ШАЛЯ́ПІН Фёдар Іванавіч (13.2.1873, Казань, Татарстан — 12.4.1938),
расійскі спявак (бас); найбуйнейшы прадстаўнік рас. вакальнай школы. Нар.арт. Рэспублікі (1918). У 1893 дэбютаваў як оперны спявак у Тыфлісе, у 1895 саліст Марыінскага т-ра ў Пецярбургу, з 1896 маскоўскай прыватнай рус. оперы С.Мамантава, з 1899 (з перапынкам) спяваў у т-рах Вял. ў Маскве, Марыінскім (у 1918 маст. кіраўнік), удзельнічаў у «Рускіх сезонах» С.Дзягілева. Вёў гастрольную дзейнасць, у т. л. ў 1896 у Мінску. З 1922 за мяжой. Ідэйна і эстэтычна фарміраваўся ў цесным кантакце з М.Горкім, К.Каровіным, С.Рахманінавым, У.Стасавым, В.Сяровым, М.Урубелем і інш. Стварыў галерэю рознахарактарных вобразаў, раскрываючы складаны ўнутраны свет героя. Сярод творчых дасягненняў партыі: трагедыйныя — Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава); героіка-эпічная — Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі); эпічная — Дасіфей («Хаваншчына» Мусаргскага); быт. — Яромка («Варожая сіла» А.Сярова), Варлаам («Барыс Гадуноў»); рамант. — Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно і «Мефістофель» А.Бойта), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Дон Кіхот («Дон Кіхот» Ж.Маснэ); камед. — Фарлаф («Руслан і Людміла» Глінкі), Лепарэла («Дон Жуан» В.А.Моцарта); сатыр. — Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні) і інш. Майстар выканання рус.нар. песень, рус. і зах.-еўрап. камерна-вак. лірыкі. Паставіў оперы «Хаваншчына», «Дон Кіхот». Здымаўся ў кіно («Іван Грозны», «Дон Кіхот»). Аўтар літ., графічных, жывапісных, скульпт. работ. Напісаў кн. «Маска і душа» (1932), аўтабіяграфію «Старонкі з майго жыцця» (апубл. 1957). У 1984 прах Ш. перанесены з Парыжа ў Маскву. У Казані праводзяцца Оперны фестываль (з 1982, з 1991 міжнар.), конкурс оперных спевакоў (з 1989, з 1993 міжнар.) імя Ш.
Тв.:
Страницы из моей жизни. Маска и душа. М., 1990.
Літ.:
Янковский М.О. Шаляпин. Л., 1972;
Ф.И.Шаляпин. Т. 1—3. 3 изд. М., 1976—79;
Ф.И.Шаляпин: Летопись жизни и творчества. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1988—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАПЭ́Н (Chopin) Фрыдэрык (22.2 ці 1.3.1810, Жалязова-Воля, каля Варшавы — 17.10.1849),
польскі кампазітар, піяніст; заснавальнік польскай муз. класікі. Вучыўся ў Гал. школе музыкі ў Варшаве пад кіраўніцтвам Ю.Эльснера (1826—29). Быў звязаны з удзельнікамі паўстання 1830—31. З 1831 у Парыжы. Яго творчасць рамант. па характары, глыбока нар., мае акрэсленую патрыят. накіраванасць, увасабляе абагульнены вобраз Польшчы (карцін яе гераічнага мінулага і сучаснага Ш. нар. побыту, матывы нац. л-ры, фальклору), раскрывае ідэі нац.-вызв. барацьбы. Пісаў пераважна фартэпіянную музыку, пашырыў маст. магчымасці інструмента, адыграў ролю ў развіцці фп. фактуры: меладызаваў муз. тканіну, узбагаціў яе спецыфічна фп. поліфаніяй, сінтэзаваў розныя віды тэхнікі, раскрыў выразнае значэнне дэмпфернай педалі. Яго наватарства выявілася ў галіне гармоніі, мелодыкі, рытмікі, у трактоўцы класічных жанраў і муз. форм. Стварыў жанр фп. балады, паглыбіў змест жанраў накцюрна, эцюда, прэлюдыі, скерца, узняў на высокі маст. ўзровень нац.-танц. жанры; мазурку, паланэз; надаў рысы рамант. паэмы фантазіі, санаце, баладзе, скерца. Сярод асн. твораў: 2 канцэрты для фп. з аркестрам (1829, 1830), 3 санаты (1827—28, 1839, 1844), фантазія (1841), 4 балады (1835—42), 4 скерца (1832—42), 4 экспромты (1834—42), 16 паланэзаў, 58 мазурак, 17 вальсаў, 21 накцюрн, 26 прэлюдый (у т. л. цыкл з 24 прэлюдый, 1839), 27 эцюдаў, п’есы для фп., фп. трыо (1829), саната для віяланчэлі і фп. (1846), 19 песень, баркарола, калыханка і інш. З 1927 у Варшаве праводзіцца міжнар. конкурс піяністаў імя Ш.
