ПАЖА́РНАЯ НЕБЯСПЕ́КА,

імавернасць узнікнення і развіцця пажару, уздзеяння яго небяспечных фактараў. Вызначаецца схільнасцю рэчыва да загарання, інтэнсіўнасцю працэсу гарэння і спадарожных з’яў (напр., дымаўтварэння), а таксама магчымасцю яго спынення і залежыць ад стану навакольнага асяроддзя.

П.н. рэчыва абумоўлена сукупнасцю яго ўласцівасцей, што спрыяюць узнікненню і распаўсюджванню гарэння і ўтварэнню небяспечных фактараў пажару. Да іх адносяць: полымя, іскры, павышаную т-ру навакольнага асяроддзя, таксічныя прадукты гарэння і тэрмічнага разлажэння, дым, зменшаную канцэнтрацыю кіслароду; таксама асколкі і часткі разбураных аб’ектаў, радыеактыўныя і таксічныя рэчывы, эл. ток, выбух у выніку пажару, вогнетушыльныя рэчывы. Пажаранебяспечнымі з’яўляюцца гаручыя рэчывы і іх сумесі (напр., метан, прапан, бензол, сера, фосфар, драўніна, торф), акісляльнікі (перманганат калію, азотная к-та), рэчывы, якія пры ўзаемадзеянні з вадой ці інш. рэчывамі могуць вылучаць гаручыя газы (карбід кальцыю) ці вял. колькасць цеплыні (нягашаная вапна, серная к-та), сціснутыя і звадкаваныя газы і інш. П.н. тэхнал. працэсаў і апаратаў абумоўлена магчымасцю некантралюемага выхаду параметраў тэхнал. працэсаў за бяспечныя межы, а таксама недастатковасцю прафілактычных мерапрыемстваў пажарнай бяспекі.

Літ.:

Монахов В.Т. Методы исследования пожарной опасности веществ. 2 изд. М., 1979.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАРЫ́Ў,

стварэнне брэшы ў абарончых палосах (рубяжах, пазіцыях), занятых войскамі праціўніка.

Неабходнасць П. ўзнікла ў пач. 20 ст. ў сувязі з узнікненнем суцэльных франтоў на тэатрах ваен. дзеянняў: Шырока выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну (напр., Брусілаўскі П. у час правядзення Паўднёва-Заходняга фронту наступлення 1916), у больш буйных маштабах — у 2-ю сусв. вайну, калі войскі прарывалі абарону праціўніка ў некалькіх месцах, развівалі наступленне рухомымі карпусамі і арміямі, акружалі і знішчалі вялікія групоўкі ворага (гл. Беларуская аперацыя 1944, Вісла-Одэрская аперацыя 1945 і інш.). П. ажыццяўлялі таксама войскі, што абаранялі блакіраваныя гарады ці парты (гл. Ленінградская бітва 1941—44), акружаныя партыз. злучэнні (напр., Полацка-Лепельская бітва 1944).

Для сучасных армій пры П. характэрны: хуткасць і рашучасць дзеянняў, выкарыстанне авіяцыі, ракетных войск і артылерыі, усіх відаў зброі і баявой тэхнікі. У канцы 20 ст. большасць войнаў, лакальных канфліктаў і аперацый (напр., «Бура ў пустыні», гл. Кувейцкі крызіс 1990—91), пачыналіся з П. і ліквідацыі сіл і сродкаў ППА праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм кіравання, стварэння спрыяльных умоў для сваіх авіяц. сіл, якія выконвалі асн. задачу па знішчэнні найб. важных ваен., адм. і гасп. аб’ектаў, груповак войск і інш.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.

Літ.:

Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;

Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),

1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук. філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.

2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.​Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;

Исторические типы философии. М., 1991;

Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;

Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЗЯМЕ́ЛЬ,

комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні, мэтанакіраванай змене і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў як нац. здабытку і найважнейшага кампанента навакольнага асяроддзя; састаўная частка аховы прыроды.

Прадугледжвае вывучэнне прыродных і выкліканых вытв. дзейнасцю чалавека працэсаў трансфармацыі зямель, прагназавання іх вынікаў, вызначэнне кірункаў і мер па ахове глебаў як вядучай праблеме аховы зямель, планаванне экалагічна бяспечнага гасп. выкарыстання зямельных рэсурсаў у мэтах прамысл. і с.-г. вытв-сці, навуковае абгрунтаванне сістэм земляробства, утварэнне сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, спец. землеахоўнае інж. буд-ва, кантроль за забруджваннем зямель, выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш. Ажыццяўляецца праз уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва і інш.

