Ты́ква ‘від гародніны’ (Бес.), ‘посуд з гліны для алею’ (Ян.). Параўн. укр. ти́ква, ти́квиця ‘гарбуз’, ‘пасудзіна для вады, віна’; рус. ты́ква ‘гарбуз’, стараж.-рус. тыкы, тыкъвь, тыкъва, ц.-слав. тыкы, тыковь, тыкъве ‘тс’, польск. tykwa (zwyczajna) ‘гарлянка, Lagenaria vulgaris Ser.’, старое польск. таксама tykwia ‘тс’; ст.-польск. (XV ст.) tykwa ‘нейкі сорт груш’, ‘гарлянка’, ‘гурок, Cucumis sativus’, tykwa (włoska) ‘кавун, Citrullus vulg.’, каш. tëka, tëkva ‘вялікія прадаўгаватыя грушы’, славін. tëka ‘сорт асенніх груш’, чэш. tykev, мар. tykva ‘гарбуз’, славац. tekvica ‘тс’, ‘кабачок’; славен. tȋkva ‘гарбуз’, перан. ‘мазгаўня’, ‘бутэлька’, tikváča ‘чэрап’, tikveníca ‘сорт груш’, tȋkvešnica ‘нейкі сорт яблык’; харв. tȉkva, серб. ти̏ква ‘гарлянка’, ‘гарбуз’, ‘сасуд з гарбуза’, ‘сіфон для набірання віна з бочкі’, перан. ‘дурная мазгаўня’; макед. тиква ‘гарбуз’, ‘дурань’, балг. тѝква ‘тс’. Дапускаецца прасл. *tyky, *tykъve (якое не зусім яснае этымалагічна) ‘гарлянка’, ‘гарбуз’ ці падобныя да іх расліны, што паходзяць з паўднёвых краін. Назва, прынятая славянамі, магчыма, базіруецца на даіндаеўрапейскай (пелазгійскай) назве, роднаснай той назве, да якой узыходзяць ст.-грэч. σικύα ‘гарлянка, Lagenaria vulgatis’, σίκυος, σικός ‘гурок’, ‘дзікі гурок, Ecbarium elaterium’, лац. cucumis, cucumeris ‘тс’ (SEK, 5, 143; Бязлай, 4, 180), ficus, арм. t‘uz ‘тс’ (Фасмер, 4, 130; Гиндин, ЭИРЯ, 2, 1961, 88); Скок (3, 469) прыцягвае сюды яшчэ італ. zucca ‘гарбуз’, франц. дыял. tüko ‘тс’. Іліч-Світыч (ЭИРЯ, 1, 21) выказвае ідэю аб славянскім паходжанні слова тыква, супастаўляючы яго з *tykati ‘тыкаць’, *tyky ‘тычкі, слупы’, матывуючы тым, што гарбузы сеяліся ўздоўж платоў, за якія яны чапляліся, і віселі на іх. Агляд версій гл. ESJSt, 17, 1002; Арол, 4, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ўдзень, поўдзе́н, поўднён, по́ўдэнь ’супрацьлегласць поўначы’, ’мясцовасці з цёплым кліматам’, ’сярэдзіна дня’ (ТСБМ, Некр., Маш., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), по́ўдзенне ’поўдзень’ (Нас.), ’полудзень, абед’ (Бяльк.), по́ўдзень, паўдня́ ’напрамак свету’ (Шат.), ст.-бел. полудень ’сярэдзіна дня’, полудне, полдень ’напрамак свету’, укр. пі́вдень ’поўдзень (сярэдзіна дня; напрамак свету)’, рус. по́лдень ’сярэдзіна дня; напрамак свету (паэт.)’, польск. południe ’тс’, палаб. pọ̈lni ’тс’, славац. poludnie ’поўдзень’ (старое), чэш. poledne ’тс’, в.-луж., н.-луж. poł(d)njo ’сярэдзіна дня, поўдзень’, серб.-харв. пла́дне, подне ’сярэдзіна дня, поўдзень’, балг. пла́дне ’сярэдзіна дня, полудзень’, дыял. ’поўдзень’, макед. пладне ’сярэдзіна дня’, ст.-слав. полоудьниіє ’сярэдзіна дня, поўдзень’. Прасл. *polъdьnь, *polьdьne, *poludьne, *poludьnьje, *poludьnъ ’сярэдзіна дня; поўдзень’, у складзе якога *роlъ (*polu — P., M. скл. адз. л.) і *dьnь (*dьne — Р. скл. адз. л.), гл. паў-, дзень (Махэк₂, 469; Шустар-Шэўц, 2, 1123 –1124; Скок, 1, 379; Банькоўскі, 2, 691; БЕР 5, 291–292). Мяркуецца, што ў праславянскай мове назіраліся тры фазы фармальных змен назвы: *poludьne > polъdьne > *poldьne з далейшай рэдукцыяй у асобных славянскіх мовах (Маньчак, JP, 76, 286, з літ-рай). Найменне напрамку свету па часе сутак назіраецца ў балтаў, румынаў, угра-фінаў, ёсць у цюркскіх мовах, параўн. ням. Mittag ’поўдзень (сярэдзіна дня, напрамак свету)’, ’абед’, літ. piẽtūs ’поўдзень (напрамак свету, сярэдзіна дня)’, лац. vesper ’вечар’, ’захад’ (Ніканаў, Этимология–1984, 163). У славян, побач з гэтай сістэмай, існавала іншая, арыентаваная на назвы вятроў і ўзыход–захад сонца (параўн. рус. востокзапад, северюг), якая ўзнікла на славянскім поўдні і трапіла да ўсходніх славян разам са стараславянскай мовай (Німчук, Давньорус., 47–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́каць1, пі́кнуць ’торкаць, соваць у твар, у нос; гаварыць насуперак, выстаўляць заганы’ (Нас.). Магчыма, в пи́ку ’на злосць каму-небудзь’; польск. pikać, piknąć ’укалоць; парнуць, бадануць’, в.-луж. pikać ’дзяўбсці дзюбай’, ’мармытаць незадаволена’, н.-луж. pikotaś ’паволі, патроху есці’, чэш. píkati ’калоць’, pifka, pivka ’злосць, лютасць, гнеў’, славац. pik, pyk ’прыкрасць, раздражэнне’, славен. píkati ’калоць; джаліць; уядаць’, ’дзяўбсці’, ’патроху есці’, píkec ’дурнап’ян, Datura stramonium’, серб.-харв. имати пи̏к (на некага), макед. има пик (на него) ’ненавідзець’, пикна ’цесна ўкладваць, напіхваць, усоўваць’, пикне ’перапаўняць’, балг. пикнам ’засунуць, запіхнуць’, харв. кайк. pȉkati ’калоць, мацаць’. Прасл. *pikati ’соваць, калоць, джаліць’ (Гарачава, Этимология–1978, 107–108), найбольш блізкае да літ. pỹkti ’зліцца, гневацца’, pykà ’злосць’, лат. pîkts ’злы, нядобры, раздражнёны’ (Махэк₂, 448; Мюленбах-Эндзелін, 3, 213; Фрэнкель, 589; Бязлай, 3, 35) < і.-е. *pei̯kʼ‑ ’быць варожа настроеным’ (Каруліс, 2, 47) ці да і.-е. pī̆k(k) ’нешта вострае’, параўн. н.-грэч. πίκα, арам. pică ’гнеў’, pičean ’мярзотнік’, алб. pikkëllój ’засмуціць’, англ. to pick at ’гнявіць’, франц. piquée ’сварка’, ’з’едлівасць’.

