гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс.ж. (1998).
Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 ў Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ВА,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).
Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл.Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.
Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),
рас. кампазітар. Нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).
Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел.нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел.нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.
Літ.:
Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;
И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;
Чернов А. И.О.Дунаевский. М., 1961;
Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;
Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬФЫ (грэч. Delphoi),
старажытны горад у Грэцыі каля падножжа гары Парнас у паўд.-зах. Факідзе. Буйны рэліг. цэнтр з храмам і аракулам бога Апалона. У 7—6 ст. да н.э. Д. набылі ролю агульнагрэч. свяцілішча. З 582 да н.э. ў іх праходзілі агульнагрэч. піфійскія гульні, на час якіх усталёўвалася свяшчэннае перамір’е. З дароў Апалону ў Д. назапасіліся вял. скарбы і горад стаў буйным крэдытна-пазыковым цэнтрам. У 279 да н.э. Д. спустошаны галамі, у 189 да н.э. захоплены рымлянамі, у 86 да н.э. абрабаваны Сулам, які вывез адсюль творы мастацтва. Пасля дэкрэта рым. імператара Феадосія I аб закрыцці храма (391 н.э.) горад паступова заняпаў. Цяпер Д. — невял. населены пункт.
З горным рэльефам гарманічна спалучаюцца помнікі Д., адкрытыя раскопкамі з 1892: храм Апалона Піфейскага (6 ст. да н.э., перабудаваны ў 4 ст. да н.э., арх. Ксенадор і Агатан), скарбніцы сіфнійцаў (каля 525 да н.э.), афінян (480 да н.э.) і інш., стоя (галерэя-порцік) афінян (475 да н.э.), выбіты ў скале т-р на 5 тыс. гледачоў (4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Апалона. Фундаменты старога (канец 7 ст. да н.э.) і новага (канец 6 ст. да н.э.) храмаў Афіны Пранаі, круглая ў плане грабніца — фалос (пач. 4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Афіны. Стадыён (каля 460 да н.э.), гімнасій (334—327 да н.э.), басейн Кастальскай крыніцы (7 ст. да н.э.). Арх. музей (каштоўныя зборы ант. мастацтва — надпісы, скульптуры, у т. л. бронзавая статуя возніка, рэльефы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),
гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс.км². Hac. каля 9 млн.чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г.Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г. раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн.га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.
Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст.н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр.Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел рукапісны помнік 1-й пал. 14 ст. Напісана для Лаўрышаўскага манастыра ўставам на пергаменце царк.-слав. мовай. Тэкст размешчаны ў 2 калонкі. Мае 374 нумараваныя старонкі. Змяшчае кананічны тэкст 4 евангельскіх кніг Новага запавету, што ўзыходзіць да стараж.-рус. традыцыі, дастасаваны да царк. службы (т. зв. апракас), а таксама 14 разгорнутых запісаў 14—16 ст. пра ўклады ў манастыр землямі, дваровымі людзьмі, збожжам, грашамі з упамінаннем мясц. прозвішчаў і геагр. пунктаў. Укладныя запісы перамяжоўваюцца ўстаўкамі на старабел. мове і маюць сціслыя каментарыі 16—17 ст. на бел. і польск. мовах. Кніга аздоблена вял. колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў у тэраталагічным стылі і 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты, некаторыя — складаныя шматфігурныя кампазіцыі. Пераплёт зроблены з дошак, абцягнутых аксамітам. На пераплёце замацаваны адзін з самых стараж.бел. абкладаў. На верхняй вокладцы 4 навугольнікі з бірузой. Іх краі аздоблены суцэльным карункавым арнаментам. У цэнтры абклада на сярэбранай пласціне выява святога з дзідаю і шчытом. Некат. даследчыкі лічаць, што ў вобразе святога ўвасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Войшалк, на думку інш. даследчыкаў — гэта Дзмітрый Салунскі. Сярэднік на ніжняй вокладцы — пазалочаны крыж-распяцце. Кніга рэстаўрыравана ў 1887. Зберагаецца ў б-цы імя Чартарыйскіх у Кракаве.
Літ.:
Щапов Я.Н. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. М., 1976. С. 78—85;
Свентицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV в.: (Палеогр.-граммат. описание) // Изв. отд.Рус. яз. и словесности имп. Академии наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
А.М.Пяткевіч.
