Забулды́га ’гуляка’. Рус. забулды́га ’тс’. Паводле версіі Гараева (113), метатэза з заблудыга. Але наяўнасць рус. дыял. булды́га, смал., уладз., маск., ніжнегар. ’гуляка, п’яніца’, сімб., калуж. ’грубіян, скандаліст’, уладз. ’дубіна’, калуж. ’высокае пустазелле’, ’маслак’, з якім, відаць, звязана забулдыга, робіць прапанову Гараева малаверагоднай (Фасмер, 2, 71). Булдыга ад булда, якое ў сваю чаргу ад була ’шышка, ком’ (Шанскі, 2, З, 11) ці ў выніку кантамінацыі булыга і балда (Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66–67). Дабрадомаў (Этимология, 1967, 260) кантамінацыю булава і балда, з аднаго боку, і волдыга, забулдыга, з другога, бачыць у самым слове булдыга, што выклікае сумненні. Бел. слова, магчыма, запазычана з рус., але, улічваючы пашырэнне ў смал. гаворках, магчыма, агульнае з рус. утварэнне. Гл. булд-, булдава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збаўля́ць ’вызваляць, ратаваць’ (Нас.). Рус. избавлять ’тс’, укр. збавляти ’змяншаць, траціць’, параўн. вибаваляти ’ратаваць’, польск. zbawiać ’вызваляць, ратаваць’, ’адабраць’, чэш. zbaviti, славац. zbaviť, славен. izbáviti, серб.-харв. ѝзбављати, балг. изба̀вям, макед. избави. Ст.-слав. избавлꙗти. Ст.-рус. избавляти. Ст.-бел. избавляти, збавляти (Скарына). Параўн. ст.-бел. выбавити (Скарына). Наяўнасць паралельнай формы з вы‑ дае падставу лічыць рус. избавить стараславянізмам (Шанскі, 2, И, 19). Узвышаная семантыка, чаргаванне збавіцьзбавляць у карысць ст.-слав., а не польск. паходжання бел. лексемы. Разам з тым нельга выключыць агульнаслав. і прасл. характар лексемы. Jьz‑bav‑i‑ti прэфіксальнае ўтварэнне; bav‑ — каўзатыў да byti. Гл. бавіцца, быць, Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 219–220; БЕР, 2, 16; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 101.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Панёва ’спадніца з некалькіх нясшытых удаўжыню полак’ (Нас.), ’суконная саматканая спадніца’ (Бяльк.), ’спадніца з саматканай тканіны ў клетку’ (ДАБМ, 934), ’суцэльная сукня без рукавоў’ (Інстр. I), ’жаночы цёплы пінжак’ (Сцяшк. Сл.). Рус. поня́ва ’пакрывала, накідка; павязка на галаву, хустка’, зах. і паўдн. поня́ва, понёва ’саматканая спадніца’, укр. поня́ва ’від спадніцы’, ст.-рус. понѧва, понева ’кавалак тканіны; пакрывала; завеса; ніжняя спадніца’, ст.-слав. понꙗва, серб.-харв. по́њава ’падсцілка, грубая коўдра’, славен. ponjȃva ’палатно, прасціна, коўдра’. Слова праславянскага паходжання; яно было распаўсюджана ў Паноніі, на што ўказвае яго наяўнасць у вянгерскай і румынскай мовах (Скок, 2, 8). Як мяркуюць даследчыкі (Остэн–Сакэн, SF, 33, 238; Фасмер, 3, 326), звязана з апона, пяць2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пастаро́нак, пастаро́нкі, стол. посторо́нкі; па́старанкі, пастронак, шчуч. пастронка; пастронкі, пастронькі, пастромкі, пустро́нок ’пастронкі’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Маш., Янк. 2, Выг., Шат., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Сл. Брэс.). Укр. посторо́нок, рус. постро́мка, постромки́, постро́нка, посторо́нка, польск. postronek, каш. pöstrònk, н.-луж. póstronk, в.-луж. postronk, чэш. (яшчэ ст.-чэш.) postronek, народн. p(r)ostraněk, паўд.-усх. vostraňky, славац. postranok ’тс’. Паўн.-слав. postorn‑ъkъ ’вяроўка, рамень, прывязаныя да вужоў хамута, якія ідуць збоку цяглавай жывёлы’ (Брукнер, 432; Голуб-Копечны, 287; Махэк₂, 474). Наяўнасць ‑м‑ тлумачыцца па-рознаму (гл. яшчэ Фасмер, 3, 342). Да старана́ (гл.). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 121), ст.-бел. постронокъ (пастронокъ, постромокъ) (1598 г.) запазычаны са ст.-польск. postronek ’тс’. Няма падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ ГРУЗ,

наяўнасць у папуляцыі (віду) лятальных і інш. адмоўных мутацый, якія пры пераходзе у гомазіготны стан выклікаюць гібель асобін або зніжэнне іх жыццяздольнасці; у шырокім сэнсе — зніжэнне (сапраўднае або патэнцыяльнае) прыстасаванасці папуляцыі, што ўзнікае пры наяўнасці генетычнай зменлівасці. Тэрмін увёў амер. генетык Г.Мёлер у 1940-я г. Крыніцамі генетычнага грузу служаць мутацыйныя і сегрэгацыйныя працэсы. Адпаведна адрозніваюць мутацыйны, збалансаваны (сегрэгацыйны) і субстытуцыйны (пераходны) генетычны груз. Кожная папуляцыя нясе ў сабе генетычны груз, частка якога адбываецца за кошт паўторнай мутацыі, частка — за кошт эфекту звышдамінавання. У абодвух выпадках гомазіготы (гл. Гомазіготнасць) маюць адмоўнае праяўленне. Аднак паняцце шкоднасці мутацый адноснае, таму што генетычны груз можа адначасова быць і генетычным рэзервам эвалюцыі дзякуючы падтрымцы генетычнай разнастайнасці папуляцый. Вывучэнне генетычнага грузу ў выглядзе шкодных мутацый у чалавека (спадчынныя хваробы) мае важнае значэнне для вырашэння практычных пытанняў мед. генетыкі.

Э.В.Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГАУ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Пашырана ў паўд. раёнах Малдовы і Украіны (б. Бесарабія), на Паўн. Каўказе, нязначнымі арэаламі ў Казахстане, а таксама ў паўн.-ўсх. Балгарыі і Румыніі. На тэр. Малдовы і Украіны вылучаюць 2 асн. дыялекты: чадырлунгска-камрацкі (цэнтр.) і вулканешцкі (паўд.), існуюць і змешаныя гаворкі. Да перасялення ў пач. 19 ст. большасці гагаузаў з паўд.-ўсх. Балгарыі ў Бесарабію на гагаузскую мову ўплывалі навакольныя балканскія мовы і тур. гаворкі, пасля перасялення — рум., малд. і рус. мовы. У выніку гагаузская мова набыла рысы, не ўласцівыя фанет. і граматычнаму ладу цюркскіх моў: наяўнасць другасных доўгіх галосных, дыфтангізацыя і ётацыя галосных верхняга і сярэдняга пад’ёму у пач. слова; моцная палаталізацыя большасці зычных у суседстве з галоснымі пярэдняга рада; свабодны парадак слоў у сказе, развітая злучнікавая сувязь і інш. Пісьменства на аснове рус. графікі з 1957.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ у біялогіі,

уласцівасць жывых арганізмаў існаваць у розных формах (варыянтах); адзін з найб. важных фактараў эвалюцыі. Можа праяўляцца ў асобных арганізмах, клетках у працэсе індывід. развіцця або ў межах групы арганізмаў у шэрагу пакаленняў пры размнажэнні. Па механізмах узнікнення і характары змянення прыкмет адрозніваюць некалькі тыпаў З. Спадчынная З. (генатыпічная) абумоўлена ўзнікненнем новых генатыпаў у выніку мутацый або перакамбінацыі алеляў, што прыводзіць да змянення фенатыпу; аснова селекцыі. Няспадчынная З. (мадыфікацыйная) — вынік змяненняў фенатыпу пад уздзеяннем умоў існавання арганізма, без змены генатыпу (гл. Мадыфікацыя, Фенакопія). Антагенетычная З., у т.л. ўзроставая — заканамерныя змяненні ў ходзе індывід. развіцця арганізма. Палавая З. звязана з адрозненнем асобін рознага полу. Індывідуальная З. (паліморфная) — наяўнасць індывід. адрозненняў арганізмаў аднаго віду незалежна ад узросту і полу. Міжпапуляцыйная З. звязана з асаблівасцямі генатыпу і фенатыпу розных папуляцый аднаго віду.

В.В.Грычык.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ,

дэрматамікозы, хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.

Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.

М.З.Ягоўдзік.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНУА́ (Lannoy) Жыльбер дэ

(1386—22.4.1462),

бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т.л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.

А.В.Белы.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

і́скра, ‑ы, ж.

1. Маленькая часцінка распаленага або палаючага рэчыва. Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Стралялі іскрамі ў грубцы бярозавыя дровы. Васілевіч.

2. Яркі зіхатлівы водбліск, бліскучая кропка. Вось першы промень над зямлёю бліснуў — І іскраў у расе не пазбіраць. Панчанка. На агромністым чорным полагу неба трапяталіся зеленаватыя іскры зорак. Паслядовіч.

3. перан.; чаго. Пачатак, пробліск, праяўленне якога‑н. пачуцця, думкі, таленту. Іскра радасці. Іскра надзеі. □ Здавалася, у .. моцным целе [Майбарады] звініць кожны мускул, а ў вачах ніколі не згасалі іскры вясёлага смеху. Шамякін.

•••

Электрычная іскра — форма імгненнага электрычнага разраду.

Аж іскры з вачэй пасыпаліся — пра замарачэнне ад болю ў выніку моцнага ўдару па галаве.

Божая іскра — пра адаронасць, наяўнасць таленту ў каго‑н.

Закінуць іскру (у душу) гл. закінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)