Дуле́ць ’пыліць (у час красавання збажыны); гарэць без полымя, тлець’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. dulė́ti ’трухлець, тлець’. Але параўн. рус. дыял. смал. дуле́ть ’гарэць, тлець, гнісці’ (Трубачоў, Эт. сл., 5, 154, зыходзіць з прасл. *dulěti, а Фасмер, 1, 551, рус. дуле́ть ’гніць’ звязвае з рус. дуль ’дупло’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зу́рзаць, зурзець, зурзіць ’бубніць, бурчаць’, зу́рза ’буркун, плакса’, зу́рзала ’плакса’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. (?) дыял. zur‑zać ’пішчаць, капрызіць’ («з Літвы», Карловіч). З літ. zúrza ’буркун’, zur̃zti ’гусці’ гукапераймальнага паходжання (Фрэнкель, 1280, 1281). Сл. паўн.-зах., 2, 330; Лаўчутэ, Сл. балт., 66. Зурзала на бел. глебе з суф. ‑л‑а ад дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пашпэ́ціць ’сцягнуць, паморшчыць’ (ваўк., Сцяшк. Сл.). Да па- і шпэціць ’рабіць непрыгожым, брыдкім’ < польск. szpecić ’псаваць выгляд, брыдзіць’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 498), (o)szpacić < HHM. Spath (Брукнер, 553). Махэк₂ (620) жа звязвае чэш. špatny (з першасным значэннем ’слабы’) паходжаннем з літ. pešti, pentii ’знясільвацца, стамляцца’, да якога дадавалася ўзмацняльная прыстаўка s-.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раскарані́цца ’абзавесціся сям’ёй’ (Сл. ПЗБ). Відаць, ад карані́цца ’разрастацца, укараняцца’, параўн. ст.-бел. корень, якое акрамя значэння ’корань’, мела таксама значэнне ’племя, род’ (Ст.-бел. лексікон). Важна адзначыць, што роднасная форма літ. *keróti значыць не толькі ’пускаць карані’, але і ’разрастацца ўшыркі’, ’выпускаць новыя галіны (пра наземную частку дрэва, куста)’. Гл. ко́рань.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́звы, рі́звый ’хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), рэ́зву ’бойкі, смелы’ (ТС). Укр. різвий, рус. резвый, польск. rzeźwy. Прасл. дыял. *rězvъ ’рэзкі, энергічны’, несумніўна, звязана з *rězati (гл. рэзаць); у аснове, магчыма, больш ранні прыметнік *rězъ ’рэзкі’, роднасны літ. raižús ’рэзкі’; наяўнасць ‑vъ звязана з прыналежнасцю прыметніка да асновы на ‑ŭ‑ (Борысь, 534–535).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слявя́да ‘дакучлівы чалавек’ (Сцяшк.; карэліц., З нар. сл.), ‘хто слабасільны’ (баран., Сл. ПЗБ), ‘пра чалавека, які нудна і доўга гаворыць’ (стаўб., Жыв. сл.), слявя́дзіць ‘доўга і нудна гаварыць’ (там жа), слябядзі́ць ‘сачыць’ (Сл. рэг. лекс.). Да лебядзіць (гл.). Збліжэнне з літ. šlavė́dra, šlevė́dra ‘распутны чалавек, бадзяга, прайдзісвет’ (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 132) сумніўнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаме́ска ‘сталярская прылада з пляскатым тонкім долатам’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк.), стама́йза ‘тс’ (Сл. Брэс.), штама́йза ‘тс’ (Скарбы). Рус. стаме́ска, стаме́зка ‘тс’. Запазычанне з н.-ням. stemmîzṇ або нова-в.-ням. Stemmeisen ‘долата’; гл. Фасмер, 3, 744 з літ-рай. Для стаме́ска магчыма рускае пасрэдніцтва; стама́йза, штамайза, відаць, непасрэдна з нова-в.-ням.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сці́пры ’шчыльны, сціснуты, збіты’, ’моцны, цвёрды, трывалы’ (Ласт.). Паводле Ластоўскага (там жа, 448), у выніку кантамінацыі сціслы і сперты (гл. перці), што малаверагодна; хутчэй з літ. stiprùs ’моцны, цвёрды, трывалы’, старое stìpras ’моцны; мужны’, лат. stiprs ’моцны’, адносна якіх гл. Смачынскі, 604. Фіксацыя толькі ў слоўніку Ластоўскага можа сведчыць ігра штучнае ўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таз ’шырокая пасудзіна, мядніца’ (ТСБМ), ’вялікая міска’ (Сцяшк., Бяльк.), ’гаршчок’ (Вруб.). Запазычана, хутчэй за ўсё, праз рускую з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. tas ’міска’, дзе з араб. tast ’кубак; таз’ < перс. täsht (tœʃt) ’тс’ (Фасмер, 4, 10; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 502–503 з літ-рай). Параўн. таца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АГІ́НСКІ (Міхал Клеафас) (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл. Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.​Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.​Б.​Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).

Літ.:

Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.

А.​А.​Саламаха.

Міхал Клеафас Агінскі.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)