Пі́каць2 ’пішчаць адрывіста, коратка’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’падаваць па радыё сігналы дакладная часу’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пік! — пра падачу гуку наогул (мсцісл., Нар. лекс.), пі́кыць ’падаваць голас’ (Юрч. СНЛ). Укр. пі́кати ’пішчаць’, рус. пи́кать, пи́кнуть ’пішчаць, падаваць голас’, польск. piknąć, старое pikać ’(за)пішчаць’, ’адклікнуцца’, pik! ’грук, стук!’, чэш. pikat ’ціўкаць’, славац. pik! — гук пры стралянні, параўн. лат. pīka ’плаксівае дзіцё’, ’рачны уюн, пячкур (які выдае піск)’. Гукапераймальнае pi(s)k! (Ільінскі, KZ, 43, 179; Варш. сл., 4, 188; Траўтман, Altpreuß., 338; 398; Фасмер, 3, 260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́тка1 ’маці, мама’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ’мачаха’ (Яшк., Назвы), ма́тачка ’маці’ (Шат., Растарг.), ’самка некаторых жывёл, птушак і насякомых (пчол)’ (ТСБМ, Бес., Нас., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ма́тка, рус. ма́тка ’тс’, пск. ’сястра жаніха, нявесты’, пецярб. ’хрышчоная маці’, ярасл. матка старенькая ’бабуля’ (тое ж славац. stará matka); польск. matka ’маці’, ’пчаліная матка’, ст.-польск. matka ’цётка’, ’мамка’; чэш., славац. matka ’матка’; на паўд.-слав. тэрыторыі і Паноніі калісьці таксама было matka, якое пазней выцесніла majka/майка, matica (параўн. венг. mátka ’нявеста’, алб. mëtkë ’пчаліная матка’). Прасл. matъka — дэмінутыў да mati > ма́ці (гл.). Значэнне ’пчаліная матка’ ў лексемы matъka таксама вельмі старое; аналагічнае назіраецца ў англасаксаў. У іншых і.-е. народаў ужываюцца словы мужчынскага роду: rēx, βασιλέυς, König і да т. п. (Reallexicon, 1, 278). Сюды ж матка‑і‑мачаха ’падбел, Tussilago farfara’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) мяркуе, што матка ў смал. гаворках было запазычана з польск. мовы.

