Самыя раннія культуры эпохі бронзы на тэр. Еўропы ўзніклі ў 3-м тыс. да н.э. Новыя тэхналогіі, у т. л. бронзаліцейная, былі адной з праяў шэрагу змен, што адбываліся ў гасп., сац. і духоўнай сферах. У межах Беларусі першыя метал. вырабы, у т. л. з бронзы, знойдзены на Верхнім Падняпроўі ў пахаваннях сярэднедняпроўскай культуры канца 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. На працягу 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. культурныя змены, характэрныя для эпохі бронзы, адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Вылучаюць ранні, сярэдні і позні перыяды бронзавага веку Беларусі.
Ранні перыяд (канец 3 — пач. 2 — сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.) ахоплівае час існавання культ. утварэнняў, што ўзніклі ў выніку сінтэзу традыцый культур шнуравой керамікі і шарападобных амфар і перажытачнага ляснога неаліту (сярэднедняпроўская, паўночна-бел. культуры, групы помнікаў са шнуравой керамікай Бел. Панямоння, Бел. Палесся). На ПдУ Беларусі адзначаны таксама прыкметы культуры шматвалікавай керамікі, асн. помнікі якой вядомы на тэр. стэпавай і лесастэпавай зон. Стаў распаўсюджвацца курганны абрад пахавання і звычай крэмацыі памерлых. З’яўленне ранніх метал. вырабаў сведчыла, у першую чаргу, пра складванне новай сац. сістэмы, якая ўзнікла ў выніку паглыблення сац. падзелу. Метал. вырабы ці сыравіна як рэдкія і дарагія рэчы, імпартаваныя з аддаленых тэрыторый, складалі аснову паказчыкаў прэстыжу пэўных груп насельніцтва. У комплекс высокапрэстыжных рэчаў уваходзілі таксама прывазныя ўпрыгожанні з бурштыну, фаянсу, шкла, зброя, вырабы з высакаякаснага крэменю, рэдкіх парод каменю і інш. Заўважаецца дыферэнцыяцыя пахаванняў паводле стану «багацця». Супольнасці структурызуюцца як кроўнароднасныя групы, у якіх асн. роля належала дарослым мужчынам. Разам з попытам на прэстыжныя вырабы складваліся шляхі абмену. Метал. вырабы, сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-Карпацкага металург. цэнтраў. Назіраюцца прыкметы спецыялізацыі асобных прадстаўнікоў насельніцтва і рэгіёнаў (здабыча і апрацоўка высакаякаснага крэменю, атрыманне метал. вырабаў, зброі, бурштыну і інш.). Асн. крыніцай жыццезабеспячэння сталі жывёлагадоўля і земляробства, хоць па-ранейшаму шмат увагі аддавалася збіральніцтву, паляванню і рыбалоўству. У земляробстве пераважала матычная апрацоўка глебы, ужывалася падсечна-агнявая сістэма, культываваліся найб. пшаніца і жыта. У жывёлагадоўлі распаўсюджанымі былі сезонныя вандроўныя, а таксама прыдомныя выпасы. Гадавалі кароў, быкоў, коз, авечак, свіней. Сярод супольнасцей, якія засялялі тэр. Беларусі, у той час пераважалі носьбіты індаеўрап. моў. Вял. значэнне надавалася культам агню, сонца, вады, жывёл, мужч. і жан. божаствам хтанічнага паходжання, веры ў існаванне замагільнага жыцця і інш.Маст. творчасць рэалізоўвалася ў аздабленні керамікі, каменных вырабаў, вырэзванні касцяных скульптур, вырабе ўпрыгожанняў з рогу, косці, бурштыну, металу і інш.
У сярэдні перыяд (сярэдзіна 2-га тыс. — 1100—1000 да н.э.) тэр.Бел. Палесся, большая ч.Бел. Панямоння былі заселены супольнасцямі тшцінецкай і сосніцкай культур. Асобныя іх традыцыі прасочваюцца ў межах цэнтр. і некаторых паўн. рэгіёнаў Беларусі. Далейшае развіццё тшцінецкіх і сосніцкіх культ. традыцый, прыток новых культ. элементаў прывялі да ўзнікнення культур позняга перыяду (1100—1000—700 да н.э.) бронзавага веку. У гэты час у паўд.-ўсх. раёнах Беларусі сустракаюцца старажытнасці лебядоўскай культуры, у Бел. Панямонні і Бел. Паазер’і выяўлены сляды груп насельніцтва, якое карысталася штрыхаванай керамікай. Пачынаючы з 700-х г. да н.э. на Віцебшчыне ўзнікаюць слаба ўмацаваныя і неўмацаваныя паселішчы днепра-дзвінскай культуры. Супольнасці, якія фарміраваліся ў гэты час на тэр. Беларусі, патэнцыяльна маглі мець асобныя прыкметы протабалт. і протаслав. этнасаў. Людзі жылі на паселішчах, якія маглі быць і кароткачасовымі і доўгатэрміновымі, сталымі. На Пд Беларусі памерлых хавалі найчасцей паводле абраду крэмацыі ў бескурганных ці курганных могільніках. У цэнтр. і паўн. Беларусі для гэтых перыядаў не адзначаны якія-небудзь сляды пахаванняў. Развіццё сац. структуры грамадства сярэдняга і позняга перыядаў бронзавага веку эвалюцыяніравала ў кірунку складвання стратыфікаваных супольнасцей, у якіх фарміраваўся інстытут правадырства, утвараліся элітныя праслойкі насельніцтва. Пашыраліся ворыўныя прыёмы апрацоўкі глебы з выкарыстаннем драўляных рал. Асн. значэнне набывала практыка прыдомнага выпасу свойскіх жывёл. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. роля каўказскіх метал. традыцый змяншаецца, узрастае роля Карпата-Трансільванскага метал. цэнтра. Выключнае месца пачынае адводзіцца алавяністай бронзе. Фарміруюцца і мясц. металавытв. цэнтры, у т. л. ў асяроддзі насельніцтва тшцінецкай і сосніцкай культур. Сярод бронзавых вырабаў, знойдзеных на тэр. Беларусі, адзначаюцца сякеры (т.зв. кельты, з бакавымі закраінамі, з уступамі і інш.), упрыгожанні (бранзалеты, падвескі і інш.), наканечнікі стрэл, мячы і інш. Многія з іх траплялі з Цэнтр. і Паўн. Еўропы, Прыбалтыкі, з Усходу.
М.М.Крывальцэвіч.
