смыле́ць, ‑ліць; незак.
1. Балець, пячы (ад апёкаў, раздражнення скуры, ран і пад.). Смылелі папечаныя пальцы, пахла дымам вопратка, аж блажыла; і глыбока-глыбока ныла ў сярэдзіне. Пташнікаў. Стаміўся я. Не слухаюцца ногі. Смыляць, гараць, нібы яны ў агні... Бялевіч. Дубянеюць ногі, смыляць паабдзіраныя аб калючы снег рукі. Грахоўскі.
2. перан. Трывожыць, мучыць (пра душэўны боль). [Ганна:] — Я не крыўдую на цябе, але сэрцу балюча. Смыліць яно, штодня смыліць. Лынькоў. [Гаварушка:] — Ужо і ў мяне душа пачынае смылець. Лобан.
3. Гарэць без полымя, слаба гарэць; тлець. Цьмяна смылеў на камінку гнілаваты корч. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уту́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўтульнасцю, упарадкаванасцю; такі, у якім прыемна знаходзіцца, жыць. Паваротны акінуў вачыма ўтульны пакой з круглым сталом пасярэдзіне, .. піяніна і карцінамі на сценах. Гурскі. Домік быў невялікі, але чысты, утульны, акружаны гародам і садзікам. Машара. Пасля ўтульнай і цёплай машыны надвор’е здавалася асабліва золкім і непрыветным. Савіцкі. // Выгодны, зручны. У вялікім утульным крэсле драмаў вартаўнік. Грахоўскі.
2. Зацішны, укрыты ад каго‑, чаго‑н. Вера. Алексіч доўга хадзіла па адхоннаму берагу Віцьбы, шукала ўтульнае месца. Асіпенка. Дробных [галаўнёў] лёгка знайсці ў ціхіх утульных завадзях, асабліва ў вусцях ручаёў і рэчак. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хра́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Памянш.-ласк. да храпа 1.
хра́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Ствол качана капусты без лістоў. Рая адышла да каровы і хацела гнаць яе дамоў, але карова прагна хапала капуснае лісце, з хрумстаннем згрызала храпкі і ісці дамоў не хацела. Шамякін. Дзеда тузанула, ён закруціўся на месцы, ухапіўся за твар і павольна пачаў асядаць на цвёрдую граду з мёрзлымі храпкамі ссечанай капусты. Грахоўскі. Ён [Васіль] можа ля дзвярэй сядзець спакойна і хрумстаць белыя тугія храпкі. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарэ́нь, ‑і, ж.
1. Ляжанка на рускай печы. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы і моцна заснуць пад спеў цвыркуна і гоман ветру. Грахоўскі. Ну і смеху было з гэтым дзедам нядаўна! Мала таго, што ён цэлую зіму, дык і летам не злазіць з печы. І да таго ўжо даседзеўся, што праваліўся разам з чарэнню на чыгуны і гаршкі якраз тады, як палілася ў печы. Васілевіч.
2. Гарызантальная паверхня ўнутры рускай печы; под. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Разм.
1. каго-што. Націраць, намазваць каго‑, што‑н. чым‑н. Яны [Міхал і Антось] шмаруюць мылам вусы, «каб выдатней яны стаялі», і так ваксуюць боты, што маглі б шляхту «скасаваць». Клімковіч. [Іван] шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. Грахоўскі. // Церці, праціраць, ачышчаючы што‑н.; наводзіць бляск. Томі трамбуе гравій, Томі шмаруе шкло, Томі рыхтуе каву. Лявонны.
2. аб што. Церціся, зачэпліваючыся за што‑н. у час руху, перамяшчэння, цягнучыся па чым‑н. Блішчала адным краем у перадку — у Янука ўгалавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак. і незак.
1. Апынуцца (быць) у залежнасці, пад уладай каго‑, чаго‑н., падначаліцца (падпачальвацца) каму‑н.; паслухацца (слухацца) каго‑н. Станіслаў Вярбіцкі поўнасцю падпарадкаваўся новаму механіку і без яго загаду сам ні за што не браўся. Чарнышэвіч. [Камендант:] — Я — салдат і падпарадкуюся толькі свайму камандаванню. Грахоўскі. Скінуўшы шынель, [Грушэўскі] расставіў студэнтаў і запрапанаваў заспяваць ужо вядомую песню. У яго было столькі ўпэўненасці, што студэнты падпарадкаваліся. Карпюк.
