ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),
1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.Хобсана «Імперыялізм» (1902).
2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.Баўэра (Аўстрыя), Р.Гільфердынга, Р.Люксембург (Германія), У.І.Леніна, М.І.Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл.Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.
3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам. кантролю над інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),
сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл.Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, які павінен быць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар. дагаворы (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Карл) (13.8. 1871, г. Лейпцыг, Германія — 15.1.1919),
дзеяч герм. і міжнар.сацыяліст. руху. Сын В.Лібкнехта. Адвакат. З 1900 член С.-д. партыі Германіі. Адзін з заснавальнікаў (1907) і старшыня (да 1910) Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. У 1908—16 чл. палаты дэпутатаў Прусіі. У 1912—16 дэп. рэйхстага (выключаны ў студз. 1916), у якім у час 1-й сусв. вайны ў снеж. 1914 і жн. 1915 адзіны з сацыял-дэмакратаў галасаваў супраць ваен. крэдытаў. У 1916 адзін з заснавальнікаў групы «Спартак» (з ліст. 1918 «Спартака саюз»). За антыўрадавыя і антываен. выступленні зняволены. У кастр. 1918 вызвалены. У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 абвясціў Германію «свабоднай сацыялістычнай рэспублікай». Адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Германіі. Аўтар брашуры «Мілітарызм і антымілітарызм» (1907; за яе прыгавораны да зняволення ў крэпасці), працы «Класавая барацьба супраць вайны» (1919) і інш. Забіты разам з Р.Люксембург у Берліне паліт. праціўнікамі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. речи, письма и статьи. М., 1961;
Мысли об искусстве. Трактат, статьи, речи, письма. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл.Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл.Залатая Арда), Хулагу-хана (гл.Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1944,
нацыянальнае антыфаш. паўстанне рум. народа, у ходзе якога скінута дыктатура І.Антанеску. Летам 1943 па ініцыятыве камуніст. партыі Румыніі (КПР) быў створаны патрыят. антыгітлераўскі фронт. Вясной 1944 дасягнута пагадненне пра адзінства дзеянняў камуністаў і сацыял-дэмакратаў; 20.7.1944 падпісаны дагавор пра стварэнне нац.-дэмакр. блока — часовай паліт. кааліцыі нац.-ліберальнай, нац.-царанісцкай, камуніст. і с.-д. партый з мэтай ліквідацыі існуючага рэжыму і выхаду Румыніі з блока фаш. дзяржаў, створаны Ваен.к-т. Кансалідацыя партый спрыяла прыцягненню да барацьбы значных паліт. сіл краіны: ствараліся патрыят. атрады, вялася адпаведная работа ў арміі. Вызваленчая барацьба актывізавалася пасля паспяхова праведзенай Чырв. Арміяй Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. 23.8.1944 паўстанцы выступілі адкрыта. Кароль Міхай падтрымаў паўстанне і санкцыяніраваў арышт дыктатара Антанеску 24 жн. Румынія спыніла ваен. дзеянні супраць антыгітлераўскай кааліцыі, атрады паўстанцаў і армейскія часці распачалі ваен. дзеянні супраць ням. войск у Бухарэсце, у даліне Прахавы і інш. раёнах. З уступленнем у Бухарэст Чырв. Арміі (31 жн.) паўстанне канчаткова перамагло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЭ́СТА (італьян. podestá ад лац. potestas улада),
кіраўнік выканаўчай і суд. улады ў італьянскіх гарадах-камунах у 12 — пач. 16 ст. Выбіраўся з іншагародніх жыхароў на тэрмін ад 6 мес. да 1 года. У 2-й пал. 12 ст. імператар Фрыдрых I Барбароса прысвоіў сабе права прызначэння П., ператварыўшы яго ў прадстаўніка імператарскай улады. Пасля бітвы каля Леньяна (1176) гарады зноў самі выбіралі П. У сярэдзіне 13 ст. паспяховая барацьба папаланаў з патрыцыятам прывяла ў шэрагу гарадоў (Балоння, Фларэнцыя, Сіена і інш.) да аслаблення ўлады П. на карысць нар. капітанаў. У 14—15 ст. П. мелі толькі юрыд. функцыі, у пач. 16 ст. іх замянілі калегіі суддзяў. У некаторых буйных сярэдневяковых гарадах-дзяржавах Італіі (Фларэнцыя, Венецыя, Генуя) П. называлі прадстаўнікоў падуладных гарадоў, якія прызначаліся цэнтр. уладай. У час фаш. дыктатуры ў Італіі ў гарадах была ўведзена (1926) вышэйшая адм. пасада П., якую займалі па прызначэнні ўрада. У 1946 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ Ў ЛІТВЕ́, ППС на Літве (Polska partia socjalistyczna na Litwie, PPS na Litwie),
