Лі́пень 1 ’назва сёмага месяца’ (Гарэц., Бяльк., ТСБМ; паст., Сл. паўн.-зах.). Укр. (зах.) ли́пень, рус. перм. липе́нь ’ліпа’, славац. lipeň ’тс’, славен. lipan, серб.-харв. ли̏пањ, ли̑пањ ’чэрвень’. Прасл. lip‑ьnь. Да лі́па (гл.). Названа паводле ліпы, якая цвіце ў гэты час (Шаўр, Этимология–71, 96; Качэрган, Мовознавство, 1967, 1, 57).

Лі́пень 2, ліпеня, лепеня ’рыба харыус, Thymallus thymallus L.’ (нёманск., Жук.; астрав., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр. ліпень, польск. lipień, в.-луж. lipen, lipon, чэш. lipan, ст.-чэш. lipan, lipen, lipeň, славац. lipeň, lipen, lipan, славен. lípan, серб.-харв. лѝпан, ли̏пен, ли̏пљан, ли̏пљен, ли̏пањ. Прасл. lipenъ//lipenjь, lipanъ//lipanjь. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Лёвенталь (WuS, 10, 194) і Бернекер (1, 723) звязвалі з літ. lipsnà ’полымя’, lipst ’гарыць’, лат. lipȋt ’запаліць’, беручы пад увагу чырвоныя плаўнікі і бліскучыя срэбныя бакі; Уленбек (KZ, 32, 260) вылучае аснову *lei̯p ’ляпіць’; Машынкі (O sposobach, 151) мяркуе, што гэта лексема была запазычана славянамі ад і.-е. жыхароў Прыкарпацця. Махэк₂ (335), спасылаючыся на ст.-чэш. назву гэтай рыбы květovoň і на тое, што харыус пахне чаборам, хоча бачыць матывацыю, звязаную з пахам. Слаўскі (4, 274) дапускае прасл. аснову lip‑/lьp‑/lěp‑, якая з і.-е. leip‑ ’масціць, мазаць, клеіць’. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе, што лексема lipьnь бытавала толькі ў тых дыялектах прасл. мовы, якія ляглі ў аснову бел., польск., чэш. і серб.-харв. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́вадзень (на́ва дзень) ’бохан хлеба’ (Грыг.), навадзянь ’тс’ (Пал.). Укр. чарніг. на́водзень ’бохан, вялікі жытні хлеб’. Карскі (2–3, 99) лічыць чарніг. новодзень ’усякі цэлы (непачаты) хлеб’ складаным словам тыпу вялікдзень і пад., аднак семантыка яго застаецца нявытлумачанай. Можна бачыць у ім табуізаваную назву або эўфемізм, параўн. naujinis, naujas ’новы’ як назва баравіка ў літоўскіх дыялектах, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, II, 193, што пацвярджаецца таксама забаронай рэзаць хлеб да заходу сонца, параўн.: Нельга было почынаць ббхона увечэры наноч (ТС). Страхаў сведчыць пра рытуальнае дзяленне хлеба на Палессі: «…бралі буханку і ішлі на двор, станавіліся там, дзе зайшло сонца, і пачыналі рэзаць. Лусту адрэжа гаспадар і вяртаецца ў хату» (Полесье и этногенез славян. M., 1983, 99). Магія цэлага, непачатага адлюстравалася і ў паняцці новы, параўн. ст.-рус. новый ’іншы; яшчэ адзін’, што павінна было забяспечыць працяг дастатку і ў будучым; параўн. таксама выкарыстанне таго ж паняцця ў гадавым сялянскім цыкле: чэш. мар. prednov(ok), славац. donovok, dönovie ’час перад жнівом, як правіла, непасрэдна перад жаданым «новым» хлебам, калі трэба вытрымаць «да новага» хлеба’. З фармальнага боку другая частка слова можа быць узведзена да *dšti ’рабіць’, параўн. польск. дыял. dziono, dzienie, dzień ’выраб’ і рус. пск. борть новодетъ, борть стародетъ ’дрэвы з новымі і старымі борцямі’, новодѣль ’новая борць’ і пад.; у такім выпадку першапачатковае значэнне слова можна ўзнавіць як ’новапачаты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казёнка 1 ’невялікая кадушка, па форме (часцей) — усечаны конус’, аб’ём — на пуд-два збажыны, з адным ці двума вушкамі; карыстаюцца, калі перасыпаюць, пераносяць збажыну’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, як і казёнка ’сякера, шуфлік’ да казённы. Не выключана, што тут выпадак іншага роду. Рус. гаворкі ведаюць слова казёнка ў розных значэннях. Галоўныя з іх: ’шафа, камора, склеп, памост, ляжанка каля печы, адгароджаная частка хаты, лавачка і інш.’. Звяртаюць на сябе ўвагу такія дэфініцыі, як наўг. ’лаўка каля печкі ў выглядзе скрынкі’, ніжнегар. ’закрытая лаўка як разнавіднасць скрыні каля ўвахода ў хату’, па якіх можна меркаваць, што натуральнае значэнне ’ёмішча’ магло пашырыцца такім чынам, што казёнкамі называлі розныя канструкцыі з дрэва для захоўвання прадуктаў. З апісання рэаліі відаць яе дапаможнае прызначэнне; магчыма, гэта і не перанос з казёнка ’емішча’, а назва на сумежнасці, функцыянальнай сувязі з казёнкай ’каморай’. Пярэчыць гэтаму той факт, што само бел. казёнка ў значэннях, адэкватных прыведзеным вышэй рус., не фіксуецца і толькі некаторыя з іх (’лавачка’, ’кухня’, ’ляжанка’) ведаюць гаворкі, суседнія з беларускімі.