Бронзавая сякера з закраінамі ўсходнебалтыйскага тыпу. Канец 2-га тыс. да н.э. Знойдзена каля вёскі Камень (Кобрынскі раён Брэсцкай вобл.).Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЗНАЎСТВА
Першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама дзейнасць стваральніцы Нясвіжскага т-ра Ф.У.Радзівіл занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага» (1720—61). Вядомы на Беларусі і рукапісныя працы 17—18 ст., прысвечаныя аналізу драматургіі і тэатра; найб. значная з іх — трактат «Паэтыка» М.К.Сарбеўскага, у раздзеле якога «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» абагульнена паэтыка школьнага тэатра. Асобныя пытанні тэатр. мастацтва разглядаліся ў працах Ф.Галянскага, Г.Каніскага, Я.Фалькоўскага. Актывізацыя працэсаў станаўлення бел.нац. культуры ў 1-й пал. 19 ст. абумовіла развіццё і тэатразнаўчай думкі. У перыяд. друку А.Багдановіч, І.Гольц-Мілер (бацька), У.Сыракомля, П.Шпілеўскі разглядалі пытанні рэпертуару, выканальніцка-акцёрскага мастацтва, выступалі за дэмакратызацыю тэатра. Значным навук. падмуркам для развіцця тэатразнаўства з’явіліся запісы нар. форм тэатра, зробленыя ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.Гукоўскім, Дз.Даўгялам, Я.Карскім, А.Кіркорам, Е.Раманавым, К.Харламповічам, П.Шэйнам. У гіст. плане асвятлялася культурнае жыццё, у т. л.тэатр., Мінска, Віцебска, Гродна, Нясвіжа, Навагрудка і інш. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел.нац. тэатр; ідэю яго стварэння прапагандавала газета «Наша ніва» (1906—15). Па пытаннях тэатр. мастацтва на яе старонках выступалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка (А.Пашкевіч), Ц.Гартны, А.Бульба, З.Бядуля. Своеасаблівую праграму развіцця бел. тэатра распрацаваў М.Гарэцкі ў артыкуле «Наш тэатр» («Калядная пісанка: 1913 год»), дзе вызначыў грамадскую функцыю тэатра, яго асветніцка-выхаваўчую ролю, эстэтычныя і маст. задачы. Паступова тэатразнаўства вылучылася ў самастойную галіну навукі. Яго прыярытэтным кірункам стала даследаванне гісторыі нац. сцэнічнай культуры. Апублікаваны працы: «Беларускі тэатр» Ф.Аляхновіча (1924), «Аб тэатры» С.Грынкевіча (1927), «Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930» А.Некрашэвіча (1930), «Тэатр Савецкай Беларусі» С.Геца (1931), «Тэатр юнага гледача БССР імя Н.К.Крупскай» (1940). Выдадзены метадычны падручнік для аматараў «Сялянскі тэатр» А.Ляжневіча (1928). Пачалася распрацоўка праблем бел. драматургіі. У кн. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны выступленні Я.Коласа, К.Чорнага, В.Вольскага, У.Галубка, І.Гурскага, М.Клімковіча, Б.Мікуліча, Я.Рамановіча і інш. Драматургічная творчасць К.Чорнага, А.Александровіча, Р.Кобеца, Е.Міровіча, Я.Рамановіча аналізавалася ў працы «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.Вольскага (1934). Узаемасувязям тэатра і драматургіі прысвечана кніга «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.Модэля (1935). У 1940 да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве выдадзены зб. «Мастацтва Савецкай Беларусі» В.Вольскага, Я.Рамановіча і А.Сегедзі. У пасляваенны перыяд бел. тэатразнаўства паступова пераадольвала вульгарна-сацыялагізатарскія тэндэнцыі, выпрацоўвала метадалогію, гіст. падыход да з’яў мастацтва. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі арганізаваны сектар тэатра і кіно (з 1986 аддзел тэатра), дзе распрацоўваюцца пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі тэатра. У 1959 выдадзена абагульняльная праца па гісторыі драм. сцэнічнага мастацтва Беларусі «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» У.Няфёда. Вывучэнне мінулага і сучаснай практыкі бел. тэатра пашырана ў яго даследаваннях «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра» (1965). Шляхі развіцця бел. тэатра ад старажытнасці да сярэдзіны 1980-х г. прааналізаваны ў калектыўнай працы «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87). Далейшая распрацоўка гісторыі і сучасных праблем бел. тэатра ў манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.Гаробчанкі (2002). Стварэнне навук. фундаменту ў вывучэнні гісторыі развіцця тэатр. справы на Беларусі дазволіла тэатразнаўцам засяродзіць увагу на даследаванні канкрэтных праблем. У шэрагу тэарэтычных прац разглядаюцца пытанні драматургічнага канфлікту (У.Няфёд), сцэнічнай інтэрпрэтацыі прозы (У.Халіп), узаемадзеяння і ўзбагачэння тэатр. культур розных народаў (П.Ахрыменка, А.Сабалеўскі, У.Стэльмах), эвалюцыі канцэпцыі гераічнага (Р.Смольскі), сучаснай бел. рэжысуры («Рэжысура Беларусі: Праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.Баравіка, 2000), гісторыя бел.тэатр. ленініяны (А.Сабалеўскі). У тэатразнаўчых і літаратуразнаўчых манаграфіях даследуецца драматургія і шляхі яе развіцця (П.Васючэнка, С.Лаўшук, Л.Пятрова, А.Сабалеўскі, А.Саннікаў, А.Семяновіч, Я.Усікаў), аналізуецца драматургічная творчасць Я.Купалы (П.Васючэнка, У.Карпаў, А.Макарэвіч, М.Ярош), К.Крапівы (У.Карабан, С.Лаўшук, А.Макарэвіч, А.Сабалеўскі, Я.Усікаў), У.Галубка (Л.Карабанава), А.Макаёнка (Г.Колас, Я.Усікаў). Выдадзена «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—3, 2-е выд., 1997—2000; склад. А.Сабалеўскі), навучальныя дапаможнікі па гісторыі бел. тэатра (У.Няфёд), батлейкі, каляндарных і абрадавых гульняў (А.Лозка), школьнага тэатра (С.Міско), тэатра лялек (Ан.Ляляўскі). Вывучаецца сцэнічнае ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў, творчасць якіх паўплывала на фарміраванне нац. акцёрскай і рэжысёрскай школы, на станаўленне і развіццё бел. тэатра: Я.Купалы (Т.Гаробчанка, А.Есакоў), Я.Коласа (С.Пятровіч), А.Макаёнка (Ю.Сохар), А.Астроўскага (А.Лабовіч), У.Шэкспіра, Мальера (Т.Барысава). Выдадзены манаграфіі і брашуры, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: тэатру імя Я.Купалы (А.Бутакоў, У.Няфёд, Я.Рамановіч), тэатру імя Я.Коласа (У.Няфёд, А.Сабалеўскі), тэатру юнага гледача (С.Пятровіч), Дзярж. яўрэйскаму тэатру Беларусі (А.Герштэйн), Дзярж.рус.драм. тэатру Беларусі (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), Магілёўскаму абл.драм. тэатру (В.Грыбайла), тэатру лялек (М.Каладзінскі). Працягваецца паглыбленае вывучэнне гіст. мінулага бел. тэатра ў працах «Рускі драматычны тэатр у Беларусі XIX стагоддзя» Ю.Пашкіна (1980), «Тэатральная культура Беларусі XVIII стагоддзя» (1992) і «Батлейка» (2000) Г.Барышава, аналізуюцца нар. формы бел. тэатра (У.Іскрык, М.Каладзінскі). Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў асвятляецца ў манаграфіях «Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камедыйнага акцёра» (1994) і «Барыс Платонаў: Асоба і ролі» (2004) А.Сабалеўскага, у крытыка-біяграфічных нарысах пра Г.Глебава (С.Дуніна, У.Стэльмах), Ф.Аляхновіча, І.Буйніцкага, М.Кавязіна, П.Малчанава, У.Уладамірскага (У.Няфёд), Б.Платонава (Я.Рамановіч), А.Ільінскага (А.Скібнеўскі), У.Крыловіча (А.Есакоў), І.Ждановіч і Г.Грыгоніса (К.Кузняцова), В.Галіну і З.Канапельку (Т.Гаробчанка), А.Кістава (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), А.Клімаву (Б.Бур’ян), С.Станюту (А.Станюта), Г.Макараву і З.Стому (А.Астапенка), В.Тарасава (В.Ярмалінская), М.Яроменку (Т.Арлова, Л.Екель), І.Ушакова (Г.Барышаў), В.Дуніна-Марцінкевіча (Г.Кісялёў, С.Майхровіч, І.Навуменка, Ф.Янушкевіч), Е.Міровіча (С.Пятровіч), У.Галубка і Ф.Ждановіча (А.Атрошчанка), К.Саннікава (К.Кандрашына); пра акцёраў купалаўскага тэатра (Т.Арлова), а таксама ў зборніках, прысвечаных тэатр. дзеячам. У гіст. і сучасных аспектах тэатразнаўства даследаваліся аматарскі тэатр Беларусі (А.Лабовіч, С.Пятровіч, Ю.Сохар і інш.), нар. тэатралізаваныя святы (Я.Адамовіч, М.Макарцоў). Выдадзены кнігі мемуарнага характару дзеячаў тэатра Г.Абуховіч, С.Акружной, Ф.Алер, З.Браварскай, Л.Валчэцкага, Н.Карнеевай, К.Кулакова, І.Ліснеўскага, П.Малчанава, П.Мядзёлкі, Я.Рамановіча, А.Слесарэнкі, У.Стэльмаха, Ц.Сяргейчыка, М.Шчансновіча. Сведчаннем сталасці навукі пра тэатр з’яўляецца нараджэнне новых раздзелаў тэатразнаўства. У працах «Тэатральны эксперымент: Праблемы, пошукі, рашэнні» В.Навуменкі, «Тэатральныя далягляды» Р.Бузука (абедзве 1990), «Тэатр і глядач» В.Навуменкі, А.Ракава, Р.Смольскага, С.Шавеля (1993), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там імя Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: Сацыялагічны замер» Г.Юдчыц (1998), «Сучасная тэатральная адукацыя» (1999) разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар і спажывецкі рынак, вынікі сацыялаг. даследаванняў аўдыторыі. Каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац.тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), бібліяграфічныя даведнікі «Беларуская савецкая драматургія: 1917—1965» (1966) і «Беларуская савецкая драматургія: 1966—1986» (1993, склад. Н.Ватацы), «Станаўленне і развіццё рэжысуры ў беларускіх драматычных тэатрах, 1941—1970 гг.» (1989, склад. С.Кавязіна), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» А.Каляды (1995). З 1993 рэгулярна друкуюцца «Вынікі тэатральных сезонаў», у 1998—2000 — «Агляд тэатральнага года», а таксама «Лялечны куфэрак: Сезон 1998—99» (1999). Развіццё тэатра Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён адлюстроўвае энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03). Бел. тэатразнаўства эвалюцыяніравала ад інфармацыйнай фіксацыі тэатр. з’яў да праблемнага аналізу драматургіі, рэжысуры і акцёрскага майстэрства, абагульнення і тэарэтычнага асэнсавання мінулага і сучасных працэсаў нац. сцэнічнага мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа, яго ролі ў фарміраванні беларусаў як нацыі. Вывучэнне гісторыі і тэорыі тэатра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нац.АН Беларусі, Бел.АМ (з 1962 працуе тэатразнаўчае аддзяленне) і інш. установах.
Літ.:
Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Дорошевич Э, Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки. 1917—1941 М., 1985;
Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1983;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998;
Клімовіч Л. Развіццё тэатральнай крытычнай думкі ў Беларусі 40—60-х гадоў XX ст. // Весці Нац.АН Беларусі. Сер грамад. навук. 2004. №2.
