Бурдзі́ла ’высокі тоўсты чалавек’ (Бяльк.). Відавочна, утварэнне з суфіксам ‑(і)ла (< *‑(i)dlo) ад дзеяслова тыпу бурдзе́ць (параўн. рус. бурде́ть ’бурчаць’), гукапераймальнага паходжання, аснова якога бурд‑ дала шмат вытворных. Гл. бурды́к!, бурды́ц!, бурды́хнуцца, бурды́ль і г. д. Не выключаецца, аднак, і сувязь з бу́рды (рус. дыял.) ’другі падбародак’ (гл. бурда 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Датла́ ’датла, зусім’ (БРС). Параўн. укр. дотла́, славац. do tla. У аснове ляжыць спалучэнне *do з словам *tьlo ’аснова, зямля’: укр. тло, ст.-рус. тьло, серб.-харв. тле̏, польск. tło і г. д. (прасл. *tьlo; аб далейшых сувязях гл. у Фасмера, 4, 65). Параўн. таксама Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 178.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дзя́цел ’дзяцел’. Параўн. рус. дя́тел, укр. дя́тел, польск. dzięcioł, ст.-чэш. dětel, серб.-харв. дје̏тао, балг. де́тел. Прасл. *dętetъ. Утварэнне суфіксам ‑tel‑. Дзеяслоўная аснова, ад якой утворана назва, праблематычная (*delb‑ або *dьlb‑: літаральна ’той, які доўбае’). Параўн. Фасмер, 1, 562; Бернекер, 1, 190–191; Трубачоў, Эт. сл., 5, 27–28.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паста́мант ’тая частка малатарні, дзе малоціцца збожжа’ (КЭС, лаг.), пасту́мант, пасту́мэнт ’каркас плуга, калаўрота’ (шальч., шчуч., Сл. ПЗБ; смарг., Шатал.), ’аснова печы’ (шальч., ваўк., Сл. ПЗБ). З польск. postument ’пастамент’ (Мацкевіч, там жа. З, 436), якое з с.-лац. postumentum ’фундамент (помніка, статуі)’; ‑та‑ замест ‑ту‑ пад уплывам слова стаяць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл. Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).
У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.
т. 1, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНІЗА́ЦЫЯ,
выяўленне танальна-функцыянальнай сутнасці пэўнай мелодыі і суправаджэнне яе адпаведнымі акордамі. Гал. прынцыпы гарманізацыі (функцыі акордаў, ладава-танальныя адхіленні, мадуляцыі і інш.) вызначаюцца ладава-інтанацыйнай будовай самой мелодыі. Пэўная мелодыя можа быць гарманізавана па-рознаму (гарманічнае вар’іраванне), што з’яўляецца вынікам яе разнастайнай маст. інтэрпрэтацыі Гарманічнае вар’іраванне ў межах пэўнай муз. структуры — фактар развіцця, абнаўлення музыкі. Гарманізацыя раскрывае не толькі багацце мелодыі, але і магчымасці гармоніі, яе ўплыў на розныя сродкі муз. выразнасці, што відавочна ў разнастайных транскрыпцыях, парафразах, фантазіях, варыяцыях. Асаблівае значэнне мае гарманізацыя нар. мелодый. Калі пры гарманізацыі нар. мелодыі адбываецца поліфанізацыя фактуры і ў параўнанні з першакрыніцай ускладняецца муз. форма шляхам выкарыстання пэўных кампазіцыйных прыёмаў, больш правамерна гаварыць пра апрацоўку нар. мелодыі, чым пра ўласна гарманізацыю, хоць часта гэтыя тэрміны атаясамліваюць. Гарманізацыя мелодый (рашэнне гарманічных задач) — аснова навучання ў курсе практычнай гармоніі.
Т.А.Дубкова.
т. 5, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗНАВО́ДСК,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, на паўд. схілах г. Жалезная, на выш. 600—630 м, за 5 км ад чыг. ст. Бештау. Засн. ў 1842, горад з 1917. 29,4 тыс. ж. (1992). Пяцігорскі НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі. Арх. помнікі: Астроўскія ванны (канец 19 ст.), дача бухарскага эміра і Пушкінская галерэя (пач. 20 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам. Аснова курортных рэсурсаў — мінер. воды, радовішчы якіх эксплуатуюцца з 19 ст. (больш за 20 крыніц рознай ступені тэрмальнасці, у т. л. радонавыя), сульфідныя глеевыя гразі Тамбуканскага воз. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, печані, жоўцевых шляхоў, нырак, мочавывадной сістэмы. Працуе каля 20 санаторыяў. Ва ўсх. ч. курортнай зоны парк (1825), ніжнія і верхнія тэрасы якога звязаны каскаднай лесвіцай, упрыгожанай фантанамі і вадаёмамі (1932—37).
т. 6, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ у біялогіі,
уласцівасць жывых арганізмаў існаваць у розных формах (варыянтах); адзін з найб. важных фактараў эвалюцыі. Можа праяўляцца ў асобных арганізмах, клетках у працэсе індывід. развіцця або ў межах групы арганізмаў у шэрагу пакаленняў пры размнажэнні. Па механізмах узнікнення і характары змянення прыкмет адрозніваюць некалькі тыпаў З. Спадчынная З. (генатыпічная) абумоўлена ўзнікненнем новых генатыпаў у выніку мутацый або перакамбінацыі алеляў, што прыводзіць да змянення фенатыпу; аснова селекцыі. Няспадчынная З. (мадыфікацыйная) — вынік змяненняў фенатыпу пад уздзеяннем умоў існавання арганізма, без змены генатыпу (гл. Мадыфікацыя, Фенакопія). Антагенетычная З., у т. л. ўзроставая — заканамерныя змяненні ў ходзе індывід. развіцця арганізма. Палавая З. звязана з адрозненнем асобін рознага полу. Індывідуальная З. (паліморфная) — наяўнасць індывід. адрозненняў арганізмаў аднаго віду незалежна ад узросту і полу. Міжпапуляцыйная З. звязана з асаблівасцямі генатыпу і фенатыпу розных папуляцый аднаго віду.
В.В.Грычык.
т. 7, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.
У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».
Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац. алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).
Літ.:
Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.
т. 9, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЯ МО́ВА,
адна з балтыйскіх моў. Пашырана пераважна ў Літве. Вылучаюць 2 групы гаворак: верхнелітоўскія (аўкштайцкія) і ніжнелітоўскія (жэмайцкія). Аснова літаратурнай Л.м. — сярэднеаўкштайцкі дыялект. У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, толькі кароткія зычныя, 6 дыфтонгаў, 2 трыфтонгі, рухомы танічны націск; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), 5 скланенняў, 7 склонаў, прыметнікі 3 родаў, 4 часы дзеясловаў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, дапаўненне пры непераходных дзеясловах. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. графікі. Літаратурная мова склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У літаратурнай мове і гаворках ёсць беларусізмы «abrakas» («аброк»), «guzas» («гуж»), у бел. мове адпаведна — літуанізмы, пераважна лексічныя («парсюк», «пуня»), а таксама сінтаксічныя — дзеепрыслоўе ў ролі простага выказніка («каровы пад’еўшы») і інш.
Літ.:
Грамматика литовского языка. Вильнюс, 1985.
У.М.Свяжынскі.
т. 9, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)