навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш.біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.
Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц. вучоны Б.Палісі, дацкі — Н.Стэна, англ. — Дж.Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюўе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.Р.Агасіса, італьян. — Дж.Брокі, ням. — Р.І.Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.Лейдзі, О.Ч.Марш, Э.Коп, Г.Ф.Осбарн, ням. — К.А.Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.П.Амаліцкі, А.А.Барысяк, А.В.Мартынаў, С.М.Нікіцін, Дз.У.Обручаў, М.В.Паўлава, А.П.Паўлаў і інш.
На Беларусі П. развіваецца з 19 ст.Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал.ін-тАНБССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац.АНБеларусі (А.В.Фурсенка, В.С.Акімец, В.К.Галубцоў, С.Ф.Зубовіч, П.Ф.Каліноўскі, С.А.Кручак, А.М.Матузка, В.М.Мотуз, У.І.Назараў, В.І.Пушкін, В.В.Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.
Літ.:
Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;
Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;
Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;
Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдБеларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс.км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх.ч.Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб.воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р.Прыпяць з прытокамі, у зах.ч.р.Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб.Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт.Беларускае Палессе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НШЧЫНА, адработачная рэнта,
разнастайная дармавая прымусовая праца феад.-залежных сялян з уласнымі прыладамі працы ў гаспадарцы феадала; форма зямельнай рэнты. Неабходнасць прымусу сялян да П. абумовіла ўзнікненне і развіццё прыгоннага права. У Зах. Еўропе П. пашырылася з 8—9 ст., з 12—13 ст. выцяснялася аброкам і да 14—16 ст. знікла. У краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы асабліва пашырылася і стала асновай прадпрымальніцкай дваранскай гаспадаркі ў 16—17 ст. Паступова скасоўвалася тут з 2-й пал. 18 ст. На стараж.рус. землях П. складвалася з часоў Кіеўскай Русі. У Еўрап. Расіі яна значна пашырылася ў 15—16 ст., у 17—1-й пал. 18 ст. разам з натуральным аброкам была асн. формай феад. эксплуатацыі прыгонных сялян, з 2-й пал. 18 ст. пераважала сярод іх павіннасцей ў паўд. чарназёмных губернях Расіі, у Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне. Працягласць П. юрыдычна не была абмежавана і дасягала 4—6 дзён у тыдзень. Указ Паўла I ад 1797 толькі рэкамендаваў памешчыкам скараціць яе да 3 дзён. Пасля адмены ў Расіі прыгоннага права (1861) П. фактычна захавалася пад назвай «здольшчыннай павіннасці» часоваабавязаных сялян да 1882, калі была юрыдычна скасавана, у форме адработак існавала да 1917.
На Беларусі вядома з 14 ст. з канчатковым усталяваннем феад. уласнасці на зямлю. Па шырылася ў 15—16 ст., калі склалася фальварковая сістэма (гл.Фальварак), якая прывяла да масавага запрыгоньвання сялян. Паводле «Уставы на валокі» 1557 (гл. таксама Валочная памера) за карыстанне валокай зямлі цяглыя сяляне павінны былі працаваць на П. 2 дні ў тыдзень, выконваць інш.феад. павіннасці (талокі, згоны); агароднікі за надзел абавязаны былі працаваць на П. 1 дзень у тыдзень. У 18 ст. П. складала 4—7 рабочых дзён у тыдзень з 0,5 цяглай валокі. На Беларусі пад уплывам паўстання 1863—64 скасавана ў 1864.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя, якую кантралявалі партызаны. На тэр.Беларусі ўвосень 1941 утварыліся першыя П.з. — Акцябрска-Любанская і Клічаўская, у 1942 — Суражская, Івянецка-Налібоцкая, Расонска-Асвейская, Сенненска-Аршанская, Полацка-Лепельская, у пач. 1943 — Барысаўска-Бягомльская. Паводле звестак БШПР, на канец 1943 партызаны кантралявалі 108 тыс.км² (58,4% акупіраванай тэрыторыі), у т. л. 37,8 тыс.км² было ачышчана ад захопнікаў поўнасцю. Сумеснымі намаганнямі бел., рус., укр., латышскіх, літоўскіх партызан былі створаны П.з. ў раёнах Беларусі і сумежных з ёю рэспублік. У выніку аб’яднання некаторых з іх утварыліся партыз. краі: у чатырохвугольніку Алеўск—Оўруч (Украіна)—Мазыр—Тураў Гомельскай вобл. (14 раёнаў, больш за 200 тыс.чал.); на стыку БССР, РСФСР і Латвіі (пл. 10 тыс.км²); у міжрэччы Дняпра, Прыпяці, Дзясны; пры зліцці Акцябрска-Любанскай, Ленінскай, Слуцка-Капыльскай П.