ФЕРДЫНА́НД II (Ferdinand; 9.7.1578, г. Грац, Аўстрыя — 15.2.1637),
аўстрыйскі эрцгерцаг, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1619—37]. З дынастыі Габсбургаў. Сын эрцгерцага Унутр. Аўстрыі (Штырыя, Карынтыя, Крайна) Карла, бацька Фердынанда III, унук Фердынанда I. Выхаваны езуітамі, таму імкнуўся праводзіць у сваіх уладаннях контррэфармацыю. З 1590 эрцгерцаг, з 1595 рэгент Унутр. Істрыі. У 1617 выбраны таксама каралём Чэхіі, а ў 1618 і Венгрыі. Пры ім пачалася Трыццацігадовая вайна 1618—48, у час якой адбыліся антыгабсбургскія выступленні ў Чэхіі (гл.Чэшскае паўстанне 1618—20) і Венгрыі (рух Г.Бетлена). Аўтар аналаў на лац. мове (т. 1—9, 1610—46). Маўзалей у г. Грац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́НІН Міхаіл Аляксандравіч (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),
рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр.ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.Герцэнам і М.Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.
У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯШЧЭ́ННЫ САЮ́З,
саюз еўрапейскіх манархаў, заключаны пасля краху напалеонаўскай імперыі. 26.9.1815 у Парыжы рас. імператарам Аляксандрам I, аўстр. імператарам Францам I і прус. каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III падпісаны т.зв. Акт свяшчэннага саюза. 19.11.1815 да С.с. далучыўся франц. кароль Людовік XVIII, потым большасць манархаў Еўропы. Вялікабрытанія не ўвайшла ў саюз, але падтрымлівала яго палітыку. Дзейнасць С.с. была накіравана на ажыццяўленне рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15, задушэнне рэв. і нац.-вызв. руху ў Еўропе. Вядучая роля ў саюзе належала Аляксандру I і К.В.Метэрніху. На 1-м Ахенскім кангрэсе 1818 вырашаны пытанні пра датэрміновы вывад акупац. войск з Францыі, пра захаванне ў Еўропе дзярж. граніц, вызначаных Венскім кангрэсам, і абсалютысцкіх рэжымаў. На Тропаўскім кангрэсе 1820 Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі пратакол, якім абвяшчалася права ўзбр. ўмяшання ў справы інш. дзяржаў (у адпаведнасці з гэтым рашэннем Аўстрыя задушыла Неапалітанскую рэвалюцыю 1820—21 і рэвалюцыю 1821 у П’емонце). Лайбахскі кангрэс 1821 санкцыяніраваў аўстр. інтэрвенцыю ў Неапалі і П’емонце. У адпаведнасці з рашэннем Веронскага кангрэса 1822 франц. армія ў 1823 уварвалася ў Іспанію, задушыла рэвалюцыю і аднавіла абсалютызм. Супярэчнасці паміж С.с. і Вялікабрытаніяй узніклі з-за розных адносін да вайны за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы 1810—26, паміж Расіяй і Аўстрыяй — у сувязі з процілеглымі адносінамі да грэч.нац.-вызв. паўстання 1821—29. Паўстанне дзекабрыстаў у 1825 у Расіі, рэвалюцыя 1830 у Францыі і Бельгіі, паўстанне 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі моцна падарвалі С.с. У пач. 1830-х г. саюз фактычна распаўся (фармальна ў 1848 у час рэвалюцыі 1848 у Францыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФЕР (Hofer) Андрэас (22.11.1767, г. Сан-Леанарда-ін-Пасірыя, Італія — 20.2.1810),
кіраўнік узбр. выступлення супраць баварскага панавання ў аўстр. Ціролі ў 1809. Карчмар. У пач. 1809 наведаў Вену, дзе ўзгадніў план паўстання. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы (пераважна сяляне) тройчы вызвалялі Ціроль ад баварскіх і саюзных ім франц. войск (поспеху паўстанцаў спрыялі падзеі аўстра-франц. вайны 1809). У жн. — кастр. 1809 Гофер — фактычны правіцель Ціроля. Пасля заключэння 14.10.1809 Шонбрунскага міру паміж Аўстрыяй і Францыяй паўстанне задушана ваен. сіламі французаў. У выніку здрады Гофер трапіў у палон, паводле загаду Напалеона I расстраляны.
