хвароба каранёў раслін сям. крыжакветных, якая выклікаецца грыбам Plasmodiophora brassicae. Найчасцей пашкоджвае капусту, а таксама бручку, радыску, рэпу, рэдзьку, гарчыцу, турнэпс, некат. віды пустазелля. Найб. пашырана на кіслых глебах.
Споры грыба пранікаюць у тканкі кораня, выклікаюць узмоцненае дзяленне клетак, у выніку ўтвараюцца вял. патаўшчэнні, нарасці, уздуцці. У іх пранікаюць інш. мікраарганізмы, нарасці загніваюць і разбураюцца. Споры грыба трапляюць у глебу, якая з’яўляецца асн. крыніцай заражэння (споры К. захоўваюцца 5—6 гадоў). Расліны заражаюцца на працягу ўсяго перыяду вегетацыі. Меры барацьбы: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, дэзінфекцыя парнікоў і расаднікаў, вапнаванне глебы, выбракоўка заражанай расады, правільная агратэхніка, знішчэнне крыжакветнага пустазелля і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАРЫ́НХІ (Kinorhyncha),
клас марскіх першаснаполасцевых чарвей. 2 атр.: цыкларагіды (Ciclorhagida) і гамаларагіды (Homalorhagida), каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у грунтах, у прыбярэжнай зоне і на глыбіні да 750 м.
Даўж. 0,1—1 мм. Цела пляскатае, жаўтаватае або карычневае, двухбакова-сім., складаецца з 13 (зрэдку з 14) сегментаў (занітаў); укрыта кутыкулай з венчыкамі шыпоў або кручкоў. Скура — з аднаслойнага эпітэлію. Мускулатура складаецца з асобных пучкоў папярочна-паласатых мускулаў. Кішэчнік у выглядзе простай трубкі. Нерв. сістэма складаецца з галаўнога каляглотачнага кальца і брушнога нерв. ствала з вял. колькасцю нерв.клетак у кожным сегменце тулава. Раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам. Кормяцца аднаклетачнымі водарасцямі, мікраарганізмамі, дэтрытам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАДО́ФАРА (Cladophora),
род зялёных водарасцей сям. кладофаравых. Каля 150 марскіх і прэснаводных відаў. Пашырана амаль усюды. У вадаёмах Беларусі трапляюцца К. эгаграпільная (C. aegagropila), занесеная ў Чырв. кнігу, скручаная (C. glomerata), слабая (C. fracta), C. Kütz. sp.
Макраскапічныя водарасці ў выглядзе рыхлых дзярнінак, шчыльных паўшарападобных калоній ці бясформенных скопішчаў цёмна-зялёных нітак. Прымацаваны да субстрату рызоідамі або плаваюць свабодна, утвараючы ціну. Ніткі галінастыя, з адным радам выцягнутых шмат’ядравых клетак. Хларапласт сеткаваты. Размнажэнне вегетатыўнае (ч. талому, акінеты), бясполае (зааспоры), палавое (ізагамія). Адзначана чаргаванне пакаленняў: спарафіту і гаметафіту. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу паперы. Культывуецца ў акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім. рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЭЛІ́ЗМ,
вучэнне аб заканамернасцях атрымання ў спадчыну адзнак арганізма. Распрацаваны Г.Мендэлем (1865). Адыграў рэв. ролю ў біялогіі, выявіў некат. фундаментальныя ўласцівасці атрыманых у спадчыну фактараў (генаў): дыскрэтнасць, стабільнасць, множнасць алельных форм. З’яўляецца часткай метадалогіі генет. эксперыментаў. Напр., уласцівасць пастаянства генаў выкарыстоўваецца ў генет. інжынерыі пры пераносе генаў з клетак аднаго віду арганізмаў у клеткі другога. На аснове адноснага пастаянства генаў распрацаваны прынцып «канварыянтнай рэдуплікацыі ДНК» (структура ДНК узнаўляецца не з абсалютнай дакладнасцю, а з варыянтамі за кошт мутацый) і інш.Гл. таксама Мендэля законы.
Літ.:
Гайсинович А.Е. Восприятие менделизма в России и его роль в развитии дарвинизма // Природа. 1982. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетакэўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЫ (ад грэч. poros адтуліна). У раслін — паглыбленні ў другаснай клетачнай абалонцы. Фарміруюцца ў абалонках сумежных клетак адна супраць адной. Адрозніваюць П. простыя — у клетачных абалонках парэнхімных і мех. тканак і абкружаныя — у водаправодных элементах. Адыгрываюць важную ролю ў правядзенні вады і пажыўных рэчываў. У жывёл П. — адтуліны вывадных пратокаў потавых залоз на паверхні эпідэрмісу (потавыя П.); адтуліны каналаў, якімі смакавыя органы злучаюцца з паверхняй эпітэлію слізістай абалонкі ротавай поласці (смакавыя П.). У марфалогіі П. — круглыя ўчасткі ў абалонцы клетачнага ядра, запоўненыя складана арганізаванымі глабулярнымі і фібрылярнымі структурамі. Адыгрываюць важную ролю ў транспарце буйных малекул з ядра ў цытаплазму і назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАПО́ДЫІ [ад псеўда... + грэч. pus (podos) нага],
псеўданожкі, часовыя цытаплазматычныя вырасты ў аднаклетачных (караняножкі, некат. жгуцікавыя, спаравікі, слізевікі) і некат. клетак шматклетачных жывёл (лейкацыты, макрафагі, яйцы губак, кішачнаполасцевых, некат. раснічных чарвей), якія служаць для перамяшчэння арганізма ў прасторы, захопу корму або пабочных часцінак.
Утварэнне П. — праяўленне прасцейшай формы руху цытаплазмы: цыклозу або амёбападобнага руху. Яны ўзнікаюць і ўцягваюцца ў розных месцах клеткі, таму яе форма пры руху пастаянна мяняецца. Для тлумачэння ўтварэння П. і амёбападобнага руху існуе шэраг тэорый: змяненне паверхневага нацяжэння клеткі; наяўнасць абарачальнага працэсу пераходу асобных порцый цытаплазмы з аднаго стану ў другі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК (лац. cancer),
злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб. значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.