Т.Я.Гаробчанка.
Працы па гісторыі беларускага тэатра.Манаграфічныя выданні на тэатразнаўстве 1980—2000-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць у бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял.Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв. 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМЯ́КІН Іван Пятровіч (н. 30.1.1921, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1972). Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1980). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Гомельскі тэхнікум буд. матэрыялаў (1940), Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950). У 1945—48 настаўнічаў, з 1950 рэдактар Бел.дзярж.выд-ва, з 1952 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна». З 1954 нам. старшыні, з 1966 сакратар, з 1968 2-і сакратар, з 1971 1-ы нам. старшыні, з 1976 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1980—92 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». У 1971—85 Старшыня Вярх. Савета БССР. Друкуецца з 1941 (нарысы і вершы). Першая аповесць — «Помста» (1945). Раман «Глыбокая плынь» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1951; інсцэніраваны Гомельскім абл.драм. т-рам, 1956) пра падзеі часоў акупацыі і ўсенар. змагання супраць фашыстаў на Гомельшчыне. Асэнсаванне пасляваен. рэчаіснасці ў кн. аповесцей і апавяданняў «На знаёмых шляхах» (1949), «У Маскву» (1950), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), рамане «У добры час» (1953) і інш. У рамане «Крыніцы» (1956, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1959; інсцэніраваны Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1961) выкрыццё валюнтарысцкіх метадаў кіравання эканомікай, сац. і паліт. жыццём. У пенталогіі «Трывожнае шчасце» («Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965) лёс герояў асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партыз. атрадах, і ў цяжкіх пасляваен. умовах аднаўляла нар. гаспадарку. Надзённыя праблемы жыцця ў зб-ках прозы «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні сеанс» (1968). У раманах «Сэрца на далоні» (1963, разам з «Трывожным шчасцем» Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968; інсцэніраваны Гомельскім і Гродзенскім абл.драм. т-рамі, 1965; Брэсцкім, Магілёўскім, Бел. імя Я.Коласа, Бел. імя Я.Купалы і інш. т-рамі ў 1966) і «Снежныя зімы» (1968, інсцэніраваны т-рам імя Я.Коласа, 1972) праблемы грамадз. адказнасці чалавека перад самім сабой, народам, гісторыяй. Апавяд. «Хлеб», аповесці «Першы генерал» (апубл. пад назвай «Лёс майго земляка»), «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (абедзве 1970), кінааповесць «Эшалон прайшоў» (1971, кінафільм «Хлеб пахне порахам», 1974), раман «Петраград—Брэст» (1981—83) на гісторыка-рэв. тэму. У раманах «Атланты і карыятыды» (1974, аднайм. відэафільм Бел. тэлебачання, 1980; інсцэніраваны Куйбышаўскім т-рам драмы імя М.Горкага, 1978), «Вазьму твой боль» (1978, аднайм. кінафільм, 1981; Дзярж. прэмія Беларусі 1982) паказ актыўнай пазіцыі сучасніка, яго непрымірымасці да кансерватызму, бюракратызму. Аповесці «Шлюбная ноч» (1975, кінафільм «Вясельная ноч», 1980) і «Гандлярка і паэт» (1976, аднайм. кінафільм, 1978) пра складаныя шляхі людзей з нар. нізоў да актыўнай барацьбы ў гады Вял.Айч. вайны. У рамане «Зеніт» (1987) падзеі апошняга года Вял.Айч. вайны. Аповесці «Ахвяры» (1990), «Падзенне» (1994), раман «Злая зорка» (1991), «Аповесці Івана Андрэевіча» (1993) і інш. пра жыццё Беларусі ў постчарнобыльскі час. У аповесцях «Выкармак» (1996), «Завіхрэнне» (1998), «Пошукі прытулку» (1999), «У засенні палаца», «Стары рамантык», рамане «Губернатар» (усе 2000) і інш. вострая крытыка сац. выдаткаў працэсу капіталізацыі краіны, які прывёў да антыгуманных праяў у грамадстве. Раман «Вялікая княгіня» (1996) на гіст. тэматыку. Майстрам вострага, дынамічнага сюжэта, займальнай інтрыгі выявіў сябе ў драматург. творчасці. Яго п’есы вызначаюцца шырокім падзейна-тэматычным і ідэйна-пафасным дыяпазонам. Творчая манера драматурга эвалюцыяніравала ад распрацоўкі дэтэктыўна-прыгодніцкіх фабул («Не верце цішыні», паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1958, і інш.) і паказу пераважна знешняй падзейнасці («Дзеці аднаго дома», паст. т-рам юнага гледача, 1967) да ўсебаковага даследавання мікракосмасу грамадства: рэзкай крытыцы падвергнута мяшчанства ў п’есе «Выгнанне блудніцы» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1961, і інш.), праблемы няпростага сталення маладой асобы склалі сэнсава-выяўл. стрыжань п’ес «Экзамен на восень» (паст. т-рам юнага гледача, 1974, Гомельскім т-рам, 1975, і інш.), «Баталія на лузе» (1972, ставілася аматарскімі т-рамі), «Залаты медаль» (паст. Магілёўскім абл.драм. т-рам драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча, 1980, і інш.). Псіхал. драма «І змоўклі птушкі» (паст. Брэсцкім т-рам, т-рам імя Я.Купалы, абодва 1977, і інш.) — апалогія чуласці, спагаднасці, душэўнай далікатнасці ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі. Літ.-крытычныя артыкулы, выступленні, партрэты знаёмых і сваякоў у кнігах «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986), аповесці «Слаўся, Марыя» (1999) і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1965—66;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1977—79;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992.
Літ.:
Гардзіцкі А. Творчасць Івана Шамякіна. Мн., 1971;
Каваленка В.А. Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛОГІЯ
Асобныя экалагічныя даследаванні на Беларусі вяліся з 1920-х г. Вывучаліся лясная, лугавая і балотная расліннасць у сувязі з якасцямі глеб (У.У.Адамаў, І.Г.Васількоў, В.С.Палянская, Н.М.Савіч і інш.), дынаміка і геаграфічнае пашырэнне паляўнічай фауны (У.У.Стачынскі, І.М.Сяржанін, А.У.Фядзюшын). У 1930-я г. экалогія сфарміравалася ў самастойную навук. дысцыпліну.
У НДІ эксперыментальнай батанікі АН Беларусі даследавана і праведзена прыродна-гістарычнае раянаванне тэр. Беларусі (І.С.Лупіновіч); дадзена дэталёвая характарыстыка глеб краіны як асноўнага экалагічнага фактара (М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, У.М.Пілько, П.П.Рагавой), тыпалагічная характарыстыка лясоў (У.С.Адзярыха, В.С.Гельтман, Дз.С.Голад, М.Ф.Лоўчы, А.З.Цюцюноў, І.Д.Юркевіч). Распрацаваны экалагічныя падыходы да інтрадукцыі дрэвавых парод і вылучаны інтрадукцыйныя рэгіёны Беларусі (А.Ф.Іваноў, Л.У.Краўчанка, Г.І.Маргайлік, М.Дз.Несцяровіч, А.У.Панамарова, Л.І.Рахцеенка і інш.). Вывучана экалогія лугавой і балотнай расліннасці (Н.А.Буртыс, Е.А.Круганава, І.М.Сцепановіч). Даследаваны заканамернасці ўзаемаадносін раслін у згуртаваннях (Г.І.Калашнікава, І.А.Каураў, Л.А.Крот, Б.С.Мартыновіч, І.Ф.Мінько, І.Н.Рахцеенка, Б.І.Якушаў і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на дынаміку флоры і расліннасці (Н.Ф.Казлоўская, Г.А.Кім, А.М.Маслоўскі, В.І.Парфёнаў, Г.Ф.Рыкоўскі і інш.), асаблівасці росту і развіцця дрэвавых парод на балотах, шляхі павышэння прадукцыйнасці балотных лясоў (В.А.Іпацьеў, Л.П.Смаляк). Даследуюцца пытанні індустрыяльнай экалогіі (В.Р.Анціпаў, Н.У.Гетко, Я.А.Сідаровіч, М.У.Смольскі, С.А.Сяргейчык, К.Дз.Чубанаў і інш.).
У Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі даследаваны асобныя пытанні экалогіі жывёл: пашырэнне найб. важных груп жывёл у сувязі з умовамі асяроддзя, акліматызацыя каштоўных прамысловых жывёл, складаныя фауністычныя комплексы, пытанні аховы, аднаўлення і рэканструкцыі жывёльнага свету Беларусі (І.Ц.Арзамасаў, М.С.Долбік, П.Р.Козла, М.Я.Нікіфараў, М.М.Пікулік, А.Я.Пленін, Л.М.Сушчэня, І.М.Сяржанін і інш.).
