О́НКЕН (Oncken) Герман (16.11.1869, г. Ольдэнбург, Германія — 28.12.1945),
нямецкі гісторык. Праф. новай гісторыі Чыкагскага (ЗША, 1905—06), Гісенскага (1906), Гайдэльбергскага (з 1907), Мюнхенскага (з 1923) і Берлінскага (з 1928) ун-таў. У сваіх гіст. поглядах прытрымліваўся ідэй Л. фон Ранке. У 1935 звольнены з пасады нацыстамі. Аўтар прац «Ласаль» (1904), «Рудольф Бенігсен» (т. 1—2, 1910), «Рэйнская палітыка імператара Напалеона III, 1863—70» (т. 1—3, 1926), «Германская імперыя і перадгісторыя сусветнай вайны» (т. 1—2, 1933), «Кромвель», «Нацыя і гісторыя: Прамовы і артыкулы, 1919—1935» (абедзве 1935) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ ДЫЯ́КАН (Paulus Diaconus; каля 720—13.4.799),
гісторык лангабардаў. У маладосці — на службе ў каралёў Лангабардскага каралеўства (існавала з 2-й пал. 6 ст. на тэр. Італіі), пасля яго заваявання Карлам Вялікім (774) манах манастыра Монтэ-Касіна (Італія), дзе пісаў свае гіст. працы. У 782—786 пры двары Карла Вялікага, чл. яго «Акадэміі». Гал. яго твор — «Гісторыя лангабардаў» (у 6 кнігах) — асн. крыніца па іх гісторыі з найстараж. часоў да 744. Аўтар «Гісторыі епіскапства Меца», «Рымскай гісторыі» і інш. твораў, у т. л. вершаваных і эпісталярных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,
заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял. значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЕ́НКА Мікалай Андрэевіч (26.6.1926, с. Савінка Паласаўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 10.5.1987),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1979). Скончыў БДУ (1954), выкладаў у ім (з 1980 праф.). З 1985 дырэктар філіяла Ін-та рус. мовы імя А.С.Пушкіна ў Празе. Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, па праблемах бел. словаўтварэння, рус. мове. Аўтар працы «Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: Жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове» (1978), вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў мовазнаўства» (1962), «Кароткі нарыс гісторыі пісьма» (1965) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБО́ (Rambaud) Альфрэд (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),
французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІЯ АКАДЭ́МІІ,
саслоўныя навучальныя ўстановы ў Германіі ў 16—18 ст. для падрыхтоўкі сыноў дваран да ваен., грамадз. і прыдворнай службы. Выкладаліся: лац., франц., італьян., ісп. мовы, матэматыка, фізіка, генеалогія, права, гісторыя і інш.Вял. ўвага аддавалася фехтаванню, верхавой яздзе, танцам, прыдворнаму этыкету. Найб. вядомыя Р.а. ў Кольбергу (з 1653), Люнебургу (з 1655), Вольфенбютэлі (з 1687), Брандэнбургу (з 1704). У 19 ст. пераўтвораны ў гімназіі і кадэцкія карпусы. Паслужылі ўзорам пры стварэнні ў 18 ст. ў Рэчы Паспалітай, у т. л.ВКЛ, і Рас. імперыі шляхецкіх карпусоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРД III (Richard; 2.10.1452, замак Фотэрынгей, каля г. Корбі, Вялікабрытанія — 22.8.1485),
кароль Англіі [1483—85]. Апошні з дынастыі Йоркаў. З 1461 герцаг Глостэрскі. Стаў каралём у час Пунсовай і Белай руж вайны: прызначаны ў 1483 пратэктарам каралеўства пры малалетнім каралю Эдуарду V, скінуў яго і зняволіў у Таўэры. У бітве пры Босварце (1485) пацярпеў паражэнне і забіты. Новы кароль Генрых VII афіцыйна абвінаваціў Р. III у забойстве Эдуарда V і яго брата. Р. III — герой твораў Т.Мора («Гісторыя Рычарда III») і У.Шэкспіра («Рычард III»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́ВЭ Васіль Васілевіч (2.2.1889, С.-Пецярбург — 15.9.1965),
савецкі гісторык-усходазнавец. Акад.АНСССР (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911), вучыўся ў Берліне. З 1916 выкладаў у Пецярбургскім ун-це, у 1918—33 заг. Егіпецкага аддзела Эрмітажа. Дырэктар Ін-та этнаграфіі (1937—40), Ін-та ўсходазнаўства АНСССР (1941—50). Даследаваў сац.-эканам. рабаўладальніцкія структуры стараж.-ўсх. грамадстваў, гісторыю і культуру Стараж. і эліністычнага Егіпта, Шумера, Вавілоніі, Асірыі, Ірана, Палесціны, Урарту, Паўн. Прычарнамор’я. Аўтар працы «Гісторыя Старажытнага Усходу» (1941). Адзін з ініцыятараў выдання Сав.гіст. энцыклапедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФО́Р (грэч. Ephoros; каля 405—330 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык з г. Кім (цяпер Кум, М. Азія), вучань Ісакрата. Аўтар працы «Усеагульная гісторыя» (у 30 кн., апошняя напісана яго сынам Дэмафілам), у якой дадзены агульны агляд гісторыі грэч. свету (ад дарыйскага ўварвання да 340 да н.э.). Праца Э. (захавалася 157 фрагментаў) — адна з першых спроб выкласці гісторыю ўсіх грэч. дзяржаў, у т. л.грэч. калоній, і мела вял. ўплыў на ант. гістарыяграфію; на яе спасылаліся Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. гісторыкі.