з. (больш за 18 раёнаў, пл. каля 8 тыс.км²). У П.з. часта перасяляліся цэлымі вёскамі жыхары з занятай ням. фашыстамі тэрыторыі. Дзейнасцю і абаронай насельніцтва на тэр. зон кіравалі падп. абкомы, міжрайкомы, райкомы партыі, якія тут і дыслацыраваліся, і абапіраліся на ўзбр. сілы партызанскіх злучэнняў. У многіх раёнах дзейнічалі выканкомы Саветаў дэп. працоўных. Ролю органаў сав. улады выконвалі найчасцей партыз. атрады, спец. створаныя імі камендатуры, якія падтрымлівалі парадак у нас. пунктах, вырашалі гасп. пытанні, арганізоўвалі групы самаабароны. Насельніцтва дапамагала партызанам у баявой дзейнасці, зборы і рамонце зброі, арганізацыі побыту, даглядала параненых і хворых. З дапамогай байцоў жыхары сеялі, убіралі, хавалі збожжа ад ворага. На тэр. П.з. партызаны прымалі самалёты з Вял. зямлі, рыхтавалі рэзервы, адзначалі сав. святы, праводзілі мітынгі і сходы, наладжвалі канцэрты маст. самадзейнасці, прагляды кінафільмаў, прысланых з сав. тылу; у некат. зонах працавалі сав. школы. Партызаны пастаянна вялі баі з карнікамі. У перыяд вызвалення Беларусі існаванне П.з. перашкаджала праціўніку арганізаваць трывалую абарону, што спрыяла наступленню Чырв. Арміі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,
адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл.Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл.«Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;
Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;
Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;
Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС Якуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АНБеларусі (1928). Засл. дз. нав.Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АНБеларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах.Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АНБеларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АНБеларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНД (ад ідыш der Bund саюз),
нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш.апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав.Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.Вайнштэйн, М.Рафес, М.Фрумкіна і інш.
У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыяяўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр.Зах.Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.
Літ.:
Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАНА́Х (ад араб. аль-манах каляндар),
зборнік літаратурных твораў, часта аб’яднаных адной тэмай, жанрам і г.д.; у стараж. часы календары-даведнікі. Першы літ. альманах — «Ľ Almanach des muses» («Альманах музаў», Парыж, 1764—1833). Першым рус. альманахам лічаць «Российский Парнас» (1771). Першыя бел. альманахі ўзніклі як раздзелы «Календаря Северо-Западного края» (М., 1889—90) і «Северо-Западного календаря» (Мн., 1891—92). У наступныя гады выйшлі альманахі: «Калядная пісанка на 1904 год» (Пб., 1903, арг-цыя«Круг беларускай народнай прасветы і культуры»), «Велікодная пісанка» (1904, тая ж арг-цыя), «Маладая Беларусь» (сш. 1—3, 1912—13, бел. выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца»), «Зборнік «Нашай нівы» (вып. 1—2. Вільня, 1912; з паэмай Я.Купалы «Курган», раздзеламі «Новай зямлі» Я.Коласа і інш.), «З аколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912, на польск. мове), «Колас беларускай нівы» (1913, лацінкаю на бел. мове, Гродзенскі гурток бел. моладзі), «Калядная пісанка, 1913 год» (Вільня, 1913, друкарня М.Кухты), «Велікодная пісанка» і «Дзень штукарства» (там жа, абодва 1914), «Могилёвский альманах за 1913 год» (Магілёў, 1914), «Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі» (Мн., 1917), «Зажынкі» (М., 1918, Белнацком; з творамі Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, Ф.Шантыра і інш.). У 1920—30-я г. ў Сав.Беларусі выйшлі альманахі: літ.-навук. веснік «Адраджэнне» (Мн., 1922); «Мы ідзем» (Мн., 1929, выданне польскіх пісьменнікаў); «Уздым» (кн. 1—2, Бабруйск, 1926—28), «Камсамолія» (Мн., 1927), «Пачатак» (Віцебск, 1926), «Світанне» (Віцебск, 1927), «Наддзвінне» (Полацк, 1926), «Дняпроўскія ўсплёскі» (Магілёў, 1927; усе — філій літ. аб’яднання «Маладняк»), «Звенья» (1926, Мінскага аб’яднання рус. пісьменнікаў «Звенья»), «Ранне» (Магілёў, 1929, акруговых філій БелАПП), «Рытмы будавання» (Віцебск, 1931, іх жа), «Цагліна ў падмурак» (1931, Бел. секцыя Ленінградскай АПП), «Ударнікі» (з 1931, Мінская АПП, у 1932—34 выпускаў Аргкамітэт СП БССР), «Літаратура і мастацтва» (кн. 1—5, Мн., 1933—36), «Бальшавіцкая моладзь» (1934), «Аднагодкі» (1935), «Бойцы» (№ 1—2, 1935—36) і інш. У Зах.