Тв.:
Рус.пер. — Письма. Т. 1—2. 3 изд. М., 1982—84.
Літ.:
Лист Ф. Ф.Шопен: Пер. с фр. 2 изд. М., 1956;
Бэлза И.Ф. Шопен. М., 1968;
Мазель Л.А. Исследования о Шопене. М., 1971;
Николаев В. Шопен-педагог. М., 1980;
Szulc M.A. F.Chopin i utwory jego muzyczne... Kraków, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧУ́СЕЎ Аляксей Віктаравіч (8.10.1873, Кішынёў — 24.5.1949),
расійскі архітэктар, тэарэтык і гісторык архітэктуры, педагог. Засл. архітэктар СССР (1930). Правадз.чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Акад.АНСССР (1943). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у Л.М.Бенуа і І.Я.Рэпіна (1891—97), з 1910 акад. у ёй. Выкладаў у Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы (з 1913), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (з 1918), арх. ін-це (1948) і інш. у Маскве. У 1926—29 дырэктар Траццякоўскай галерэі. Арганізатар і першы дырэктар Музея рус. архітэктуры (1946—49, цяпер Дзярж.н.-д. музей архітэктуры яго імя). Першыя найб. значныя работы ў неарускім стылі адметныя разнастайнасцю, маляўнічасцю (Марфа-Мар’інскі манастыр, 1908—12; комплекс Казанскага вакзала, 1914—26; 1941; абедзве ў Маскве). Удзельнічаў у распрацоўцы плана рэканструкцыі Масквы 1918—25, гал. архітэктар Усерас. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1922—23). Сярод работ у стылі канструктывізму: НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі ў г. Сочы (1927—31), будынак Наркамзема ў Маскве (1928—33; цяпер Мін-ва сельскай гаспадаркі Расіі). Стварыў маўзалей У.І.Леніна (у 1924 у дрэве, у 1929—34 у камені) на Краснай пл. ў Маскве. З выкарыстаннем элементаў класічнай арх. спадчыны будынкі гасцініцы «Масква» (1932—38, у сааўт.), Маскварэцкі мост (1936—38), будынак НКУС на Лубянскай пл. (1940—47), перонная зала станцыі метро «Камсамольская-кальцавая» (адкрыта ў 1952) у Маскве, т-р оперы і балета ў Ташкенце (1940—47). Аўтар праектаў аднаўлення зруйнаваных у Вял.Айч. вайну гарадоў Істра Маскоўскай вобл. (1942—43), Ноўгарад (1943—45), Кішынёў (1947). Істотна паўплываў на фарміраванне сучаснага аблічча Масквы. Аўтар навук. работ па пытаннях забудовы Масквы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1952.
Літ.:
Афанасьев К.Н. А.В.Щусев. М., 1978;
Журавлев А.М. А.Щусев // Зодчие Москвы. М., 1988. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫДЫ́ЧНАЯ АСО́БА,
паводле грамадзянскага заканадаўства Рэспублікі Беларусь арганізацыя, якая мае ва ўласнасці, гасп. распараджэнні або ў аператыўным кіраванні адасобленую маёмасць і адказвае за яе па сваіх абавязацельствах; можа ад свайго імя набываць і ажыццяўляць маёмасныя і немаёмасныя правы, несці абавязкі, быць істцом і адказчыкам у судзе. Ю.а. павінна мець уласнае найменне, самаст. баланс або каштарыс.
