МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),

складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв. колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ,

князь гродзенскі ў 12 ст. Сын Усевалада Давыдавіча. У 1167 дапамог валынскаму кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. У 1168 (1167?) удзельнічаў у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Пасля таго як у 1169 Андрэй Багалюбскі захапіў Кіеў, М.У. у 1170 дапамог Мсціславу на кароткі час аднавіць уладу над горадам: верагодна, хадзіў на полаўцаў, бо яго тысяцкі быў імі захоплены ў палон. У 1173 (1174?), пэўна, быў сярод гродзенскіх князёў, якіх Багалюбскі прымусіў удзельнічаць у паходзе на Кіеў. Хадзіў на полаўцаў у 1183 (1184?) у складзе войска вял. князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча. Адны даследчыкі атаясамліваюць Гарадзен, якім валодаў М.У., з сучасным г. Гродна, другія — з в. Гарадная Столінскага р-на або лакалізуюць яго на Валыні.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЛЬТАН (Мікалай Мікалаевіч) (24.11. 1900, в. Някрасаўшчына Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 19.9.1975),

ген.-лейт. (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Аб’яднаную бел. вайсковую школу імя ЦВК БССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Паўд., Петраградскім, Зах. франтах; у Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір стралк. палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Смаленска, Цверы, Магілёва, штурму Кёнігсберга. У чэрв. 1944 корпус пад камандаваннем М. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Магілёўскай вобл. і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. 16.7.1944 яго корпус вызваліў Гродна. Да 1959 у Сав. Арміі.

М.М.Мультан.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭТЫ́ЧНАЕ (ад грэч. pathētikos страсны, усхваляваны, поўны пачуцця),

эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае барацьбу, сутыкненне ўзнёслага і нізкага. Служыць своеасаблівай мерай пафасу, выражэннем здольнасці асобы да барацьбы, пераадолення духоўна негатыўных сіл у яго ўнутраным свеце і нізкіх памкненняў звонку. Адпаведна вылучаюць П. ўнутранага і знешняга роду. У сістэме эстэт. катэгорый П. звязана з гераічным, у якім праяўляецца станоўчая накіраванасць барацьбы. Адухоўлены характар прыроды мастацтва прадвызначае магчымасць шырокага звяртання да П. ва ўсіх яго відах. Выразна П. праяўляецца ў музыцы, тэатры, балеце. У жыцці П. часта служыць фонам, на якім могуць разгортвацца маральна-эстэт. прагрэс або дэградацыя асобы ў залежнасці ад таго, якія духоўныя пачаткі (узнёслае або нізкае) здольны ўзяць верх.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНАПАРТЫ́СТЫ,

прыхільнікі рэстаўрацыі дынастыі Банапартаў у Францыі пасля падзення Першай (1804—14) і Другой (1852—70) імперый. У час рэвалюцыі 1848 садзейнічалі прыходу да ўлады пляменніка Напалеона I прынца Луі Банапарта. Пасля яго звяржэння (1870) — адна з манархісцкіх партый.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР (1190 ? — 31.5.1223),

князь дубровіцкі. Верагодна, сын кн. Глеба Юр’евіча з тураўскай дынастыі Ізяславічаў, зяць кіеўскага кн. Мсціслава Раманавіча. Упамінаецца ў летапісах з нагоды яго гібелі ў бітве рус. і палавецкіх князёў супраць мангола-татараў на р. Калка.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБО́ЙНІК,

каменная прылада, з дапамогай якой у старажытнасці расколвалі крэмень, счэсвалі з яго жаўлаковую скарынку, рабілі нуклеусы, адбівалі адшчэпы. У палеаліце як адбойнік выкарыстоўвалі рачную гальку ці жаўлакі крэменю. У неаліце паявіліся адбойнікі з дзяржаннем, зробленым аббіваннем крамянёвага жаўлака.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТАЕ МО́РА,

у міжнародным праве частка Сусв. акіяна па-за межамі тэр. водаў якой-н. дзяржавы. Знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх краін, на яго не распаўсюджваецца ўлада прыбярэжных дзяржаў, і судны падпарадкоўваюцца толькі краіне, пад сцягам якой яны плаваюць.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНІШЧА́НІН,

першапачаткова малодшы дружыннік стараж.-рус. князя, які кіраваў княжацкай гаспадаркай, дваром, слугамі. У 11—13 ст. старшы дружыннік, «княжой муж», баярын. Аб прывілеяваным становішчы агнішчаніна сведчыць Руская праўда, якая за яго забойства вызначала двайны штраф у 80 грыўняў.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГЕНЦО́ЛЕРНЫ-ЗІ́ГМАРЫНГЕНЫ (Hohenzollern-Sigmaringen),

каралеўская дынастыя ў Румыніі ў 1866—1947. Заснавальнік Караль I (Карл; 1866—1914; да 1881 князь, потым кароль) — нашчадак пабочнай лініі прускай каралеўскай дынастыі Гогенцолернаў. Яго пераемнікі: Фердынанд I [1914—27], Караль II [1930-40] і Міхай I [1927—30, 1940—47].

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)