маніфе́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Урачыстая адозва вярхоўнай улады да народа з выпадку якіх‑н. надзвычайна важных падзей. Маніфест часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі аб утварэнні БССР абнародаваны 1 студзеня 1919 г.

2. Палітычная адозва праграмнага характару. Маніфест Камуністычнай партыі.

3. Пералік прынцыпаў якой‑н. літаратурнай або мастацкай групы ці напрамку. Маніфест футурыстаў.

[Ад лац. manifēstus — яўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БАЛЬШАВІКО́Ў) ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ [КП(б)ЛіБ]. Утворана ў выніку аб’яднання Камуніст. партыі

(бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі з прычыны аб’яднання Літвы і Беларусі ў адзінае дзярж. ўтварэнне — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). На аб’яднаўчым з’ездзе 4—6.3.1919 у Вільні [гл. Другі з’езд КП(б)Б] выбраны ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, які 8.1.1919 стварыў Прэзідыум ЦК партыі ў складзе В.​С.​Міцкявічуса-Капсукаса (старшыня),

В.​Г.​Кнорына, З.​І.​Ангарэціса, А.​Ф.​Мяснікова, Я.​Г.​Далецкага, С.​В.​Іванова. 24.4.1919 Прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ падзелены на Палітбюро і Аргбюро ЦК КП(б) ЛіБ. З прычыны наступлення польск. войск Палітбюро ЦК КП(б) ЛіБ у крас. 1919 абвясціла рэспубліку на ваен. становішчы і пачало мабілізацыю ў армію камуністаў, камсамольцаў і спачуваючых. Аднак наладзіць актыўнае супраціўленне польск. войскам не ўдалося. 21.4.1919 польск. войскі захапілі сталіцу Літбела Вільню, 8 жн. — Мінск, да вер. 1919 — усю тэр. рэспублікі. Пасля акупацыі Мінска ЦК КП(б) ЛіБ пераехаў у Бабруйск, потым у Смаленск, адкуль кіраваў падп. і партыз. рухам. 3.9.1919 створана Бюро па нелегальнай рабоце (старшыня Міцкявічус-Капсукас). На акупіраванай тэрыторыі выдаваліся газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Komunistas» («Камуніст», літ.), «Młot» («Молат», польск.). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў (ліп.—жн. 1920) ЦК КП(б) ЛіБ вярнуўся ў Мінск, дзе ўжо дзейнічала Мінская губ. парт. арг-цыя. 30.7.1920 створаны Мінскі губ. к-т КП(б) ЛіБ. Пасля прыняцця 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь Аргбюро ЦК РКП(б) 9.8.1920 прыняло пастанову аб перайменаванні Мінскага губ. к-та КП(б)ЛіБ, захаваўшы агульную назву партыі — КП(б) ЛіБ, у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б. У пач. вер. 1920 ЦБ КП(б) унесла ў ЦК РКП(б) прапанову аб ліквідацыі КП(б) ЛіБ і стварэнні ў рамках РКП(б) Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі і Кампартыі (бальшавікоў) Літвы. 8.11.1920 ЦК КП(б)Б вырашыла наступную парт. канферэнцыю назваць Трэцім з’ездам КП(б)Б.

В.​І.​Талкачоў.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД РСДРП.

Адбыўся нелегальна 1—3.3.1898 у Мінску, абвясціў заснаванне Рас. с.-д. партыі (РСДРП). На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясц. с.-д. арг-цый: Пецярбургскага (С.​І.​Радчанка), Маскоўскага (А.​А.​Ванноўскі), Кіеўскага (П.​Л.​Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.​А.​Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б.​Л.​Эйдэльман і М.​А.​Вігдорчык), трое ад Бунда (А.​І.​Крэмер, А.​Мутнік, Ш.​Кац). За 3 дні работы з’езда было праведзена 6 пасяджэнняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з’езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з’яўляецца з’езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з’ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нац. пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у т. л. і права на нац. аўтаномію с.-д. рухаў. З’езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраўніцтве партыяй. Выбраў ЦК з 3 чл. (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў «Рабочую газету» афіц. органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў напісаны П.​Струвэ і надрукаваны ў падп. друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў с.-д. газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з’езда «Саюзы барацьбы» і с.-д. групы пачалі пераўтварацца ў парт. к-ты. Аднак партыя як адзіная с.-д. арг-цыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з’езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар «Рабочей газеты» захапіла паліцыя. На II з’ездзе РСДРП (1903) рас. сацыял-дэмакратыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў. У Мінску ў доме, дзе адбыўся I з’езд РСДРП, створаны Дом-музей з’езда РСДРП.