Літ.:
Пристер Е. Краткая история Австрии: Пер. с нем. М., 1952. С. 325, 328—330.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫЯ СЯБРЫ́», Таварыства ваенных сяброў,
тайная арг-цыя ў Літоўскім асобным корпусе (Беластоцкая вобл.) у 1825. Узначальвалі мясц. шляхціц, б. філамат М.І.Рукевіч і афіцэры Літ. піянернага батальёна К.Г.Ігельстром і А.Л.Вягелін. Налічвала 45 членаў, падзялялася на 3 ступені. Мэтаю т-ва абвяшчаліся «вольнасць», «асвета сябе і іншых, узаемная дапамога і дабро агульнае». Паводле паліт. ідэалаў «Ваенныя сябры» блізкія да дзекабрыстаў. Верагодна, мелі кантакты з Паўн. і Паўд. т-вамі дзекабрыстаў і з Польскім патрыятычным т-вам. У снеж. 1825 беспаспяхова спрабавалі ўзняць паўстанне ў войску. Удзельнікі арыштаваны і прыгавораны да розных тэрмінаў катаргі і турэмнага зняволення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЕ́РКА Міхаіл Андрэевіч (1836, Мінск — 10.5.1864),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Слуцкую гімназію, мед.ф-т Маскоўскага ун-та (1860). Працаваў урачом у Магілёве. У 1862 пакінуў дзярж. службу, удзельнічаў у стварэнні рэв. арг-цый у Магілёўскай губ. Належаў да партыі «чырвоных», трымаў сувязь з віленскім паўстанцкім цэнтрам, з К.Каліноўскім. Як камісар Магілёўскага ваяводства (губерні) разам з Л.Звяждоўскім узначаліў там узбр.паўстанне. Улетку 1863 прызначаны камісарам Мінскага ваяв. (губерні). Па заданні Каліноўскага ў кастр. разам з І.Ямантам рэарганізаваў паўстанцкую адміністрацыю на Міншчыне. Ратуючыся ад рэпрэсій, выехаў у Пецярбург, 3.11.1863 арыштаваны на ст. Востраў Пскоўскай губ. Расстраляны ў Магілёве паводле прыгавору ваен. суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЭ́ЙЦ Станіслаў Станіслававіч (літ. псеўданім Арліцкі; 25.8.1836, г. Арол ?, Расія — пасля 1918),
бел. і рус. журналіст, мемуарыст, белетрыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1856), быў вольным слухачом Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Служыў у Магілёве ў палаце дзярж. маёмасцяў, уваходзіў у гурток перадавой моладзі. Дасылаў заметкі ў пецярб.час. «Искра» і «Экономический указатель». Рэдакцыя «Современника» ўхваліла яго праект выдання ў Магілёве час. «Белорусский вестник» (не выходзіў). Удзельнік паўстання 1863—64. З 1868 у Пецярбургу. Выдаваў час. «Дешевая библиотека», «Всемирный труд», «Луч» і інш. У рамане «Апошнія язычнікі» (1871—72), кн. «Старасвецкія памешчыкі. Нарысы Заходняга краю» (1885), мемуарах расказвае пра Беларусь 1850—60-х г., паўстанне 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯГЕ́ЛІН Аляксандр Іванавіч [1800—1859 (1860?)], удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў 1-м кадэцкім корпусе. З 1822 паручнік. З 1823 у Літ. піянерным батальёне (Беластоцкая вобл.). Уваходзіў у навагрудскую масонскую ложу «Вузел адзінства». Адзін з арганізатараў тайнага т-ва«Ваенныя сябры». Удзельнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825, агітаваў салдат не прысягаць Мікалаю I, сарваў прысягу салдат сваёй роты, спрабаваў узняць паўстанне ў інш. часцях. 26.12.1825 арыштаваны, пазбаўлены дваранства і прыгавораны да смяротнага пакарання. Паводле царскай канфірмацыі (1827) сасланы на 10 гадоў на катаргу з наступным пасяленнем у Сібіры. У 1837 па ўласнай просьбе накіраваны на службу радавым у Каўказскі асобны корпус, у 1843 звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ХА́РТЫЯ ВО́ЛЬНАСЦЕЙ (англ. The Great Charter, лац. Magna Charta Libertatum),
грамата, падпісаная англ. каралём Іаанам Беззямельным 15.6.1215. Упершыню ў гісторыі Англіі абмяжоўвала правы караля. Яе падпісанню папярэднічала паўстанне баронаў, незадаволеных узмацненнем улады караля і парушэннем ім феад. звычаяў. Рыцары і гараджане, якія выступілі на баку баронаў, забяспечылі іх перамогу. Вялікая хартыя вольнасцей напісана на латыні, уключала 63 артыкулы. Абмяжоўвала правы караля (гал. чынам у інтарэсах арыстакратыі), яго судовую ўладу, давала некаторыя прывілеі рыцарству, гарадам і вярхам вольнага сялянства. Баронам было дадзена права кантраляваць выкананне гарантый хартыі. Мела фундаментальнае значэнне ў развіцці канстытуц. працэсу ў Англіі і ўспрымалася як сімвал вярхоўнай улады закону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ЛЕ́ЙДЭНСКІ (Jan van Leiden, Johann von Leiden), Ян Бокелзан (Jan Beuckelszoon, Bockelson; каля 1509, паблізу г. Лейдэн, Нідэрланды — 23.1.1536),
кіраўнік Мюнстэрскай камуны. У 1533 далучыўся да старшыні нідэрландскіх анабаптыстаў Яна Матыса, хрысціўся ў яго і стаў адным з яго апосталаў. Разам з інш. анабаптыстамі ў 1534 захапіў уладу ў Мюнстэры, а пасля смерці Матыса ўзначаліў савет «12 старэйшын» — вярх. орган улады камуны. Пазней абвясціў сябе «царом Новага Сіёна» (Мюнстэра), валодаў неабмежаванай уладай, увёў палігамію. Імкнуўся пашырыць паўстанне на інш. вестфальскія гарады і Паўн. Нідэрланды. Пры захопе Мюнстэра войскамі епіскапа 25.7.1535 трапіў у палон, катаваны і пакараны смерцю. Гал. герой оперы Дж.Меербера «Прарок» (1849).