ГІ́ДРА,

у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРВЯНІ́СКАЕ ВО́ЗЕРА, Кальніца,

у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка. за 32 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 1,04 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км.

Схілы катлавіны выш. 9—10 м, стромкія. пад лесам. Берагі пераважна супадаюць са схіламі. Праз возера цячэ р. Сламянка (злучае яго з азёрамі Вераўскае і Стаў), упадае ручай з воз. Чартова.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙЦЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багі, якія жылі на Алімпе. Паводле міфаў, дзеці бога Кронаса на чале з Зеўсам паўсталі супраць бацькі і тытанаў, перамаглі ў гэтай барацьбе і замацаваліся на Алімпе, падзяліўшы паміж сабой уладу над светам. Вярх. уладыкам стаў Зеўс. Алімпійцы былі абыякавыя да зямных пакут і хваляванняў. Адсюль пераноснае значэнне слова алімпійцы — людзі, якія захоўваюць непарушны («алімпійскі») спакой у любых жыццёвых сітуацыях.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЬ ЧА́О (32—102),

старажытнакітайскі палкаводзец і дыпламат. Брат гісторыка Бань Гу. У 73 пасланы з ваен.-дыпламат. місіяй у «Зах. край» (Усх. Туркестан), пазней аднавіў тут кіт. ўплыў і стаў намеснікам кіт. імператара. У 90 разбіў войска кушанскага цара Канішкі, у 91 разграміў гунаў. Яго перамогі спрыялі аднаўленню Вялікага шаўковага шляху. Адправіў шэраг дыпламат. місій у зах. напрамку, у т. л. да Персідскага заліва.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮРО́ (Deburau) Жан Батыст Гаспар (31.7.1796, г. Колін, Чэхія — 17.6.1846),

французскі акцёр-мім. З сям’і вандроўных акцёраў-акрабатаў. З 1816 у трупе т-ра «Фюнамбюль» («Канатныя танцоры»). Стварыў у розных пантамімах вобраз П’еро, які стаў папулярным нар. камічным героем і атрымаў сусв. вядомасць. Захаваўшы старадаўні фарсавы грым П’еро, Д. змяніў яго аблічча і касцюм. У сучаснай пантаміме традыцыі Д. знайшлі працяг у творчасці Ж.Л.Баро і М.Марсо.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́Н (Jordanes, Jordanis),

остгоцкі гісторык 6 ст. Служыў у аланскага военачальніка, пазней, як мяркуюць, стаў епіскапам. Гал. праца І. «Пра паходжанне і дзеянні гетаў» (даведзена да 551) — важная крыніца па гісторыі готаў, Паўн. Прычарнамор’я і перыяду Вялікага перасялення народаў. Пераказаў падзеі, апісаныя гоцкім гісторыкам Касіядорам, выкарыстаў таксама эпас готаў, асабістыя назіранні. Праца мае каштоўныя звесткі з гісторыі інш. народаў і плямён, у т. л. стараж. славян.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕНЬЯ́К (Cavaignac) Луі Эжэн (15.10.1802, Парыж — 28.10.1857),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Дывізійны генерал (1848). У арміі з 1824. Пад уплывам Ліп. рэвалюцыі 1830 стаў прыхільнікам рэсп. ладу. З 1832 удзельнічаў у заваяванні Алжыра, з лют. 1848 яго ваен. губернатар. З мая 1848 ваен. міністр, адначасова (да снеж. 1848) кіраўнік выканаўчай улады Франц. рэспублікі; кіраваў задушэннем Чэрв. паўстання 1848 у Парыжы. Дэп. парламента (1849—51).

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙГЁ (сапр. Сата Нарыкіё; 1118—1190),

японскі паэт. Быў афіцэрам гвардыі; пакінуўшы службу, стаў вандроўным манахам. Зберагліся зб. яго паэзіі «Санкасю», у які ўвайшло больш за 1500 вершаў жанру танка, і твор па паэтыцы ў запісе яго вучня «Гутаркі з Сайгё» («Сайгё-дансе»). Паэзія С. глыбока філасофская, грунтуецца на асэнсаванні вобразаў прыроды; у ёй дамінуе журботны настрой.

Тв.:

Рус. пер. — Горная хижина. СПб., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЯО́Н (н. 16.6.1937, Сафія),

балгарскі дзярж. дзеяч. Сын балг. цара Барыса III. Пасля смерці бацькі цар Балгарыі [Сімяон II; 1943—46]. З абвяшчэннем Балгарыі рэспублікай (вер. 1946) эмігрыраваў (з 1951 жыў у Іспаніі). Працаваў кансультантам і чл. савета дырэктараў шэрагу ісп. кампаній. У 2001 вярнуўся ў Балгарыю, утварыў уласнае парт. аб’яднанне («царская кааліцыя»). Пасля перамогі сваёй кааліцыі на парламенцкіх выбарах 17.6.2001 (набрала 43% галасоў выбаршчыкаў) стаў прэм’ер-міністрам Балгарыі.

т. 14, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)