Прапаве́даваць ’распаўсюджваць якое-небудзь веравучэнне, растлумачваючы яго слухачам’, прапаведнік (ТСБМ). У Насовіча слова адсутнічае. Відаць, кніжнае запазычанне з рус. пропове́довать, пропове́дник ’тс’, якія працягваюць ст.-рус., ст.-слав. прьповѣдати, проповѣдник і калькуюць лац. praedicāre ’гаварыць (аб прадмеце)’, praedicātor ’прапаведнік’ (Фасмер, 3, 376). Лац. словы ўзыходзяць да prae‑ ’пра’ і dicare ’гаварыць’ (Голуб-Ліер, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скамы́ ‘драўляныя ціскі (выціскаць мёд)’ (іўеў., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ‘тое, чым адціскаюць сыр’ (Інстр. 1). Нульсуфіксальны дэрыват ад *скаміць (гл. аскома), якое да прасл. *skomiti, што звязана чаргаваннем галосных з *ščemiti, гл. шчаміць. Не выключана захаванне архаічнай семантыкі ‘прышчэмліваць’, адкуль потым развіліся пераносныя значэнні, якія ўказваюць толькі на чалавечыя адчуванні. Параўн. скем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тц-тц-тц — выгукі, якімі падклікаюць парасят (ТС). Параўн. укр. цю ‘падзыўны гук для свіней’, рус. смал. цо‑цо, пск. цу‑цу, калін. тцу‑тцу. Гукапераймальнае; відаць, імітуе інтэнсіўнае хлябтанне і заахвочванне да яго. Малаверагодна вывядзенне з лат. cũka ‘свіння’, літ. ciùcė ‘свінка’ і іншых назоўнікаў (Анікін, Опыт, 294–295), якія таксама паходзяць ад гукаперайманняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

баро́нства, ‑а, н.

1. Годнасць і тытул барона.

2. Уладанне, памесце барона. Хоць зямля Англіі была падзелена пасля нарманскага заваявання на гіганцкія баронствы, якія нярэдка ўключалі ў сябе да 900 старых англасаксонскіх лордстваў кожнае, тым не менш яна была ўсеяна дробнымі сялянскімі гаспадарамі і толькі ў асобных месцах паміж гэтымі апошнімі залягалі буйныя панскія памесці. Маркс.

3. зб. Вароны. З’ехалася баронства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бацві́нне, ‑я, н., зб.

1. Лісце і сцёблы буракоў. Падышоўшы бліжэй,.. [Варанецкі] пазнаў Веру Добку і жанчын з яе звяна, якія пры святле «лятучых мышэй» ачышчалі буракі ад бацвіння. Дуброўскі.

2. Страва, звараная з бурачных сцяблоў і лісця. Мар’яна з Янінаю прыносяць вячэру і ставяць на стол глыбокую гліняную поўную бацвіння міску. Мурашка. [Жанчыны:] — Пятру свайму бацвіння наварыць, а бурачок — на рынак. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глушы́цель, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для аслаблення сілы гуку або шуму ад работы рухавіка, механізма і пад. Бурмакоў ўключыў глушыцель, але і прыглушанае выццё, здавалася, урывалася ва ўсе куткі карабля, ледзь не даводзячы людзей да вар’яцтва. Шыцік.

2. Прыстасаванне ў мнагаструнных музычных інструментах для спынення хістання струн; дэмпфер.

3. перан. Той, хто заглушае якія‑н. імкненні або ініцыятыву. Глушыцель крытыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

1. Прымусіць адвыкнуць ад чаго‑н. Адвучыць ад дрэннай прывычкі. □ Тры гады, якія пражыла Малання ў горадзе, адвучылі Кандрата бачыць у ёй сваю сялянку. Галавач. [Трахім:] — Мне яшчэ ў маладосці адзін вучоны чалавек гаварыў: «Калі ваўку не даваць мяса змалку, дык можна адвучыць яго ад драпежніцтва». Пальчэўскі.

2. Разм. Закончыць вучэнне, перастаць вучыць, навучаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адка́знасць, ‑і, ж.

1. Ускладзены на каго‑н. або ўзяты кім‑н. абавязак; даваць справаздачу пра якія‑н. свае дзеянні і быць гатовым адказваць за іх вынікі. Несці адказнасць. Баяцца адказнасці. Ускласці адказнасць. Браць на сябе адказнасць. Пад асабістую адказнасць. Прыцягнуць да адказнасці. Павысіць адказнасць. Крымінальная адказнасць. Адчуваць цяжар адказнасці.

2. Сур’ёзнасць, важнасць чаго‑н. Адказнасць моманту. Адказнасць даручэння.

•••

Несці адказнасць гл. несці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апушы́цца, ‑шыцца; зак.

1. Пакрыта пухам, пушыстай шэрсцю (пра жывёл). [Паранька] паказвае трох шэранькіх трусянят, якія ледзь паспелі апушыцца, і гладзіць іх усіх разам азызлай ад холаду рукой. Ракітны.

2. Пакрыцца, абцерусіцца чым‑н. пушыстым, лёгкім. Дрэвы апушыліся інеем. // Увабрацца ў зеляніну, пакрыцца лісцем. [Рыгор:] — А дзе ты.. хлеб возьмеш, кал зямелька скрозь аблогаю ляжыць. Гаруе зямелька... А бярозы вунь як апушыліся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

архі́ў, ‑хіва, м.

1. Установа, якая зберагае, сістэматызуе і апісвае пісьмовыя і графічныя помнікі мінулага з мэтай навуковага і практычнага іх выкарыстання. // Аддзел установы, дзе захоўваюцца старыя дакументы, скончаныя справы і пад.

2. Збор пісьмаў, рукапісаў, фатаграфій і пад., якія маюць адносіны да дзейнасці якой‑н. установы, асобы. Партызанскі архіў. Рукапісны архіў Янкі Купалы.

•••

Здаць (спісаць) у архіў каго-што гл. здаць.

[Лац. archivum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)