сацыялістычная партыя ў Літве і Зах. Беларусі рэв.-народніцкай арыентацыі ў 1902—06. Узнікла ў вер. 1902 з мясц. груп Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Адзін з яе стваральнікаў і кіраўнікоў П.І.Шумаў. Кіруючы орган — Літ. рабочы к-т (знаходзіўся ў Гродне). У пач. 1906 мела арг-цыі ў Вільні, Беластоку, Гродне, Брэсце, Коўне, Панявежы, Сувалках і Бельску. Друкаваны орган — газ. «Walka» («Барацьба»), Ставіла за мэту аб’яднаць мясц.рэв. групы ў краёвую дэцэнтралізаваную партыю. Патрабавала самастойнасці Літвы — Беларусі з устаноўчым сходам у Вільні, агульным для ўсіх народаў краю. Заклікала да звяржэння царызму, заваявання рэв. шляхам рэсп.-дэмакр. ладу, устанаўлення федэратыўных адносін Літвы—Беларусі з інш. часткамі Расіі. У чэрв. 1906 парвала арганізац. сувязь з ППС, перайменавалася ў С.-д. партыю Літвы (СДПЛ) і ў кастр. 1906 аб’ядналася з Літ.с.-д. партыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НА-ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ,
адна з першых агульнаадук. вышэйшых навуч. устаноў у Расіі. Засн. ў Маскве ў 1687 па ініцыятыве Сімяона Полацкага, наз. Эліна-грэч. акадэміяй або Славяна-грэка-лац. вучылішчам. Размяшчалася ў Заіканаспаскім манастыры. Першыя кіраўнікі і выкладчыкі — грэкі-манахі, д-ры Падуанскага ун-та браты Іаанікій і Сафроній Ліхуды. Рыхтавала святароў, перакладчыкаў, рэдактараў кніг, выкладчыкаў. У межах акадэміі ажыццяўляліся рэцэнзаванне духоўных кніг, выпраўленне слав. перакладу Бібліі, барацьба з ератыкамі і вераадступнікамі. У 17 ст. выкладаліся слав., грэч. і лац. мовы, «сем вольных мастацтваў» і багаслоўе. З 18 ст. курс навучання пашырыўся (ням. і франц. мовы, медыцына, фізіка). У 1701 акадэмія перайменавана ў Славяна-лацінскую, у 1775 — у С.-г.-л.а. У 1814 пераўтворана ў Маскоўскую духоўную акадэмію і пераведзена ў Троіца-Сергіеву лаўру. У акадэміі вучыліся многія вядомыя дзеячы рус. культуры 17—18 ст., у т. л. М.В.Ламаносаў, А.Дз.Кантэмір, В.К.Традзьякоўскі, першы рус.д-р медыцыны П.В.Поснікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫЯ,
старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.
У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв.барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.
Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт.Вавілона-Асірыйская культура.
Да арт.Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.
эканам.барацьба паміж вытворцамі (прадаўцамі) тавараў, а ў агульным выпадку — паміж любымі эканам., рыначнымі суб’ектамі; саперніцтва за долю рынку і прыбытку. К. — гэта цывілізаваная легалізаваная форма барацьбы за існаванне і адзін з найб. дзейсных механізмаў адбору і рэгулявання рыначнай эканомікі. К. і інтэграцыя ствараюць дыялектычнае адзінства, пастаянна дапаўняюць адна адну і процістаяць адна адной. Можа быць унутрыгаліновая (прадметная, міжфірменная) і міжгаліновая. Унутрыгаліновая К. вядзецца паміж аналагічнымі таварамі, якія задавальняюць адну і тую ж патрэбу, але адрозніваюцца цаной, якасцю, асартыментам. Пры міжгаліновай К. ў барацьбу ўключаюцца суб’екты рынку і тавары розных галін, якія задавальняюць патрэбы рознымі спосабамі (напр., тавары для спорту, турызму, адпачынку). У гэтым выпадку барацьба ідзе за плацежаздольны попыт насельніцтва. Такі від К. наз. таксама функцыянальным. Цэнавая К. прадугледжвае продаж тавараў або прапанову паслуг па больш нізкіх цэнах, чым іншыя канкурэнты. Няцэнавая К. — прапанова тавараў больш высокай якасці, больш шырокага асартыменту. Асаблівае значэнне маюць эканамічнасць і эстэт. паказчыкі прадукцыі, яе бяспечнасць. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў рынку адрозніваюць К. дасканалую (чыстую, ідэальную, сустракаецца рэдка), і недасканалую. Дасканалая К. вядзецца з мноствам падобнага, узаемазамяняльнага тавару, прычым ні адна асобная група не можа ўплываць на кошт і маштабы продажу тавараў. Манапалістычная К. вядзецца з вял. колькасцю прадаўцоў і пакупнікоў пры значнай разнастайнасці тавараў (прадаюцца па розных цэнах); алігапалістычная К. — з невял. колькасцю буйных прадаўцоў, здольных уплываць на цэны тавараў. Пра недасканалую К. або неканкурэнтны рынак размова ідзе тады, калі пакупнікі або прадаўцы маюць магчымасць уздзейнічаць на рыначную цану. Ва ўмовах жорсткай канкурэнтнай барацьбы мае месца н я добрасумленная К., якая выяўляецца ў парушэнні прынятых на рынку правіл і норм, у дэзінфармацыі пра годнасць тавару, выкарыстанні чужога таварнага знака, фірменнай назвы, маркіроўкі, у тайных змовах на таргах і інш. К. выступае абавязковай умовай дынамічнага і эфектыўнага развіцця міжнар.гасп. сувязей, паскарэння эканам. інтэграцыі. У сучасных інтэграцыйных працэсах высокая канкурэнтная здольнасць прадукцыі з’яўляецца фактарам эканам. незалежнасці і бяспекі краіны, забяспечвае станоўчую дынаміку экспарту, садзейнічае поспеху ў саперніцтве з замежнымі таварамі на знешнім рынку, а таксама росту эканам. патэнцыялу дзяржавы.