рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІСТРО́Н [ад грэч. klyzō б’ю + (элек)трон],
электронная прылада для ўзмацнення і генерацыі ваганняў ЗВЧ. Бывае адбівальны (мае 1 аб’ёмны рэзанатар) і пралётны (2 ці больш), звышмініяцюрныя К. наз. мінітронамі.
Прынцып работы К. заснаваны на пераўтварэнні патоку электронаў у пераменны па шчыльнасці паток з дапамогай мадуляцыі скарасцей электронаў эл. полем аб’ёмнага рэзанатара. У адбівальных К. электронны паток праходзіць праз зазор рэзанатара, дзе мадулюецца эл. полем ЗВЧ, далей адкідваецца назад полем адбівальніка і пры другасным праходжанні праз зазор у адваротным напрамку аддае частку кінетычнай энергіі эл. полю ЗВЧ. У пралётных К. электроны паслядоўна пралятаюць праз зазор уваходнага рэзанатара, дзе адбываецца мадуляцыя па скарасцях, і выхаднога, дзе пры тармажэнні частка іх энергіі пераўтвараецца ў энергію ваганняў ЗВЧ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУЗасн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.А.Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял.Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНЫ СКАЗ,
сказ з рознымі аб’ектыўна-мадальнымі значэннямі, які служыць для выражэння эмацыянальна-ацэначных адносін да рэчаіснасці. Канструктыўныя элементы К.с.: выклічнікі, эмацыянальныя часціцы і клічная інтанацыя, якая заўсёды мае эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку — узрушанасць, урачыстасць і да т.п. Па характары вымаўлення клічнымі могуць быць апавядальныя сказы, пытальныя сказы і пабуджальныя сказы. У адрозненне ад няклічных сказаў К.с. вымаўляецца больш высокім напружаным тонам. Характэрна прэпазіцыя выказніка ці інш. члена сказа, які нясе інфарм. нагрузку. У канцы К.с. ставіцца клічнік. Шырока выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі, у публіцыстыцы, мове маст. л-ры («Мой родны кут, як ты мне мілы!...»); не ўласцівы навук. і афіцыйна-дзелавому стылям мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЖНО́.
Княжное возера, у Віцебскім р-не, у бас.р. Шэвінка, за 20 км на ПнЗ ад Віцебска. Пл. 0,66 км², даўж. 1,5 м, найб.шыр. 750 м, найб.глыб. 6,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 53,2 км³. Схілы катлавіны на Пн і Увыш. да 15 м, на Пд і З—5—8 м, на Пд і Пн разараныя, астатнія пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, участкамі на Пн узвышаюцца да 0,6 м, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае. У цэнтры 4 астравы агульнай пл. 1 га. Дно выслана ілам і сапрапелем. Зарастае да глыб. 2,5 м. Упадаюць 2 ручаі і р. Гаражанская, выцякае ручай у воз. Заронава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДА (італьян. coda ад лац. cauda хвост),
1) у музыцы — дадатковы, заключны раздзел у муз. творы ці ў яго самаст. частцы, дзе канчаткова замацоўваецца гал. танальнасць і абагульняецца тэматычны матэрыял. Часам у К. далей распрацоўваюцца асн. тэмы твора і ўводзяцца новыя. Звычайна К. пачынаецца пасля заключнай кадэнцыі.
2) У паэтыцы — звышсхемныя дадатковыя словы ці радкі ў цвёрдых формах верша, напр. у санеце — больш за 14 радкоў, у трыялеце — за 8. У шырокім значэнні — заключная ч. складанай страфы, якая адрозніваецца ад асноўнай размяшчэннем рыфмаў, колькасцю стоп ці інш. прыкметамі. Звычайна К. — найб. важныя па думцы выказванні, што канцэнтруюць асн. сэнс папярэдніх радкоў, таму яны часта набываюць сцісласць і дакладнасць афарызма (у К. нярэдка знаходзіцца пуант).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДРЫ,
запаведнік у Малдове, на тэр.ўзв.Кодры. Засн. ў 1971 для захавання прыроднага комплексу шыракалістых лясоў. Пл. 5,1 тыс.га. Рэльеф — плато (выш. да 430 м), лагчыны, схілы. Ландшафт: лясны масіў (грабавыя і букавыя дубровы), крыніцы, ручаі. У флоры больш за 900 відаў. Звычайныя дубы скальны і чарэшчаты, бук, ясень, граб, ліпы серабрыстая і драбналістая, клён, груша, чарэшня; у падлеску — ляшчына, брызгліна, глог, кізіл і інш. Травяное покрыва з асок, сніткі, фіялак, чарамшы і г.д. У фауне звычайныя барсук, заяц, воўк, дзік, ліс. Акліматызаваны высакародны і плямісты алені, марал, лань. Каля 100 відаў птушак, у т. л. беркут, арол-магільнік, ястраб, курапатка. Рэдкія віды — лясная куніца, еўрапейскі дзікі коч, малы падворлік, арол-карлік, філін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927у Заходняй Беларусі,
расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),
атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.
Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1959, адкрыты ў 1961 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў, сабраных гісторыкам М.Ф.Мельнікавым. Пл. экспазіцыі 318 м², больш за 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. раскопак Крычаўскага замка, калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай, зброі 11—19 ст., звон 1748, адліты ў Крычаве, матэрыялы пра Грунвальдскую бітву 1410, Крычаўскае паўстанне 1743—44, Крычаўскую суднаверф, стварэнне і дзейнасць партыз. руху і падполля ў час Вял.Айч. вайны. Захоўваюцца асабістыя рэчы ўраджэнцаў Крычаўшчыны М.С.Кісялёва, І.І.Гусакоўскага, А.Я.Смалякова і інш., калекцыі нар. адзення, прылад працы і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы мясц. ганчароў, творы прыкладнога мастацтва, жывапісу.