Стваральнікі маёмасці могуць мець абавязацельныя правы ў адносінах да Ю.а. або рэчавыя правы на яе маёмасць. Да Ю.а., якія маюць абавязацельныя правы, адносяцца гасп. т-вы. вытв. і спажывецкія кааператывы; яны маюць рэчавыя правы толькі на маёмасць, якую перадалі Ю.а. ў карыстанне ў якасці ўкладу ў статутны фонд. Да Ю.а., на маёмасць якіх іх стваральнікі маюць права ўласнасці або інш. рэчавае права, адносяцца унітарныя прадпрыемствы (у т. л. даччыныя) і ўстановы, што фінансуюцца ўласнікам. Да Ю.а., стваральнікі якіх не маюць маёмасных правоў, адносяцца грамадскія і рэліг. арг-цыі, дабрачынныя і інш. фонды, аб’яднанні, асацыяцыі. саюзы. Ю.а. мае правы, якія адпавядаюць мэтам яе дзейнасці, прадугледжаным у яе ўстановачных дакументах. Іншымі відамі дзейнасці Ю.а. можа займацца толькі на падставе спец. дазволу (ліцэнзіі). Яна можа быць абмежавана ў правах выключна ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам. Рашэнне пра абмежаванне Ю.а. можа быць абскарджана ў судзе. Праваздольнасць Ю.а. ўзнікае з моманту яе стварэння і спыняецца з моманту яе скасавання.
Ю.а. дзейнічае на падставе статута або ўстаноўчага дагавора. Яна набывае грамадз. правы і прымае на сябе грамадз. абавязкі праз свае органы. Парадак назначэння (выбрання) органаў Ю.а. вызначаецца заканадаўствам і ўстаноўчымі дакументамі. Ю.а. спыняе дзейнасць у выніку яе рэарганізацыі або скасавання. Скасаванне Ю.а. лічыцца завершаным, а Ю.а. — спыніўшай існаванне пасля запісу пра гэта ў Адзіны дзярж. рэгістр Ю.а. Парадак дзейнасці і скасавання Ю.а. рэгламентаваны Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́МНІЦКІ БОЙ 1944,
бой партыз. палка 121-га імя А.М.Касаева, партыз. брыгады 61-й Магілёўскай раённай ВАГ супраць часцей 60-й ням. рэзервовай мотамеханізаванай дывізіі, раскватараванай у вёсках Магілёўскага р-на, у т. л. і в. Ямніца, у ноч на 20.6.1944 у Вял.Айч. вайну. Праводзіўся як ч. аперацыі, распрацаванай ВАГ пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б, па адначасовым разгроме гарнізонаў праціўніка ў вёсках Гуслішча, Галынец 1-ы і Галынец 2-і, ваен. гарадка ў в. Ямніца (усе ў Магілёўскім р-не) з мэтай скаваць 60-ю ням. мотамеханізаваную дывізію і не дапусціць перакідкі яе сіл на фланг палкам і атрадам Магілёўскай ВАГ, якія дзейнічалі на ўчастку чыгункі Магілёў — г.п. Копысь. 19.6.1944 з наступленнем цемнаты група партызан пабудавала пераправы цераз р. Лахва. Паводле плана 113-ы партыз. полк павінен быў штурмаваць гарнізон у в. Гуслішча, а 121-ы полк і 61-я брыгада — ваен. гарадок у в. Ямніца, у якім знаходзілася да 3 рот праціўніка і каля 90 танкаў. Гітлераўцам стала вядома, што рыхтуецца напад партызан на в. Гуслішча, і ў гарнізон было тэрмінова паслана падмацаванне. Зыходзячы з гэтага камандзір Магілёўскай раённай ВАГ З.П.Гапонаў вечарам 19 чэрв. прыняў рашэнне атакаваць толькі ваен. гарадок у в. Ямніца, блакіраваць сіламі 133-га палка гарнізоны ў в. Гуслішча і Галынец. У ноч на 20.6.1944 партызаны 121-га палка і 61-й брыгады пераправіліся цераз Лахву і наблізіліся да в. Ямніца. Ударная група партызан-аўтаматчыкаў падавіла агнявую кропку праціўніка, а асн. сілы партызан пераадолелі драцяныя загароды і ўварваліся на тэр.ваен. гарадка. Аднак ч. гітлераўцаў прарвалася да танкаў і арганізавала абарону, адкрыўшы агонь з танк. гармат і кулямётаў. Небяспечнае становішча партызан вымусіла камандзіраў 121-га партыз. палка і 61-й брыгады даць загад адыходу на зыходныя пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРУЗЕ́ЛЬСКІ (Jaruzelski) Войцех (н. 6.7.1923, с. Кураў Люблінскага ваяв., Польшча),
ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Польшчы. Ген. арміі (1973). Скончыў польскую пях. афіцэрскую школу ў г. Разань (СССР, 1943), Вышэйшую школу пяхоты (1947) і Акадэмію Генштаба Войска Польскага (1955) у Варшаве. З 1939 у СССР. З ліп. 1943 у Войску Польскім, што фарміравалася на сав. тэрыторыі. У чыне падпаручніка ўдзельнічаў у баях (у т. л. пад Варшавай) з ням.-фаш. войскамі ў складзе 2-й пях. дывізіі імя Я.Дамброўскага; узнаг. вышэйшым ваен. ордэнам Польшчы «Віртуці Мілітары». Пасля вайны на розных камандных і штабных пасадах у Войску Польскім, у 1968—83 — міністр абароны Польскай Нар. Рэспублікі (ПНР). У 1971—89 чл. Палітбюро ЦК кіруючай Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП). У час паліт. крызісу 1980—81 прызначаны на вышэйшыя дзярж. і паліт. пасады ПНР: старшыня СМ (лют. 1981 — ліст. 1985), Ваен. савета нац. выратавання (1981—83), 1-ы сакратар ЦК ПАРП (1981—89, замест С.Кані). Па ініцыятыве Я. ў снеж. 1981 у ПНР уведзена ваен. становішча, прыпынена дзейнасць прафаб’яднання «Салідарнасць» і інш. апазіцыйных арг-цый (тлумачыў гэта пагрозай грамадз. вайны). У наступныя гады намагаўся мірнымі сродкамі захаваць сацыяліст. лад і ўладу ПАРП у Польшчы. Старшыня Дзяржсавета ПНР (ліст. 1985—ліп. 1989). Пад уплывам перабудовы ў СССР пагадзіўся на легалізацыю апазіцыі, быў ініцыятарам «круглага стала» 1989. Пасля перамогі апазіцыі на парламенцкіх выбарах 1989 прэзідэнт Рэспублікі Польшчы (ліп. 1989—снеж. 1990). Пасля адстаўкі адышоў ад паліт. дзейнасці.
Паліт. праціўнікі б. ПАРП у Польшчы патрабуюць прыцягнення Я. да суд. адказнасці за ўвядзенне ваен. становішча ў 1981 і за падаўленне войскамі стыхійнага выступлення рабочых Гданьскай верфі ў 1970. З 1994 цягнецца суд. разбор па гэтай справе. Інш. частка польскага грамадства, наадварот, лічыць гіст. заслугай Я. яго дзейнасць у 1980-я г.
das Herz auf dem ríchtigen ~ háben быць спага́длівым чалаве́кам;
er hat den Mund [das Maul] auf dem réchten ~ у яго́ язы́к падве́шаны до́бра [як трэ́ба]
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар. права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А.Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭКІ
Першыя бібліятэкі на Беларусі пачалі складвацца пры цэрквах з 11 ст. Сярод найб. старажытных бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Абавязковы набор богаслужэбных кніг у праваслаўнай царкве вызначаў статут, альбо тыпікон (у 11—13 ст. Тыпікон Вялікай Царквы, для манастыроў — Студыйскі статут; з 14 ст. — Іерусалімскі статут, які з некаторымі зменамі існуе і сёння). У царкоўных бібліятэках захоўваліся і кнігі свецкага зместу. У 18—19 ст.царк. кнігазбор у сярэднім складаўся з 10—30 кнігадрукаў і рукапісаў, бедныя храмы часам мелі толькі 1—2 кнігі. Асноўны масіў кніг захоўваўся ў манастырскіх (кляштарных) бібліятэках. Напр., у 1494 бібліятэка Слуцкага Троіцкага манастыра налічвала 45 кніг, у 1557 Супрасльскага манастыра — 211 кніг, Пінскага Лешчанскага манастыра — 34 кнігі. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян Дзейнасць базыльянскіх бібліятэк (да пач. 19 ст. іх налічвалася больш за 60) рэгламентаваў статут, складзены ў 1617 мітрапалітам Вельямінам Руцкім. Пасада бібліятэкара (ён жа і архіварыус) давяралася спец. манаху (хартафілаксу), які адказваў за захаванасць фонду і прысягаў, што не будзе кнігі ні прадаваць, ні закладаць, ні пазычаць. Адзін з пунктаў статута патрабаваў, каб бібліятэкар пільна сачыў за тым, якіх кніг бракуе ў кнігазборы і прымаў захады па іх камплектаванні. Абавязкова вёўся каталог з пазначэннем месца кнігі на паліцы (шыфру); расстаноўка фонду была тэматычная, а ў кожным тэматычным раздзеле — фарматная (вылучалі 4 фарматы). Цэнтральныя бібліятэкі базыльян былі ў Віленскім Святатраецкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Кожная з іх налічвала некалькі тысяч кніг, а таксама нот, карт, эстампаў Невялікія бібліятэкі практычна мелі ўсе базыльянскія манастыры. Паводле вопісаў маёмасці 1822—24, у Селіцкім манастыры (Рэчыцкі пав.) былі 102 тамы, Сухавіцкім (Рэчыцкі пав.) — 103 тамы, Мірскім, Дараўскім і Лаўрышаўскім (усе Навагрудскі пав.) — адпаведна 34, 207 і 600 тамоў.
