ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр. нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.​Г.​Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́КЛА, дзякло,

прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш. с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазнейвалока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.

В.​І.​Мялешка.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬ МЕДЫ́ГА ((Del Medigo) Іосіф Саламон) (16.3.1591, г. Кандыя, цяпер г. Іракліян, Грэцыя — 1655),

яўрэйскі лекар, матэматык, астраном, філосаф. У 1606—13 вучыўся ў Падуанскім ун-це: вывучаў астраномію і матэматыку (пад кіраўніцтвам Г.​Галілея), а таксама філасофію і медыцыну. Пазней жыў у Каіры, Канстанцінопалі. Маючы славу знакамітага вучонага і медыка, у 1620 прыехаў у Вільню, некалькі гадоў быў лейб-медыкам Крыштафа Радзівіла. У 1628 выехаў у Амстэрдам. Памёр у Празе. Аўтар прац па філасофіі, яўр. л-ры, прыродазнаўчых навуках. Пакінуў нататкі пра сваё знаходжанне ў ВКЛ.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НІЙ,

1) у рымскай міфалогіі добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго жыцця, пазней бог мужчынскай сілы. Лічылася, што кожны мужчына мае свайго генія. Асабліва шанавалі генія галавы сям’і: у дзень яго нараджэння генію прыносілі дары-ахвяраванні. У эпоху імперыі асаблівае значэнне набыў культ генія Рыма і імператара (увёў Аўгуст). Генію Рыма быў прысвечаны шчыт на Капітоліі з надпісам «ці мужу, ці жанчыне», бо імя і пол генія ўтойваліся, каб яго не пераманьвалі ворагі.

2) Чалавек, якому ўласціва найвышэйшая ступень творчай даравітасці, таленавітасці. Гл. таксама Геніяльнасць.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РА У грэчаскай міфалогіі царыца багоў, дачка Кронаса і Рэі, жонка і сястра Зеўса. Лічылася ўладаркай хмар, маланкі і грому, пазней — багіня шлюбу і сямейнага шчасця, апякунка жанчын. Уяўлялі яе з яблыкам (сімвал шлюбу і ўрадлівасці), дыядэмай, скіпетрам царыцы, пакрывалам і ахвярнай чашай. Вылучалася жорсткасцю, раўнівым норавам. Міф пра Геру — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, скульптуры, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Дж.​Цьепала, Н.​Пусэна). У рым. міфалогіі Геры адпавядае Юнона.

Л.​М.​Драбовіч.

Гера і Ірыда. Фрагмент фрэскі з дома ў Пампеях. 50—79.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНК СССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВК БССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.

т. 5, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНА́СІЙ (грэч. gymnasion),

дзяржаўная навучальна-выхаваўчая ўстанова ў Стараж. Грэцыі і на эліністычным Усходзе. Атрымалі найб. пашырэнне ў 5—4 ст. да н.э. Першапачаткова прызначаліся для фіз. практыкаванняў, пазней сталі цэнтрамі зносін і месцамі мусічных і фіз. практыкаванняў моладзі. У гімнасій паступалі пасля палестры (прыватнай гімнастычнай школы) юнакі ва ўзросце 16 гадоў са знатных сем’яў і да 18 гадоў займаліся ў ім гімнастыкай, атрымлівалі літ., філас. і паліт. адукацыю. Найб. вядомымі гімнасіямі былі Акадэмія платонаўская, дзе вёў гутаркі са сваімі вучнямі Платон, і Лікей, засн. Арыстоцелем.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.​Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.

Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.​Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Дз.​С.​Трызна.

Гродзенскі пояс. Фрагмент.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНЬДЗІ́, Гуань Юй, Гуань Юньчан,

у кітайскай міфалогіі і познім афіц. кульце бог вайны і багацця, апякун вучоных і літаратараў. Яго правобразам быў рэальны Гуань Юй, які жыў у 160—219, праславіўся адвагай і вернасцю свайму правіцелю. Пазней атрымаў тытул вернага і мудрага князя, сапраўднага ўладыкі, які прыносіць мір. Храмавыя выявы Гуаньдзі паказваюць яго седзячы з кнігай Канфуцыя «Вёсны і Восені» ў руках. Яго выявы вывешвалі ў воінскіх шатрах, салдаты насілі іх як талісманы. Вядома каля 1600 дзярж. храмаў Гуаньдзі.

Гуаньдзі ў адзенні гасудара разглядае скаргу. Старажытны народны лубок.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУ́БНАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (2-я пал. 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.), пашыраная ў стэпах і лесастэпах Усх. Еўропы. Выдзелена В.​А.​Гарадцовым у 1901, назва ад пахавальнага абраду. Нябожчыкаў хавалі ў зрубах-ямах, абкладзеных дрэвам, скурчанымі на баку, побач клалі посуд, зброю, прылады працы. Плямёны З.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў паўзямлянках, каменных або зрубных жытлах, выраблялі пласкадонны ляпны посуд з геам. арнаментам, бронзавыя прылады працы, зброю, упрыгожанні. Аб’яднанні плямён З.к. адыгралі значную ролю ў фарміраванні кімерыйцаў, а пазнейскіфаў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)