прыта́чны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Вельмі зручны, выгадны для чаго‑н. (пра месца). — Мне здаецца, дзядзька Кірыла, у вас тут вельмі прытачнае месца, — сказаў Красуцкі, паказаўшы рукою на наваколле. Скрыган. [Я. Колас] піша П. Глебку ў маі 1937 года, што нагледзеў хату ў вельмі прытачным месцы: шмат жоўтага пяску і маладога хваёвага лесу. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыклі́чнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цыклічнага; чаргаванне. У «Гусляры» паэт [Я. Купала] авалодваў таксама кампазіцыяй, у аснове якой была цыклічнасць падзей, звязаных ці з земляробчай працай, ці са зменаю пор года. Лойка.

2. Сістэма арганізацыі вытворчасці, пры якой яна складаецца з вытворчых цыклаў, якія ажыццяўляюцца строга па графіку. Цыклічнасць вытворчасці. Графік цыклічнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЫЛЬ, капялюш,

мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.

Брылі: плецены з мятліцы (уверсе) і лямцавы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,

парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 85​1, 85​2).

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АРЛЫ́,

вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у басейне р. Вятліца (правы прыток Прыпяці), у меліярац. сістэме «Магільна», за 20 км на ПнУ ад г. Столін. Пл. 0,99 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,8 м, аб’ём вады 3,5 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,4 км. Наліўное, напаўняецца вадой з Бор-Дубянецкага канала ў час разводдзя і за кошт сцёку меліярац. каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,8 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, увільгатнення і арашэння зямель.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІ́ТЫ [ад геа... + ...фіт(ы)],

шматгадовыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення і запасныя пажыўныя рэчывы знаходзяцца ў органах (цыбулінах, карэнішчах, клубнях), захаваных у глебе, што дазваляе ім перажываць засушлівы або халодны перыяд года. Адна з жыццёвых формаў раслін; адносяцца да крыптафітаў. Да геафітаў належаць цыбульныя (цыбуля, цюльпан, нарцыс), карэнішчавыя (ландыш, спаржа, многія злакі і асокі), клубнецыбульныя (шафран і інш.), клубняносныя (бульба, батат і інш.). Часткі раслін, якія перажываюць неспрыяльныя ўмовы ў зімовы перыяд, ахаваны таксама ападам з адмерлых наземных органаў і снегам. Геафітаў найбольш у сухіх стэпах.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНІ́КА, маліна неская (Rubus nessensis),

кветкавая расліна сям ружавых. Пашырана ў Еўропе; на Беларусі — усюды. Трапляецца ў лясах, па берагах рэк. Нар. назва — дуброўка.

Паўкуст выш. 50—100 см з прамастойнымі сцёбламі. Знешне падобная да ажыны, адрозніваецца пладамі без шызага налёту і граністымі парасткамі першага года. Лісце пяціпальцае з прылісткамі, чаргаванае. На сцёблах і чаранках лісця пурпурова-чорныя шыпы. Кветкі буйныя, белыя, па 5—12 у шчытках. Плод — малінава-чорная шматкасцянка, ядомы (спажываюць у свежым выглядзе, гатуюць варэнне, джэмы, мармелады, сокі).

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНКРЭ́ ((Lancret) Нікала) (22.1.1690, Парыж — 14.9.1743),

французскі жывапісец, прадстаўнік ракако. Вучыўся ў П.​Дзюлена (да 1708), К.​Жыло (1712—18). Зазнаў уплыў А.Вато. З 1719 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. Аўтар вытанчаных галантных тэатр. і быт. сцэн, дэкар. пейзажаў, напісаных у мяккай жывапіснай манеры: «Канцэрт у парку», «Урок музыкі», «Танец», «Баль», «Вясковае вяселле» (1737), «Поры года» (1738) і інш. Партрэты распрацоўваў як жанравыя сцэны («Сям’я Бурбон-Канці»; «Танцоўшчыца Камарго», 1730). Ілюстраваў «Байкі» і «Казкі» Ж.​Лафантэна.

Н.Ланкрэ. Танцоўшчыца Камарго. 1730.

т. 9, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦ каляндарны, адзінка вымярэння прамежкаў часу ў розных каляндарных сістэмах.

Адрозніваюць М.: сінадычны (29,5306 сут) — перыяд змен фаз Месяца; сідэрычны (27,3217 сут) — перыяд абарачэння Месяца вакол Зямлі адносна зорак, трапічны (27,3216 сут) — перыяд вяртання Месяца да той самай даўгаты, анамалістычны (27,5546 сут) — прамежак часу, за які Месяц паслядоўна праходзіць праз перыгей сваёй арбіты; драканічны (27,2122 сут) — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Месяца праз адзін і той жа вузел сваёй арбіты. Гл. таксама Год, Каляндар і арт. пра асобныя месяцы года.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кварта́л

(польск. kwartał, ад с.лац. quartalis)

1) частка тэрыторыі горада- абмежаваная з чатырох бакоў вуліцамі;

2) чацвёртая частка года (3 месяцы);

3) адзін з квадратных участкаў, на якія разбіваецца лес.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)