Вял. кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў ’у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і ў Смаргонскім зборы, якому ахвяраваў у 1611 свае кнігі староста чарэйскі і прапойскі К.Зяновіч. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найбольшай з іх была бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер навуковая бібліятэка Вільнюскага ун-та), больш за 40 тыс. кнігадрукаў захоўвала бібліятэка Полацкай езуіцкай акадэміі. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў і калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. інстытут. У Віленскай навуч. акрузе ў 1894 меліся 733 бібліятэкі пры нар. вучылішчах.
Першыя пісьмовыя звесткі аб прыватных бібліятэках на Беларусі датуюцца канцом 15 — пач. 16 ст. Вядома бібліятэка навагрудскага ваяводы, канцлера ВКЛ А.Гаштольда, які заказваў кнігі перапісчыкам (напр., Мацею з Драгічына ў Кракаве), меў кнігі лац., польскія і чэшскія, а найб. кірылічных. Самымі вял. прыватнымі бібліятэкамі 16—18 ст. былі б-ка Жыгімонта II Аўгуста, б-кі Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў, Солтанаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. У 16—18 ст. склалася некалькі вял. прыватных бібліятэк духавенства: мітрапалітаў Габрыэля Каляды (Календы), Фларыяна Грабніцкага, Ясона Смагаржэўскага, віленскага біскупа Валерыяна Пратасевіча (ахвяравана Віленскаму ун-ту), архіепіскапа тураўскага і пінскага Грыгорыя [рэестр яго б-кі (51 славянская і 39 лац. кніг) склаў у 1631 Сільвестр Каглоба]. Меншымі былі кнігазборы гараджан і ніжэйшага духавенства — берасцейскага мешчаніна Гурына Фёдаравіча (1624), віленскага бурмістра Сцяпана Лябедзіча (1649). Некалькі рукапісных і друкаваных кніг упамінаецца ў тастаменце святара Юр’еўскай царквы ў Вільні Георгія (1522). У 19 — пач. 20 ст. павялічваецца колькасць прыватных бібліятэк інтэлігенцыі, у т. л. Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Валіцкіх у Азёрах (Гродзенскі пав.; канфіскавана ў 1864, цяпер у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Магілёўскага архіепіскапа Варлаама (Шышацкага; у 1820 перайшла ў б-ку Пецярбургскай духоўнай акадэміі), Мікалая Вольскага ў Кошках (каля Беластока), дырэктара Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы П.Т.Віктарава (8 тыс. тамоў; у 1910 падаравана Маскоўскаму нар. ун-ту імя Шаняўскага), ксяндза Геніюша ў Луніне Пінскага пав. (захоўваў рэшткі кнігазбору картэзіянскага кляштара ў Бярозе; пасля яго смерці распрададзены), П.М.Гаховіча ў Тураве, І.Х.Каладзеева ў Нова-Барысаве (больш за 10 тыс. кніг, лістовак і інш. друкаваных матэрыялаў пра вайну 1812), Масальскіх у Белічанах, Слізняў у Мсціжы Барысаўскага пав., Г.Х.Татура ў Мінску, А.Трамбіцкага ў Лінове Пружанскага пав. (уключала кнігазбор славіста М.Баброўскага; у 1861 куплена для б-кі ардынацыі Замойскіх, згарэла ў час 2-й сусв. вайны ў Варшаве), Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні (уключала збор І.Наргелевіча з Навагрудскага пав.; зараз у Цэнтр. б-цы АН Літвы), Б.І.Эпімах-Шыпілы ў Пецярбургу, Юндзілаў у Івацэвічах і інш.
