БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш. Найб. пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.
М.П.Савік.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЫ́,
рагавыя ніткападобныя ўтварэнні скуры чалавека і млекакормячых. Сукупнасць валасоў утварае валасяное покрыва скуры, якое ахоўвае яе паверхню ад пашкоджанняў і ахаладжэння. Валасы бываюць накіроўныя, пуховыя і прыкметныя (вібрысы). Волас складаецца са стрыжня (выступае над скурай) і кораня, размешчанага ў скуры і акружанага валасяным фалікулам. На канцы фалікула — цыбулінка, у якую ўрастае злучальны валасяны сасочак з крывяноснымі сасудамі. Валасы маюць пігменты, ад якіх залежыць іх афарбоўка. У некаторых жывёл валасы сталі шчаціннем (свінні), калючкамі (вожыкі), у жывёл з патоўшчаным эпідэрмісам (сланы, насарогі) ці моцна развітым тлушчавым слоем (кіты) — рэдукаваныя. У чалавека да 8 месяцаў ва ўлонні маці цела ўкрыта першаснымі (плоднымі) валасамі. Скорасць іх росту ў нованароджаных 0,2 мм за суткі, пазней да 0,3—5 мм за суткі. У дарослых у залежнасці ад участка цела колькасць валасоў на 1 см² ад 40 да 880. На іх рост уплываюць агульны стан арганізма, фіз. фактары, гармоны. На працягу жыцця арганізма валасы абнаўляюцца (у чалавека без пэўнага рытму, у жывёл перыядычна — лінька). Пры інфекцыях і розных парушэннях у арганізме ўзнікаюць валасоў хваробы.
А.С.Леанцюк.
т. 3, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,
раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.
Э.В.Крупнова.
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цыбу́ліна, ‑ы, ж.
1. Патоўшчаная, звычайна падземная, частка сцябла некаторых раслін. Цыбуліна цюльпана. Цыбуліна лілеі.
2. Галоўка цыбулі. Маці адрэзала лусту хлеба, дастала цыбуліну, загарнула ў паперку крыху солі і ўсё гэта паклала ў торбачку. Гамолка.
3. Расшыраная частка некаторых органаў, частак арганізма. Цыбуліна аорты. Цыбуліна воласа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АТАВІ́ЗМ (ад лац. atavus аддалены продак),
рэверсія, з’яўленне ў арганізмаў прыкмет, уласцівых іх далёкім продкам. Прыклады атавізму ў чалавека — хвастападобны прыдатак, суцэльнае валасяное покрыва на целе, дадатковыя пары малочных залоз і гэтак далей; у жывёл — трохпальцавасць у коней, рагатае патомства ў камолых парод авечак і інш. Асобныя прыкметы атавізму (напр., незарастанне перадсэрдзевай перагародкі сэрца і інш.) могуць стаць асновай для паталагічных змен або перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню арганізма.
т. 2, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІ́ЛЫ [ад бія... + ...філ(ы)],
хімічныя элементы і рэчывы, здольныя акумулявацца ў жывых арганізмах у значна большых колькасцях, чым у навакольным асяроддзі (цынк, кісларод, фосфар і інш. элементы, многія пестыцыды). Часта канцэнтрацыя (каэфіцыент біялагічнага назапашвання) біяфілаў у жывых арганізмах у дзесяткі, сотні і тысячы (сотні тысяч) разоў большая, чым у асяроддзі. Павышанае назапашванне біяфілаў у арганізме прыводзіць да ўзнікнення таксікозаў, нават да гібелі арганізма. Гл. таксама Біялагічнае ўзмацненне.
т. 3, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДО́ТЫ (грэч. antidoton літар. які даецца супраць),
проціяддзе, лекавыя сродкі пры атручэнні ядамі, таксінамі, атрутнымі рэчывамі (АР); спецыфічныя прафілактычныя сродкі. Антыдоты дзейнічаюць па-рознаму: прадухіляюць паступленне АР, таксінаў, ядаў у кроў; абумоўліваюць дэтаксікацыю ядаў у арганізме; забяспечваюць папаўненне біягенных рэчываў, якія страчаны пры хранічных інтаксікацыях; спрыяюць вывядзенню ядаў ці таксінаў з арганізма. Раслінныя антыдоты надаюць устойлівасць раслінам да гербіцыдаў і павялічваюць выбіральнасць і эфектыўнасць апошніх.
т. 1, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВІСЕ́КЦЫЯ (ад лац. vivus жывы + sectio рассячэнне),
жывасячэнне, аперацыя на жывой жывёле з мэтай мед. і фізіял. даследаванняў, вывучэння функцый арганізма, прычын захворвання, дзеяння розных рэчываў на арганізм; распрацоўка метадаў хірург. лячэння і інш. Даследаванне вядзецца ў час самой аперацыі (востры дослед), напр. пры раздражненні, перасадцы або выдаленні якога-н. органа, або аперацыя з’яўляецца толькі падрыхтоўкай для далейшых даследаванняў (хранічны дослед). Пры вівісекцыі абавязкова выкарыстоўваюцца наркатычныя сродкі.
т. 4, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ХВАРО́БА, горная хвароба,
паталагічны стан арганізма, абумоўлены знаходжаннем у разрэджаным паветры на вял. вышынях; у дачыненні выпадкаў знаходжання ў горных мясцовасцях наз. горнай хваробай. Развіваецца як вынік кіслароднага галадання (гл. Гіпаксія). Выяўляецца задышкай, сэрцабіццем, галавакружэннем, пачашчэннем пульсу, галаўным болем, мышачнай слабасцю, шумам у вушах, насавымі крывацёкамі, магчымыя парушэнні сардэчнай дзейнасці і страта прытомнасці. Лячэнне: паступовы спуск з вышыні, кісларод, тэрапеўтычныя прэпараты — абязбольвальныя, узбуджальныя.
т. 4, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ГАНГРЭ́НА, анаэробная інфекцыя, злаякасны ацёк, кластрыдыяльны міязіт,
цяжкая вострая інфекцыйная хвароба ад пападання ў раны патагенных анаэробаў з роду Clostridium. Мікробы выдзяляюць экзатаксіны і ферменты, якія абумоўліваюць запаленне падскурнай клятчаткі, асабліва мышцаў, а таксама інтаксікацыю арганізма. Найчасцей узнікае на нагах у параненых або як ускладненне адкрытай траўмы. Прыкметы: прагрэсіруючы ацёк, газаўтварэнне ў тканках, некроз. Лячэнне: хірург. апрацоўка ран, супрацьгангрэнозная сываратка, антыбактэрыяльныя прэпараты, у цяжкіх выпадках — ампутацыя.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)