Асаблівая ўвага звяртаецца на вывучэнне праблем, звязаных з радыеактыўным забруджваннем раслін і глеб прыродных фітацэнозаў у сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. Вывучаны маштабы радыеактыўнага забруджвання, заканамернасці акумуляцыі і міграцыі радыенуклідаў; распрацаваны прагноз уздзеяння радыеактыўных выкідаў на расліннасць. Рэкамендацыі па выкарыстанні расл. рэсурсаў зон радыеактыўнага забруджвання даны ў працах А.І.Забалотнага, С.А.Дзмітрыевай, Б.С.Мартыновіча, В.І.Парфёнава, Б.І.Якушава і інш. (Ін-т эксперыментальнай батанікі Нац.АН Беларусі), У.Ф.Багінскага, І.М.Булавіна, В.А.Іпацьева (Ін-т лесу Нац.АН Беларусі) і інш. Праводзяцца даследаванні па экалогіі прыродных радыеактыўных ізатопаў калію-40 і урану-238 (Ж.М.Анісава, М.М.Карсека, Б.І.Якушаў).
Створаны ў 1990 Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі вырашае комплекс задач па выпрацоўцы біясферна сумяшчальнай тактыкі прыродакарыстання ў сучасных умовах. Вывучана класіфікацыя біясферных функцый балотных экасістэм (М.М.Бамбалаў, В.А.Раковіч). Праведзена ацэнка эмісіі і сцёку вуглякіслага газу ў атмасферу рознымі экасістэмамі (В.В.Каляда, У.Ф.Логінаў, Р.І.Сачок), уздзеяння ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў (С.В.Какарэка, Т.І.Кухарчык). Вывучаны ўдзельныя выкіды розных вытворчасцей і трансгранічны перанос забруджвальнікаў (С.В.Какарэка, Т.І.Кухарчык, В.С.Хоміч), заканамернасці змянення кліматычных умоў краіны пад уплывам прыродных і антрапагенных фактараў (Г.П.Кузняцоў, І.Р.Логінаў, У.С.Мікуцкі). Праведзена ацэнка адаптацыі шэрагу галін эканомікі да змен параметраў клімату. Вывучаны заканамернасці размеркавання цяжкіх металаў у розных відах элементарных ландшафтных адзінак (Л.І.Васільева, В.Б.Кадацкі, І.П.Самсоненка). Распрацоўваюцца пытанні экалогіі гарадоў і экалагічнай сістэмы «горад—прыгарад» (М.І.Струк, В.С.Хоміч), ствараецца праектная база для развіцця новых гарадскіх комплексаў. Сумесна з ін-тамі Нац.АН Беларусі, мін-вамі прыродных рэсурсаў і эканомікі распрацаваны прагноз змен навакольнага асяроддзя ў Беларусі на 2010—2020 (У.Ф.Логінаў, М.І.Струк).
Праблемы экалогіі даследуюцца таксама ў БДУ, Бел. тэхналагічным універсітэце, запаведніках і інш.
Літ.:
Сущеня Л.М., Пикулик М.М. Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990;
Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси в связи с аварией на Чернобыльской АЭС. Мн., 1995;
Ипатьев В.А., Багинский В.Ф. и др. Лес. Человек. Чернобыль. Гомель, 1999;
Логинов В.Ф., Калинин М.Ю., Иконников В.Ф. Современное антропогенное воздействие на водные ресурсы. Мн., 2000;
Природная среда Беларуси. Мн., 2002;
Какарека С.В., Кухарчик Т.И., Хомич В.С. Стойкие органические загрязнители: источники и оценка выбросов. Мн., 2003;
Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 19 — ПАЧ 20 ст..
Новыя арх.-маст. погляды, што ахапілі Зах. Еўропу, на Беларусі набылі сваю спецыфіку. Пераход ад класіцызму да новых кірункаў у архітэктуры быў працяглы і складаны. Для 1860—90-х г. характэрна эклектыка з шырокім выкарыстаннем гістарызму — перайманнем гіст. стыляў мінулага (арх. І.Бельтрашы, А.Рандзівід, М.Чаховіч, К.Хршчановіч і інш.). Гатычныя формы, а часам і канструкцыі ўвасобіліся ў праектах загарадных сядзіб, культавых пабудоў: палац у Косаве (арх. Ф.Яшчалд, У.Марконі), касцёлы Троіцкі Залатагорскі (св. Роха) у Мінску, у вёсках Раўбічы Мінскага, Сар’я Верхнядзвінскага р-наў і інш. Эклектыка найбольшае развіццё атрымала ў малых гарадах і перыферыйных раёнах сярэдніх і буйных гарадоў. Яе прадстаўнікі арыентаваліся пераважна на стараж.-рус. архітэктуру (магілёўскія архітэктары У.Мільяноўскі, І.Вошчын, П.Камбураў, М.Міроненка, В.Сазонаў, Я.Торлін). Стылізатарства на тэмы рус. класіцызму характэрна для творчасці віцебскіх архітэктараў А.Палонскага, А.Ракава, А.Кляменцьева. З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся т.зв. руска-візантыйскі стыль, які быў сац. заказам рас. улад, асвячоны аўтарытэтам правасл. царквы. Сярод яго ўзораў: цэрквы Казанскай Божай Маці (чыгуначная) у Мінску, Аляксандра Неўскага ў Гродне, Мікалаеўская ў Петрыкаве, Ільінская ў Бешанковічах, Крыжаўзвіжанскі сабор у Полацку, царква ў в.Мількаўшчына Гродзенскага р-на. Стыль найб. выявіўся ў работах арх. Д.Грыма, У.Коршыкава, М.Прозарава. На мяжы 19 і 20 ст. развіваліся неаготыка, неакласіцызм, неарускі стыль і інш. Пераважная большасць касцёлаў з 1890-х г. будавалася ў неаготыцы (у вёсках Гервяты Астравецкага, г.п. Відзы Браслаўскага р-наў, г.п. Лагішын Пінскага р-на, гарадах Міёры, Паставы і інш.). Пабудовы ў неакласіцызме адметныя высокімі эстэт. вартасцямі: шэраг банкаўскіх устаноў у Гомелі, Баранавічах, Брэсце, даходных дамоў у Мінску (арх. С.Гейдукевіч, Г.Гай). У духу неабарока палац у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на (1908), Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на (1908—14). У 1910-я г. ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пашырыўся стыль мадэрн, які закранаў пераважна вонкавыя атрыбуты пэўнага стылю, што не вынікалі з агульнай аб’ёмна-прасторавай структуры пабудовы (творчасць В.Вукалава, С.Гейдукевіча, У.Коршыкава, Ц.Кібардзіна, М.Прозарава і інш.). Прыхільнікі мадэрну адмаўлялі эклектызм і стылізатарства. Вядучая роля ў развіцці стылю належала О.Краснапольскаму. Яго праграмай стала ўстанаўленне выразнай сувязі паміж формай і функцыяй (дом Кастравіцкай, на 1-м паверсе — упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі). У творчасці некаторых архітэктараў пераважаў чыста дэкар. пачатак (банк у Магілёве, арх. А.Друкер, П.Кальнін; гасцініца «Савой» у Гомелі, арх. С.Шабунеўскі). Вылучаліся 2 шляхі канструктыўнасці мадэрну: праз засваенне арх. спадчыны готыкі (сядзіба ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на, арх. К.Шрэтэр) і ранняга рус. сярэдневякоўя (пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, інж. К.Тарасаў; мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на, арх. А.Гаген). Ранні мадэрн (1890—1907) адметны дэманстратыўным адмаўленнем ад механічнага капіравання гіст.арх. форм. У гэты перыяд значныя зрухі адбыліся ў галіне сінтэзу архітэктуры і інш. відаў пластычных мастацтваў (капліцы-пахавальні Паскевічаў у Гомелі, Святаполк-Мірскіх у Міры), які спрыяў узнікненню творчых тандэмаў архітэктараў і скульптараў С.Шабунеўскага і П.Яцыны, Г.Гая і Я.Тышынскага і інш. На гэтым этапе адчувальны ўплыў эклектыкі з яе схільнасцю да дэкар. дэталей, самавызначаліся формы, плоскасці, лініі (пазямельна-сялянскі банк і дамы купца Касоўскага ў Гродне, Грошыкава ў Гомелі). Дэкор быў цесна звязаны з канструкцыяй (дзвярныя і аконныя абрамленні, металічныя рашоткі балконаў, лесвічных клетак, казыркоў уваходаў і інш.), у выглядзе рэльефнага арнаменту, мазаічнага ці жывапіснага пано (жылы дом Чалакаева ў Гродне, даходны дом у Магілёве, камерцыйны банк у Слоніме). На 2-м этапе (1907—17) адбывалася далейшае развіццё мадэрну. У 1910-я г. пад уплывам зах.-еўрап. (польскай) маст. культуры пашырыліся тэндэнцыі рацыяналістычнага кірунку. У паўн.-ўсх. раёнах (напр., у гарадах Віцебскай губ.) арх. традыцыі захоўвалі прыхільнасць да класіцызму, з прычыны таго, што большасць губ., гар. і епархіяльных архітэктараў былі выпускнікамі Пецярбургскай АМ (В.Вукалаў, К.Макер, Ц.Кібардзін, Ф.Фурман). Засваенне нац. архітэктуры адбывалася менш рэльефна. Ідэйна-маст. і светапоглядная канцэпцыя мінулага ў развіцці архітэктуры была прапанавана В.Струевым, які ў 1898—1914 быў гал. архітэктарам Мінскай епархіі. Сярод яго работ: цэрквы Троіцкая ў в. Белавуша Столінскага (1905), у в. Хатава Стаўбцоўскага (1908) р-наў, Петрапаўлаўская ў г. Узда, на чыг. станцыі Гарадзея (абедзве 1910), Раства Багародзіцы ў в. Парэчча Пінскага р-на (1912), Нар. дом у Мінску (1912). Адной з рэгіянальных праяў у архітэктуры было выкарыстанне каменя-валуна (касцёлы ў вёсках Слабодка, 1903; Ліпнішкі, 1908, Браслаўскага р-на). Пазней цэлыя камяні ў буд. практыцы замянялі колатымі, прамежкі-швы паміж камянямі запаўнялі дробным друзам ці галькай. Такую тэхніку часта спалучалі з цаглянай муроўкай, гладкай ці фактурнай тынкоўкай, дасягаючы гэтым фактурнай разнастайнасці. Этапы маст. павеваў у бел. дойлідстве ад эклектыкі (гіст. рамантызму) праз мадэрн да рацыяналізму і канструктывізму прасочваюцца ў творчасці С.Шабунеўскага (будынкі Т-вас.-г. страхавання ў Мінску, жаночай гінекалагічнай бальніцы ў Гомелі).
