КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,

вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш. Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРСА́НАЎ (Андрэй Львовіч) (н. 8.11.1902, Масква),

расійскі фізіёлаг і біяхімік раслін. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). У 1935—53 у Ін-це біяхіміі, з 1952 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслін АН СССР. Навук. працы па пытаннях асіміляцыі вуглекіслаты, хімізму і абмену дубільных рэчываў, энзімалогіі расліннай клеткі. Распрацаваў вучэнне аб перамяшчэнні і запасанні арган. рэчываў у раслінах.

Тв.:

Транспорт в растениях органических веществ — метаболитов // Успехи современной биологии. 1966. Т. 62, № 2(5);

Кислородный режим корней и транспорт кислорода в растении (разам з Б.​Б.​Вартапецянам) // Сельскохозяйственная биология. 1970. Т. 5, № 2.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАЦЫТАЗО́АН (Leucocytozoon),

род беспігментных прасцейшых класа спаравікоў, якія паразітуюць у эндатэліяльных клетках сценак крывяносных і лімфатычных сасудаў і форменных элементах крыві (эрытрабластах) птушак. Выяўлены ў 1884—89 В.Я.Данілеўскім. Пераносчыкі Л. — крывасосныя насякомыя, мошкі сям. Simuliidae. Палавыя асобіны (гаметацыты) Л. у страўніку мошкі ўтвараюць зіготы, якія праз шэраг стадый развіцця (аацысты, спаразоіты, меразоіты) трапляюць у кроў птушкі праз укус мошкі. Яны разносяцца ў эндатэліяльныя клеткі, дзе размнажаюцца шляхам шызаганіі, і трапляюць у эрытрабласты. Тут яны фарміруюцца ў гаметацыты. Л. знойдзены ў многіх птушак, у т. л. ў свойскіх (гусі, індыкі, качкі, куры, цацаркі).

Літ.:

Марков А.А. Лейкоцитозоозы // Болезни птиц. 2 изд. М., 1971.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНДЭЛІ́ЗМ,

вучэнне аб заканамернасцях атрымання ў спадчыну адзнак арганізма. Распрацаваны Г.Мендэлем (1865). Адыграў рэв. ролю ў біялогіі, выявіў некат. фундаментальныя ўласцівасці атрыманых у спадчыну фактараў (генаў): дыскрэтнасць, стабільнасць, множнасць алельных форм. З’яўляецца часткай метадалогіі генет. эксперыментаў. Напр., уласцівасць пастаянства генаў выкарыстоўваецца ў генет. інжынерыі пры пераносе генаў з клетак аднаго віду арганізмаў у клеткі другога. На аснове адноснага пастаянства генаў распрацаваны прынцып «канварыянтнай рэдуплікацыі ДНК» (структура ДНК узнаўляецца не з абсалютнай дакладнасцю, а з варыянтамі за кошт мутацый) і інш. Гл. таксама Мендэля законы.

Літ.:

Гайсинович А.Е. Восприятие менделизма в России и его роль в развитии дарвинизма // Природа. 1982. № 9.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК (лац. cancer),

злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб. значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСШЧАПЛЕ́ННЕ ў генетыцы,

паяўленне ў патомстве гібрыдаў асобін (клетак) рознага генатыпу (Р. па генатыпе) ці генатыпічна абумоўленае адрозненне патомкаў па праяўленні адзнакі (Р. па фенатыпе). Аснова — траплянне розных алеляў генаў храмасом і храматыд у даччыныя клеткі пры дзяленні мацярынскай. Утварэнне розных палавых клетак у меёзе наз. меятычным, ці гаметычным Р., а клетак рознага генатыпу ў мітозе — мітатычным або саматычным Р. (у шматклетачных арганізмаў прыводзіць да мазаіцызму). Пры нармальных паводзінах храмасом патомкі рознага генатыпу (і фенатыпу) паяўляюцца з вызначанай частатой, таму Р. характарызуюць колькасна. Выяўленне Р. — важны інструмент генет. аналізу, які сведчыць пра гетэразіготнасць зыходных арганізмаў (клетак). Выкарыстоўваецца для атрымання зыходных форм у селекцыі арганізмаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэпліка́цыя

(англ. replication, ад лац. peplicatio = адбіццё)

біял. стварэнне падобнай сабе структуры; у малекулярнай генетыцы — падваенне малекул дэзаксірыбануклеінавай кіслаты, якое ляжыць у аснове перадачы спадчыннай інфармацыі ад клеткі да клеткі і ад пакалення да пакалення (параўн. рэдуплікацыя, трансляцыя 2, транскрыпцыя 4).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ксантафо́ры

(ад гр. ksanthos = жоўты + -фор)

ярка афарбаваныя жоўтыя пігментныя клеткі скуры ніжэйшых пазваночных і некаторых беспазваночных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лафатры́хі

(ад гр. lophos = пучок + thriks, -ichos = валасы)

бактэрыі з пучком жгуцікаў на адным з канцоў клеткі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

меланафо́ры

(ад гр. melas, -anos = чорны + -фор)

пігментныя клеткі ў амфібій, размешчаныя ў эпідэрмісе і ўласна скуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)