На Беларусі ахова зямель — канстытуцыйны абавязак землекарыстальнікаў, канкрэтызаваны і ўвасоблены ў адпаведных нормах і палажэннях зямельнага заканадаўства, а таксама ляснога, воднага і інш. Па асобных пытаннях аховы зямель дзейнічаюць спец. пастановы і нарматыўныя акты. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове зямель ажыццяўляе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы зямель даследуюцца ў Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, Бел. рэсп. праектным ін-це па землеўпарадкаванні і інш. Па выніках навук. распрацовак складзена ген. схема выкарыстання зямельных рэсурсаў рэспублікі на бліжэйшую і далёкую перспектыву.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА АСЯРО́ДДЗЯ,

комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новых хім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІТЭ́Т (ад лац. bonitas дабраякаснасць),

эканамічна важная, як правіла, параўнальная, прыродная характарыстыка (багацце глебаў, выхад драўніны з 1 га і да т.п.) гаспадарча каштоўнай групы біял. аб’ектаў або ўгоддзяў. Найчасцей вызначаюцца банітэты глебы і лесу. Банітэт глебы (якасная характарыстыка прыродных уласцівасцяў зямельнага ўчастка і ўзровень ураджайнасці на ім с.-г. культур як сумарны паказчык яго ўрадлівасці) і банітэт лесу (паказчык прадукцыйнасці лесу, які залежыць ад умоў месцазнаходжання, пераважна глебава-грунтавых і кліматычных). Апошні вызначаецца па сярэдняй вышыні насаджэння, узросце і паходжанні (насеннае або парасткавае) дрэвастою. Вылучаны 5 класаў банітэту лесу: да I належаць найб. прадукцыйныя насаджэнні, да V — найменш прадукцыйныя; дапаўняльна вылучаюцца Iа, Iб, Iв, Vа, Vб, Vв, сярод якіх Iв найвышэйшы, Vв — найніжэйшы. II—IV класы маюць прамежкавыя паказчыкі. Насенныя і парасткавыя дрэвавыя насаджэнні ў кожным класе ўзросту (10 гадоў, 20, 30 і гэтак далей) размяркоўваюцца па класах банітэту ў залежнасці ад сярэдняй вышыні дрэвавага ствала ў метрах (напр., ва ўзросце 30 гадоў да I класа банітэту насенных лесанасаджэнняў належаць дрэвы выш. 12—13 м, да V класа — выш. 4—5 м; ва ўзросце 100 гадоў, адпаведна, 27—30 і 13—15 м). Сярэдняя прадукцыйнасць лясоў Беларусі вызначаецца II, 0 класам банітэту.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМА́СТЫКА (ад грэч. onomastikos які адносіцца да наймення),

1) сукупнасць уласных імёнаў (анімія).

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне, развіццё, структуру, функцыянаванне і пашырэнне ўласных імёнаў. Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб’ектаў, што носяць уласныя імёны: антрапаніміка (вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны-мянушкі, псеўданімы), тапаніміка, тэаніміка (імёны багоў, міфал. істот), зааніміка (клічкі жывёл), касманіміка (назвы зон касм. прасторы, галактык і сузор’яў), астраніміка (назвы асобных нябесных целаў) і інш. У залежнасці ад моўных асаблівасцяў уласных імёнаў вылучаюць анамастыку літаратурную і дыялектную, рэальную і паэтычную (або маст. тэкстаў), сучасную і гіст., тэарэт. і прыкладную. Анамастычны матэрыял — своеасаблівы хавальнік шматлікіх, часта не зафіксаваных інш. крыніцамі фактаў гісторыі, культуры і мовы народа. Уласнымі імёнамі вучоныя цікавіліся з даўніх часоў, але як навука анамастыка сфарміравалася ў 1930-я г. У 1949 у Бельгіі створаны Міжнар. анамастычны камітэт пры ЮНЕСКА (з 1950 выдае час. «Onoma»). У развіццё анамастыкі зрабілі ўклад бел. мовазнаўцы Я.​М.​Адамовіч, Л.​А.​Акаловіч, М.​В.​Бірыла, В.​П.​Лемцюгова, М.​Р.​Суднік, Г.​К.​Усціновіч, І.​Я.​Яшкін.

Літ.:

Бірыла М.В., Лемцюгова В.П. Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. Мн., 1973;

Перспективы развития славянской ономастики. М., 1980.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫГІТА́ЙЗЕР (англ. digitizer),

перыферыйная прылада ЭВМ для ўводу графічнай інфармацыі з неферамагнітных носьбітаў (карты і планы мясцовасці, чарцяжы, графікі і інш.). Дазваляе ўводзіць факсімільную і рукапісную інфармацыю, рашаць задачы ідэнтыфікацыі аб’ектаў, працаваць з меню камандаў, кіраваць маркёрам на экране дысплея і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах уводу інфармацыі ў банкаўскай і дзелавой галінах, крыміналістыцы і інш. замест буйнафарматных сканераў з мех. прыводам каардынатнай прывязкі.

Д. мае планшэт, на якім размяшчаецца зыходны матэрыял, і элемент здымання інфармацыі (паказальнік каардынат); каардынатная сістэма Д. мадэлюецца рознымі фіз. палямі (м.-магн., акустычным, рэзістыўным і інш.). Паказальнікі каардынат бываюць стрыжнёвай канструкцыі з пішучымі наканечнікамі (або без іх) ці сплошчанай формы з аптычна празрыстымі візірнымі перакрыжаваннямі (часам з дадатковымі прыстасаваннямі павелічэння і падсвечвання відарысаў). Стрыжнёвыя паказальнікі могуць быць адчувальнымі да сілы націскання (да 256 градацый, якім могуць адпавядаць таўшчыня ліній, колер і яго адценні ў палітры і інш.); маюць 1—2 (курсоры — да 16) кнопкі кіравання рэжымам уводу інфармацыі. Раздзяляльная здольнасць Д. да 0,0125 мм, дакладнасць да 0,1 мм, скорасць уводу інфармацыі не менш як 100 пунктаў за секунду. На Беларусі Д. распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Алексеев Г.И. Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985.

Г.​І.​Аляксееў.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)