Ма́тка2 унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл’ (ТСБМ), ’сцябло ніжняй часткі хмелю’ (акц., Мат. Гом.). Да ма́тка1. Аналагічна яшчэ лац. mātermātrīx.

Ма́тка3, ма́ткы, маткы́ ’спарыння ў жыце, Claviceps purpurea Tul.’ (пін., Шатал.; драг., Нар. лекс.), зах.-укр. ма́тка ’тс’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 19). Да ма́тка2. Спарыння выкарыстоўваецца ў гінекалогіі.

Ма́тка4 — адзін з капітанаў дзвюх каманд, выбраны перад пачаткам дзялення на каманды’ (гродз., Нар. словатв.). Рус. алан., арханг., валаг., перм., наўг., пенз. матка ’тс’, чэш. matka, máma. Відавочна, да матка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

з’е́сці, з’ем, з’ясі, з’есць; з’ядзім, з’ясце, з’ядуць; пр. з’еў, з’ела; заг. з’еш, з’ешце; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыняць якую‑н. ежу; скарыстаць на яду, на харчаванне. З’есці хлеба. З’есці яблык. З’есці па бліну. □ Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Чорны. Адзін з’еш хоць вала — адна хвала. З нар. // Загрызці, задушыць. Па пасёлку папаўзлі чуткі, што Гінку з’елі ваўкі. Корбан.

2. перан. Разм. Нападкамі, ганеннем звесці са свету, загубіць. — Заўсёды ён імкнуўся з’есці мяне, зжыць са свету, ну — і згубіць цяпер. Шынклер. Цешча зноў загаласіла: — А не вінаваты ж ён, не вінаваты!.. А з’елі ж яго свае зайздроснікі!.. Асіпенка. // Поўнасцю паглынуць, забраць. [Максім Астаповіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Вось і ўсё, што асталося дзеля Марынінай будучыні, хіба можа далучыць яшчэ сюды яго былую няўдалую мару, якая з’ела лепшыя яго маладыя гады. Чорны. З’ела царскае каранне Тарасову сілу, — Менш глядзеў ужо на неба, А больш у магілу. Купала.

3. Сапсаваць, пашкодзіць, грызучы і пад. (пра насякомых, грызуноў). Моль з’ела футра. □ Калі ўжо завёўся шашаль, можа ўсю будыніну з’есці дашчэнту. Баранавых. // Разм. Заесці, пакусаць (пра насякомых).

4. перан. Поўнасцю знішчыць (пра сілы прыроды і пад.). Снег рыхлы з’елі туманы, — Бярозавік цячэ ў збаны; Прынёс нам бусел на хвасце Вясну — чарэмшына цвіце. Бялевіч. Прыхваціла, з’ела Спёка ярыну. Купала.

5. Разм. Пашкодзіць, разбурыць (пра ядавітае рэчыва, іржу і пад.). Грыб з’еў падлогу. Іржа з’ела трубы.

6. Груб. пагард. Ужываецца як дакор пры звароце да каго‑н. у значэнні: вазьмі, забяры. Замест адказу Аўгіння схапіла клубок нітак, шпурнула ім у чорную Васілёву бараду. — Вось па што хадзіла. З’еш яго! Колас.

7. Сцерці, затупіць (зубы).

•••

Жыўцом з’есці (праглынуць) — тое, што і з’есці (у 2 знач.).

З’есці пуд жалезнага бобу — набрацца вялікага цярпення для чаго‑н.

Зубы з’есці (праесці) на чым — доўгай працай, практыкай набыць вопыт, веды ў якой‑н. справе.

Кукіш (фігу, дулю, трасцу) з’есці — нічога не атрымаць.

Мала кашы з’еў — тое, што і мала кашы еў (гл. есці).

