гемэрытры́н

(ад гем + гр erythros = чырвоны)

рэчывы, якія афарбоўваюць кроў кольчатых чарвей у ружовы колер.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псіхаміме́тыкі

(ад псіха- + гр. mimetes = пераймальнік)

лекавыя рэчывы, здольныя выклікаць у чалавека парушэнні псіхічнай дзейнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

радыепратэ́ктары

(ад радые- + пратэктар)

рэчывы, увядзенне якіх у арганізм перад апраменьваннем змяншае ўздзеянне іанізуючага выпрамянення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэктыфікава́ць

(с.-лац. rectificare = выпраўляць)

ачышчаць вадкія рэчывы ад прымесяў паўторнай перагонкай (напр. р. спірт).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электралі́ты

(ад электра- + гр. lytos = растваральны)

рэчывы, у якіх перанос электрычнага току ажыццяўляецца рухам іонаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ РАСЛІ́Н,

адносіны запасу прадукцыйнай глебавай вільгаці да яе запасу пры найменшай вільгацяёмістасці глебы або да яе запасу, аптымальнага для дадзенай фазы развіцця с.-г. культуры. Прадукцыйная глебавая вільгаць — частка глебавай вільгаці, пры ўсмоктванні якой расліны захоўваюць жыццядзейнасць і сінтэзуюць арган. рэчывы; яе ніжняя мяжа — вільготнасць устойлівага завядання раслін (гл. ў арт. Вільготнасць глебы). Падтрыманне аптымальнай велічыні водазабяспечанасці раслін — задача меліярацыйных мерапрыемстваў. Пры адносінах менш за адзінку патрабуецца штучнае ўвільгатненне глебы, працяглае вял. перавышэнне яго можа суправаджацца вымаканнем раслін.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСІКА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія выклікаюць высушванне раслін. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў і эмульсій для дэсікацыі (перадуборачнае высушванне с.-г. раслін), што паскарае паспяванне насення, пладоў, памяншае іх вільготнасць і аблягчае механізаваную ўборку ўраджаю. У якасці Д. звычайна выкарыстоўваюць: рэглон на насенных пасевах морквы, капусты, буракоў, бульбы; раўндап на насенных пасевах гароху, канюшыны, ільну-даўгунцу; хларат магнію Mg(ClO3)2 × 6H2O, хларат-хларыд кальцыю [Ca(ClO3)2 у сумесі з CaCl2] на пасевах бавоўніку, пшаніцы, бульбы, цукр. буракоў і інш.

В.​П.​Дзеева.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФАЛЯ́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. folium ліст),

абязлісценне, перадуборачнае выдаленне лісця з раслін з мэтай паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэфаліянты, якія выклікаюць у раслін працэсы, падобныя да прыроднага лістападу: зніжаецца колькасць хларафілу і вады, парушаецца працэс утварэння арган. рэчыва, павялічваецца колькасць прадуктаў распаду бялкоў і інш. злучэнняў, якія перамяшчаюцца з ліставой пласцінкі ў чаранок, што выклікае адасабленне клетак каля асновы ліста і яго ападанне. Выкарыстоўваюць часцей на пасевах бавоўніку, лубіну, тэхн. сартоў вінаграду.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА АКСІ́ДЫ,

злучэнні жалеза з кіслародам. Вядомы аксіды жалеза (II) FeO, (III) Fe2O3 і змешаны (II, III) Fe3O4 ці FeO∙Fe2O3. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў гематыту, магнетыту і вельмі рэдкага іацыту (FeO). Крышт. рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў к-тах. Fe2O3 атрымліваюць акісленнем жалеза пры награванні ці абпалам пірыту FeS2, інш. — аднаўленнем Fe2O3 у асяроддзі аксіду вугляроду ці вадароду. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання жалеза, як мінер. пігменты, кампаненты ферытаў, абліцовачнай керамікі і інш.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)