). Гумусава-акумулятыўны гарызонт цёмна-шэрага (чорнага) колеру з бураватым адценнем, таўшчынёй 7—10 см, гумусу мае каля 5%. На Беларусі вылучаны толькі пад лясамі.
Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэніраваных участках (надпоймавыя тэрасы, зандравыя раўніны), складзеных з рыхлых парод. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя імхі, кісліца, чарнічнік. Іх характэрная асаблівасць — адсутнасць добра выяўленага гумусава-акумулятыўнага гарызонту. Рэакцыя глебы моцнакіслая. Гумусу да 1,5%.
Дзярнова-падзолістыя глебы пашыраны на ўсёй тэр. краіны (36,2% плошчы с.-г. зямель). Утвараюцца ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму на бескарбанатных пародах пад травяністымі і імшыста-травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дыферэнцыраваны на верхнюю элювіяльную і ніжнюю ілювіяльную часткі ў выніку спалучэння дзярновага, падзолістага працэсаў і лесіважу. Значная іх частка мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю, нетрывалую структуру і невысокую насычанасць асновамі. Паводле марфалагічнай будовы профілю вылучаюць 4 падтыпы такіх глеб: дзярнова-палева-падзолістыя, уласна дзярнова-падзолістыя (белаватыя), дзярнова-падзолістыя эрадзіраваныя, дзярнова-падзолістыя акультураныя.
Падзолістыя забалочаныя глебы фарміруюцца ў выніку сумеснага дзеяння лесіважу, падзолістага і глеевага працэсаў. Яны характарызуюцца агляеннем, кантрастным водным рэжымам, пераўтварэннем арганічных рэчываў з утварэннем вялікай колькасці фульвакіслот, поліфенолаў, нізкамалекулярных кіслот, утварэннем рухомых закісных форм жалеза і марганцу, а ў кіслым асяроддзі — рухомых злучэнняў алюмінію і інш., што ў сукупнасці істотна пагаршае іх агранамічныя якасці. На Беларусі трапляюцца лакальна, у с.-г. вытворчасці не выкарыстоўваюцца.
Балотна-падзолістыя глебы фарміруюцца пры спалучэнні балотнага і падзолістага глебаўтварэння з заляганнем мяккіх грунтавых вод блізка ад паверхні. Сустракаюцца на Пн краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-кусцікавым наземным покрывам, на Пд — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам і інш. Іх тарфяны гарызонт 10—30 см, гумусава-акумулятыўны маламоцны. Вызначаюцца невялікай прадукцыйнасцю, выкарыстоўваюцца пад лясы.
Дзярновыя забалочаныя глебы фарміруюцца пад травяным покрывам у выніку дзярновага і балотнага глебаўтварэння ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатнення. Характарызуюцца добра вызначаным гумусавым гарызонтам, вял. колькасцю гумусу (да 12%), павышанай ступенню насычанасці асновамі, нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору, прыкметамі агляення. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на глеяватыя і глеевыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэннях і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці.
Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтавымі водамі ў выніку спалучэння абглейвання з дзярновым і падзолістым працэсам глебаўтварэння. Фарміруюцца пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях. Вызначаюцца высокай кіслотнасцю, невялікай колькасцю элементаў жыўлення, высокім утрыманнем рухомага алюмінію, нізкай ступенню насычанасці асновамі ў верхняй частцы профілю. У глеяватых глебах гумусу 2—6%, у глеевых — да 10%. Іх асваенне патрабуе асушальнай меліярацыі.
Балотныя глебы належаць да гідраморфных. Утвараюцца ў выніку балотнага працэсу глебаўтварэння. Займаюць каля 12,9% плошчы сельгасугоддзяў. Паводле характару воднага жыўлення, складу расліннасці і якасцей торфу іх падзяляюць на тарфяна-балотныя вярховыя і тарфяна-балотныя нізінныя глебы. Тарфяна-балотныя нізінныя глебы фарміруюцца ў паніжэннях рэльефу, на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага залішняга ўвільгатнення грунтавымі водамі. Пераважна пад лясамі (вольха чорная, бяроза пушыстая), наземнае покрыва з асок, чароту, імхоў. Вызначаюцца высокай ступенню насычанасці асновамі (да 100%). Торф зольнасцю 5—50%, колькасцю гумусавых рэчываў (да 42%) з перавагай гумінавых кіслот, азоту 3—4%. Тарфяна-балотныя вярховыя глебы ўтвараюцца на водападзелах у замкнутых бяссцёкавых паніжэннях ва ўмовах залішняга ўвільгатнення атмасфернымі ці грунтавымі водамі. Укрыты расліннасцю з перавагай хвоі, багуну, буякоў, журавін, імхоў. Торф адрозніваецца нізкай ступенню раскладання, меншай шчыльнасцю, высокай вільгацяёмістасцю, моцнакіслай рэакцыяй, невялікай колькасцю гумусу (0,5—2%), зольнасць 2—5%. Пасля асушальнай меліярацыі нізінны тып глеб выкарыстоўваюць пад ворыва.
Поймавыя, або алювіяльныя глебы ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыядычнага затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю, інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфалагічным профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, механічнага складу, ступені агляення, колькасці гумусу глебы поймаў падзяляюцца на алювіяльныя дзярновыя, алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, алювіяльныя балотныя. Пашыраны пераважна на Палессі. Большасць іх вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму. Выкарыстоўваюць пад сенажаць і пашу.
Антрапагенныя глебы — тып глеб, якія цалкам страцілі свае натуральныя якасці і прыкметы ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Іх падзяляюць на рэкультываваныя глебы, што занава створаны на месцах выпрацаваных тарфянікаў ці кар’ераў здабычы карысных выкапняў; антрапагенна-дэградзіраваныя глебы, што парушаны ў выніку постмеліярацыйнай дэградацыі; антрапагенна-парушаныя глебы, што змяніліся ў выніку прамога негатыўнага ўплыву гасп. дзейнасці (выдаленне ворнага слоя, перамешванне глебавых гарызонтаў); антрапагенна-засоленыя глебы, што ўзніклі побач з Салігорскім калійным камбінатам; другасна забалочаныя глебы, што фарміруюцца ў выніку падтаплення тэрыторый пры стварэнні вадасховішчаў.
Літ.:
Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;
Жилко В.В. Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,
чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.І.Мурчысанам і А.Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.
Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).
Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.
На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б.ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс.м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер.вод.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),
навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л.сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.
Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.Ф.Гамалея, С.Кітазата, К.Б.Ніл, Э.Ру і інш.
На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед.ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял.НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел.н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.І.Кудзіну, В.В.Первазванскаму, А.Л.Пескіну, А.І.Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.І.Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.А.Паўловіч і інш., вет. М. — Д.Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.С.Самсонава і інш.Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац.АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел.НДІ эпідэміялогіі і М., інш.с.-г. і мед.н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.
Літ.:
Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;
Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;