ЛІ́ПНА,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 17 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 1,18 км², даўж. каля 3,9 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі каля 9 км. Пл. вадазбору 40 км². Паўн. ўсх. схілы катлавіны выш. 25—30 м (паўд.-зах. — 10—20 м), тэрасаваныя, парэзаныя ярамі глыб. 4—6 м, пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, у канцавых частках возера выш. іх да 0,2 м, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае. 4 астравы агульнай пл. 2,9 га, у паўн. ч. возера мелі. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 30 м. На ПнЗ выцякае ручай у воз. Ходцы, на схілах адзначаны крыніцы.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПНА,

возера на мяжы Ушацкага і Лепельскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,14 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд і ПнЗ да возера прымыкаюць балотныя масівы. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на Пд і ПнЗ забалочаныя. Дно возера мае некалькі ўпадзін глыб. 10—15 м. Востраў пл. 0,3 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей мул. Злучана на Пд пратокай з воз. Цеменіца, на ПнЗ сцёк па канале ў воз. Атолава.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 4 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,65 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 16,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пд да 9 м), у ніжняй ч. пад хмызняком, у верхняй разараныя, на Пн парослыя лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, на асобных участках да глыб. 2 м пясчанае. Зарастае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. Упадае ручай з воз. Круглік, выцякае ручай у воз. Дабееўскае.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЧЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 26 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,7 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 6,5 м. Пл. вадазбору 49,8 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м (на З і ПнУ 3—4 м), спадзістыя, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пд і Пн зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія (даўж. 5,6 км) звілістая, утварае шэраг невял. заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — ілістае. Эўтрофнае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці (шыр. 3—26 м, да глыб. 1,4—2 м). Упадае ручай з воз. Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́БА, Волаба,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 мзах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 18 км на Пд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 3,46 км², даўж. 3,4 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 11,7 км. Пл. вадазбору 744 км².

Схілы катлавіны выш. 4—8 м, на ПдЗ да 18 м, пераважна разараныя, у ніжняй ч. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, участкамі галечныя і камяністыя. Дно паўн. плёса плоскае, паўд. больш глыбокае, лейкападобнае са стромкімі схіламі. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае. У паўд. заліве востраў пл. 0,1 га. Шыр. паласы расліннасці да 100 м. Упадае ручай з воз. Канашы, злучана пратокай з воз. Зашчаты, сцёк па пратоцы ў воз. Суя.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІ́ЧНАЕ МО́РА,

цэнтральная частка Міжземнага м. паміж Балканскім і Апенінскім п-вамі, а-вамі Крыт і Сіцылія. Злучана на Пн пралівам Отранта з Адрыятычным м., на З Месінскім пралівам з Тырэнскім м. Пл. 169 тыс. км². Найб. глыб. 5121 м (найб. для Міжземнага м.). Берагі вельмі парэзаныя. Вял. залівы Патраікос, Карынфскі (Грэцыя), Таранта (Італія). На У — Іанічныя а-вы. Дно ў выглядзе катлавіны, донныя асадкі — пераважна глей, глеісты пясок, пясок, ракушачнік. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, скорасць каля 1 км/гадз. Т-ра вады ад 14 °C у лют. да 25,5 °C у жніўні. Салёнасць больш за 38 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (скумбрыя, чырвоны тунец, камбала, кефаль). Гал. парты: Патры, Керкіра (Корфу; Грэцыя), Таранта, Катанія (Італія).

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,

горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш. Пл. каля 1,6 млн. км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефу вял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)