падпо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падстаўка, слуп, які падпірае тое, што можа абваліцца, упасці, зламацца. У садках — падпоркі пад яблынямі, жаўтабокія антонаўкі раз-пораз бухкаюць на зямлю. Навуменка. Знайшоўся якісьці добры чалавек, нарабіў бабінай хатцы падпорак і абклаў яе прызбаю. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пало́са, ‑ы, ж.

Тое, што і паласа (у 1, 2 і 4 знач.). Паласа жалеза. □ Светлая палова на ўсходзе высока паднялася над зямлёй. Шахавец. Палоса наша вузкая, і я, не пытаючы нават у дзеда, ведаў, што з яе можна зрабіць толькі адзін загон. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напа́свіць, ‑су, ‑сеш, ‑се; ‑сем, ‑сяце; пр. напасвіў, ‑віла; заг. напасі; зак., каго.

Пасучы на нашы, накарміць (пра жывёлу, птушак). Раніцай я добра напасвіў .. [каня] на межах і ўзмежках, а дома падкінуў ахапак канюшыны. Якімовіч. — Добра напасвіш кароў — будзе малако, — часта гаварыла даярка пастуху. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарачо́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Аб’яўлены, прызначаны быць такім. Нарачоны брат. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска. Якімовіч.

2. у знач. наз. нарачо́ны, ‑ага, м.; нарачо́ная, ‑ай, ж. Жаніх, нявеста. Усе ў Парэччы лічылі Іллюка і .. Васіліну нарачонымі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак.

Свістаць некаторы час; свіснуць некалькі разоў. — Пан цівун, пабойся бога! — заступіўся за Язэпку дзед Міхаль. — Што ж ён зрабіў такога? Хіба ж няможна на дудачцы пасвістаць? Якімовіч. Каля суседскага парога залілася сабачаня, тоненька-тоненька. Алёшка пасвістаў яму і пайшоў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́тым, прысл.

Праз некаторы час. — Ідзіце, дзядзька Ахрэм, ідзіце... Я потым прыйду... Зарэцкі. // Пасля чаго‑н., затым. Нарэшце паплавок таргануўся, спачатку паверсе, потым імкліва нырнуў у глыбіню. Хомчанка. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

але́шнік, ‑у, м., зб.

1. Альховы лес, зараснік альховых кустоў. За полем пачынаўся гай з густога алешніку і бярэзніку. Якімовіч. Густы алешнік і месцамі лаза зялёнай сцяной аплялі азёрныя берагі з усіх бакоў. Галавач.

2. Альховыя дровы, будаўнічы матэрыял з вольхі і пад. Воз алешніку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апылі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Зрабіць апыленне (у 1 знач.). «Кольки ж.. яны зробяць вылетаў за дзень! — думае.. [Міхалка]. — Колькі кветак апыляць, колькі мёду назносяць у соты!» Якімовіч.

2. Пакрыць пылападобным атрутным саставам расліны, глебу, вадаёмы з мэтай знішчэння шкодных насякомых або ўзбуджальнікаў хвароб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бярэ́знік, ‑у, м., зб.

1. Бярозавы лес, хмызняк. На тым баку [рэчкі] бялеў малады бярэзнік, напалову затоплены веснавой паводкаю. Грахоўскі. Ходзіць ён [казёл] па ельніку, Бродзіць па бярэзніку, — Ні капусты, ні салаты Не знаходзіць барадаты. Якімовіч.

2. толькі адз. Бярозавыя дровы, будаўнічы матэрыял з бярозы. Навазіць бярэзніку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кампаньёнства, ‑а, н.

Адносіны паміж кім‑н., заснаваныя на ўдзеле ў адной кампаніі, агульнай справе і пад. У крамах і ў духанах пачалі расказваць, што Сімон выхваляецца сваім кампаньёнствам з Лачулія. Самуйлёнак. Заставалася прыдумаць хіба яшчэ якую прычыну, каб адмовіцца ад Мішавага кампаньёнства. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)