Беларусі выйшлі альманахі: «Зборнік «Беларускіх ведамасцяў» (№ 1—3. Вільня, 1921, скл. М.Гарэцкі), «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928, арг-цыя маладых пісьменнікаў Зах.Беларусі «Веснаход»). У Айч. вайну выходзіў альманах «Беларусь» (М., 1943; Мн., 1945). Пасля вайны выдадзены альманахі: «Отчизна» (з 1945; з 1947 «Советская Отчизна», з 1952 часопіс, з 1960 «Нёман»), «На сонечных сцежках» (кн. 1—3, 1950—53); «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Нарач» (кн. 1—2, 1957—58), «Дняпро» (1957), «Нёман» (кн. 1—2, 1956—58), «Брэст» (1958), «Літаратурны Гомель» (1958; усе абл.літ. аб’яднанняў); «Падарунак» (1958), «Узлёт» (1965), «Натхненне» (1967), «Мары юнацкія» (1969), «Універсітэт паэтычны» (1971), «Вёсны» (1977), «Вусны» (1985), «Квадра» (1990; усе літ. аб’яднання БДУ); «Дзень паэзіі» (1965—71), «Далягляды» (з 1975), «Сучаснік» (з 1977), «Братэрства» (з 1982), «Вобраз» (з 1981), «Шляхам гадоў» (вып. 1—4, 1990—94), «З гісторыяй на «Вы» (вып. 1—3, 1991—94), «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—95), «Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная» (1986), «Галасы Прыдняпроўя: Магілёўшчына літаратурная» (1991), «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992; усе — выд-ва «Мастацкая літаратура»); «Ветразь» (з 1985, выд-ва «Юнацтва»); «Свіцязь» (1989, альманах бібліяфілаў, выд-ва «Беларусь»); «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—94), «Беларуская драматургія» (вып. 1—2, 1994—95, абодва выд-ва «Навука і тэхніка»). З 1990 у абл. і раённых гарадах Беларусі пачалі выходзіць альманахі: «Ксэракс беларускі» (вып. 1—5, Полацк, 1991—94), «Магілёўшчына» (вып. 1—4, Магілёў, 1990—93), «Рунь» (вып. 1—3, Паставы, 1991—93), «Магістраль» (вып. 1—2, Гомель, 1993—94), «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993), «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), «Галасы з Парнаса» (Горкі, 1995). Выд-ва «Універсітэцкае» з 1995 пачало выпускаць гіст. альманах «Адраджэнне». Бел. альманахі выходзяць і за межамі Беларусі: «Ля чужых берагоў» (Мюнхен, 1955, выд-ва «Бацькаўшчына», з творамі Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, М.Сяднёва, Р.Крушыны, А.Салаўя, Х.Ільяшэвіча, Ю.Віцьбіча і інш.бел. пісьменнікаў-эмігрантаў); «Белавежа» (Беласток, 1965, 1971, 1980, з творамі бел. пісьменнікаў Беласточчыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РСТВА,
выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр.Беларусіпач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап.маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.
Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сцькафлі. У цэлым узоры бел.нар. ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На ПнБеларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл.Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах.Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл.Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах.Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах.Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл.Ракаўская кераміка).
У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт.Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц. ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц. ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар.Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад.АНБеларусі (1928). У 1906—08 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ.«Наша ніва», рэдагаваў час.«Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ.«Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл.Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах.Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел.дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз.чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел.АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНКБССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел.АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУСССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст.Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр.навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.
Літ.:
Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.
Я.Я.Янушкевіч.
В.Ю.Ластоўскі.Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.