КУЛІКО́Ў (Валерый Пятровіч) (н. 27.2.1949, в. Лотва Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1996), праф. (1999). Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы ін-т (1971), дзе і працуе. Навук. працы па даследаванні тэхнал. працэсаў зваркі і неразбуральным кантролі зварных злучэнняў.

Тв.:

Расчет намагничивающих устройств для магнитографической дефектоскопии (разам з АМ.Беляговым, АП.​Гарышавым) // Дефектоскопия. 1989. № 2;

Технология и оборудование сварки плавлением. Могилев, 1998.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ТАРГА (Сцяпан Сямёнавіч) (24.2.1805, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 7.5.1861),

вучоны-прыродазнавец, педагог і папулярызатар навукі. Брат М.С.Кутаргі. Д-р медыцыны (1832). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1832). У 1833—61 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1842—61 старшыня Пецярбургскага мінералагічнага т-ва. Навук. працы па заалогіі, геалогіі, палеанталогіі. Прапагандаваў вучэнне Ч.​Дарвіна. Склаў геал. карту Пецярбургскай губерні. Штогод К. і яго брат прыязджалі ў Мсціслаў, дзе вялі культ.-асв. работу.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧАРА́ВЫ (Віктар Дзмітрыевіч) (14.5.1898, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 12.2.1940),

Герой Сав. Саюза (1940). Удзельнік грамадз. вайны. Да 1939 на прафс. і сав. рабоце. У Чырв. Арміі з 1939, інструктар палітаддзела 8-й стралк. дывізіі, камісар батальёна, ст. палітрук. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. 12.2.1940 вызначыўся ў баі за населены пункт Кіркі-Муалаа. Асабістым прыкладам падняў байцоў у атаку, што вырашыла паспяховы зыход аперацыі. Загінуў у гэтым баі.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБКО́ВІЧЫ,

вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож, каля аўтадарогі Крычаў—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета. За 18 км на Пн ад горада і 13 км ад чыг. ст. Крычаў, 122 км ад Магілёва. 776 ж., 293 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі Лабковіцкае радовішча фасфарытаў.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ МАРЫІ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Дзейнічала ў 1899—1918. Падпарадкоўвалася ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі. У 1912 вучылася 560 дзяўчынак. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, ням. і франц. мовы, фізіка, матэматыка, гісторыя, педагогіка, заканазнаўства, прыродазнаўства, гігіена, рукадзелле і інш. Восенню 1915 эвакуіравана ў г. Прапойск (Слаўгарад) Магілёўскай губ. У гімназіі вучыліся артысткі Л.І.Ржэцкая, В.М.Пола.

Літ.:

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХЕ́ЕВА (Тамара Міхайлаўна) (н. 13.11.1938, в. Гарадзец Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі і альгалогіі. Д-р біял. н. (1992). Скончыла БДУ (1960), працуе ў ім. Навук. Працы па таксанамічнай разнастайнасці альгафлоры Беларусі, прадукцыйных магчымасцях фітапланктону ў водных экасістэмах, змене структуры і асаблівасцей функцыянавання фітапланктону пры эўтрафаванні вод.

Тв.:

Пико- и нанофитопланктон пресноводных экосистем. Мн., 1998 (у сааўт.);

Альгофлора Беларуси: Таксоном. кат.: Справ. пособие. Мн., 1999.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦАВА СЛАБАДА́,

вёска ў Казуліцкім с/с Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г.п. Кіраўск, 93 км ад Магілёва, 28 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 523 ж., 303 двары (2000). Цагельны і 3 асфальтавыя з-ды. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. У Вял. Айч. вайну партызаны разграмілі ў вёсцы ням.-фаш. гарнізон (гл. Пацаваслабодскі бой 1944).

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВО́ЗНІКАЎ (Мікіта Іосіфавіч) (27.1.1908, в. Чачэвічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.10.1966),

поўны кавалер ордэна Славы. Працаваў у органах НКУС. У Вял. Айч. вайну з лют. 1942 у партызанах, з 1944 на фронце. Пам. камандзіра ўзвода ст. сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы ў 1944 пры захопе варожых траншэй і прыкрыцці адыходу групы разведчыкаў, у 1945 у баі за г. Познань. Пасля вайны працаваў у нар. гаспадарцы.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІВАВА́РАЎ (Зяма Раманавіч) (Залман Рувімавіч; 5.6.1910, г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). З 1929 працаваў у Ленінградзе. З 1934 у газ. «Чырвоная змена». У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Лірыка двух нараджэнняў» (1934), у якім услаўленне працоўнага гераізму народа. Выступаў як тэатральны рэцэнзент. Перакладаў на бел. мову паасобныя творы А.​Пушкіна, З.​Аксельрода і інш.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКАЯ (Тамара Рыгораўна) (н. 27.5.1940, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. эстрадная спявачка. Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыла Мінскае муз. вучылішча (1971). З 1963 салістка Дзяржтэлерадыё Беларусі. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы лірычная задушэўнасць, мяккасць, цеплыня, пранікнёнасць. Аснову рэпертуару складаюць творы бел. кампазітараў. Першая выканаўца многіх песень Л.​Абеліёвіча, У.​Будніка, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, І.​Лучанка, У.​Прохарава, Ю.​Семянякі, Э.​Ханка.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)