вы́езд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выязджаць (у 1 знач.).

2. Месца, праз якое выязджаюць адкуль‑н., куды‑н. Выезд на шашу. □ Ціток абышоў усю гэту круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан. Мільгаюць голыя дрэвы, руіны, новыя домікі, людзі... Пасля мы ныраем пад арку на выездзе з гарадка. Брыль.

3. Уст. Коні з экіпажам і вупражжу. І жартавалі мы, што мае Ян Уласны выезд, як вялікі пан. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выйсці (у 1, 2, 3 і 7 знач.).

2. Месца, праз якое выходзяць. Сонца блізка стаіць да захаду, і выхад на веранду ўвесь заліты чырвонымі водсветамі. Чорны. Нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр.

3. перан. Спосаб выйсця; з якога‑н. становішча. [Алешын:] — Адзіны выхад: ноччу прарвацца Любой цаною да сваіх. Бачыла.

4. Колькасць вырабленага прадукту. Выхад круп першым гатункам.

•••

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Збудаванне для пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ; плаціна, гаць. Не даязджаючы да рэчкі, усе пазлазілі з фурманкі, каб запыніцца на мастку, палюбавацца двухпавярховым млыном і струменем вады, якая падала ўніз з запруды на вышыні некалькіх сажняў. Колас. На канаве калгас пабудаваў запруду, пачысціў ад раскі дно, і цяпер у ёй вада, як крынічная. Сабаленка.

2. Запруджанае месца. У замку трывога. Рэйтары ў запрудзе знайшлі цівуна, як выкошвалі зелле. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Добра прыстасаваны для выкарыстання, такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

2. Добры, падыходзячы; такі, які патрэбен. Зручны выпадак. □ [Тварыцкі] знайшоў зручны момант. Выйшаў з хаты, ляпнуў дзвярамі. Чорны. Хлопцы выбралі зручнае месца пад кустом ажыны, адкуль быў відаць увесь сад. Хомчанка. // Практычны, выгадны. — Мне чалавек зручны патрэбен. І я яго знайду, вядома, знайду. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брод, ‑у, М ‑дзе; мн. брады, ‑оў; м.

1. Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі, возера, па якім можна перайсці, пераехаць; пераход, пераезд. [Хлопцы] глядзелі, як Мікалай пераходзіў бродам рэчку. Чорны. [Раманенка] добра ведаў брады і без затрымкі пераправіўся цераз рэчку. Шамякін. Па дарозе можна сустрэць доўгія гнілыя брады з жабамі ў стаячай, цвілой вадзе. Сачанка.

2. След, пракладзены на сенажаці, на полі, каб размежаваць участкі. Дзядзька Марцін правёў брод аж да палавіны доўгага і нешырокага шнура. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збег, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. збегчы (у 2 знач.); сцёк, збяганне вады па нахільнай паверхні. Збег вясковых вод.

2. ‑у. Месца, паглыбленне, па якім збягае вада. Стаць на самым збегу вады.

3. ‑у. Спалучэнне, злучэнне чаго‑н. Збег зычных. Збег акалічнасцей. □ — Ты гэтак трапна папаў да нас, што .. цяжка чакаць падобнага збегу абставін. Гартны.

4. ‑а. Уст. Уцякач, бягляк. Верхавы махнуў .. [салдату] шабляй, даў знак спыніцца — злавіць збега ён браўся сам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які быў, існаваў, адбыўся даўно, задоўга да цяперашняга часу; старадаўні. Даўнія часы. Даўнія парадкі. □ Пра даўні паход Ермака Хлапцы заспявалі ў вагоне. Аўрамчык. // Які існуе даўно, з даўняй пары. Даўні звычай. □ Дацэнт і Валіна маці, як пасля дазнаўся Міхась, былі даўнія знаёмыя. Шахавец. Ужо некалькі гадоў .. [стары] не выходзіў з дому, прыкуты да месца даўняй хваробай. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. да́ўняе, ‑яга, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Успомнілася ўсё даўняе, мінулае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́след, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вывучэнне з’яў аб’ектыўнага свету ва ўмовах, набліжаных да натуральных; эксперымент. Ставіць доследы. Доследы па хіміі. □ Да 1941 года ў запаведніку праводзіліся доследы па развядзенню баброў у клетках і вальерах. В. Вольскі. Дзіміна падабрала літаратуру, параілася з кім след і.. правяла дослед на бракованых дэталях. Карпаў.

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. даследаваць (у 1, 2 знач.); даследаванне. [Гарлавацкі:] Трэба назначыць аўтарытэтную камісію, якая павінна выехаць на месца, дзе .. [Чарнавус] рабіў геалагічныя доследы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́тарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

1. Уст. Від пакарання засуджаных, які заключаецца ў зняволенні і цяжкіх прымусовых работах, а таксама месца прымусовых работ для ссыльных злачынцаў. Па шырокіх дарогах, закутыя ў ланцугі, ішлі па катаргу людзі і спявалі.. да болю сумныя песні пра Свабоду. Каваль.

2. перан. Пра цяжкую працу, невыноснае жыццё. [Арандатар] уводзіць новыя працоўныя павіннасці, зрабіўшы гэтым самым жыццё сялян яшчэ больш невыноснай катаргай. «Весці».

3. Даўнейшае вёсельнае судна, род галеры, на якім грабцамі былі засуджаныя.

[Ад грэч. katergon — галера.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кату́х, ‑а, м.

1. Маленькі хлеў або адгароджанае месца ў хляве. Мінуць стаў у свінарніку над балясамі, якімі быў абгароджан катух, успёрся на іх і доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны.

2. Пра цёмны, малы пакой або хату. Вярнуўшыся дамоў. Васіль знайшоў на стале пісьмо. На канверце — знаёмы почырк. Жонка. Што яна піша? .. Усё тое ж: бяры да сябе.. «Бяры! — паморшчыўся. — А куды? Вось у гэты катух? Ды ты сама ўцячэш адсюль». Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)