МАСКВА́,

рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс. км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз. М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў вайну 1812,

дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс. чал. уваходзіла ў т. зв. ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАКАЙЧЫ́ЦКІ (Артур Адамавіч) (20.12.1813—23.11.1881),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1868), ген.ад’ютант (1874). З дваран Слуцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Пажскі корпус (1832) і Ваен. акадэмію (1834). Удзельнік баявых дзеянняў на Каўказе (1841 і 1843—45), задушэння Венгерскай рэвалюцыі 1848—49, Крымскай вайны 1853—56 (вызначыўся ў баях пры аблозе г. Сілістрыя на Дунаі, сак. 1854). З 1859 старшыня Ваенна-кадыфікацыйнай камісіі, удзельнічаў у правядзенні ваенных рэформ 1860—70-х г. Са жн. 1864 чл. Ваен. савета. У руска-турэцкую вайну 1877—78 нач. палявога штаба Дунайскай арміі, вызначыўся пры пераправе цераз Дунай і пры ўзяцці крэпасці Плеўна. З крас. 1878 чл. Дзярж. савета.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.—ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім «катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).

А.К.Нядбайла.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ (Мікалай Пракопавіч) (19.5.1909, с. Сарагожскае Ляснога р-на Цвярской вобл., Расія — 4.8.1976),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Калінінскую сав. парт. школу (1931), у 1937—39 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. З 1932 на камсам. і парт. рабоце ва Ушачах, Рудзенску. У пач. Вял. Айч. вайны ў тыле ворага кіраўнік патрыят. падполля ў Рудзенскім р-не, арганізаваў і ўзначаліў партыз. атрад (з сак. 1943 брыгада) «Беларусь». Пасля вайны на парт. рабоце ў Барысаве, Баранавічах, у апараце ЦК КП(б)Б, СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1949—52. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55.

М.П.Пакроўскі.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Захар Філімонавіч) (12.3.1898, в. Буякі Брэсцкага р-на — 2.6.1965),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну з 1917 на Зах. фронце. З 1918 у Чырв. Арміі, ваяваў супраць Дзянікіна, польскіх інтэрвентаў. З 1921 удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1925 арыштаваны і зняволены на 5 гадоў у турму. З 1936 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі на гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 упаўнаважаны Брэсцкага абкома КП(б)Б у паўд. зоне Брэсцкай вобл. па кіраўніцтве партыз. рухам. З 1946 інструктар Брэсцкага абкома КПБ.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.​Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр. Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцей Чырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ АКРУ́ГА 1) адм.-тэр. адзінка ў БССР у ліп. 1924—ліп. 1930. Цэнтр — г. Полацк. Пл. 9366 км², пасля ўзбуйнення ў 1927—10 807 км², нас. 374,2 тыс. чал. (1926). У 1924—27 уключала Асвейскі, Валынецкі (з сак. 1929 Боркавіцкі), Ветрынскі, Дрэтунскі (пазней Краснапольскі, скасаваны ў 1927), Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ульскі, Ушацкі р-ны. У 1927 са скасаванай Барысаўскай акругі ў П.а. ўвайшоў Лепельскі р-н. Акр. газ. «Полоцкий пахарь», з 1926 «Чырвоная Полаччына».

2) Адм.-тэр. адзінка (пагранічная) у БССР у чэрв. 1935 — лют. 1938. Уключала Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі р-ны. Акр. газ. «Бальшавік Полаччыны». Скасавана ў сувязі з увядзеннем у БССР абл. падзелу. Усе раёны перададзены ў Віцебскую вобласць.

т. 12, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́У-НЕ́ГРУ (Rio Negro),

рака пераважна ў Бразіліі, левы прыток р. Амазонка; у сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж Калумбіяй і Венесуэлай. Даўж. 2,3 тыс. км, пл. басейна каля 691 тыс. км². Вытокі ў Калумбіі, у зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я, пад назвай Гуайнія, да г. Кастаньейру рэчышча парожыстае, у межах Амазонскай нізіны разгалінаванае і вельмі шырокае (да 30—50 км) са шматлікімі астравамі. Буйны прыток — р. Рыу-Бранку (злева). Левы прыток Касік’ярэ злучае Р.-Н. з р. Арынока (класічны прыклад біфуркацыі рэк). Паводкі ад сак. да канца жн., малаводная ў кастр.—студзені. Сярэдні расход вады 29,3 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця, дзе размешчаны буйны порт Манаўс.

т. 13, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ ВЯЧЭ́РНЯ»,

паўстанне ў г. Палерма (в-аў Сіцылія) у 1282 супраць франц. прыхільнікаў караля Карла I Анжуйскага, які ў 1268 падпарадкаваў сваёй уладзе Сіцылійскае каралеўства. Карл рэзка павысіў у Сіцыліі падаткі, пазбавіў гарады прывілеяў, канчаткова заняволіў сялян, не лічыўся са стараж. звычаямі і вольнасцямі мясц. насельніцтва, перанёс сталіцу Сіцылійскага каралеўства з Палерма ў Неапаль. Паўстанне пачалося стыхійна 31 сак. (паводле пазнейшай легенды — пад сігнал звона да вячэрні; адсюль назва). Большасць французаў (3—4 тыс.) была забіта. Палермскім парламентам сіцылійская карона прапанавана арагонскаму каралю Педра III, які ў вер. 1382 прыбыў на востраў і авалодаў усёй Сіцыліяй. Вайна супраць французаў скончылася ў 1302 поўным адпадзеннем ад Паўд. Італіі Сіцыліі, дзе ўсталявалася Арагонская дынастыя.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)