Лаўрышаўскае евангелле. Пераплёт з абкладам (16 ст.?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РДАВА (Córdoba),
горад на Пд Іспаніі, на р. Гвадалквівір, у аўт.вобл. Андалусія. Адм. ц.прав. Кордава. 300 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Аэрапорт. Буйны цэнтр медзеплавільнай прам-сці. Эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, харчасмакавая (вінаробства, цукр., мукамольная, алейная), тэкст.прам-сць. Ун-т. Музеі выяўл. мастацтва, археалагічны.
Вядома з часоў фінікійскай каланізацыі. Паводле стараж.-грэч. гісторыка Страбона, была цэнтрам племя турдзетанаў. У 2-ю Пунічную вайну (218—201 да н. э.) захоплена рымлянамі. У часы праўлення Аўгуста гал. горад прав. Бетыка. Пасля распаду Рым. імперыі пад уладай вандалаў, Візантыі, вестготаў (з 572), арабаў (з 711). З 756 сталіца Кардоўскага эмірата, з 929 Кардоўскага халіфата; росквіт у часы праўлення Абдарахмана III [912—961]. У 8—10 ст. адзін з еўрап. цэнтраў навукі, культуры і мусульм. мастацтва («Мекка Захаду», «Горад цудаў»); развіваліся рамёствы (ювелірнае, керамічнае, выраб скур). Пасля распаду Кардоўскага халіфата (1031) захавала самастойнасць да 1070, пазней уладанне эміра Севільі. У час Рэканкісты з 1236 пад уладай кастыльскіх каралёў.
Захаваліся нерэгулярная планіроўка цэнтра, невысокія атынкаваныя дамы маўрытанскай эпохі з глухімі фасадамі і азялененымі паціо. Арх. помнікі: стараж.-рым. мост, араб. вежа Калаора (перабудавана ў 1369), сабор (да 1236 — Вял. мячэць, пачата ў 785; уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), цэрквы Сан-Пабла (1241), Сан-Ніколас (13—16 ст.), манастыра Кармэн Кальсада (1580, стыль мудэхар), сінагога (1315), ратуша (1594—1631, стыль эрэрэска), рэнесансавыя палацы, парадныя ансамблі плошчаў 18 ст. У К. правінцыяльныя музеі прыгожых мастацтваў і археалагічны.
Літ.:
Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІЎНІ́ЦКІ (Марка Лукіч) (22.5.1840, с. Крапіўніцкае Новаўкраінскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.4.1910),
украінскі драматург, акцёр, рэжысёр; адзін з заснавальнікаў укр.прафес.т-ра. Скончыў Бобрынецкае пав. вучылішча (1856). Выступаў як акцёр-аматар, з 1871 акцёр-прафесіянал, валодаў вялікім акцёрскім тэмпераментам, вобразнай выразнасцю. Арганізатар першай прафес.укр.тэатр. трупы (1882, разам з М.Старыцкім), якая выступала ў гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску (1890, 1892, 1893, 1899), Гомелі, Бабруйску (1894). Аўтар больш як 40 драм. твораў. Сярод іх: драмы «Дай сэрцу волю, завядзе ў няволю» (1863), «Памірыліся» (1869), «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць» (1882), «Алеся» (1891), вадэвілі «Пашыліся ў дурні» (1875) і «Па рэвізіі» (1882), у якіх адлюстраваў побыт, норавы парэформеннай укр. вёскі, беспрасветнасць правінцыяльнай рэчаіснасці. Пашырыў жанравыя межы ўкр. драматургіі, узбагаціў яе моўна-стылістычныя сродкі. Перапрацоўваў і інсцэніраваў творы Т.Шаўчэнкі, М.Гогаля, Я.Грабінкі і інш. Пісаў песні, рамансы, вак. дуэты, музыку для спектакляў. Аўтар мемуараў. Творы К. мелі вял. папулярнасць на бел. сцэне ў пач. 20 ст. Яго п’есы «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» ставілі Першая бел. трупа І.Буйніцкага, у 1920-я г.бел. аматарскія гурткі і прафес. т-ры: Бел.муз.-драм. гурток у Вільні, Бел.драм. гурток у Пецярбургу, трупа У.Галубка, БДТ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,
від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.
Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт.Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.
Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст. — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб.«Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.