накірава́ць (наста́віць) на пра́вільны ш. — напра́вить (наста́вить) на пра́вильный путь;
стая́ць на пра́вільным (няпра́вільным) ~ху́ — стоя́ть на ве́рном (ло́жном) пути́;
па ~ху́ найме́ншага супраціўле́ння — по пути́ наиме́ньшего сопротивле́ния;
вы́браць ш. — избра́ть путь;
сысці́ са (свайго́) ~ху — сойти́ с (со своего́) пути;
стаць на ~ху́ — стать на пути́;
пракла́сці (пралажы́ць) ш. — проложи́ть доро́гу
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ТРАНСПАРТ
Транспартная сістэма. На Беларусі развіты практычна ўсе віды сучаснага транспарту — чыгуначны, аўтамабільны, паветраны, рачны (унутр. водны), трубаправодны, гарадскі электрычны (гл. карту). Як адна з эканам. падсістэм нар.-гасп. комплексу ён служыць матэрыяльнай базай вытворчых сувязей паміж асобнымі рэгіёнамі ўнутры краіны і за яе межамі для абмену таварамі, выступае як фактар, які арганізуе агульную эканам. прастору і забяспечвае далейшую рэалізацыю тэр. падзелу працы. Транспарт агульнага карыстання задавальняе патрэбы ўсіх галін эканомікі і насельніцтва ў перавозках грузаў і пасажыраў, перамяшчае розныя віды прадукцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі, ажыццяўляе агульнадаступнае транспартнае абслугоўванне насельніцтва. Транспарт неагульнага карыстання (ведамасны) прызначаны, як правіла, для перавозак грузаў і пасажыраў свайго прадпрыемства, аб’яднання (асацыяцыі, канцэрна і г.д.).
У структуры трансп. комплексу рэспублікі ёсць прамысл. прадпрыемствы, якія забяспечваюць функцыянаванне аўтамаб., воднага, паветранага і чыг. транспарту. Дзейнасць такіх прадпрыемстваў накіравана на буд-ва і рамонт рачных суднаў і суднаў прыбярэжнага (рака—мора) плавання, рамонт рухомага саставу аўтамаб. і паветранага транспарту, выраб запасных частак, тэхнал. абсталявання і спецыялізаванага рухомага саставу аўтамаб. транспарту, а таксама на буд-вапрамысл., жыллёва-грамадз., грамадскіх і культ.-быт. памяшканняў, новых чыг. і пад’язных пуцей, рэканструкцыю чыг. станцый і вузлоў, электрыфікацыю чыг. магістралей.
Развіццё транспарту цесна звязана з агульнай дынамікай вытворчасці, яе галіновай і тэр. структурай, тэмпамі і прапорцыямі сац.-эканам. развіцця краіны. Паказчыкі аб’ёму перавозак грузаў і пасажыраў, груза- і пасажыраабароту разглядаюцца як асн. ўскосныя крытэрыі ацэнкі стану эканомікі краіны.
Транспартную сетку Беларусі ўтвараюць 5522 кмчыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных; 81,2 тыс.кмаўтамаб. дарог, у т. л. 70,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 102,1 км трамвайных, 489,5 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній; 6,7 тыс.км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс.км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў; сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на транспарт прыпадала 9,5%. У 2003 аб’ём перавозак грузаў на ўсіх відах транспарту агульнага карыстання склаў 321,5 млн.т, пасажыраў — 2718,8 млн.чал. У параўнанні з 1990 ён значна скараціўся, але з 1995 назіраецца тэндэнцыя росту гэтых паказчыкаў на чыг. транспарце. У параўнанні з 1995 павялічыліся перавозкі пасажыраў аўтобусным, тралейбусным, трамвайным і метрапалітэнным транспартам. У 2003 на транспарце працавала 285 тыс.чал., або 6,6% усіх занятых у эканоміцы (асн. паказчыкі дзейнасці транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл. 1—5).
Чыгуначны транспарт. Першай чыгункай (участак даўж. 53 км), якая прайшла па тэр. Беларусі (праз Гродна), была Пецярбургска-Варшаўская, пабудаваная ў 1862. У 1866 адкрыты рух на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 260 км. У 1870-я г. пабудавана найважнейшая ў эканам. і ваен. адносінах Маскоўска-Брэсцкая магістраль, якая перасекла тэр. Беларусі з усходу на захад; участак Смаленск—Орша—Баранавічы—Брэст склаў 636 км. У 1871—74 здадзены ў эксплуатацыю Лібава-Роменская магістраль праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін; працягласць лініі на тэр. Беларусі 550 км. У 1873 праз Брэст і Ковель на Кіеў прайшла Прывіслінская чыгунка; на тэр. Беларусі яе даўжыня 64 км. Пабудаваная ў 1882 чыгунка Пінск—Жлобін злучыла палескія чыгункі з Маскоўска-Брэсцкай магістраллю, а чыгунка Лунінец—Гомель (1886) — з Любава-Роменскай. У тым жа годзе скончана буд-ва чыгункі Беласток—Баранавічы. У 1877 здадзена ў эксплуатацыю лінія Гомель—Бранск, а ў 1896 — Асіповічы—Старыя Дарогі. У 1902 чыгуначная сетка на тэр. Беларусі склала 2752 км.
У пач. 20 ст. чыгункі Беларусі складалі 8% чыг. сеткі еўрап. часткі Расіі, у той час як яе тэр. — 9,9%. Па гушчыні чыгунак яна займала адно з першых месц у Расіі. Узніклі буйныя чыг. вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Жлобін, Лунінец, Брэст, Баранавічы і інш. З 1890 па 1900 аб’ём перавозак па чыгунках Беларусі павялічыўся амаль у 2 разы, у т. л. хлебных грузаў — у 2,7, а лясных матэрыялаў — у 12 разоў. У 1913 працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс.км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У перыяд 1-й сусв. вайны ўсе абаронныя прадпрыемствы і чыг. транспарт пераведзены на ваеннае становішча, праводзілася рэканструкцыя старых чыгунак і будаваліся новыя — уздоўж лініі фронту. У 1920—30-я г. пабудаваны чыгункі Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк і інш. У 1940 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак агульнага карыстання склала 5,74 тыс.км і ў параўнанні з 1913 вырасла на 1,93 тыс.км Пабудаваны новыя чыг. лініі: Камунары—Орша, Гомель—Чарнігаў, Асіповічы—Магілёў. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, пабудавана чыг. ветка Варапаева—Друя даўжынёй 89 км. Да канца 1945 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак складала больш за 5 тыс.км, або амаль 87% даваеннага ўзроўню.
У сярэдзіне 1980-х г. сетка чыгунак на Беларусі склала больш за 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км было электрыфікавана. Больш стала перавозіцца грузаў у кантэйнерах і пакетах, шырэй укаранялася аўтаматыка і тэлемеханіка. Гал. ролю адыгрывала чыгунка Масква—Мінск—Брэст. Важнымі таксама былі дарогі Бахмач—Гомель—Мінск—Маладзечна—Вільнюс—Ленінград—Мінск, Ленінград—Віцебск—Магілёў—Кіеў, Вільнюс—Баранавічы—Роўна, Гомель—Брэст і інш. Былі электрыфікаваны чыгункі Мінск—Барысаў—Орша, Мінск—Пухавічы, Мінск—Стоўбцы і інш.
Бел. чыгунка зручна злучаецца з чыг. сеткай прыбалт. дзяржаў, з краінамі СНД, Зах. Еўропы (праз Польшчу).
