ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К (ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),
спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр.Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.
Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.Селязнёў, Р.Сташкевіч, А.Трусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КНЯ́ЖАЦКІ ЦЕ́РАМ, княжацкі палац,
помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на тэр.Гродзенскага Старога замка, на паўд. рагу дзядзінца. Рэшткі церама выяўлены ў 1932—33 Ю.Ядкоўскім. Збераглася паўн.часткадаўж. 9,72 м і выш. да 2 м. Гэта быў 2-павярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыццямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Звонку дэкар. муроўка была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі праслойка бітай цэглы. Будынак быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з буйнапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны. Разбураны ў 16 ст. ў час перабудовы Старога замка Стафанам Баторыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936.
Выяўляліся ў форме забастовак, дэманстрацый, мітынгаў, накіраваных супраць наступу прадпрымальнікаў на правы рабочых; састаўная частка барацьбы за стварэнне адзінага рабочага і антыфаш. нар. фронту. Адбыліся пад кіраўніцтвам міжпарт. к-та, створанага з мясц. арг-цый КПЗБ, ППС і Бунда. У лютым адбыліся стачкі гарбароў, швейнікаў, харчавікоў; у сакавіку — рабочых фанернай ф-кі, металічнага, шклянога, лесапільнага і кафельнага з-даў. 17 сак. рабочыя ўсіх прадпрыемстваў Гродна падтрымалі агульнапольскую забастоўку; стачкі пратэсту прайшлі ў адказ на расправу паліцыі над рабочымі Кракава, Чанстахова і Львова. Першамайская дэманстрацыя (больш за 4 тыс.чал.) і мітынг (больш за 8 тыс.чал.) прайшлі пад лозунгамі антыфаш. нар. барацьбы супраць вайны і фаш. тэрору, у абарону СССР, за ліквідацыю канцлагера ў Бярозе-Картузскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»
[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],
серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.
З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),
культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм.культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш. сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл.Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ,
светлая частка сутак паміж усходам і захадам верхняга краю Сонца. Працягласць (даўжыня) Д. залежыць ад геагр. шыраты месца і схілення Сонца. На зямным экватары даўжыня Д. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і Зямлі — больш за 12 гадз пры дадатным схіленні Сонца (вясной і летам) і менш за 12 гадз пры адмоўным схіленні (увосень і зімой).
Найб. даўжыня Д. ў Паўн. паўшар’і бывае ў Дз. летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.), найменшая — у Дз. зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.). За палярным кругам даўжыня Д. летам можа перавышаць 24 гадз (палярны Дз.), на полюсах — Дз. цягнецца паўгода. Самы доўгі Дз. у Мінску складае 17 гадз 11 мін, самы кароткі — 7 гадз 21 мін. Часта Д. называюць суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАНДЫ́СТЫ, брысоцінцы,
палітычная групоўка перыяду Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вылучыліся ў 1791—92 як левая меншасць (136 дэп.) Заканад. сходу. Лідэры: шэраг дэпутатаў ад дэпартамента Жыронда (адсюль назва), у т. л. П.В.Верньё, Ж.П.Брысо, А.Кандарсэ і інш. Абапіраліся на буйную і ч. сярэдняй гандл.-прамысл. буржуазіі. Выступалі за актыўную знешнюю палітыку і поўную свабоду гандлю, супраць дваранска-раялісцкай контррэвалюцыі. Пасля прыходу да ўлады ў выніку звяржэння манархіі 10.8.1792 перайшлі на кансерватыўныя пазіцыі, складалі правае крыло Канвента, спаборнічалі з мантаньярамі (гл.Гара). Да кастр. 1792 многія Ж. ўваходзілі ў Якабінскі клуб. Страцілі ўладу ў выніку нар. паўстання ў Парыжы 31.5—2.6.1793; у кастр. 1793 частка Ж. пакарана смерцю. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 далучыліся да контррэвалюцыянераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,
прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.