электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ І ПРЫЁМ РАДЫЁХВА́ЛЬ,
працэс пераўтварэння энергіі крыніцы ваганняў электрычнага току (або зараду) у энергію бягучых электрамагнітных хваль і далейшага пераўтварэння энергіі гэтых хваль у энергію пераменнага электрычнага току. Ажыццяўляецца з дапамогай перадавальных і прыёмных антэн.
Для эфектыўнага выпрамянення (або прыёму) радыёхваль неабходны незамкнуты (адкрыты) эл. ланцуг, у якога адлегласць паміж участкамі з проціфазнымі ваганнямі току (зараду) параўнальная з палавінай даўжыні эл.-магн. хвалі (для патрэб тэле- і радыёвяшчання выкарыстоўваюцца эл.-магн. хвалі з даўжынёй да 2 км і частатой больш за 150 кГц) або такіх участкаў няма. У самым простым выпадку ланцуг складаецца з 2 аднолькавых адрэзкаў прамалінейнага проваду (сіметрычны вібратар; гл. таксама Герца вібратар), злучаных двухправоднай лініяй сувязі з крыніцай ваганняў. У кожны момант часу зарады адрэзкаў роўныя па модулі і процілеглыя па знаку (эл.дыполь), што вызначае канфігурацыю створанага эл. поля. Токі ў адрэзках супадаюць па напрамку, і таму сілавыя лініі створанага магн. поля — акружнасці. Прыём радыёхваль — працэс, адваротны працэсу выпрамянення. Гл. таксама Дыпольнае выпрамяненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой прыводам эл. генератара з’яўляецца газавая турбіна. З 1950—60-х г. пашырыліся газатурбінныя электрастанцыі з газатурбіннымі рухавікамі (устаноўкамі). Адзінкавая магутнасць да 100 МВт, ккдз 0,3—0,34. Выкарыстоўваюцца для пакрыцця пікавых нагрузак на магутных ЦЭС, а таксама як рэзервовыя і перасоўныя крыніцы энергіі (пашыраны менш за дызельныя электрастанцыі з-за горшых эксплуатац. характарыстык).
У аднавальных газатурбінных устаноўках рух генератару і кампрэсару надае газавая турбіна, зманціраваная з імі на адным вале, у двухвальных (з т.зв. «разразным валам») генератар круціць незалежная турбіна. Паліва для газатурбіннай электрастанцыі — пераважна прыродны газ, радзей газатурбіннае паліва (атрымліваецца з нафты) і прадукты падземнай газіфікацыі вугалю. Есць газатурбінныя электрастанцыі з 2—4 турбаагрэгатамі на базе авіяц. турбін (магутнасцю па 10—20 МВт). Аўтаматызаваныя, з дыстанцыйным кіраваннем газатурбінныя электрастанцыі з’яўляюцца асн. крыніцай энергіі на новых радовішчах карысных выкапняў (асабліва нафтавых). Перспектыўныя газатурбінныя электрастанцыі з камбінаванымі парагазатурбіннымі ўстаноўкамі, у якіх цеплыня адпрацаваных газаў можа выкарыстоўвацца для падагравання вады або атрымання пары нізкага ціску ў паравым катле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл.Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл.Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТ РЭ́ЧЫВАЎу жывых арганізмах,
перанос рэчываў у вадкіх асяроддзях арганізма (кроў, лімфа, тканкавая вадкасць) і праходжанне іх праз біял. бар’еры (мембраны, клеткі, міжклетачны матрыкс). У біял. вадкасцях рэчывы транспартуюцца ў свабодным або звязаным (пераважна з бялкамі) выглядзе. Пры пераходзе праз мембраны адрозніваюць Т.р. пасіўны і актыўны. Пасіўны ажыццяўляецца па градыенце канцэнтрацыі (ад большай да меншай) у бок меншага электрахім. патэнцыялу без затраты метабалічнай энергіі (гідролізу АТФ), уключае дыфузію (простую і аблегчаную) і перанос праз каналы. Простая дыфузія (напр., кіслароду O2, дыаксіду вугляроду CO2) ажыццяўляецца без утварэння комплексаў з інш. малекуламі; аблегчаная — з дапамогай рухомых або фіксаваных у мембранах пераносчыкаў (напр., усмоктванне ў кішэчніку вітаміну B12 з дапамогай спец.трансп. бялку — гастраму-капратэіну). Т.р. праз спецыялізаваныя каналы характэрны для іонаў натрыю Na+, калію K+, кальцыю Ca2+ і інш. Актыўны Т.р. адбываецца супраць градыентаў іх хім. канцэнтрацый з затратай метабалічнай энергіі (гідроліз АТФ). Так ажыццяўляецца перанос нізкамалекулярных катыёнаў, амінакіслот, некат. гармонаў, вітамінаў і інш. Асобныя віды Т.р. — осмас, пінацытоз, фільтрацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФІ́ЧНЫ ЛАНЦУ́Г, ланцуг харчавання,
шэраг арганізмаў у біягеацэнозах, звязаных паміж сабой адносінамі «корм — спажывец». Асн. тыпы Т.Л.: пашавы (у аснове зялёныя расліны; напр., елка—тля—божая кароўка—павук—мухалоўка—ястраб; аднаклетачныя водарасці—весланогія рачкі—верхаводка—судак),
і дэтрытны (у аснове фітадэтрыт; напр., лісцевы апад дрэў—дажджавы чарвяк—жукі-стафіліны—землярыйкі—ліс). Арганізмы наступнага звяна (трафічнага ўзроўню) паядаюць прадстаўнікоў папярэдняга звяна, т.ч. здзяйсняецца ланцуговы перанос энергіі і рэчыва, які ляжыць у аснове кругавароту рэчываў у прыродзе. У Т.л. пры пераносе патэнцыяльнай энергіі ад звяна да звяна большая яе ч. страчваецца, таму ў Т.л. звычайна не больш як 5 звёнаў. Т.л. ўтвараюць трафічныя сеткі, якія ўзнікаюць у выніку шырокага трафічнага спектра (паліфагіі) большасці кансументаў (напр., пацукі жывяцца расл. і жывёльным кармамі, могуць з’яўляцца рознымі трафічнымі ўзроўнямі некалькіх трафічных ланцугоў) і інш.Асн. структурны элемент і ўласцівасць трафічнай сеткі — экалагічнае дубліраванне, пры якім у экасістэмах нешматлікі від замяняецца інш., функцыянальна блізкім (напр., буйных капытных жывёл замяняюць грызуны). Вывучае Т.л. трофаэкалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗМАЦНЕ́ННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫХ ВАГА́ННЯЎ,
павелічэнне інтэнсіўнасці эл.ваганняў пры захаванні іх формы (частотнага спектра, фазавых суадносін і інш.). Ажыццяўляецца з дапамогай электронных узмацняльнікаў за кошт энергіі дапаможнай (кіравальнай) крыніцы пастаяннага току ці энергііінш.эл. ваганняў.
