ГАСЕ́К ((Gossec) Франсуа Жазеф) (17.1.1734, Верньі, прав. Эно, Бельгія — 16.2.1829),
французскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік франц. сімфоніі. Чл. Ін-та Францыі (1795). Вучыўся ў пеўчай школе кафедральнага сабора ў Антверпене. З 1751 у Парыжы. Стварыў там муз. т-вы «Канцэрты аматараў», «Духоўныя канцэрты», кіраваў хорам у т-ры «Парыжская опера», арганізаваў Каралеўскую школу спеваў і дэкламацыі, на базе якой у 1795 адкрыта кансерваторыя (яе праф. і інспектар). У сваіх сімфоніях самабытна пераўтварыў дасягненні «мангеймскай школы». Узбагаціў камерна-інстр. жанр, пісаў камічныя оперы (каля 20), муз. трагедыі, балеты, араторыі, месы і інш. У час Франц. рэвалюцыі 1789—95 арганізатар і дырыжор масавых рэв. свят, пачынальнік манум. вак.-аркестравага стылю і новых муз. жанраў: рэв. масавай песні, музыкі гераічных і жалобных шэсцяў, буйных кантатна-аратарыяльных твораў для выканання на вольным паветры.
Літ.:
Радиге А. Французские музыканты эпохи Великой французской революции: Пер. с фр. М., 1934.
т. 5, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.
З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т. л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.
Р.М.Аладава.
т. 6, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ТНЕЎ (Алег Барысавіч) (н. 8.7.1947, г.п. Сухабязводнае Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). У 1979—83 заг. літ. часткі Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. З 1984 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Творчасці ўласцівы перавага лірычнай вобразнасці, спалучэнне класічнай традыцыі, неакласіцыстычных тэндэнцый і сучасных тэхнік кампазіцыі. Сярод твораў: балет «Кругаверць» па матывах нар. балад (паст. 1996, лібр. Ю.Чурко); драм. араторыя «Лісткі календара» (сл. М.Танка, 1983), «Літургія св. Іаана Златавуста» (1994), «Нясвіжская меса» паводле твораў кампазітараў 18 ст. (1997); камерная сімфонія (1979), адажыо «Doloroso» (1980); канцэрты: для фп. (1974), для голасу (1988), для ўдарных інструментаў «Credo» (1992), для аргана і ўдарных (1993) з аркестрам; паэма-карціна «Купальская ноч» для нар. арк. (1982); «Тэатральны дывертысмент» для ансамбля духавых, ударных і фп. (1992); камерна-вак. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў, радыёпастановак.
Р.М.Аладава.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Валерый Кірылавіч) (н. 4.1.1948, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. дасягненні ў жанры песні (найб. вядомыя цыкл песень-балад «Будзьце абавязку верныя»; песні «Пахне чабор», «Тапаліны звон», «Гуляць дык гуляць», «Раз ды разок...», «Ты ды я, ды мы з табой», «Каханая» і інш. на вершы бел. паэтаў). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Элегія аб чацвёртай бярозе» на вершы М.Танка (1976); 2 сімфоніі (1974, 1980), сімф. паэма «Прысвячэнне старому гораду» (1979); 2 канцэрты, у т. л. для трубы з арк. (1992); цыкл муз. карцін «Зямля бацькоў» (1977—81); драм. паэма «Сымон-музыка» для арк. нар. інструментаў (1983); п’есы для цымбальнага, у т. л. «Спеў дуброў» (1978), эстр. аркестраў, музыка да тэатр. і радыёпастановак, кіна- і тэлефільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
т. 7, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ (Восіп) (Юзаф) Антонавіч (1757, б. хутар Казлоўскі, Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл. — 11.3.1831),
кампазітар. Муз. адукацыю атрымаў у капэле св. Яна ў Варшаве. З 1775 настаўнік музыкі М.К.Агінскага ў Слоніме. У 1786—96 афіцэр рус. арміі. У 1799—1819 у Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу (з 1803 дырэктар музыкі). У апошнія гады жыцця разам з дачкой арфісткай М.Казлоўскай кіраваў хорам і аркестрам графа Мурамцава ў Прапойску (сучасны г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). Адзін з пачынальнікаў рус. раманса (найб. каштоўны зб. «Расійскія песні» з 30 твораў на тэксты рус. паэтаў). Аўтар героіка-патрыят. паланэзаў для хору і аркестра, у т. л. «Гром перамогі, гучы», манум. «Рэквіема» (1798), уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рус. праграмнага сімфанізму, музыкі да трагедый У.Озерава, Я.Княжніна, П.Каценіна і інш. Наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы.
