ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМА (франц. réforme ад лац. reformare пераўтвараць),

пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-н. боку грамадскага жыцця (парадкаў, ін-таў, устаноў); фармальна — новаўвядзенне любога зместу, аднак часцей Р. называюць прагрэсіўнае пераўтварэнне пры захаванні асноў існуючага сац. ладу. Сац.-паліт. Р. садзейнічае эвалюцыйнаму развіццю грамадства і характарызуецца параўнальнай паступовасцю, плаўнасцю сац. і паліт. змен. Паліт. Р. могуць ахопліваць паліт. сістэму грамадства ў цэлым або абмяжоўвацца якімі-н. яе сферамі, рэарганізоўваць вышэйшыя эшалоны ўлады ці органы мясц. кіравання, вырашаць праблемы раздзялення і раўнавагі ўлад, іх субардынацыі. Р. ў пэўнай меры рэгламентуюць функцыі розных галін улады, уплываюць на этыка-прававыя нормы і стыль дзейнасці як кіраўніка дзяржавы, так і ўладных структур, на становішча правоў і свабод чалавека, на сац.-псіхал. і паліт. клімат у краіне. Р. праводзяцца ў розных сферах грамадскага жыцця: зямельныя, судовыя, грашовыя, школьныя, пенсіённыя, ваенныя, царкоўныя і інш. (гл. таксама Рэформа дзяржаўных маёмасцей, Рэформы азбукі і правапісу, Рэформы моўныя). Гіст. вопыт паказвае, што поспех або няўдача Р. у значнай меры залежаць ад своечасовасці іх правядзення, гатоўнасці ўладных структур пайсці на такія новаўвядзенні, якія могуць сапраўды зняць напружанасць у грамадстве; няўдала праведзеныя Р. могуць прывесці да рэв. працэсаў, негатыўных з’яў у розных сферах жыццядзейнасці людзей.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕТРЫ́Я ў геаметрыі,

уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.

Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадку n адносна пункта (цэнтра С. парадку n), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш. матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.

А.​А.​Гусак.

Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́НДАЧКА,

у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯКУ́ЦЬЕЎ Іван Пятровіч, расійскі служылы чалавек, падарожнік і дыпламат бел. паходжання 17 ст. З «ліцвінаў», што трапілі ў рус. палон і прысягнулі на вернасць рас. цару. Каля 30 гадоў служыў у Сібіры, быў дзесятнікам у г. Цюмень. У 1615 пасланы з Томска на пошукі шляхоў у Кітай і па гандл. справах. Ц. і яго спадарожнікі першымі з рускіх і еўрапейцаў праехалі праз Хакасію, Кузнецкі Алатау і міма воз. Убсу-Нур у Манголію (1616) да яе правіцеля Алтан-хана, які ў адказ на візіт накіраваў з Ц. сваіх паслоў да рас. цара. Так быў пакладзены пачатак афіц. рас. манг. адносінам. За ўдалую місію Ц. у 1617 узведзены ў «дзеці баярскія» (служылыя дваране). У Томску, Табольску і Маскве са слоў Ц. і яго спадарожнікаў запісаны іх справаздачы («артыкульныя спісы») з каштоўнымі звесткамі пра фіз. геаграфію і насельніцтва мясцін па маршруце экспедыцыі (паўд. Сібір, паўн. Манголія), а таксама пра Кітай і Тыбет (з паведамленняў Алтан-хана). Падарожжа Ц. спрыяла паспяховасці першай рас. дыпламат. місіі на чале з дзякам І.​Пяцеліным у Кітай (1618). Матэрыялы Ц. і Пяцеліна ў 17—18 ст. неаднаразова перакладаліся на еўрап. мовы і сталі набыткам еўрап. навукі.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́прасаваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Выгладзіць гарачым прасам; разгладзіць. Выпрасаваць памытую кашулю. □ У суботу пасля работы мы выпрасавалі касцюмы, наваліліся і так надраілі чаравікі, што яны аж зіхацелі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вычвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Вырабляць штукі, рабіць што‑н. незвычайнае; вытвараць. // Свавольнічаць, дурэць. Не так ужо заўсёды і смешна бывала, што.. [Мішка] гаворыць ці вычварае, гэты няўрымслівы, блазнюкаваты дзяцюк. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Перажыць моцнае хваляванне, моцна ўсхвалявацца. [Барыс:] — Я столькі перадумаў, столькі перахваляваўся за гэтыя гады. Пальчэўскі. [Святлана] так с’гамілася, так перахвалявалася, бедная, што ледзь трымалася на нагах. Кулакоўскі.

2. Перастаць хвалявацца. Антон ужо неяк перахваляваўся, адагнаў усе сумненні і пайшоў да Наталлі з думкай, што зараз убачыць яе. Ракітны.

3. Пахвалявацца — пра ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таму́ I

1. нареч. потому́; (вот почему — ещё) поэ́тому; (по этой причине — ещё) оттого́;

мне няма́ калі́, т. я і не магу́ прыйсці́ — мне не́когда, потому́ (поэ́тому, оттого́) я и не могу́ прийти́;

2. нареч. (для того, с этой целью) зате́м;

по́йдзем у кіно́? — Я т. і зайшо́ў да цябе́ — пойдём в кино́? — Я зате́м и зашёл к тебе́;

3. союз в сочетании со словом што потому́ что, оттого́ что, и́бо, та́к как;

не ем, т. што няда́ўна абе́даў — не ем, потому́ что (оттого́ что, и́бо, та́к как) неда́вно обе́дал;

не прыйшо́ў т., што не меў ча́су — не пришёл потому́, что (оттого́, что; и́бо; та́к как) не име́л вре́мени;

◊ а т. — а поэ́тому, а посему́

таму́ II мест., в дат. п. тому́; см. той

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

плаці́ць, плачу, плаціш, плаціць; незак.

1. што, за што і без дап. Аддаваць грошы або што‑н. каштоўнае як належнае за што‑н. Плаціць за пакупку. Плаціць за абед. □ Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка. // Аддаваць грошы або іншыя каштоўнасці ў лік якіх‑н. абавязацельстваў. Плаціць падаткі. Плаціць даўгі. □ Кожныя дванаццаць гадоў.. [такароўцы] аднаўлялі кантракт, штогод плацілі акуратна арэнду і жылі прыпяваючы. Бядуля.

2. перан.; чым. Так або інакш адказваць на чый‑н. учынак. Як слуга, як нявольнік, табе я Так стараўся служыць, дагадзіць! Так любіў цябе шчыра, з надзеяй, Што ўзаемнасцю будзеш плаціць. Купала. І народ плаціў сваім воінам бацькоўскай любоўю. «Звязда».

•••

Плаціць той жа манетай — тое, што і адплаціць той жа манетай (гл. адплаціць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)