1) абагульненне, лагічны пераход ад прыватнага да агульнага; падпарадкаванне прыватных з’яў агульнаму прынцыпу;
2) пашырэнне хваробатворнага працэсу па ўсім арганізме або органе.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЕ́БЕР ((Weber) Макс) (21.4.1864, г. Эрфурт, Германія — 14.7.1920),
нямецкі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Брат А.Вебера. Выкладаў у Фрэйбургскім, Гейдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. Напачатку даследаваў праблемы ідэнтыфікацыі эканам.з’яў мінулага, асэнсаванне якіх вёў на аснове сучаснага яму капіталіст. грамадства. Быў блізкі да неакантыянства, пазітывізму. Асноўнае ў яго сац. філасофіі — ідэя рацыянальнасці, якая знайшла сваё «спецыфічна заходняе» выяўленне ў сучасным бурж. грамадстве з яго рацыянальнай рэлігіяй (пратэстантызм), рацыянальнымі правам, кіраваннем (бюракратыя), грашовым абарачэннем і г.д., паслядоўна накіраванымі на дасягненне найб.эканам. эфектыўнасці. Канцэпцыя яго рацыянальнасці паўплывала на ўсю зах. немарксісцкую сац.-філас. думку 20 ст. Распрацаваў тэорыю паліт. арганізацыі грамадства. Гал. канфлікт паліт. жыцця грамадства бачыў у барацьбе паміж паліт. партыямі і бюракратычным апаратам, чыноўніцтвам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),
1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.
2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.
3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРАІ́ЗМ,
кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст.Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізму: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст.еўрап. цэнтрамі авераізму былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізму вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,
спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.М.Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.Ф.Пераверзеў, У.М.Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУНТ ((Wundt) Вільгельм) (16.8.1832, г. Мангейм, Германія — 31.8.1920),
нямецкі псіхолаг, фізіёлаг, філосаф, мовавед. Адзін са стваральнікаў эксперыментальнай псіхалогіі (у 1879 у Лейпцыгу заснаваў першую ў свеце лабараторыю эксперым. псіхалогіі, пазней пераўтвораны ў ін-т). Лічыў, што ў галіне свядомасці дзейнічае асаблівая псіхічная прычыннасць, а паводзіны вызначаюцца аперцэпцыяй. Вылучаў 3 ступені працэсу пазнання: пачуццёвае пазнанне паўсядзённага жыцця; разважнае пазнанне асобных навук, якія ўяўляюць сабой толькі розны пункт погляду на адзін і той жа прадмет даследавання; разумнае пазнанне — філас. сінтэз розных ведаў, якім займаецца «метафізіка». Прадмет метафізікі — быццё — вызначаў як сістэму духоўных, надзеленых воляй каштоўнасцей. Яго «Псіхалогія народаў» (т. 1—10, 1900—20) — адна з першых спроб даследавання этнапсіхалогіі — змяшчае псіхал. тлумачэнне міфаў, рэлігіі, мастацтва і інш.з’яў культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ДАМЕР ((Gadamer) Ганс Георг) (н. 11.2.1900, г. Марбург, Германія),
нямецкі філосаф, заснавальнік філас.герменеўтыкі. Скончыў Марбургскі ун-т (1922). З 1932 праф. філасофіі ў Лейпцыгу, у 1946—47 рэктар Лейпцыгскага ун-та, з 1949 праф. філасофіі ў Гайдэльбергу. У асн. працы «Ісціна і метад» (1960) абгрунтаваў канцэпцыю філас. герменеўтыкі, якую разглядаў не проста як метад гуманіт.навук. а як своеасаблівую анталогію, свайго роду філасофію разумення, што ўключала ўсю сукупнасць чалавечых ведаў пра свет і быццё. Выступаў супраць неапазітывісцкага, рацыянальнага метаду пазнання сац.з’яў і лічыў неабходным перайсці «ад навукі да свету жыцця». Ісціну не можа пазнаваць і абвяшчаць нехта адзін, толькі дыялог дапамагае прыйсці да яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІ ((Davy) Гемфры) (17.12.1778, г. Пензанс, Вялікабрытанія — 29.5.1829),
англійскі хімік і фізік, адзін з заснавальнікаў электрахіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1803), яго прэзідэнт (1820—27). З 1802 праф. Каралеўскага ін-та ў Лондане. Навук. працы па неарган. хіміі, электрахіміі, па высвятленні прыроды эл. і цеплавых з’яў. Адкрыў абязбольвальнае ўздзеянне закісу азоту (1799), хім. элемент бор (1808) незалежна ад Ж.Л.Гей-Люсака. Атрымаў электролізам солей і шчолачаў калій, натрый, кальцый, стронцый, барый, магній. Прапанаваў вадародную тэорыю кіслот (1815). Апісаў эл. дугу (1808—09), устанавіў залежнасць эл. супраціўлення правадніка ад яго папярочнага сячэння і даўжыні (1821). Сканструяваў бяспечную рудніковую лямпу (1815).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. 3 изд. Т. 1. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял.з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл.Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАРЧЭ́НЯ (Барыс Пятровіч) (н. 1.5.1928, г. Орша Віцебскай вобл.),
расійскі фізік. Акад.Рас.АН (1992; чл.-кар. 1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1952). З 1952 у Пецярбургскім фіз.-тэхн. ін-це, з 1972 адначасова ў Пецярбургскім эл.-тэхн. ін-це. Навук. працы па оптыцы, спектраскапіі і магнітаоптыцы паўправаднікоў, оптаэлектроніцы. Выявіў эфект асцыляцый магнітапаглынання ў паўправадніках (1956) і дыямагнітныя эксітоны (1968). Адкрыў шэраг з’яў, звязаных з уздзеяннем магн. і эл. палёў на спектры ў паўправадніках (разам з рас. фізікам Я.Ф.Гросам). Распрацаваў асновы новага кірунку ў фізіцы паўправаднікоў — аптычнай арыентацыі электронных і ядз. спінаў. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1976.
Тв.:
Фазовый переход металл — полупроводник и его применение. Л., 1979 (разам з А.А.Бугаевым, Ф.А.Чудноўскім).