«ГНЯВА́Ш», «Гнеўка», «Загневаны»,

бел. нар. танец. Муз. памер 38. Тэмп павольны. Выканаўцы (дзяўчына і хлопец) у тэатралізаванай форме паказваюць сварку і прымірэнне закаханых, часта ў суправаджэнні песні («Дзяўчына мая заручоная, чаго так ходзіш засмучоная...»). Больш пашыраны ў зах. абласцях Беларусі. На Магілёўшчыне бытаваў варыянт «Гняваша», які выконвалі толькі мужчыны.

Літ.:

Народные песни местечка Селец Пружанского уезда Полесского воеводства (Западная Белоруссия) / Сост. И.​К.​Зданович. М., 1931.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ СТУ́ДЫЯ імя М.​А.​Урубеля.

Існавала ў Гомелі ў 1919—21. Арганізавана мастакамі А.​Быхоўскім і С.​Каўроўскім. Яе навучэнцы стварылі шмат плакатаў, карыкатур, дыяграм, заклікаў для прапаганды рэв. ідэй на Беларусі. Сярод плакатыстаў вылучаўся Быхоўскі — аўтар вострых, экспрэсіўных, цікавых па задуме твораў: «Чырвоны набат», «Дапамажыце параненаму чырвонаармейцу» і інш. Сярод вучняў студыі нар. мастак СССР Г.Ніскі, мастакі А.Шаўчэнка, Я.​Целяшэўскі, карыкатурыст Л.​Смехаў і інш.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМЕРАФО́БЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],

1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.

2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫ́ЦЫЙ (Hericium),

род базідыяльных грыбоў сям. яжовікавых. Вядома 8 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца герыцый каралападобны (H. coralloides). Растуць у лясах на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы) летам і восенню.

Пладовыя целы каралападобна разгалінаваныя або лопасцевыя, зрэдку распасцёртыя, мясістыя, белыя, бываюць з ружаватым ці жаўтаватым адценнем, з узростам і пры высыханні бурэюць. Шыпы звычайна абвіслыя, рознай даўжыні.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМО́ЙЦІН (Алесь) (Аляксандр Пятровіч, н. 17.8.1955, в. Малахоўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1982). Працаваў настаўнікам. З 1988 дырэктар Літ. музея Ф.​Багушэвіча ў в. Кушляны Смаргонскага р-на. Друкуецца з 1981. Асн. тэматыка вершаў — гіст. мінулае Беларусі, думкі і пачуцці сучасніка (зб. «Азірнуўшыся — не скамянею», 1989). Даследуе бел. культуру 19 ст. Аўтар артыкулаў пра К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, Я.​Карловіча, філас.-публіцыстычных эсэ.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЖМА,

рака на тэр. Літвы і Беларусі, правы прыток р. Гаўя (бас. р. Нёман). Даўж. 82 км. Пл. вадазбору 584 км². Пачынаецца ў Шальчынінкскім р-не Літвы, цячэ ў Воранаўскім, Лідскім і Іўеўскім р-нах Гродзенскай вобл. Даліна трапецападобная. Пойма двухбаковая, забалочаная, шыр. да 800 м. Рэчышча на працягу 27,4 км ад в. Мікянцы Воранаўскага р-на каналізаванае, шыр. ад 5 да 15 м. Берагі пясчана-глеістыя, стромкія, часам абрывістыя.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАРАЗКІ,

часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн.пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МЧЫШЧА,

месца з рэшткамі разнастайных сярэдневяковых умацаванняў, якія ўключалі комплекс абарончых і жылых пабудоў на тэр. дзядзінца (земляныя валы са сценамі, вежамі і інш. элементы абароны). У Беларусі З. называюцца рэшткі ўмацаваных паселішчаў розных часоў, якія ўключалі гарадзішчы, гар. цытадэлі, каралеўскія і прыватнаўласніцкія замкі. На даследаваных З. (Ваўкавыск, Мінск, Навагрудак, Полацк і інш.) выяўлены драўляныя і мураваныя фартыфікацыйныя збудаванні, прадметы матэрыяльнай культуры (зброя, посуд, буд. і ваенны рыштунак, арх.-дэкар. кераміка).

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА́ПАДНАЯ КОММУ́НА»,

газета. Орган выканкома Саветаў Зах. вобласці (Заходняй Камуны). Выходзіла з ліст. 1918 да студз. 1919 у Смаленску на рус. мове. Працягвала традыцыі газ. «Известия исполнительных комитетов Советов рабочих, крестьянских и солдатских депутатов Западной Коммуны и города Смоленска». Інфармавала пра падзеі на франтах грамадз. вайны, становішча на акупіраванай тэр. Беларусі. Змяшчала афіц. ўрадавыя паведамленні, матэрыялы 6-й Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б), якая абвясціла стварэнне Беларускай ССР.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Георгій Фёдаравіч) (5.5.1897, с. Шылава Саратаўскай вобл., Расія — 26.1.1957),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1944). Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), пяхотныя курсы (1920), курсы «Выстрал» (1923), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1939). У арміі з 1915. У Вял. Айч. вайну з 1941 на розных франтах, у чэрв.ліст. 1944 камандуючы 2-м Бел. фронтам. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54.

Г.Ф.Захараў.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)