У 19 — пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі ствараліся першыя публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. Найбольшай публічнай б-кай у краі была Віленская. На сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л. Астрамечаўская бібліятэка імя Ф.Ф.Паўленкава. У 1913 на Беларусі дзейнічала 851 масавая бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1922 утворана аб’яднаная Беларуская дзярж. і універсітэцкая б-ка, яе філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928) і пры Доме ўрада (1933). У 1925 заснавана б-ка пры Інбелкульце (цяпер Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі). У 1938 створаны абласныя бібліятэкі. На пач. 1941 на Беларусі былі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам 5028 тыс. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. Аднаўленне бібліятэк ішло хуткімі тэмпамі і ўжо у 1950 іх колькасць і агульны кніжны фонд перавысілі даваен. ўзровень. Сучасныя бібліятэкі можна ўмоўна падзяліць на публічныя (або універсальныя), спецыяльныя і навучальныя.
Публічныя бібліятэкі садзейнічаюць гарманічнаму развіццю асобы, павышэнню яго адукацыйнага, прафесійнага і культурнага ўзроўню. Яны камплектуюць фонды па ўсіх галінах ведаў. Знаходзяцца ў рэспубліканскім, абласным ці раённым падпарадкаванні. Да іх адносяцца таксама бібліятэкі дзіцячыя, юнацкія, для сляпых і інш. груп чытачоў. Галоўнай універсальнай б-кай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Нац.б-ка Беларусі. У 1990 у Беларусі працавала 6239 публічных бібліятэк, у т. л. ў гарадах 1248, у сельскай мясцовасці — 4991, іх кніжны фонд складаў 93,3 млн. экзэмпляраў. У 2003 дзейнічалі 4743 публічныя бібліятэкі, у т. л. 1021 у гарадах, 3772 — у сельскай мясцовасці. Кніжны фонд усіх публічных бібліятэк складаў 74,2 млн. экзэмпляраў. У сярэднім на адну б-ку прыпадала 913 чытачоў, у т. л. ў гарадах 2685 чытачоў, у сельскай мясцовасці — 427 чытачоў (гл.табл. 1).
Спецыяльныя бібліятэкі ствараюцца для выканання навук. і вытворчых заданняў, з’яўляюцца часткаю прадпрыемстваў, устаноў ці органа інфармацыі і абслугоўваюць іх калектывы. Фарміруюць фонды літаратуры ў асноўным па профілі прадпрыемства. Да спец. бібліятэк адносяцца цэнтр. галіновыя і шматгаліновыя бібліятэкі, бібліятэкі навук.-даследчых інстытутаў. Сярод іх Беларуская с.-г.б-каімя І.С.Лупіновіча, рэспубліканскія навук.-медыцынская і навук.-тэхн. бібліятэкі і інш.
Навучальныя бібліятэкі абслугоўваюць навучэнцаў, навуковыя і выкладчыцкія калектывы навуч. устаноў. Яны, як правіла, маюць фонды па ўсіх галінах ведаў, а таксама вял. колькасць падручнікаў. Да навуч. бібліятэк адносяцца бібліятэкі школ, каледжаў, ВНУ, ун-таў (напр., Бібліятэка фундаментальная БДУ) і інш.
Літ.:
К истории библиотечного дела в Белорусской ССР. Мн., 1975;
Библиотечное дело в Белоруссии (1919—1979 гг.). Мн., 1980;
Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк і іх кадравае забеспячэнне: Матэрыялы міжнар.навук.-практ. канф. (23—26 мая 2000 г., Мінск). Мн., 2000;
Ореховская И.В. Библиотечные тайны. Мн., 2001.
М.В.Нікалаеў.
Табліца 1 Публічныя бібліятэкі
1990
1995
2000
2001
2002
2003
Колькасць публічных бібліятэк
6239
5367
5200
5168
4890
4743
у т. л.:
у гарадах
1248
1077
1053
1049
1036
1021
у сельскай мясцовасці
4991
4290
4147
4117
3854
3722
Бібліятэчны фонд усіх публічных бібліятэк, млн.экз.
93,3
80,9
77,6
77,1
75,9
74,2
у т. л.:
у гарадах
45,9
42,8
42,3
42,2
42,4
41,8
у сельскай мясцовасці
47,4
38,1
35,3
34,9
33,5
32,4
Колькасць чытачоў у сярэднім на адну бібліятэку
773
823
866
875
908
913
у т. л.:
у гарадах
2184
2377
2611
2656
2671
2685
у сельскай мясцовасці
420
433
423
421
434
427
Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Галоўны корпус. 2000.У чытальнай зале Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі.