АГАФО́КЛ

(каля 361—289 да н.э.),

тыран у Сіракузах (з 316) і Сіцыліі. Вызначыўся на вайск. службе. З дапамогай войска і свабодных беднякоў скінуў алігархію і быў абвешчаны палкаводцам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Адваяваў у Карфагена амаль усе грэч. гарады Сіцыліі, в-аў Керкіра (Корфу). Каля 305 прыняў тытул «цара сіцылійцаў». Памёр у час паходу ў Паўд. Італію.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЭГО́Н (Obregón) Альвара

(19.2.1880, Сікісіва, штат Санора, Мексіка — 17.7.1928),

мексіканскі дзярж. і ваен. дзеяч. У час рэвалюцыі 1910—17 узначаліў войска, якое скінула дыктатуру Уэрты (1914). У 1920—24 прэзідэнт Мексікі. Урад Абрэгона правёў шэраг дэмакр. рэформаў, імкнуўся да незалежнага знешнепаліт. курсу. У 1928 зноў выбраны прэзідэнтам, але забіты рэліг. фанатыкам да таго, як заступіў на пасаду.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСІ́ДЫ,

дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў Багдадзе ў 750—1258 (гл. Абасідаў халіфат). Паходзіць ад Абаса, дзядзькі Мухамеда. Заснавальнік дынастыі Абу-ль-Абас ас-Сафах [750—754], які скінуў Амеядаў. Найб. буйныя прадстаўнікі — Мансур [754—775], Харун ар-Рашыд [786—809], Мамун [813—833]. Пасля захопу Буідамі ў 945 Багдада Абасіды пазбаўлены свецкай улады. Апошні з Абасідаў аль-Мустасім [1242—58] у час нашэсця манголаў пакараны смерцю.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТНЕР (Hettner) Альфрэд

(6.8.1859, г. Дрэздэн, Германія — 31.6.1941),

нямецкі географ. Праф. Лейпцыгскага (з 1894) і Гейдэльбергскага (1899—1928) ун-таў. Падарожнічаў па Паўд. Амерыцы, Егіпце, Алжыры, Тунісе, Паўд. і Усх. Азіі. Даследаванні ў галіне краіназнаўства, геамарфалогіі, кліматалогіі, геаграфіі чалавека, методыцы выкладання гісторыі і метадалогіі геаграфіі. У 1895 заснаваў і 40 гадоў узначальваў час. «Geographische Zeitschrift» («Геаграфічныя запіскі»).

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́СІС

(франц. glacis),

ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́РЫЯ

(ад лац. gloria упрыгажэнне, арэол),

аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе каляровых кольцаў вакол ценю назіральніка (ці прадмета, што знаходзіцца каля яго), калі цень падае на воблака або слой туману. Часта назіраецца ў гарах (калі воблака знаходзіцца ніжэй назіральніка) ці ў час палётаў над воблакамі. Абумоўлена дыфракцыяй святла на кроплях вады. Колеры ў глорыі: унутры блакітны, звонку чырвоны.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШНЕ́ВІЧ Міхал

(1797, Мінск — 1862),

бел. астраном. Магістр філасофіі. Скончыў Віленскі ун-т. У 1819—48 працаваў у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Вёў назіранні планет, Месяца, зацьменняў зорак Месяцам. У 1824 з геадэзістам І.І.Ходзькам праводзіў градусныя вымярэнні на тэр. Беларусі. Вынікі яго даследаванняў ў 1838—46 публікаваліся ў выданнях абсерваторыі, а некат. працы — у час. «Astronomische Nachrichten» («Веснік астраноміі»).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖНЫЯ ВО́ЙСКІ спецыяльны войскі, прызначаныя для выканання за дач дарожнага забеспячэння. Складаюцца з дарожна-каменданцкіх, дарожна-буд., мостабуд. і інш. часцей і падраздзяленняў; забяспечваюцца тэхн. сродкамі для ўзнаўлення разбураны участкаў аўтадарог, мастоў, а таксам спец. абсталяваннем і транспартам для забеспячэння руху. У рус. арміі з’явіліся ў пач. 18 ст., у Сав. Узбр. Сілах — у час грамадз. вайны.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЦЯ́Н Вачаган Унанавіч

(14.5.1913, с. Зак Ахалкалакскага р-на, Грузія — 1.8.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір кулямётнага разліку сяржант Ванцян вызначыўся 23.6.1944 у час прарыву варожай абароны каля г.п. Шуміліна Віцебскай вобл.: знішчыў 3 кулямётныя пункты, адбіў 2 контратакі ворага, падбіў танк. Загінуў у баі каля р. Мемеле (Літва).

т. 3, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСІДО́

(яп. шлях воіна),

у сярэдневяковай Японіі разнавіднасць няпісанага ганаровага кодэксу класа воінаў. Сярод асн. прынцыпаў бусідо — абсалютная вернасць свайму сюзерэну, адвага ў баі і пагарда да смерці, павага да праціўніка, выкананне прынятых на сябе абавязкаў і загартоўка духу. Сфарміравалася на аснове элементаў канфуцыянства, светапогляду будыйскай секты дзен і сінтаізму. У наш час бусідо аказвае ўплыў на этыку японцаў.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)