пля́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. З шумам упасці. Мужчына, нібы мяч, адляцеў назад, спатыкнуўся аб табурэтку, і з усяго размаху пляснуўся на падлогу. Шамякін.
2. Ударыцца. [Крушынскі] пляснуўся цёплым носам аб халоднае шкло акна. Бядуля.
•••
Не пляснуцца тварам у гразь — тое, што і не ўдарыць тварам у гразь (гл. ударыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Углядацца некаторы час. — Можа і я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь». Колас. Галя падышла да Марынчынага ложка, паўглядалася Марыне ў твар, у нібы трошкі падсіненыя павекі на асмужаным ветрам і сонцам абліччы і ўспомніла сваю маладосць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўзабыццё, ‑я, н.
Стан, блізкі да забыцця (у 2, 3 знач.). Маўклівыя .. [адпачываючыя] ляжалі ў адных і тых жа пазах, узіраліся ў блеклае восеньскае сонца і нібы прыслухоўваліся да саміх сябе, цалкам аддаючыся дрымотнаму паўзабыццю. Лынькоў. [Маладзіца] разамлела ад гарачага дыхання матора і бесклапотнасці і цяпер у паўзабыцці адкінулася на спінку сядзення. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Зрушыцца з месца. Нібы прыкуты быў да месца Міколка, не мог скрануцца, ні паварушыцца. Лынькоў. Хацелася сесці і адпачыць. Але нам было вядома, што лепш не спыняцца, бо затым не скранешся. Лось. Саша скранулася з месца і ішла павольна да стала, як баючыся. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трупце́ць, ‑ціць; незак.
Разм. Утвараць глухі нячысты гук (пра надтрэснутую пасуду). — Моцная [міска], — сказала Парфеніха, — не трупціць. Баранавых. / у перан. ужыв. Кірэй падышоў да брата, страсянуў яго руку, прытуліў да сябе і моцна пастукаў яго па плячах, нібы прабуючы на слых, які гук выдае яго цела — Ці здаровае, ці не трупціць. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хле́бніца, ‑ы, ж.
1. Дзяжа, у якой рашчыняюць хлеб. Хлебніца была пакрыта надзежнікам.
2. Талерка ці карзінка для хлеба. Афіцыянтка на дзіва хутка прынесла заказ: хлеб, памідоры, салат і графінчык з залацістым напіткам. І нібы між іншым на хлебніцы побач з хлебам ляжаў рахунак. Дамашэвіч. // Невялікая скрынка для захавання хлеба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Абл. Шоргаць, соўгаць па чым‑н., пакідаючы след. Паглыблены ў гэтыя нечаканыя думкі, стараючыся адмахнуцца ад іх, Максім не адразу зразумеў, чаму гэта Маня спынілася пасярод вуліцы, пачала чырыць чаравікам па зямлі. Кудравец. Стары ішоў насустрач і задуменна чырыў перад сабою кійком, нібы падмятаючы асфальт. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шток, ‑а і ‑у, м.
Спец.
1. ‑у. У геалогіі — адна з форм залягання горных парод, часцей масіўна-крышталічных парод, гіпсу, каменнай солі, радзей — рудных выкапняў.
2. ‑а. У тэхніцы — металічны цыліндрычны стрыжань, які злучае поршань рухавіка з паўзуном. Кулямёт быў разбіты ўшчэнт, ссечан кожух, нібы агнём перарэзаны шток. Федасеенка.
[Ням. Stock.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сабра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сабраць.
2. у знач. прым. Які ўмее з’асяродзіцца, сканцэптраваць увагу, думкі на чым‑н. важным. Ураўнаважаны, унутрана сабраны, сядзіць Ігнат Грынявіцкі. Мехаў. // Стрыманы, валявы, заўсёды гатовы да якога‑н. дзеяння. У ім [Ярмоленку] была затоеная, сабраная ўнутраная сіла, упартасць салдата. Сіўцоў. У гэтым быў увесь Вуйніцкі — сабраны, падцягнуты і сам прасякнуты пачуццём дысцыпліны. «Полымя». // Акуратны, упэўнены, дакладны. Хада другога [Паходні] была больш сабраная, крокі раўнейшыя і больш упэўпеныя, нібы ён добра бачыў у цемры. Хадкевіч.
3. у знач. прым. Стройны, зграбны, падцягнуты (пра фігуру, паставу). Фрунзе ўвайшоў у кабінет — падцягнуты, сабраны. Гурскі. І словы, што [Зося] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пары́вісты, ‑ая, ‑ае.
1. Нераўнамерны, няроўны, з раптоўнымі парывамі. Парывісты дождж то сек з усіх бакоў, то сціхаў. Няхай. І на прыжмураныя вейкі, Нібы дрыготкую расу, Парывістым світальным ветрам Я зоркі ўсе твае страсу. Бураўкін.
2. Рэзкі, імклівы. Якімка робіць парывісты рух, каб вырвацца з багны, але яна не адпускае яго... Курто. // Нераўнамерны, які час ад часу ўзмацняецца або слабне. Кожны з трох адчуваў парывістае дыханне другога. Білі здавалася, што сэрца яго вось-вось выскачыць з грудзей. Лынькоў.
3. Які лёгка захапляецца; няўрымслівы. І ўсё ж натура .. [Пётры Сергіевіча], заўсёды сквапная да ўражанняў, парывістая, памкнулася ўслед. Ліс. [Лёля] стаяла разгубленая, нібы прырасла да долу, і трывожна глядзела.. [Слаўку] ўслед. Чаго ён сёння нейкі не такі, як заўсёды: узрушаны, парывісты, разкаваты?.. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)