Пуд солі з’есці з кім — пражыць разам доўгі час.

Сабаку з’есці ў чым, на чым — мець багаты вопыт, навыкі, веды ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́лькі ’выключна, адзіна, ’зусім нядаўна’, ’ледзь, ледзьве’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ, Растарг.), ’столькі’ (Сцяшк., ЛА, 5), то́лька, ’выключна; ледзь’ (Бяльк.), ’столькі, у такой колькасці’ (смарг., Сл. ПЗБ), то́лько ’выключна, адзіна’ (вільн., Сл. ПЗБ), ’тс’, ’столькі’ (ТС), туо́лько ’выключна, адзіна; столькі, у такой колькасці’ (беласг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. толико ’толькі, столькі’ (Ст.-бел. лексікон), только ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж то́лякі ’нядаўна’ (Сцяшк. Сл.), то́лечка ’толькі’ (Гіл.), то́лечкі ’тс’ (Янк. 2), ’толькі (памяншальнае)’ (Растарг.), ’толькі што’ (Жд. 1), то́лечкі ’тс’ (Ян., Мат. Маг., Нар. Гом.), то́лячкі ’тс’ (Чэрн., Сцяшк. Сл.), то́лічка ’малая колькасць’, то́лічкі ’чуць-чуць’ (Нас.). Укр. ті́льки ’адзіна, выключна’, ті́лько ’тс’, дыял. ’столькі’, рус. то́лько ’выключна; ледзь; аднак’, польск. tylko ’тс’, чэш. tolik ’столькі’, toliko ’выключна’, славац. toľko ’столькі’, toľký ’такі вялікі, такі значны’, славен. tolíko ’столькі’, tólik ’такі вялікі’, серб.-харв. то̏лико, толѝко ’столькі’, макед. толку ’тс’, балг. то́лко ’тс’. Прасл. *toliko прысл. ад *tolikъ ’такі вялікі, такі на колькасці’, якое з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прасл. *toli ’столькі’, параўн. укр. дыял. ті́лький ’такі па колькасці’, рус. дыял. только́й ’такі’, старое польск. tylki, telki ’такі вялікі, такі па велічыні’, чэш. дыял. telký, teľký ’тс’, славац. toľký ’тс’, в.-луж. telki ’такі вялікі’, славен. tólik ’тс’, серб.-харв. толѝки ’тс’, дыял. tolȉk ’тс’, балг. дыял. то́лки ’тс’, ст.-слав. толикъ ’такі вялікі, такі шматлікі’. У неславянскіх мовах аналагічныя ўтварэнні — грэч. τηλίκος ’такі вялікі, такі моцны’, лац. tālis ’такі; такі важны, значны’ (Фасмер, 4, 74–75; Брукнер, 589; Махэк₂, 646–647; Бязлай, 4, 194; ЕСУМ, 5, 579; Борысь, 658). Паводле ESSJ SG (2, 682), парадак словаўтварэння адваротны: *tolikъ ад *toliko.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прывя́зка ’вяровачка, шнурок, раменьчык для прывязвання чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), пры́вязка (Ян.), пры́візка, прі́візь ’тс’ (Бяльк.), пры́вязка ’прывязь у цэпе’ (гродз., навагр., ганц., клім., Шатал., Сл. ПЗБ), пры́везка, мн. л. прыве́зкі ’раменьчыкі ў цэпе’ (Выг. дыс., ТС), пры́візінь, прі́візінь ’раменьчык, якім прывязваюць біч да цапільна’ (Бяльк.), пры́вязка ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’ (нараўл., ДАБМ), пры́вязка ’галіна для прывязвання латаў да крокваў у саламянай страсе’ (Шат.; ашм., Стан.), ’тонкая жэрдка, якой прыціскаюць салому на страсе’ (арш., Шатал.; Мат. Маг., Сл. ПЗБ), пры́вязка, прі́візка ’тонкая жардзіна, якою прывязваецца рад саломы да латы на страсе ў час крыцця’ (Бяльк.), пры́вяз, пры́вязь, мн. л. пры́вязкі, прі́візкі, пры́везкі, пры́візкі, пры́віскі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ЛА, 4), з іншым суфіксальным афармленнем: пры́вязіна ’паплеціна’ (Сл. ПЗБ), прівязіно, мн. л. прівязіны ’жэрдкі, што ўтрымліваюць салому на страсе, да якой салома прымацоўваецца’ (П. С.). Ткацкую семантыку, развіццё якой звязана тут з асаблівасцямі ткання, калі ўток прыбіваў менш шчыльна і палатно атрымоўвалася горшае, як бы “прывязанае” да добрага, захоўваюць прывя́зка, пры́вязь ’палатно з горшага валакна; горшае валакно’ (Касп.); сюды ж пры́вызнына ’мяккія адходы валакна пры часанні льну’ (кам., Жыв. НС). Узыходзіць да прасл. *privęzъ, *privęza, *privęzъka (падрабязней у БЕР, 5, 700; ЕСУМ, 1, 442–443, з літ-рай). Ст.-слав., ст.-рус. привязати ’прывязаць, утрымаць’, привязъка ’прывязь, тальмах’ (Сразн.), ц.-слав. привѧзъ, привѧза ’вяровачка для прывязвання, шнур’, привяска ’звязванне’, серб.-харв. привеза, прывезак, балг. дыял. привез ’прывязка’, старое привезка ’хустка’, славац. privez, priveza, польск. przewiązka, рус. дыял. привя́зка ’прывязь для жывёлы; завязка’, ’тонкая жэрдка, якая ўтрымлівае страху’, ’частка цэпа’, укр. при́вʼязка, при́вʼязок, при́вʼязь ’шнурок, вяровачка ці што-небудзь падобнае, скарыстанае для прывязвання’. Гл. вяза́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляля́к1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́к ’ястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́ка ’бусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лайно1 ’гной, памёт, асабліва свіны’ (Нас.), укр. лайно, ст.-рус. лаино ’гной, памёт’, ’цэгла’, польск. łajno ’гной, кал жывёльны’, каш. ’тс’, ’мала, нічога’, ст.-польск. ’экскрэменты’, чэш. lejno, ст.-чэш., славац. lajno ’памёт жывёл, птушак’, славен. lájno, серб.-харв. чак. ла̑јно, lanje, макед. лайно, балг. лайно, ст.-слав. лаина ’кал’, ц.-слав. ’цэгла’. Прасл. утварэнне lajьno. Непасрэдных і.-е. адпаведнікаў не мае. Роднаснае да і.-е. *(s)lei ’слізісты, коўзкі, лепкі’: ст.-інд. láyatē, líyate ’лепіцца, прыціскаецца, льне’, ст.-грэч. ἀλίνω ’намазваю, націраю’, лац. linō, linere, lēvi ’пэцкаць, брудзіць’, ст.-ірл. lenaid ’выцякаць’, лац. limus ’іл, бруд, кал’, якое з *loimos, ст.-в.-ням. leime, ням. Lehm ’гліна’, ст.-ісл. leir ’іл’, ст.-прус. layso (*laisā) ’гліна, суглінак’, алб. leth ’сырая гліна’ (Бернекер, 687; Покарны, 662; Слаўскі, 4, 438; Фасмер, 2, 451–452; Скок, 2, 262) (< *lōi̯‑ino ’тое, што зляпілася’). Махэк₂, (325) за аснову бярэ прасл. lějǫ ’ліць’, з якога спачатку lajь, пасля + ьno. Параўн. таксама асец. lyjyn: lyd/lijun: lid ’caccare’, якое адносіцца да іншага і.-е. кораня *rei, *ri‑ ’цячы’ (Абаев, 2, 54).