Літ.:

Маркова Р.И. Первый съезд РСДРП. М., 1965;

Король А.С. Соединяясь в партию. Мн., 1988;

Симанюков С.М. Дом-музей I съезда РСДРП. Мн., 1998.

С.​М.​Сіманюкоў.

Дом-музей Першага з’езда РСДРП.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі

(А.​Р.​Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.​Г.​Кнорын),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​Х.​Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.​І.​Вайнштэйн); агр. пытанне (А.​С.​Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.​Ш.​Ходаш); асвета і задачы партыі (С.​З.​Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.​П.​Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНК БССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах. эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБ КП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕРДЗІ́Н, Эбердзін (Aberdeen) Джордж Гамільтан Гордан (28.1.1784, г. Эдынбург — 14.12.1860), англійскі паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў партыі торы, з 1850 лідэр пілітаў. У 1852—55 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада, які ўключаў прадстаўнікоў торы, пілітаў, вігаў, ірл. лібералаў. У 1854 урад Абердзіна аб’явіў вайну Расіі (гл. Крымская вайна 1853—56).

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

purge

[pɜ:rdʒ]

1.

v.t.

1) ачышча́ць (і мара́льна), прачышча́ць

2) выдаля́ць, выкіда́ць непажада́нага (напр. з па́ртыі)

3) выкупля́ць, загла́джваць (напр. віну́)

2.

n.

1) ачышчэ́ньне

2) ачышча́льны сро́дак (лек)

3) чы́стка f. (паліты́чная)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

дэмакра́т

(фр. démocrate, ад гр. demos = народ + kratos = улада)

1) прыхільнік дэмакратыі 1;

2) член дэмакратычнай партыі;

3) той, хто вядзе просты спосаб жыцця.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

А́САД (Хафез аль) (н. 7.8.1930, правінцыя Латакія, Сірыя),

сірыйскі дзярж., паліт. і ваенны дзеяч. Ген. арміі (1968). Мае вышэйшую ваен. адукацыю. Камандуючы ВПС (1964—70), адначасова з 1966 міністр абароны. У 1970—71 прэм’ер-міністр. З 1971 прэзідэнт Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Ген. сакратар Партыі араб. сацыяліст, адраджэння (БААС, з 1971).

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МА (грэч. programma аб’ява, распараджэнне),

1) план прадстаячай дзейнасці, работ, мерапрыемстваў.

2) Дакумент, у якім выкладзены асн. задачы і мэты дзейнасці паліт. партыі, арг-цыі, асобнага дзеяча.

3) План правядзення свята, канцэрта, сходу, а таксама пералік нумароў, якія выконваюцца.

4) Кароткі змест курса пэўнага прадмета, які вывучаецца ў навуч. установе.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 3—10.1.1927 у Мінску. Прысутнічала 278 дэлегатаў з рашаючым і 226 з дарадчым голасам ад 30 995 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б — паліт. і арганізац. (А.​І.​Крыніцкі, М.​М.​Галадзед), ЦКК КП(б)Б (В.​А.​Радус-Зяньковіч); даклады ЦКК ВКП(б) (Я.​Х.​Петэрс), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​А.​Чарнушэвіч); вынікі гасп. будаўніцтва ў БССР і далейшыя задачы (Я.​А.​Адамовіч); выбары ЦК, ЦКК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі работы КП(б)Б за 1926. ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК КП(б)Б. Прапанаваў ураду БССР умацаваць мат.-тэхн. базу саўгасаў, стварыць фонд для крэдытавання калектыўных гаспадарак. Аналізуючы ход культ. будаўніцтва, з’езд патрабаваў у правядзенні нац. палітыкі ажыццяўляць беларусізацыю, павялічыць асігнаванні на нар. асвету, згуртаваць вакол партыі інтэлігенцыю, умацоўваць і павышаць парт. кіраўніцтва друкам. Даручыў ЦК рашуча змагацца з ідэйнымі ўхіламі, паслядоўна ажыццяўляць курс на індустрыялізацыю, прапанаваў умацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх галінах сацыяліст. будаўніцтва. Выбраў ЦК КП(б)Б з 62 чл. і 43 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 37 чл. і 11 канд. у чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл.

Літ.:

X съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1927;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.

А.​І.​Яфімчык.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)