струбі́ць, струблю, струбіш, струбіць; зак., што.

Разм.

1. Прагна з’есці (у вялікай колькасці). [Алесь Чыгунок:] — Як зарэжаш, стары, цялушку, ды струбіш адзін, як той Шчукар, — ламаніна, канешне, будзе!.. Брыль.

2. Патраціць, перавесці ўсё або вельмі многа. Дапытліва зірнула [Клейна] на бацьку: — Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей. — Не паскупіўся. — Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багацце — прыходзь да мяне. Караткевіч.

3. Змарнаваць, патраціць (пра час). Дарэмна дзень струбіў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флёр, ‑у, м.

1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.

2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.

[Ням. Flor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапо́к, ‑пка, м.

1. Разм. Тое, што і ахапак. Кладзі на плыт хапок атавы, Пад галаву закладвай рукі, — І слухай, як рака каўтае вугроў, нібы вудоўі, пругкіх. Барадулін.

2. Рэзкі, кароткі рух; рывок. За адзін хапок.

•••

На хапок (хапка) — спяшаючыся, не затрачваючы многа часу. Паездка ў лес на хапок канчалася той ці іншай непрыемнасцю. Ермаловіч. Прыпяць не любіць тых, што бяруцца за справу на хапка. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалько́, ‑а, м. і нескл., ж.

Той, хто любіць хваліцца. І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні вядомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: «За што?!» Караткевіч. Віктар любіць хлопцаў са свайго ўзвода. Усе яны трошкі хвалькі, пыл любяць пусціць у вочы і як бы загадзя надзелі на сябе маскі страшэнных зухаў, якім мора па калена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыстапаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць да якой‑н. адной пароды, мае ўласцівыя ёй прыкметы (пра свойскую жывёлу). Чыстапародная жывёла, сытыя цяляты на адпоі, такія аднолькавыя і чысценькія, што нават далёкаму ад сантыментаў мужчыну хочацца цалаваць іх у зорачкі на лбе. Караткевіч. // Які складаецца з такой жывёлы. Чыстапародны статак.

2. Звязаны з якой‑н. адной пародай; які праводзіцца без змешвання з іншымі пародамі. Чыстапароднае развядзенне сельскагаспадарчай жывёлы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлю́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шлюбу. Шлюбны саюз. Шлюбны абрад. // Прызначаны для шлюбу. Манька каторы раз прымярала ўжо сваё шлюбнае ўбранне. Крапіва.

2. Які мае адносіны да перыяду спарвання ў жывёл. Самцы былі ў шлюбным уборы: спіны ў іх пацямнелі і зрабіліся гарбатыя, сківіцы пагрозліва выгнуліся. Караткевіч. Паветра звініць птушыным гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

1. Рабіць больш шырокім па тэрыторыі, расшыраць. Некалькі дзён запар непадалёк ад кузні ўсё кланяўся экскаватар — выкідваў балотную твань, шырыў азярцо для птушак. Даніленка. // Павялічваць у аб’ёме. Халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі. Караткевіч.

2. перан. Ахопліваць вялікую колькасць людзей, рабіць масавым. [Букрэй:] — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дсвет, ‑у, М ‑свеце, м.

Адбітак святла; водбліск. Ад водсвету бледнага полымя твар старога настаўніка здаваўся васковым. Шамякін. // Адліў. На матавым водсвеце медзі Насця прачытала маленькі надпіс. Лынькоў. // перан. Пашырэнне на каго‑, што‑н. чыіх‑н. уражанняў, пачуццяў, праяўленне іх. У апошнім з гэтых вершаў вельмі паэтычны пачатак, які кідае своеасаблівы водсвет на ўвесь твор. Бугаёў. [Буткевіч] убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна [Гануся] заўсёды глядзела на яго. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. Весці інтрыгі (у 1 знач.). Інтрыгаваць супраць.. [Ланскага] таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Караткевіч.

2. каго-што. Узбуджаць цікавасць таямнічасцю, незвычайнасцю, загадкавасцю. [Гунаву] інтрыгавала і непакоіла паперка ў планшэце, асабліва надпіс, які толькі што зрабіў начальнік. Самуйлёнак. Словы ж аб важных справах, ды, відаць, справах, звязаных з партызанскім злучэннем, насцярожвалі .. [Сыкуна], нават інтрыгавалі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каніце́ль, ‑і, ж.

1. Вельмі тонкая металічная, звычайна залатая або сярэбраная, ніць для вышывання. На Мсціслава і пана Адама пацягнуўся з вышыні паток струменьчыкаў, падобных на залацістую каніцель, аблытаў іх, зрабіў залацістыя валасы Маеўскага рыжымі. Караткевіч.

2. перан. Разм. Нудная зацяжная справа, валакіта. — Бачыш, у брыгадзе і з ворывам дрэнь, і з фермай не клеіцца, і з куратнікам каніцель. Гурскі. // Дарэмная трата часу.

•••

Цягнуць (разводзіць) каніцель гл. цягнуць.

[Фр. cannetille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)