Казёнка 2 ’сякера заводскага выпуску’ (Жд. 3; Янк. 2), ’шуфлік’ (Мат. Гом.). Утворана аналагічна рус. курск. казёнка ’казённая кватэра’ з выразаў казённая сякера і г. д. Семантычны кандэнсат з тыповай ‑к‑ суфіксацыяй. Параўн.: наступнае слова. Паколькі адпаведнікі не адшукваюцца, можна лічыць параўнальна познімі рэгіянальнымі дэрыватамі, што выцякае і з характару рэаліі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пералёт 1 (піралёт) ’белая канюшына’ (міёр., Жыв. НС), ’расліна Anthyllis vulneraria L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1; барыс., КЭС; Шат.); пералёт, пералот ’чарнакорань прысадзісты, Scorzonera humilis L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1); пералётнік жоўты ’пералёт, Anthyllis L.’, пералётнік чырвоны, гродз. пржалетнік (канюшына, Trifolium alpestre L.’, пражалот (< ⁺пржалёт < польск. przelot) ’канюшына горная, Trifolium montanum L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), пералётны, паст. пералёт ’пералёт’ (навагр., паст., Сл. ПЗБ). Укр. переліт, перелет ’тс’, рус. дыял. (Літва) переле́т ’лекавая расліна (?)’: перелетом детей курют, когда спужаются (СРНТ, 26), польск. przelot ’тс’. Назва расліны звязана з хваробай пералёк (гл. папярэдняе слова). Так у рус. гаворках перелёт — ’расліна’ і ’перапалох’ (СРНГ, 26, 141–142). На беларускай тэрыторыі пералёт таксама выкарыстоўваецца як лекавы сродак ад спалоху і ад сурокаў, як і на чэшскай, дзе ён называецца úročnik (яшчэ ст.-чэшск.), валаш. úročka, uročnica. У даўніну яму надавалася вялікае магічнае значэнне: яго рвалі ў купальскую ноч (Махэк, Jména, 121–122). Параўн. рус. перелёт‑трава — яе шукаюць на шчасце і ўдачу ў ноч перад Іванам–Купалай; трава гэтай — казкавая, кветка яе вясёлкавая, вогненная, пералятае матыльком і паказвае дарогу да скарбаў у зямлі, апошняе і дапамагло лексеме аформіцца як вытворнай ад пералётваць, пералятаць (Фасмер, 3, 238).

