АНКІЛАСТАМО́З,

гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́ВІЧ ((Antoniewicz) Уладзімеж) (15.7.1893, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 1968),

польскі археолаг. Праф. (1920), правадз. чл. Польскай АН (з 1952). У 1925—33 выкладаў у Віленскім ун-це, у 1936—39 рэктар Варшаўскага ун-та і кіраўнік кафедры археалогіі. Вывучаў помнікі мезаліту на тэр. Зах. Беларусі. У 1934 удзельнічаў у навук. канферэнцыі ў Мінску. Аўтар прац па археалогіі, нар. мастацтве, музейнай справе, у т. л. даследавання пра залатыя рымскія соліды З—4 ст. Браслаўскага скарбу.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІСТАРХО́З,

гельмінтозная прыроднаачаговая хвароба жывёл і чалавека; выклікаецца трэматодай апістархам кашэчым з сям. апістархідаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Ачагі апістархозу на Беларусі пераважна ў бас. рэк Дняпро, Прыпяць, Нёман, Зах. Буг, Браслаўскіх азёраў. Характарызуецца пашкоджаннем печані, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы, алергічнымі рэакцыямі. Заражэнне адбываецца пры спажыванні сырой, недастаткова праваранай і прасоленай рыбы. Развіццё ўзбуджальніка адбываецца з удзелам прамежкавага (малюск бітынія) і дадатковага (рыба) гаспадароў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Да арт. Апістархоз. Цыкл развіцця апістарха кашэчага.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЭ́КАРСКАЯ ВАГА́,

сістэма мер (адзінак) масы для ўзважвання лекаў. Асн. адзінка — аптэкарскі фунт, які падзяляўся на 12 унцый, унцыя — на 8 драхмаў, драхма — на 3 скрупулы, скрупул на 20 гранаў. У 19 і пач. 20 ст. на Беларусі карысталіся аптэкарскай вагой: 1 рус. аптэкарскі фунт = 358,323 г, 1 унцыя = 29,860 г, 1 драхма = 3,732 г, 1 скрупул = 1,244 г, 1 гран = 62,209 г. У англ. сістэме мер гэтыя адзінкі маюць інш. значэнні.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАЛЕ́Т (франц. Arbalète),

старажытная ручная зброя ў выглядзе стальнога або драўлянага лука з драўляным ложам-прыкладам і механізмам для нацягвання цецівы. Пушчаныя з арбалета драўляныя стрэлы з жал. наканечнікамі ляцелі на адлегласць 300—400 крокаў і прабівалі рыцарскія латы. У краінах Еўропы вядомы з 11 ст. (ёсць звесткі, што ў Еўропу арбалет прынеслі крыжаносцы, якія запазычылі яго ў сарацынаў). На Русі наз. самастрэлам. На Беларусі выкарыстоўваўся ў 12—16 ст.

Арбалет з запальнай стралой.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІЛІ́Т (ад грэч. argillos гліна + ...літ),

асадкавая горная парода, што ўтварылася ў выніку ўшчыльнення, абязводжвання і цэментацыі глінаў, ад якіх адрозніваецца каменепадобнасцю і няздольнасцю размакаць у вадзе. Цемнаколерная (да чорнага) парода, у асн. гідраслюдзістага ці мяшанага саставу. Утварае масіўныя пласты, мікраслаістыя разнавіднасці. Аргіліт характэрны для складкавых абласцей і старажытных адкладаў платформаў. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга пратэразою, дэвону і інш. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вытв-сці цэменту, керамзіту, радзей буд. керамікі і вогнетрывалых матэрыялаў.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДА́ШНЯ,

на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч

(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),

рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена).

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУ́К (Бенядзікт) (1769—1808),

вучоны-медык. Паходзіў з шляхты Мінскай губ. Пач. адукацыю атрымаў у Мінску. Скончыў са ступенню д-ра філасофіі фіз.-матэм. (1799) і са ступенню д-ра медыцыны мед. (1806) ф-ты Віленскага ун-та. У 1799—1803 ад’юнкт кафедры хіміі, з 1806 праф. мед. ф-та Віленскага ун-та. Падрыхтаваў і вёў першы ў навук. установах Беларусі курс суд. медыцыны. Чл. Віленскага т-ва лекараў (з 1806).

В.​А.​Гапоненка.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)