КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),

род кветкавых раслін сям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).

Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек. і дэкар. расліны.

Конскі каштан: галінка з кветкамі і плод.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДО́ЎНІК (Echinops),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 125 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — М. шарагаловы (E. sphaerocephalus). Трапляецца рэдка ў хмызняках, на аблогах, каля шашы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваныя 3 віды М.: узвышаны (E. exaltatus), шыракалісты (E. latifolius) і банатыкус (E. banaticus).

Шматгадовыя травы са стрыжнёвым коранем. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя, часта апушаныя. Лісце чаргаванае, надрэзанае, калючае. Шматлікія кветкі ў аднакветных кошыках, утвараюць шарападобную або падоўжаную галоўку з агульнай абгорткай. Плод — густаапушаная сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Мардоўнік звычайны.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНТУ́З звычайны (Lota lota),

адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.

Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

Мянтуз.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),

1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.

2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКО́РНІКІ (Aradidae),

сямейства насякомых атр. клапоў. Больш за 100 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны па ўсёй сушы. Жывуць на кары, пад карой дрэў (адсюль назва). На Беларусі каля 30 відаў, з іх найб. трапляюцца П. бярозавы (Aradiis betulae), звычайны (A corticalis), хваёвы (A. cinnamomeus).

Даўж. да 1,1 см. Галава даўгаватая, размешчана паміж 4-членікавымі вусікамі. Цела пляскатае, бурае ці чорнае. Надкрылы не закрываюць краі брушка. Лапкі 2-членікавыя. Кормяцца сокамі дрэў (чым шкодзяць дрэвастою), міцэліем грыбоў. Развіццё з няпоўным ператварэннем.

С.​Л.​Максімава.

Падкорнік хваёвы.

т. 11, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НКА.

вальдшнэп (Scolopax rusticola), птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўразіі. Жыве ў вільготных мясцінах мяшаных і лісцевых лясоў, паблізу балот. На Беларусі звычайны пералётны і пралётны від. Нар. назва сломка. Зімуе на Пд Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы.

Даўж. цела да 38 см, крыла да 20 см, маса да 350 г. Апярэнне спіны рыжавата-бурае з цёмнымі і светлымі стракацінамі. брушка рыжавата-шэрае з папярочным бурым малюнкам. Дзюба доўгая, моцная. Ногі адносна кароткія, шаравата-ружовыя. Кормяцца чарвямі, смаўжамі. насякомымі і іх лічынкамі. Палігамы. Аб’ект палявання.

Слонка.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦІСНУТАБРУ́ХІ (Sympetrum),

род сям. сапраўдных стракоз. Каля 150 відаў. Пашыраны ўсюды (за выключэннем засушлівых і арктычных абласцей) паблізу вадаёмаў. Лічынкі жывуць у стаячых або павольнацякучых водах. На Беларусі 5 відаў; С. перавязаны (S. pedemontanum) занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. брушка 18—28 мм, задніх крылаў 21—29 мм. Афарбоўка разнастайная, акрамя блакітнай і зялёнай. Крылы з шырокай цёмнай перавяззю перад вяршыняй. Брушка ў самцоў чырв., у самак жоўтае. Лічынкі валасатыя або амаль голыя. Драпежнікі.

Сціснутабрухі: 1 — звычайны; 2 — перавязаны; 3 — жаўтаваты; 4 — чорны (а — самец; б — самка).

т. 15, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМКО́ВІЧ (Semkowicz) Уладзіслаў Аляксандр (8.5.1878, г. Львоў, Украіна — 19.2.1949),

польскі гісторык. Правадз. чл. Польск. АН у Кракаве (1923), д-р габілітаваны (1909), праф. звычайны (1919). Скончыў Львоўскі ун-т (1903) і выкладаў у ім. У 1916—39 праф. Кракаўскага ун-та. У 1939—40 зняволены фашыстамі ў канцлагеры Заксенгаўзен. У 1945—47 дырэктар аддзела Польск. АН. Вывучаў генеалогію, геральдыку, сфрагістыку, палеаграфію, гіст. геаграфію і картаграфію феад. Польшчы і ВКЛ. Выдаў «Акты уніі Польшчы з Літвою 1385—1791» (з С.​Кутшэбам), «Дыпламатычны кодэкс кафедральнага сабора і Віленскай дыяцэзіі» (з Я.​Фіялкам).

т. 15, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЕЛЯГРА́Б (Ostrya),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. 5—7 (паводле інш. звестак 10) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны Х. віргінскі (O. virginiana) і звычайны (O. carpinifolia).

Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 10—25 м або кусты. Лісце чаргаванае. Тычынкавыя (мужчынскія) кветкі ў суквецці каташок, шышкападобныя жаночыя каташкі (з песцікавых кветак) падобныя на жаночыя суквецці хмелю (адсюль назва). Плод — арэшак. Драўніну Х. звычайнага выкарыстоўваюць па дробныя вырабы, кару — для дублення скур і атрымання фарбы. Дэкар., тэхн. расліны.

Галінка хмеляграба звычайнага.

т. 17, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛО́ПЫ (Cyclopoida),

падатрад (па інш. сістэме атр.) беспазваночных атр. весланогіх рачкоў кл. ракападобных. Больш за 250 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах, нямногія — планктонныя; некаторыя марскія Ц. свецяцца. На Беларусі каля 20 відаў.

Даўж. 1—8 мм. Маюць адно няпарнае лобнае вока (адсюль назва ад імя аднавокіх гігантаў з грэч. міфалогіі). Перамяшчаюцца скачкамі. У самак 2 яйцавыя мяшкі. Большасць драпежнікі, ёсць і расліннаедныя. Ц. кормяцца рыбы. Многія з іх паразіты рыб і беспазваночных, некат. прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (напр., рышты, шырокага ленцяца).

Цыклопы: 1 — сапфірына; 2 — анцэя; 3 — звычайны.

т. 17, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)