2. Зрабіць (рабіць) што‑н. пад уздзеяннем чаго‑н., у адпаведнасці з чым‑н. Падпарадкаваўшыся позняму часу, я неўзабаве лёг спаць, але сон не прыходзіў. Ракітны. Дзейнасць [Саўкі] болей падпарадкуецца натхненню, чым папярэдняй прадуманасці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паклапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; зак.
1. Патурбавацца, панепакоіцца з выпадку чаго‑н., каб забяспечыць кім‑, чым‑н. Здаецца, можна было б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынак не ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца. Колас. [Камлюк:] — Паклапаціся пра коней, калі матацыкл не наладзіш. М. Ткачоў. — Хлопцы, паклапаціцеся адносна вячэры. Машара.
2. Праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. — Калі не хочаш, падумаць пра сябе, дык пра сына паклапаціся. Пальчэўскі. — Вы ж разумееце, што да восені мы павінны пасяліць маладых рабочых у інтэрнат, паклапаціцца, каб у іх было цёпла, светла і ўтульна, і абавязкова — весела, — працягвае Катаводаў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наста́ўнік, ‑а, м.
1. Той, хто выкладае ў школе. Настаўнік пачатковай школы. Настаўнік сярэдняй школы. Настаўнік хіміі. □ Вакол .. [Фралова] збіраюцца тыя, хто толькі ўчора развітаўся з роднаю школаю, з блізкімі сябрамі і любімымі настаўнікамі. Грахоўскі. // Наогул асоба, якая вучыць чаму‑н. Настаўнік музыкі. Хатні настаўнік.
2. Той, хто наогул з’яўляецца натхніцелем, хто кіруе, вучыць чаму‑н. Духоўны настаўнік. Вялікія настаўнікі пралетарыяту. □ Купала і Колас былі першыя паэтычныя настаўнікі Максіма Танка. Бярозкін.
3. Той, хто дапамагае каму‑н. асвоіць спецыяльнасць на прадпрыемстве, прывівае працоўныя навыкі. Настаўнік моладзі. □ Берагчы час, планаваць яго расход не толькі па гадзінах, а і секундах — найпершы абавязак настаўніка рабочага. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паяды́нак, ‑нка, м.
Баявая сутычка двух праціўнікаў. Паядынак, відаць, быў няроўны: адна з варожых куль скасіла .. [дзядзьку]. Якімовіч. Тут колісь у начной цішы Сышліся два на паядынак. Гурло. У спадчыну ад бацькі я атрымаў старога беркута з адным вокам, другое вока беркут страціў у паядынку з ваўком. Васілёнак. // У спартыўных спаборніцтвах — барацьба двух праціўнікаў. Лепшыя спартыўныя збудаванні беларускай сталіцы сталі месцамі цікавых паядынкаў. «Звязда». // перан. Наогул барацьба з кім‑, чым‑н. Свістам сініцы, хрустам ільдзінак Сцюжа з вясной пачала паядынак. Грахоўскі. Гутарка Андрэя з стар[астам] выступае як своеасаблівы паядынак, дзе зброяй праціўнікаў з яўляецца ідэалогія, светапогляд. Хромчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здаро́ўе, ‑я, н.
Стан арганізма, пры якім нармальна дзейнічаюць усе яго органы. Берагчы здароўе. Адбіцца на здароўі. Па стану здароўя. Курыць — здароўю шкодзіць. □ Гарцаваць на кані не дазвалялі [дзеду Астапу] ўжо гады і здароўе. Лынькоў. // Пра самаадчуванне, стан каго‑н. Смалістыя бары, верасовыя паляны і лясныя кветкі папаўняць новы горад водарам жыцця і сілы, прынясуць здароўе і радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Грахоўскі.
•••
Добрага здароўя — а) пажаданне пры развітанні; б) прывітанне пры сустрэчы. — Добрага здароўя, добрай раніцы, — першымі адказалі Ахрэму жанкі. Кавалёў.
За ваша здароўе — пажаданне таму, за каго паднімаюць тост.
На (добрае) здароўе — адказ-пажаданне гаспадара таму, хто дзякуе за частаванне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)