Лайно2, ланнё ’адзенне’ (Жд. 2), ’усё верхняе адзенне ў сукупнасці’ (Нік., Віц., Шн. 3, Касп.), ’агульная назва асобных штук вопраткі’ (Інстр. 1, Мядзв., Мат. Шкл., Янк. Мат.), ’адзежына, вопратка’ (Яўс., БНТ, Лег. і пад.), ’адна рэч бялізны’ (Бяльк., Касп.; бялын., Нар. сл.; талач., Шатал., ТСБМ, Мат. Гом.), ’адзежына, посцілка, коўдра, радно’ (Мат. Гом., Нар. сл.), ’звязка бялізны, якую можа падняць жанчына’ (Нас., Касп.), ’адна з рэчаў дзіцячай пасцелі’ (Янк. Мат., Мат. Гом.), лайніна, лъйніна́ ’адна штука адзення, адзежына’ (гарад., Хрэст. бел. дыял.; чавус., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’кавалак палатна пакрываць што-небудзь’ (Шат.), ’ануча’ (Мат. Гом.), ’абрэзак, старое, патрапанае адзенне’ (жлоб., Нар. словатв., Мат. Маг.). Толькі беларускае — прасл. архаізм logno, які генетычна суадносіцца са ст.-прус. lagno ’штаны’. Гл. ладно.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)