Літ.:
Дадзіёмава В. Восіп Казлоўскі. Мн., 1995.
т. 7, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ МУ́ЗЫКА,
разнавіднасць электроннай музыкі. Заснавана на выкарыстанні камп’ютэраў, а таксама аснашчаных імі сінтэзатараў гуку. Камп’ютэры дазваляюць ствараць і ўзнаўляць больш за 100 электронных тэмбраў, імітаваць гучанне сімф. аркестра, джаза, рок-музыкі, пеўчага голасу і інш., пісаць музыку ў розных стылях і жанрах, для любога складу выканаўцаў, сінтэзаваць муз. і немуз. гукі. Напачатку К.м. стваралі кампазітар і праграміст, пазней і аматары, здольныя працаваць з ЭВМ. К.м. ўзнікла ў 1950—60-я г. Першыя ўзоры — «Іліякская сюіта» амер. кампазітара Л.Хілера і праграміста Л.Айзексана (1957). Сярод інш. прадстаўнікоў К.м. — кампазітары М.Бэбіт, П.Барба, К.Штокгаўзен, Я.Ксенакіс, П.Шэфер, П.Булез, С.Грунберг, Э.Арцем’еў, С.Губайдуліна, У.Мартынаў, Я.Мурзін, бел. — В.Раінчык, А.Літвіноўскі, Дз.Яўтуховіч.
Літ.:
Петелин Ю., Петелин Р. Персональный оркестр... в персональном компьютере. СПб., 1997;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в: Пер. с чеш. М., 1976.
Т.Г.Мдывані.
т. 7, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАП ((Kapp) Эўген) (26.5.1908, г. Астрахань, Расія — 29.11.1996),
эстонскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Талінскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1931, клас А.Капа), з 1945 выкладаў у ёй (з 1947 праф., у 1952—64 рэктар). Аўтар першых эст. сав. оперы «Агні помсты» (паст. 1945) і балета «Калевіпоэг» (паст. 1948). З інш. твораў: оперы «Пясняр свабоды» (паст. 1950), «Рэмбрант» (паст. 1975), «Зімовая казка» (дзіцячая, паст. 1958), балет «Золатапапрадухі» (дзіцячы, паст. 1956); араторыя «Эрнст Тэльман» (1977); кантаты; 3 сімфоніі (1942—64), 6 сюіт і 4 уверцюры для сімф. аркестра; канцэрты для фп, (1970), флейты (1976), канцэрціна для скрыпкі (1973), флейты (1965) з аркестрам; камерна-інструментальныя творы; хар. і сольныя песні; музыка да кінафільмаў. Сярод вучняў Э.Тамберг. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1952. Дзярж. прэміі Эстоніі 1948, 1950, 1977.
Літ.:
Кырвитс Х. Эуген Капп. М., 1959.
т. 8, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),
рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус. хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус. нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.
Літ.:
Мацкевич И.С. А.Д.Кастальский. М., 1969.
т. 8, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СЕЎ (Міхаіл Іванавіч) (16.3.1897, Масква — 24.1.1954),
расійскі кампазітар. Вучыўся ў А.Грачанінава і інш. Адыграў прыкметную ролю ў развіцці бел. муз. культуры 1930—40-х г.; падтрымліваў творчы кантакт з БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа), пісаў музыку да яго першых спектакляў, у якой выкарыстаў бел. нар. песні і танцы, у т. л. «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, 1936), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (1937). Аўтар оперы «Дума пра Апанаса» (паводле Э.Багрыцкага, 1937), 10 опер для дзяцей, у т. л. «Казка аб мёртвай царэўне і сямі асілках» (паводле А.Пушкіна, 1924), «Церамок» (1942), «Марозка» (паст. 1950, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1951), аперэт, кантат, фп. п’ес, вак. і хар. твораў, песень для дзяцей, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., для розных складаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Н.А.Юўчанка.
т. 8, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)