Пералёт 2 ’прамежак паміж гадавымі кольцамі на рогах каровы’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да пера- са значэннем ’ахоп дзеяннем пэўнай прасторы’ і ле́та ’год’, ле́таваць ’жыць на працягу лета’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірэ́па 1, свірэ́пка ‘пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, часцей за ўсё Barbarea vulgaris R. Br.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1; Пятк. 1, ПСл, Растарг., Кіс.), свярэ́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свырі́па ‘тс’ (Клім.), свіро́па ‘тс’ (ТС; ПСл; мазыр., Жыв. сл.), ‘рэдзька палявая, Raphanus raphanistrum L.’ (Кіс., Касп., Дэмб. 1), ‘гарчыца палявая, Brassica napus arvensis L.’ (Бейл.), свырі́па ‘варыва з лебяды’ (кобр., Нар. лекс.), свіры́па ‘старасцень, Senecio erucifolius L.’ (Меер Крыч.), свірэ́піца ‘пустазелле’ (Гарэц., Сл. ПЗБ). Рус. свире́па, свире́пка ‘абагульняючая назва цэлай групы крыжакветных раслін’, укр. свирі́па, польск. świerzop, świerzopa ‘тс’, чэш. svěřep, ‑a ‘пустазелле рода Branus i Fectuca і пад.’, серб.-харв. sverepek ‘расліны рода Fectuca, Aegilops’. Прасл. *svěrepъ/‑a ‘пустазелле’, субстантываваная форма прым. *sverěpъ ‘люты’, ‘дзікі, палявы’ (Мяркулава, Очерки, 75–78; Новое в рус. этим., 229); гл. свірэпы.

Свірэ́па 2, ст.-бел. свирепа, сверепа ‘кабыла’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж свирепий ‘конскі’, свирепье стадо ‘табун’ (там жа). З ст.-польск. świerzepa ‘кабыла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), што звязваюць з наступным словам (Фасмер, 3, 580). Зрэшты, запазычанне магло быць і ў адваротным кірунку, параўн. свірэп ‘неаб’езджаная кабыла’ са «Слоўніка менш зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага (гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі, Мн., 1994, 71). Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), слова з першасным значэннем ‘маладая неаб’езджаная жаробка’ супрацьпастаўлялася кабыле і клячы як аб’езджаным і рабочым жывёлінам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́я 1 ‘чарада птушак’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘касяк рыб’ (Сцяшк.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 584), з рус. стая́ ‘тс’, што патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. ста́я ‘загарадка ў хляве, дзе стаяць коні’ (брэсц., Нар. сл.), ста́я, ста́і ‘загон’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *staja; параўн. таксама ўкр. ста́я ‘курэнь пастухоў; загон; рад сціртаў сена’, рус. ‘хлеў; адрына, загон’, стараж.-рус. стая ‘хлеў’, ‘прыстанішча; ложак; шацёр’, чэш. stáj, stáje ‘стойла’, серб.-харв. ста̏ја ‘стойла; загон’, славен. stája ‘хаціна пастухоў; прыстанішча’, балг. ста́я ‘пакой’, макед. стаја ‘канюшня’. Да стаць, стаяць, першаснае значэнне ‘стойла; месца, дзе стаіць жывёла’, ‘стаянка’. Гл. Фасмер, 3, 749; Махэк₂, 574; Сной₁, 603; гл. спецыяльна Лучыц–Федарэц, Лекс. Палесся, 193–194. Трубачоў (Этногенез₂, 212) лічыць кур’ёзным, аднак цалкам рэальным, што назва “рухлівай” групы жывёл утворана ад і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Няма падстаў разглядаць як магчымы субстратны балтызм рус. падмаск. ста́йка ‘хлеў’ (Тапароў, Балтийские яз., 46), параўн. Анікін, Опыт, 283.

Ста́я 2 ‘парода, гатунак’ (Бяльк.). Відаць, да стая 1 (< ‘з адной стаі, з аднаго гнязда’).

Ста́я 3 ‘загон, участак зямлі’ (іўеў., трак., воран., шальч., беласт., Сл. ПЗБ), ‘мера даўжыні ў 100 м’ (Сцяшк.), ст.-бел. стая ‘мера даўжыні, роўная прыблізна 80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ста́я ‘дзялянка зямлі, загон’, польск. staja ‘пэўная мера даўжыні поля’. Прасл. *staja ‘постаць; паласа поля, занятая пры апрацоўцы’, што да *stati, гл. стаць. Параўн. ЕСУМ, 5, 403.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бка 1 ’бабуля, старая жанчына’. Рус., укр. ба́бка, польск. babka, чэш. babka, bábka, балг. ба́бка і г. д. Прасл. babъka, памяншальнае ад baba (гл. ба́ба 1), якое, відаць, ужывалася і як самастойнае слова і дало шмат вытворных (гл. ніжэй). Паралельна існавала і прасл. babica, якое захавалася ў паўдн.-слав. мовах (серб.-харв. ба̏бица) і як рэлікты ва ўсх.-слав. (укр. ба́биця, рус. ба́бица); у зах.-слав. мовах babica здаўна страціла памяншальнасць (ст.-чэш. babice толькі павітуха’; польск. babica таксама з іншым значэннем; з другаснымі значэннямі babica ёсць ва ўсіх слав. мовах). Аб гісторыі слав. тыпаў памяншальных на ‑ъka і ‑ica гл. Бошкавіч, Развитак, 78 і далей.

