палі́тыка

[гр. politike (techne) = уменне кіраваць дзяржавай]

1) дзейнасць органаў дзяржаўнай улады, партый, грамадскіх груп у галіне ўнутрыдзяржаўнага кіравання і міжнародных адносін, адпаведная іх інтарэсам і мэтам (напр. п. мірнага суіснавання);

2) сукупнасць пытанняў і падзей унутранага і міжнароднага грамадскага жыцця;

3) характар чыіх-н. паводзін, накіраваны на дасягненне пэўнай мэты (напр. мне твая п. вядома).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.М.Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.В.Гумянецкі, У.М.Макараў, С.А.Савік.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца ​1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).

2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.

3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.

•••

Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́сце, ‑я, н.

1. Рух, паход куды‑н. паводле якога‑н. звычаю, урачыстасці і пад. [Людзі], не звяртаючы на нас увагі, прадаўжалі сваё шэсце. Няхай. Нарэшце паказаліся гордыя бела-блакітныя сцягі і раўнюткія рады фізкультурнікаў, якія замыкалі святочнае шэсце. Карпаў. Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч. Па насыпу.. рухаецца нечаканае шэсце. Жанчыну ў стракатым плацці кожны пазнае адразу.. Следам за ёю шыбуюць Грушаль і сяржант міліцыі. Савіцкі. Захарчанка ехаў конна з левага боку атары. Замыкалі шэсце Паўлік і Мікешка. Беразняк. / у перан. ужыв. Сонца толькі пачынае сваё шэсце, яно ўжо недзе купаецца прам[я]нямі далёка ў росным лесе. Пестрак.

2. перан. Развіццё чаго‑н. Пераможнае шэсце нафтахіміі стала магчыма дзякуючы .. павелічэнню вырабу высакаякаснага бензіну. «Полымя». Камунізм пачаў сваё пераможнае шэсце ва ўсіх сферах людскіх адносін. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́кцыя

(фр. reaction, ад лац. re- = супраць + actio = дзеянне)

1) дзеянне ў адказ на знешняе раздражненне, уздзеянне (напр. р. вока на святло);

2) выяўленне сваіх адносін да дзеяння, выказвання каго-н. (напр. р. на крытыку);

3) рэзкая змена ў настроі, спад пасля нервовага ўзбуджэння;

4) фізічнае або хімічнае ўзаемадзеянне паміж рэчывамі (напр. ланцуговая р.);

5) палітыка актыўнага супраціўлення грамадскаму прагрэсу і падаўлення рэвалюцыйнага руху.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ,

цывільнае грамадства, сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.Лок, Г.Гегель, Ж.Ж.Русо, І.Кант, Ш.Л.Мантэск’ё, Т.Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, А.Волана, І.Страйноўскага, Ф.Багушэвіча і інш. Паводле К.Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.

Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д. Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.

Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.

Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

Літ.:

Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч. М., 1988. Т. 3;

Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;

Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;

Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 5, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пача́так I, -тку м.

1. в разн. знач. нача́ло; ср.;

п. шля́ху — нача́ло пути́;

браць п. — брать нача́ло;

палажы́ць п. — положи́ть нача́ло;

у ~тку го́да — в нача́ле го́да;

арганізу́ючы п. — организу́ющее нача́ло;

2. перен. зача́тки мн.;

п. но́вых адно́сін — зача́тки но́вых отноше́ний;

3. только мн. нача́тки;

~ткі арыфме́тыкі — нача́тки арифме́тики;

з ~ку да канца́ — с нача́ла до конца́;

з са́мага ~тку — с са́мого нача́ла

пача́так II, -тка м. поча́ток;

кукуру́зныя ~ткі — кукуру́зные поча́тки

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.А.Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.А.Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫГА́ДА ВЫТВО́РЧАЯ,

калектыў рабочых прадпрыемства, які сумесна выконвае адзінае вытв. заданне і нясе агульную адказнасць за вынікі работы; першасная ячэйка прац. калектыву. Брыгады вытворчыя бываюць: спецыялізаваныя (аб’ядноўваюць рабочых адной прафесіі, напр., брыгада слесараў), комплексныя (аб’ядноўваюць рабочых розных прафесій, для выканання асобных работ ці аперацый у іх складзе могуць стварацца спецыялізаваныя звенні), зменныя (ствараюцца з рабочых адной змены) і скразныя (аб’ядноўваюць рабочых, занятых у некалькіх зменах). Кіруе брыгадай вытворчай брыгадзір, які прызначаецца з членаў брыгады і, як правіла, не вызваляецца ад асн. вытв. работы. Найб. пашыраная форма аплаты працы рабочых брыгады вытворчай — здзельная заработная плата, якая размяркоўваецца паміж членамі брыгады з улікам адпрацаванага кожным рабочага часу і тарыфнага разраду. Для павышэння калект. зацікаўленасці і больш эфектыўнага выкарыстання прац., матэр. і фін. сродкаў брыгады вытворчай пераходзяць на брыгадны падрад: заключаюць дагавор з адміністрацыяй, паводле якога брыгадзе перадаецца частка маёмасці прадпрыемства, устанаўліваюцца вытв. заданні; заробленыя грошы размяркоўваюцца паміж членамі брыгады паводле прац. ўкладу кожнага, а пры калект. згодзе — з выкарыстаннем каэфіцыента прац. ўдзелу. З пашырэннем арэндных адносін брыгадна-падрадная форма арганізацыі і аплаты працы перарасла ў арэндны падрад.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТ, побыт,

пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)