Праз Беларусь праходзіць самы кароткі шлях, што злучае Цэнтр. Расію з Калінінградскай вобл. (лінія Масква—Мінск—Маладзечна—Літва—Калінінград). Чыг.шляхі агульнага карыстання рэспублікі маюць працягласць 5,5 тыс.км, у т. л. двухпутныя — 1,6 тыс.км (28,5%), з якіх больш за палавіну (0,864 тыс.км) электрыфікаваны па напрамках Брэст—Краснае, Мінск—Маладзечна, Мінск—Асіповічы. Удзельная вага электрычнай цягі ў агульным аб’ёме чыг. транспарту складае 37,2%, тады як у Швейцарыі яна раўняецца 99%, Швецыі — 95, Польшчы — 78,6, Германіі — 87,6, Балгарыі — 82,5, Фінляндыі — 52,4, Бельгіі — 52,6, Вялікабрытаніі — 55, Венгрыі — 61, Грузіі і Арменіі — 100%. На 1.1.2002 працягласць электрыфікаваных ліній на Беларусі складала 16,2% эксплуатацыйнай даўжыні (у Балгарыі — 63,1, Польшчы — 58,8, Германіі — 49,5, Францыі — 44,9, Вялікабрытаніі — 30,4%). Шчыльнасць чыгунак 26,7 км на 1000 кмтэр. краіны, што дазваляе забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне яе эканомікі. Разгалінаванасцю чыг. сеткі забяспечаны доступ каля 40% населеных пунктаў краіны да чыг. станцый. Доля такіх населеных пунктаў у Магілёўскай вобл. складае 50%, у Гродзенскай — 21%. Аднак шэраг гарадоў размешчаны ад бліжэйшай чыг. станцыі на адлегласці, якая перавышае гадзінную даступнасць — 30 км (Расоны, Ушачы, Сураж, Бягомль, Слаўгарад, Краснаполле, Бялынічы, Лоеў, Лельчыцы, Карма і інш.). Тэхн. аснашчанасць Бел. чыгункі па асн. параметрах адпавядае еўрастандарту: 30% эксплуатацыйнай даўжыні чыг. шляхоў складаюць двухпутныя лініі, 67% агульнай эксплуатацыйнай даўжыні чыгункі абсталявана аўтаблакіроўкай, з якіх 58,5% — дыспетчарскай цэнтралізацыяй, 34% — паўаўтам. блакіроўкай, 97,7% стрэлак уключана ў электрычную цэнтралізацыю, а 4,1 тыс.км абсталяваны ўстройствамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі, маецца 7 механізаваных сартавальных горак.
У склад Бел. чыгункі ўваходзіць 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў), якія аб’ядноўваюць 384 буйныя і малыя станцыі, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 14 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння, а таксама інш. прадпрыемствы. Бел. чыгунка з’яўляецца членам міжурадавай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (з 1992) і Савета па чыг. транспарце дзяржаў СНД і краін Балтыі (з 1992).
Аўтамабільны транспарт. На Беларусі ўзнік у канцы 1920-х г. У 1933 аўтапарк меў 906 аўтамашын, у т. л. 627 грузавых. У 1940 толькі ва ўсх. абласцях Беларусі колькасць грузавых аўтамабіляў павялічылася ў 37,5 раза ў параўнанні з 1928 і склала 23 512. Працягласць аўтамаб. дарог з цвёрдым пакрыццём за даваенныя гады ў параўнанні з 1913 вырасла ў 3,2 раза і склала 11,2 тыс.км. У 1990 эксплуатацыйная даўжыня аўтадарог агульнага карыстання склала 46,9 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 46,3 тыс.км. Аб’ём перавозак грузаў у параўнанні з 1975 павялічыўся на 74,1%, пасажыраў аўтобусамі — амаль у 2 разы. Удзельная вага грузаабароту аўтамаб. транспарту склала 22,4% ад агульнага аб’ёму грузаабароту ўсіх відаў транспарту, пасажыраабароту — 46,4% ад яго агульнага аб’ёму.
Сярод развітых у дарожных адносінах краін Еўропы Беларусь займае 15-е месца па шчыльнасці дарог агульнага карыстання і 12-е месца па іх працягласці на 1000 жыхароў. Вядучае месца ў дарожнай сетцы займаюць дарогі рэсп. значэння, іх працягласць каля 20 тыс.км. На дарогах агульнага карыстання маецца каля 5 тыс. мастоў і пуцеправодаў. У 2002 парк рухомага саставу агульнага карыстання і таго, што знаходзіцца ў асабістай уласнасці, складаў каля 21 тыс. аўтобусаў, 64 тыс. грузавых аўтамабіляў і 1468 тыс. легкавых аўтамабіляў усіх форм уласнасці. Доля аўтамаб. транспарту ў агульным тавараабароце (без газаправоднага) склала 9,1% (2000). Пасажырскімі перавозкамі ахоплена больш за 100 буйных населеных пунктаў, у 9 з іх акрамя аўтамаб. выкарыстоўваецца электрычны транспарт. У краіне арганізаваны 732 гарадскія рэгулярныя аўтобусныя маршруты, 2585 прыгарадных маршрутаў, 526 міжгародніх і 82 міжнар. маршруты.
Агульная працягласць маршрутнай сеткі складае каля 240 тыс.км. Аўтамаб. перавозкі забяспечваюць перамяшчэнне больш чым 79% грузаў ад іх агульнага аб’ёму. Перавозкі пасажыраў аўтобусным транспартам складаюць больш за 1500 млн. чалавек за год, або 55% ад усіх перавозак транспартам агульнага карыстання. Усяго пасажырскім аўтамаб. транспартам агульнага карыстання перавозіцца амаль у 9 разоў больш пасажыраў, чым чыг. транспартам. Галоўным чынам гэта перавозкі аўтобусамі на гар. і прыгарадных маршрутах. Па пасажыраабароце аўтамаб. транспарт саступае чыгуначнаму, які перавозіць пасажыраў на вял. адлегласці па міжнар., мясц. і прыгарадных маршрутах.
У міжнар. аўтобусных зносінах нац. транспарт прадстаўлены маршрутамі: Гомель—Брэмен, Мінск—Беласток, Мінск—Варшава, Мінск—Вільнюс, Мінск—Рыга, Мінск—Тбілісі. Транспартныя перавозкі пасажыраў ажыццяўляюцца транспартам Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Румыніі і інш. У 2001 бел. перавозчыкамі выканана 465,5 тыс. паездак у 38 краін, у т. л. 52,5% паездак у 26 краін Еўропы, 41,4% — у 9 краін СНД і 6,1% — у 3 краіны Балтыі; каля 90% паездак прыпадае на 6 краін: Расію, Польшчу, Германію, Літву, Украіну і Нідэрланды. Павелічэнню аб’ёмаў міжнар. перавозак садзейнічаюць заключаныя Рэспублікай Беларусь з дзяржавамі Зах. і Усх. Еўропы міжурадавыя пагадненні аб міжнар.аўтамаб. зносінах, а таксама яе ўдзел у рабоце Еўрап. канферэнцыі міністраў транспарту. З 1998 павялічваюцца паездкі бел. перавозчыкаў у краіны Сярэдняй Азіі і ў Грузію. Паступова пачынаюць асвойвацца трансп. рынкі краін Паўн. і Паўн.-Зах. Еўропы (Вялікабрытанія, Фінляндыя, Швецыя), краін Балканскага паўвострава (Грэцыя, Македонія, Харватыя, Сербія і Чарнагорыя). Рост экспарту трансп. паслуг і павелічэнне колькасці транзітных паездак замежных грамадзян па тэр. Рэспублікі Беларусь садзейнічае развіццю прыгранічнай інфраструктуры, стварэнню сервіснай сеткі аўтастаянак, аўтазаправачных станцый, гасцініц і кафэ.
Рачны транспарт. Плямёны, што жылі на тэр. Беларусі, здаўна карысталіся воднымі шляхамі для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па Дняпры і Зах. Дзвіне праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеслав. землі паміж сабой Вялікі водны шлях, які праходзіў праз землі Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў, садзейнічаў іх эканам. развіццю. Водным шляхам з Беларусі ў Расію вывозілі лён, пяньку, мёд, воск, на Украіну — лес і прадукты лясной гаспадаркі, а ў адваротным напрамку везлі пшаніцу, тытунь, жывёлу. Акрамя гал. воднага шляху ў напрамку поўдзень—поўнач па Дняпры і Зах. Дзвіне існавалі яго адгалінаванні на захад па прытоках Дняпра — Бярэзіне і Прыпяці — да Нёмана і Буга, паміж імі таксама былі волакі. Выкарыстоўваліся і водныя шляхімясц. значэння, што праходзілі па шматлікіх рэках і іх прытоках. З цягам часу волакі станавіліся асновай сухапутных шляхоў, якія звязвалі гарады паміж сабой і з навакольнымі сёламі Рачны транспарт быў найб. танным сродкам гандл. сувязей. У 2-й пал. суднаходства па рэках Беларусі набыло далейшае развіццё ў сувязі з выкарыстаннем Агінскага канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1797 пачалося буд-ва Бярэзінскага канала, які злучыў басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. Па Прыпяці і Зах. Бугу ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны на Беларусі пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У міжваенны перыяд уведзена ў дзеянне Дняпроўска-Дзвінскае рачное параходства, пабудаваны Гомельскі рачны порт, рэканструяваны шэраг партоў і прыстаней на Дняпры, Зах. Дзвіне, Прыпяці, Бярэзіне, адкрыты пасажырскі маршрут Гомель—Кіеў. За 7 мес 1940 быў адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал працягласцю 202 км, праведзена значная работа па паляпшэнні суднаходства па Нёмане. Паравыя судны замяняліся газагенератарнымі, рачны флот папоўніўся значнай колькасцю маторных суднаў, самаходных баржаў і буксірных параходаў. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 рачны транспарт адноўлены Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад Прыпяці да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н).