Ба́бка 2 ’парадзіха, што ляжыць у пасцелі’ (Шн.). Бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба, ба́бка ’жанчына, бабуля, павітуха’. У аснове называння, напэўна, нейкая табуістычная забарона.

Ба́бка 3 ’расліна Plantago L., трыпутнік’ (Нас., Бяльк., Кіс.; ужо ў Бярынды, 134: тро́скотъ… подоро́жникъ, ѧзичокъ, ба́бка). Укр. ба́бка, рус. ба́бка (Кохман, Kontakty, 61, лічыць, што ў рус. мове ба́бка ’Plantago’ распаўсюдзілася праз бел.-укр. пісьмовую мову, параўн. слабае пашырэнне гэтага слова ў рус. гаворках, гл. СРНГ, 2, 21), польск. babka, чэш. babka, славац. babka (гл. Грэгар, SSlav., 5, 139). Слав. babъka, baba ’Plantago’. Анышкевіч (Лік.) знаходзіць сувязь з *baba ’жанчына’: або па форме лісця расліны або па яе лячэбных уласцівасцях (параўн. baba знахарка’; апошнюю версію падтрымліваюць таксама Махэк, Jména rostl., 218, і Будзішэўска, Słown., 241). Параўн. бабін цвет.

Ба́бка 4 ’грыб Boletus scaber, падбярозавік’ (Касп., Шат., Інстр. II). Укр. ба́бка (у палес. валын. гаворках, таксама ст.-укр., гл. Шыла, Праці, XI, 199), рус. ба́бка (смал., гл. Мяркулава, Очерки, 177), польск. babka, babianka. Грыб названы так таму, што хутка старэе, робіцца мяккім (гл. Шыла, Праці, XI, 296; аналагічна Мяркулава, Очерки, 177, якая да гэтага прымае бел. і ўкр. уплыў на рус. мову). Параўн. таксама Махэк₂, 40.

Ба́бка 5 ’сталёвая падстаўка, абушок, на якім клепюць касу’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., параўн. таксама Жд.). Рус. ба́бка, укр. ба́бка ’тс’ (ёсць і ў іншых слав. мовах, параўн., напр., чэш. babka, польск. babka ’тс’). Паводле Шулана, SSlav., 5, 159, славянскае ўтварэнне ад *baba, *babъka ’жанчына, бабуля’ (паводле падабенства да фігуры тоўстай бабы).

Ба́бка 6 ’чыгунная балванка для забівання паляў’ (Бяльк.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’прылада забіваць палі’ (да baba, babъka ’жанчына’, гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165, або асобай прасл. асновы. *bab‑, гл. пад баб-).

Ба́бка 7 ’прылада гнуць дугі або палазы’ (Бяльк.). Як і іншыя назвы прылад і прадметаў, магчыма, да babъka ’баба, старая жанчына’ (параўн. іншыя назоўнікі на ба́ба, ба́бка). Аб магчымай матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і Махэк₂, 39–40; Брукнер, 9.

Ба́бка 8 ’матыль, мятлік’ (Дразд.), ’лятаючыя насякомыя’ (Маш.). Рус. ба́бка ’матыль (таксама і іншыя насякомыя)’, укр. бабки ’матылі’. Для абазначэння насякомых гэта слова сустракаецца ў розных слав. мовах (падрабязна гл. Важны, O jménech, 86–87). Адносна магчымай матывацыі гл. ба́бачка. Але не выключаецца, што тут была і іншая матывацыя (параўн. пад ба́бка страказа’).

