ВАНЬКО́ВІЧ (Ян) (Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г. Мінска — 2.8.1899),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.

Г.​В.​Кісялёў, Я.​Я.​Янушкевіч.

Я.В.Ваньковіч. Фотаздымак пач. 1860-х г.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎПША́САЎ (Станіслаў Аляксеевіч) (27.7.1899, в. Грузджай Шаўляйскага р-на, Літва — 19.11.1976),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пачатку Вял. Айч. вайны камандзір батальёна асобнай мотастралк. брыгады спец. прызначэння, якая абараняла Маскву. З сак. 1942 у тыле ворага: камандзір спец. атрада «Мясцовыя», які дзейнічаў у Мінскай вобл., у 1943 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. У час вайны з Японіяй (1945) узначальваў у Маньчжурыі аператыўную групу. Да 1958 у органах дзярж. бяспекі.

С.А.Ваўпшасаў.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в. Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.​Л.​Бочак, А.​Л.​Валагжанін, В.​П.​Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в. Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАНО́ВІЧ (Маркіян Якаўлевіч) (10.11.1895, в. Дзяменічы Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.9.1937),

савецкі ваен. дзеяч, камкор. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), штабс-капітан. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандзір брыгады, удзельнік разгрому англа-амер. інтэрвентаў на Поўначы, армій Урангеля, Махно. Узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга. Пасля грамадз. вайны камандзір дывізіі, корпуса. З 1926 пам. камандуючага Беларускай, з 1928 — Сярэднеазіяцкай і Маскоўскай ваен. акругамі. З 1933 нач. Акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА, адначасова з 1934 чл. Ваен. савета пры Наркамаце абароны СССР. З сак. 1937 нам. камандуючага Ленінградскай ваен. акругай. Чл. ЦВК БССР у 1925—27, канд. у чл. ЦВК БССР у 1927—28. Беспадстаўна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 5, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да ліст. 1942 у г. Горкі і Горацкім р-не Магілёўскай вобл. Існавала 12 груп (78 чал.): гарадская (кіраўнік П.​Х.​Кажура), на льнозаводзе (П.​Н.​Савінаў), цагельным з-дзе (А.​І.​Трэмба), у Горацкай МТС (С.​І.​Вараб’ёў), у вёсках Альхоўка (В.​В.​Быкаў), Добрая (Д.​Ф.​Вайстрова), Палёнка (Ф.​М.​Дзям’янаў), Тудараўка (Б.​А.​Шыманоўскі, з сак. 1942 В.​В.​Агаджанян) і інш. Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, зброі для партызан, праводзілі дыверсіі на хлебазаводзе, электрастанцыі і інш. Фашысты арыштавалі амаль усіх падпольшчыкаў, 54 з іх загубілі. У Горках на магіле падпольшчыкаў помнік, у в. Тудараўка — стэла.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХТУРО́Ў (Дзмітрый Сяргеевіч) (12.9.1759—26.11.1816),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1810). Скончыў Пажаскі корпус у Пецярбургу (1781), служыў у гвардыі. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Аўстэрліцкай бітвы (1805), Фрыдландскай бітвы (1807). У вайну 1812 камандзір 6-га пях. корпуса ў складзе 1-й Зах. арміі, вывеў яго з акружэння ў раёне Ліды (чэрв. 1812), удзельнік Смаленскай аперацыі 1812, Барадзінскай бітвы 1812 і інш. У час замежных паходаў рускай арміі 1813—14 і 1815 камандаваў рас. войскамі ў Варшаўскім герцагстве (з сак. 1813), корпусам у складзе Польскай арміі (з ліп. 1813) і інш., вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813.

Літ.:

Романов Д.М. Полководец Д.​С.​Дохтуров. Тула, 1979.

т. 6, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Сямён Мікалаевіч) (крас. 1892, г. Белы Цвярской вобл., Расія — 13.5.1938),

удзельнік Кастр. рэвалюцый і грамадз. вайны ў Беларусі. З 1909 вёў рэв. агітацыю сярод рабочых г. Белы, маскоўскага з-да «Гужон». З 1913 у арміі, у 1917 старшыня палкавога, дывізіённага, нам. старшыні карпуснога к-таў. З 27.10.1917 ваен. камендант і нач. гарнізона Віцебска, старшыня ваен. аддзела (губваенком) губ. выканкома. Арганізаваў разгром часцей Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага на тэр. губерні, абарону Віцебска ад кайзераўскіх войск.

У пач. 1919 старшыня Віцебскага губ. к-та РКП(б). З сак. 1919 на Паўд. фронце, у 1920—21 старшыня Севастопальскага ВРК, гарсавета. У 1921—23 нам. старшыні, старшыня выканкома Віцебскага губсавета. Пазней на ваен., парт. і сав. рабоце.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (4.11.1871, каля Варшавы — 13.9.1917),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1917). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча і Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—11 у Гал. штабе і Гал. упраўленні Генштаба. У 1-ю сусв. вайну пры штабе 2-й арміі, з сак. 1915 камандаваў Усурыйскай коннай брыгадай, з крас. 1917—3-м конным корпусам. Кантактаваў з партыяй акцябрыстаў. У час Карнілава мяцяжу 1917 на чале 3-га коннага корпуса накіраваны Стаўкай Вярх. камандавання рас. арміі (знаходзілася ў Магілёве) на Петраград. Пасля адмовы вайскоўцаў корпуса наступаць супраць рэв. сіл прыбыў для тлумачэнняў А.Ф.Керанскаму ў Петраград, дзе пасля аддачы загаду аб яго арышце застрэліўся.

т. 8, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБЕ́РТ (Карл Восіпавіч) (Lambert Marie Charles; 1771 або 1772, Францыя — 11.6.1843),

расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1823). Ваен. службу пачаў у франц. каралеўскай арміі. У час Франц. рэвалюцыі (1789—94) эмігрыраваў у Расію. Удзельнік задушэння паўстання 1794, перс. (1796) і швейц. (1799) паходаў, руска-пруска-франц. вайны 1806—07. Напярэдадні і ў час вайны 1812 камандзір кав. корпуса ў 3-й арміі; 25 ліп. авалодаў Брэстам, 27 ліп. разбіў саксонцаў у Кобрынскім баі 1812, удзельнічаў у Гарадзечанскай бітве 1812; восенню 1812 выбіў праціўніка з Нясвіжа, Навасвержаня, Мінска; пры штурме Барысава цяжка паранены. У сак. 1814 удзельнічаў у бітве пад Парыжам. Пасля вайны на камандных пасадах, сенатар (1826).

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ПЭН (н. ў кастр. 1928, г. Чэнду, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1955—66 гал. інжынер, дырэктар электрастанцый, з 1966 нач. Пекінскага электраэнергет. ўпраўлення. У 1979—83 нам., міністр электраэнергетыкі, 1-ы нам. міністра воднай гаспадаркі і электраэнергет. прам-сці. З 1983 нам., у 1988—98 прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Нар. Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў задушэння сілай у чэрв. 1989 студэнцкіх выступленняў на пл. Цяньаньмэнь у г. Пекін. З сак. 1998 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. Чл. Палітбюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК) з 1985 і Пастаяннага к-та ЦК КПК з 1987. У 1995 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)