Рачны транспарт забяспечвае перавозкі грузаў і пасажыраў на ўнутр. водных шляхах працягласцю каля 2000 км у прырэчныя пункты і перапрацоўку грузаў у 10 рачных партах, размешчаных у басейнах усіх суднаходных рэк Рэспублікі Беларусь: Прыпяць, Дняпро, Сож, Бярэзіна, Нёман, Зах. Дзвіна. Суднаходнымі шляхамі Беларусь звязана з усімі памежнымі з ёй краінамі. Найб. значэнне ў перавозках грузаў і пасажыраў маюць рэкі Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Зах. Дзвіна, Нёман, а таксама Дняпроўска-Бугскі канал. Па сваіх магчымасцях інтэграцыі ў сусв. транспартную суднаходную сетку маюць камерцыйнае значэнне толькі рэкі Прыпяць і Дняпро, якія дазваляюць выконваць перавозку экспартна-імпартных грузаў (калійныя ўгнаенні, кухонная соль, руда, вугаль, сапрапель) у прыдунайскія краіны і чарнаморскія парты. Ізаляванасць басейнаў і адсутнасць паміж імі штучных водных злучэнняў неспрыяльна ўплываюць на арганізацыю камерцыйнай дзейнасці і робяць рачныя перавозкі менш эфектыўнымі (па манеўранасці, хуткасці), чым перавозкі інш. відамі транспарту.
Агульная працягласць эксплуатацыйных водных шляхоў Беларусі менш за 2 тыс.км. Яны поўнасцю выкарыстоўваюцца для суднаходства транспартам агульнага карыстання на працягу ўсёй навігацыі. Па габарытах суднавога ходу каля 700 км водных шляхоў адносяцца да магістральных участкаў рэк; астатнія ўчасткі рэк з прытокамі адносяцца да малых рэк. Рэгулярнае кругласутачнае суднаходства ажыццяўляецца па водных шляхах з асвятляльнымі і святлоадбівальнымі знакамі навігацыйнага абсталявання працягласцю менш за 500 км. Дзейнічаюць рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот рачнога транспарту прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе» і інш.
У агульным пасажыраабароце Рэспублікі Беларусь унутр. водны транспарт займае апошняе месца. За 1990—2001 яго пасажыраабарот знізіўся з 29,5 да 1,9 млн. пасажыраў. Асн. фактарамі, якія стрымліваюць нарошчванне аб’ёмаў перавозак рачным транспартам, з’яўляюцца недастатковыя габарыты суднавога ходу і ступеньчатасць яго глыбінь. Асабліва характэрна ваганне гарантаваных глыбінь для асн. рачной транспартнай магістралі рэспублікі — Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, па якім выконваецца больш як 70% грузаабароту.
Паветраны транспарт. Першая трансп. авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр адкрыта ў 1932 (курсіравалі 3 самалёты По-2, пераважна вазілі пошту). У 1933 адкрыты Мінскі аэрапорт. У 1934 урад Беларусі зацвердзіў сетку мясц. паветраных ліній: Мінск—Старыя Дарогі—Глуск—Парычы—Азарычы—Мазыр—Нароўля—Хойнікі—Брагін—Камарын—Лоеў—Рэчыца—Гомель—Мінск; Гомель—Чачэрск—Карма—Журавічы—Клімавічы—Хоцімск—Касцюковічы—Краснаполле—Гомель; Мінск—Халопенічы—Сянно—Бешанковічы—Віцебск—Полацк—Ушачы—Лепель—Мінск; Мінск—Горкі—Чавусы—Мінск. У ліп. 1936 пачаліся рэгулярныя паштова-пасажырскія паветраныя зносіны паміж Мінскам і Масквой. У 1940 здадзены ў эксплуатацыю аэрапорты ў Баранавічах, Бабруйску, Вілейцы, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Пінску і інш.; створана Бел. авіягрупа Грамадз. паветранага флоту, якая ажыццяўляла перавозку 3851 пасажыра і 337,9 т пошты. У 1944 пабудаваны аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі ў Баранавічах, Давыд-Гарадку, Століне, Івянцы, Карэлічах, Клецку, Нясвіжы і інш. Да канца 1945 адноўлены ўсе даваенныя паветраныя лініі. За 1970—85 грузаабарот і перавозкі пасажыраў паветраным транспартам павялічыліся ў 3 разы. Авіяцыя ўсё часцей стала выкарыстоўвацца ў лясной і сельскай гаспадарцы, аб’ём авіяхім. работ павялічыўся з 1,8 млн.га у 1970 да 5,8 млн.га у 1985. У гэтыя гады авіясувязь устаноўлена з усімі абл. цэнтрамі Беларусі і большай часткай раённых цэнтраў, з большасцю буйных гарадоў СССР.
Па аб’ёмах перавозак грузаў і пошты паветраны транспарт Беларусі займае 7-е месца, а па колькасці пасажыраў — 9-е сярод краін СНД. Буйнейшым пасажырскім авіяперавозчыкам Беларусі з’яўляецца Нац. авіякампанія (НАК) «Белавія», якая ажыццяўляе каля 69% ад усяго аб’ёму пасажырскіх перавозак на паветраных лініях. Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі паветранага транспарту, якая аб’ядноўвае больш як 200 авіякампаній свету. Сярод партнёраў «Белавіі» — авіякампаніі «Аэрафлот» (Расія), «Люфтганза» (Германія), «ЛОТ» (Польшча), «Аўстрыйскія авіялініі», «Аэр-Лінгус» (Ірландыя) і інш. Рэспубліка Беларусь падпісала 32 міждзярж. пагадненні аб паветраных зносінах. Паміж авіяцыйнымі адміністрацыямі Беларусі і Расіі дасягнуты дамоўленасці па пытаннях сумеснай тарыфнай палітыкі, падрыхтоўкі спецыялістаў па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, узаемным прызнанні пасведчанняў, сертыфікатаў і інш. дакументаў. У якасці каардынуючага органа ў галіне паветранага транспарту створаны Савет грамадз. авіяцыі Беларусі і Расіі.
Рэспубліка Беларусь валодае сеткай аэрапортаў, з якіх пракладзены авіямагістралі ў 30 гарадоў СНД, а з міжнар. аэрапорта «Мінск-2» выконваюцца рэйсы ў шэраг гарадоў Еўропы (Мюнхен, Франкфурт-на-Майне, Берлін, Вена, Варшава і інш.), Азіі (Пекін, Тэль-Авіў і інш.) і Амерыкі (Нью-Йорк). Павялічваецца доля замежных авіякампаній у асваенні міжнар. авіяліній рэспублікі; яны выконваюць пастаянныя рэйсы ў аэрапорт «Мінск-2» з Варшавы, Франкфурта-на-Майне, Цюрыха, Берліна, Мюнхена, Вены і Гамбурга.
Трубаправодны транспарт. На тэр. Беларусі функцыянуюць магістральныя трубаправоды па перапампоўванні прыроднага газу, нафты, бензіну і дызельнага паліва. Магістральныя трубаправоды, якія забяспечваюць перапампоўванне нафты, маюць працягласць 3 тыс.км, прыроднага газу — 6,7 тыс.км і нафтапрадуктаў — 1,2 тыс.км (2002). Транспарціроўку нафты і прыроднага газу для патрэб эканомікі Рэспублікі Беларусь і інш. краін ажыццяўляюць гомельскія і наваполацкія прадпрыемствы транспарту нафты «Дружба» і дзярж. прадпрыемства «Белтрансгаз». Працягласць магістральных нафтаправодаў у аднанітачным вылічэнні складае па гомельскім прадпрыемстве 1,8 тыс.км, па наваполацкім — 1,1 тыс.км (2002).
Першы нафтаправод ад здабыўных раёнаў Паволжа прайшоў праз Мічурынск і Унечу на Крычаў—Оршу—Полацк і далей у Прыбалтыйскі эканам. раён да Вентспілса. Другая лінія прайшла праз Мазыр да Брэста і далей у Польшчу і Германію; ад Мазыра яго галіна ідзе на паўд. захад праз Ельскі р-н у Валынскую вобл. Украіны і далей за мяжу. Гэтая вял. «нафтавая рака» атрымала назву нафтаправод «Дружба»; яго працягласць 5 тыс.км (найбуйнейшы ў свеце) пры дыяметры труб 1020 мм. Гэты нафтаправод пабудаваны ў 1960. Другая лінія нафтаправода з дыяметрам труб 1220 мм пабудавана у 1972—75. Нафтаправод «Дружба» забяспечвае сырой нафтай полацкі, мазырскі, мяжэйкяйскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Транзіт сырой нафты ажыццяўляецца па напрамках: гомельскае прадпрыемства — Адамава Застава (Расія) — Мазыр—Польшча—Германія з адгалінаваннем на Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, Адрыю (праз Броды); наваполацкае прадпрыемства — Сургут—Полацк з адгалінаваннямі на Наваполацк, Мажэйкяй (Літва), Вентспілс (Латвія).