Ба́бка 9 ’страказа’ (Шат., Бяльк., Жд., Інстр. II, Інстр. лекс.). Укр. бабка ’страказа’. У іншых слав. мовах babъka азначае розных насякомых (гл. пад ба́бачка, ба́бка ’матыль’). Ба́бка ’страказа’ наўрад ці мае тую ж матывацыю, што і ба́бачка, ба́бка ’матыль’. Хутчэй за ўсё па форме (страказа мае тоненькае тулава і вялікую галаву з вялікімі вачамі) ад ба́ба ’жанчына’ ці асновы баб- (гл.). Будзішэўска (Słown., 315) памылкова сцвярджае, што слова ба́бка ’страказа’ ў бел. мове няма.

Ба́бка 10 ’косць нагі, сустаў (у жывёл)’. Ёсць і ў іншых слав. мовах: рус. бабка, укр. бабка ’тс’. Да ба́ба 1 (гл.) або да асобай прасл. асновы bab‑ (гл. Попавіч, ЈФ, 19, 159–171). Аб сувязі з ба́ба, ба́бка ’жанчына’ падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 5.

Ба́бка 11 ’карэнны зуб’ (Бяльк.). Мабыць, новаўтварэнне на абмежаванай тэрыторыі (ёсць яшчэ ў рус. мове: ба́бка ’карэнны задні зуб’, зах. і паўд.). Для матывацыі параўн. ба́бка ’костка нагі, сустаў’, ’невялікае кавадла’. Назва, напэўна, дадзена па форме зуба.

Ба́бка 12 ’куліч, баба’ (БРС), ’салодкі пшанічны хлеб, які мае форму куліча’ (Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’від ежы’ (гл.). Утварэнне, відаць, ад прасл. babъka, якое выступала паралельна да baba.

Ба́бка 13 ’род ежы з дранай бульбы’ (БРС, Шат., Касп., Сцяшк., Лысенка, ССП, Малчанава, Мат. культ., Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба, ба́бка ’від ежы’. Сцяц. (Нар., 34) лічыць, што бульбяная страва атрымала сваю назву ад хлебнага вырабу на аснове агульнасці формы.

Ба́бка 14 ’ўкладка з 5, 10 або 15 снапоў’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., Лысенка, ССП, Выг. дыс., ДАБМ, 874). Рус. ба́ба, ба́бка ’тс’. Магчыма, да ба́ба, ба́бка ’жанчына’ (метафарычна «вялікія, круглыя прадметы»). Аб матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Аднак не выключаецца, што ёсць сувязь з (а)ба́бак ’ахапак ільну, мэндлік’, г. зн. аддзеяслоўнае паходжанне слова (гл. ба́бак).

Ба́бка 15 ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (палес., Выг. дыс.). Утварэнне, не вельмі зразумелае з семантычнага боку. Аднак, бясспрэчна, ёсць сувязь з назвамі розных прадметаў, утвораных ад ба́ба, ба́бка ’старая жанчына’ або ад асновы баб- (гл.). Хутчэй за ўсё назва, перанесеная па функцыі з нейкага іншага прадмета. Можа, спачатку ’пяцелька’ (’круглае’)? Параўн. рус. ба́бка ’пяцелька, засцежка’.

Ба́бка 16 ’частка прыпеку, куды выграбаюць попел, вуголле’ (Інстр. I). Сувязь з ба́бка, што азначае розныя прадметы, бясспрэчна, але семантычная матывацыя застаецца няяснай. Падобныя назвы ёсць і ў іншых славян. Параўн. рус. ба́бка ’месца на прыпеку рускай печы, куды выграбаюць гарачае вуголле’, бабу́рка ’тс’, польск. babica, babka ’частка печы’, baba ’адтуліна ў прыпечку для вуголля’.

Ба́бка 17 ’расліна Polygonum bistorta L., драсён змяіны’ (Кіс.), іншая яго назва багародзічнік. Параўн. таксама гарчак бабʼі ’Polygonum hydropiper L.’ (Кіс.). Матывацыя назвы няясная. Магчыма, ад пірамідальнай формы.

Ба́бка 18 ’ёрш, Acerina cernua’ (Маш.). Параўн. іншыя назвы рыб: баба-рыба, бабу́р, бабура, бачурка. Здаецца, на ярша назва была перанесеная з іншай, галавастай рыбы (падкаменшчыка?). Аб матывах перанясення гл. думку А. А. Крывіцкага (пад бабу́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАРА́НАВІЧЫ,

горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс. ж. (1995).

Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс. ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.—ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс. ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс. чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс. ж., у 1970 — 101,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв. дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.​І.​Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».

Горад Баранавічы.

т. 2, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)