Адбываецца пры ўздзеянні зыходных ваганняў на крыніцу сілкавання праз электравакуумную ці паўправадніковую прыладу (электронную лямпу, транзістар, тунэльны дыёд, варыконд, мікрасхему і інш.). Узмацненне ваганняў з частатой, блізкай да нуля, ажыццяўляецца ўзмацняльнікамі пастаяннага току, якія бываюць прамога ўзмацнення і з пераўтварэннем частаты (уваходны сігнал пераўтвараецца ў нізка- ці высокачастотны з амплітудай, прапарцыянальнай велічыні зыходнага сігналу). Узмацненне сігналаў больш высокіх частот робіцца ўзмацняльнікамі нізкай (гукавой), высокай і звышвысокай частаты.
Схема ўзмацнення электрычных ваганняў: 1 — крыніца сігналу; 2 — узмацняльнік; 3 — крыніца сілкавання; 4 — нагрузка; ei — крыніца ваганняў, якія ўзмацняюцца, з унутраным супраціўленнем Ri; Rн — супраціўленне нагрузкі; I1Uув, P1 — ток, напружанне і магутнасць на ўваходзе ўзмацняльніка; I2, Uвых, P2 — на выхадзе ўзмацняльніка; P0 — магутнасць крыніцы сілкавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАВА́КУУМНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на эл. з’явах, што адбываюцца ў вакууме ці ў асяроддзі разрэджаных інертных газаў. Уяўляюць сабой герметычныя шкляныя, метал., керамічныя ці інш. балоны, унутры якіх створаны вакуум або знаходзяцца разрэджаныя інертныя газы (аргон, неон і інш.). Адрозніваюць газаразрадныя прылады, электронныя і безразрадныя Э.п.
У электронных Э.п. свабодныя электроны ўтвараюцца за кошт электроннай эмісіі і абумоўліваюць праходжанне току ад катода да анода. Да іх адносяць электронныя лямпы, электронна-прамянёвыя трубкі, некаторыя фотаэл. і рэнтгенаўскія прылады. У безразрадных Э.п. эл. ток працякае па правадніках, размешчаных у вакууме ці інертным газе. Да іх адносяцца барэтэры, лямпы напальвання, вакуумныя тэрмаэлементы і інш. Э.п. служаць для розных відаў пераўтварэнняў эл.-магн.энергіі (генерацыя, узмацненне, дэтэктыраванне і інш.), а таксама пераўтварэння яе ў інш. віды энергіі, напр., механічную і наадварот, камутацыі эл. ланцугоў вял. магутнасцей з дапамогай маламагутных кіроўных сігналаў, стабілізацыі току і напружання і інш.; выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, рэнтгенаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пераўтварэння мех.энергіі ў электрычную (электрычны генератар), эл.энергіі ў механічную (электрычны рухавік) або эл. энергію адных параметраў (напружання, частаты і інш.) у электраэнергію інш. параметраў (пераўтваральная тэхніка).
Дзеянне Э.м. засн. на з’яве электрамагнітнай індукцыі і законах узаемадзеяння электрычных токаў і магнітных палёў. Кожная з Э.м. у адпаведнасці з Ленца правілам энергетычна абарачальная, аднак выпускаюцца яны звычайна для пэўнага рэжыму работы (гл.Пераменнага току машына, Пастаяннага току машына, Асінхронная машына, Сінхронная машына, Калектарная машына). Пераўтварэнне роду току, частаты, колькасці фаз, напружання робіцца пераўтваральнікамі электрычнымі, электрамашыннымі ўзмацняльнікамі, эл.трансфарматарамі. Да Э.м. адносяць таксама машыны спец. прызначэння (магнета, тахагенератар, зварачны генератар, цягавы электрарухавік і інш.).
Літ.:
Костенко М.П., Пиотровский Л.М. Электрические машины Ч. 1—2. 3 изд. Л., 1972—73;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,
1) раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае пытанні выкарыстання ў буд-ве і архітэктуры бачнай часткі спектра прамянёвай энергіі.
2) Галіна тэхнікі, якая распрацоўвае эфектыўныя спосабы выкарыстання ультрафіялетавых, бачных і інфрачырвоных выпрамяненняў пры праектаванні будынкаў і агараджальных канструкцый. Уключае метады праектавання і разліку прыроднага асвятлення будынкаў. Гл. таксама Святлатэхніка.