У Рэспубліцы Беларусь функцыянуюць 3 магістральныя нафтапрадуктаправоды, па якіх ажыццяўляецца перапампоўванне дызельнага паліва і бензіну: Унеча—Полацк, Унеча—зах. граніца, Наваполацк—Мінск (Фаніпаль). Першыя 2 нафтапрадуктаправоды праходзяць у адных калідорах з нафтаправодам і выконваюць пераважна транзітнае перапампоўванне нафтапрадуктаў па-за межы Беларусі. Агульная даўжыня нафтапрадуктаправодаў складае 913 км, гадавая магутнасць іх перапампоўвання — 90 млн. тон. Нязначная колькасць нафтапрадуктаў (менш за 1 млн.т) перапампоўваецца па нафтапрадуктаправодзе Наваполацк—Мінск, астатняя колькасць — транзітнае перапампоўванне. Даўжыня адводаў ад магістральных нафтапрадуктаправодаў да прадпрыемстваў нафтапрадуктазабеспячэння рэспублікі — каля 70 км. На прадуктаправодах размешчаны 4 перапамповачныя станцыі і 2 наліўныя пункты. Паводле Пагаднення Рэспублікі Беларусь і Рас. Федэрацыі (20.7.1992) нафтапрадуктаправоды застаюцца ва ўласнасці Рас. Федэрацыі.
Першы на Беларусі магістральны газаправод Дашава—Мінск працягласцю 666 км здадзены ў эксплуатацыю ў 1950. Гэта магістраль пракладзена ад газавага радовішча Дашава праз Львоў, Івацэвічы да Мінска. Пазней (1961) ад Івацэвіч газаправод прайшоў да Вільнюса з адгалінаваннем на Гродна і Брэст. У 1973 пабудавана газатранспартная сістэма Таржок—Мінск—Івацэвічы. У 1994 здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Гомельскай абл. з выхадам на Украіну.
Транзіт рас. прыроднага газу ажыццяўляецца па наступных напрамках: на Украіну, Польшчу, Літву і Калінінградскую вобл. Працягласць разліковай даўжыні транзіту па напрамках складае: Украіна — 600,4 км, Польшча — 651,6 км, Літва, Калінінградская вобл. — 455 км. Транзіт ажыццяўляецца па сістэме магістральных газаправодаў Таржок—Мінск—Івацэвічы, Івацэвічы—Даліна, Івацэвічы—Слонім—Гродна, Мінск—Вільнюс, Мінск—Гомель, Кобрын—Брэст—Варшава, Ямал—Еўропа, Дашава—Мінск, Івацэвічы—Вільнюс—Рыга. У тым жа годзе здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Віцебскай абл. з выхадам на Украіну і краіны Зах.
Еўропы. На тэр. Беларусі завяршаецца буд-ва магістральнага газаправода Ямал—Еўропа, эксплуатацыя якога будзе ажыццяўляцца дзярж. прадпрыемствам «Белтрансгаз».
Доля трубаправоднага транспарту ў агульным грузаабароце Беларусі ў 2001 склала 49,4%, у т. л. нафтаправодаў — 39,8%. Па аб’ёме перапампоўвання і грузаабароце магістральных нафтаправодаў і нафтапрадуктаправодаў транспарт Беларусі займае трэцяе месца сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны).
Па аб’ёме перапампоўвання нафты магістральным трубаправодным транспартам Беларусь апярэджвае такія краіны, як Нідэрланды, Іспанія, Венгрыя, Аўстрыя, Польшча, Францыя, Чэхія, Швейцарыя.
Гарадскі электрычны транспарт. Будаўніцтва першых на Беларусі трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дае ў 1898 арганізаваны рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску трамвай пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1980. Тралейбусны транспарт дзейнічае ў Мінску (1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). У 1984 у Мінску пачаў дзейнічаць метрапалітэн, працягласць якога тады складала 8 км.
У 2003 працягласць трамвайных шляхоў складала 102,1 км, тралейбусных — 489,5 км, метрапалітэнных — 23,7 км (усе ў двухпутным вылічэнні).
Налічвалася 349 трамвайных вагонаў, 1758 тралейбусаў, 176 вагонаў метрапалітэна. Будуюцца новыя станцыі метро, пракладваюцца новыя лініі, падаўжаюцца саставы паяздоў. Перавезена пасажыраў тралейбусамі 614,8 млн.чал., што склала 2170 млн. пасажыра-кіламетраў; трамваямі — адпаведна 94,6 млн.чал. і 329 млн. пасажыра-кіламетраў, метрапалітэнам — 289,4 млн.чал. і 1939 млн. пасажыра-кіламетраў.
На долю гар. электрычнага транспарту прыпадае 17% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання, у т. л. трамвая — 1,6%, тралейбуса — 8,5%, метрапалітэна — 6,9%. Павелічэнне пасажыраабароту ў параўнанні з 1995 абумоўлена ростам колькасці насельніцтва буйных гарадоў і эканамічнасцю гэтага віду транспарту, а попыт на яго паслугі таксама абумоўлены рэгуляваннем тарыфаў на перавозкі, датаваннем перавозак з бюджэту (гл.табл. 1, 4—5).
Літ.:
Железнодорожная магистраль Беларуси. Мн., 1971;
Дегтев В.С. Крылья Белоруссии. Мн., 1973;
Лыч Л.М. Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР: (Верас. 1943—1970 гг.). Мн., 1976;
Развитие отраслей народного хозяйства Белоруссии: (Ист.-геогр очерки). Мн., 1978;
Кучевский Н.Г. Место и роль транспорта в народнохозяйственном комплексе страны // Бел. экономика: анализ, прогноз, регулирование. 1999. №4;
Яго ж. Транспорт Беларуси. Мн., 2003;
Яго ж. Тенденции развития рынка транспортных услуг // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2003. №3;
Автомобильные дороги Беларуси: Энцикл. Мн., 2002;
Сквозь облака и годы. Мн., 1993;
Транспорт и связь в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2002;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
М.Г.Кучэўскі, С.Ф.Дубянецкі.
Табліца 1 Эксплуатацыйная даўжыня шляхоў зносін Беларусі (на канец года, км)
1990
1995
2000
2002
2003
Чыгункі агульнага карыстання
5569
5564
5533
5533
5522
у т. л. электрыфікаваныя
890
894
894
894
894
Аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання — усяго, тыс.км
48,9
51,6
74,4
80,0
81,2
у т. л. з цвёрдым пакрыццём
46,3
50,8
66,2
69,3
70,2
Трамвайныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
100,5
100,5
100,5
101,7
102,1
Тралейбусныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
431,0
446,7
466,6
472,5
489,5
Метрапалітэнныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
15,7
18,5
21,9
23,7
23,7
Табліца 2 Перавозкі грузаў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.т)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
1251,8
424,6
316,4
307,1
321,5
у т. л.
чыгуначны
245,8
73,4
88,0
93,6
105,9
аўтамабільны (уключаючы ведамасны)
987,6
350,0
226,7
211,9
213,41
рачны
18,4
1,2
1,7
1,6
2,2
паветраны
0,03
0,02
0,00
0,01
0,01
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 3 Грузаабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. тона-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
99 634
35 242
42 214
45 355
46 251
у т. л.
чыгуначны
75 430
25 510
31 425
34 169
38 402
аўтамабільны
22 361
9539
9745
11 090
7655′
рачны
1805
133
26
59
160
паветраны (айч.)
38
60
18
37
34
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 4 Перавозкі пасажыраў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.чал.)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
3702,3
2207,2
2825,2
2775,4
2718,8
у т. л.
чыгуначны
147,2
141,1
162,5
148,0
137,0
аўтамабільны
2399,2
1305,0
1499,6
1499,8
1580,01
рачны
0,1
0,1
0,1
0,1
0,1
паветраны
2,2
0,4
0,2
0,2
0,3
тралейбусны
846,1
514,5
758,5
707,8
614,8
трамвайны
175,1
100,0
139,5
117,7
94,6
метрапалітэнны
101,6
136,0
258,2
298,0
289,4
таксаматорны
30,0
10,1
6,6
3,9
2,5
1 З 2003 уключае таксама перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Табліца 5 Пасажыраабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. пасажыра-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
42 618
25 989
32 449
29 281
28 194
у т. л.
чыгуначны
16 852
12 505
17 722
14 349
13 308
аўтамабільны
19 787
9308
9235
9397
97981
рачны
30
2
3
2
паветраны
5510
1228
513
553
тралейбусны
—
1723
2618
2465
трамвайны
—
407
553
464
метрапалітэнны
—
688
1678
1997
таксаматорны
439
128
91
54
1 З 1995, уключаючы гар. электрычны транспарт, з 2003 — перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску.Мінск. Аўтавакзал «Усходні».Суднаходства па Прыпяці.Аэрапорт «Мінск-1». На пляцоўцы авіярамонтнага завода.Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Плошча Перамогі».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Магілёўская».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл.шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.