АБАРО́НА,

баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.

У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл. Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял. Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.жн. 1941 (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).

У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.

Літ.:

Тактика. 2 изд. М., 1988. С. 320—407.

У.​П.​Рудэнка, В.​А.​Юшкевіч.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКЦЫЯНІ́РАВАННЕ,

мэтанакіраванае выяўленне, набыццё і сістэматычнае камплектаванне збораў пераважна аднародных прадметаў. Аб’екты К. — разнастайныя рэчы духоўнай і матэр. культуры (творы выяўл. мастацтва, рукапісы, друкаваныя выданні, манеты і інш.), аб’екты прыроды (мінералы, расліны і інш.). К. вядома са старажытнасці. Прыватнае К. пачалося ў антычнасці, дасягнула росквіту ў Стараж. Рыме і Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння (14—16 ст.). У ВКЛ і Рэчы Паспалітай найб. стараж. калекцыі, у т. л. знакаміты збор габеленаў Жыгімонта II Аўгуста, належалі Ягелонам. Каштоўны збор твораў мастацтва мелі Ян III Сабескі і С.​Патоцкі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі збіральніцтвам займаліся П.М. і С.​М.​Траццяковы (выяўл. мастацтва), М.​К.​Ценішава (этнаграфія), А.​В.​Марозаў (кераміка), А.​С.​Увараў (археалогія) і інш. Многія прыватныя зборы ператварыліся ў музеі (Луўр, Траццякоўская галерэя, Эрмітаж і інш.). У Зах. Еўропе ў 15—16 ст., у Расіі з 18 ст. сталі пашыранымі змешаныя зборы — кунсткамеры (у Расіі 1-я створана Пятром 1). У 20 ст. ў К. вылучыліся кірункі: навуковы (займаюцца пераважна музеі), навучальны (як сродак нагляднасці ў навуч. працэсе), аматарскі, які ўключае філатэлію, баністыку, філуменію (К. этыкетак), фалерыстыку (К. ордэнаў, медалёў, значкоў і інш.), філафанію (К. гуказапісу), філакартыю (К. паштовак) і інш. У Беларусі К. зарадзілася ў 12—14 ст. у канфесіянальных установах Полацка, Гурава, Віцебска і інш., прыватнае разгарнулася ў 16 ст. Найб. калекцыі ў 16—18 ст. былі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў (рукапісы, кнігі, манеты, зброя і інш), у маёнтках Храптовічаў Шчорсы (Навагрудскі р-н) і Вішнева (Валожынскі р-н), у пастаўскай галерэі К.​Тызенгаўза (творы італьян., галанд., франц., ням. мастакоў 16—18 ст.). У 19 ст. ўвага збіральнікаў была скіравана пераважна на помнікі айч. даўніны. Сярод калекцыянераў таго часу Я.П. і К.​П.​Тышкевічы ў Лагойску, М.​П.​Румянцаў у Гомелі і інш. Спецыялізаваныя калекцыі ствараюць калекцыянеры-аматары А.​А.​Стуканаў (паштовыя маркі), В.​Н.​Рабцэвіч і А.​П.​Арлоў (манеты), А.​Я.​Белы (бел. выяўл. мастацтва) і інш. З 1990 выходзіць газета «Беларускі калекцыянер».

У.​С.​Цярохін.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,

род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.

Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл. Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс. чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял. Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.

Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс. чал., 1998).

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;

Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;

Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Да арт. Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАГО́НЯ»,

герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст. Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял. дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.

З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд. Мн., 1993;

«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.

А.​К.​Цітоў.

Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ Існавала ў 1812—20. Засн. 10.6.1812 у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума. У сувязі з вайной 1812 заняткі пачаліся 8.1.1813. Акадэміі былі дадзены правы ун-та. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзярж. службу. Мела права надаваць вучоныя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, д-роў тэалогіі, цывільнага і кананічнага права. Падпарадкоўвалася Мін-ву асветы (навуч. працэс), па інш. пытаннях — генералу ордэна езуітаў Т.​Бжазоўскаму. На чале стаялі рэктар і 4 дарадцы, ф-тамі кіравалі дэканы. Рэктарамі былі: А.​Люстыг (з 1812), А.​Ляндэс (з 1814), Р.​Бжазоўскі (з 1817). Мела 3 ф-ты: тэалагічны, філал. і вольных навук, або філасофскі. Выкладаліся: лац., грэч., рус., франц., ням., італьян., польск., сірыйская, стараж.-яўр. мовы і л-ра на гэтых мовах, логіка, метафізіка, этыка, паліт. эканомія, геаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія і інш. Навучанне вялося па падручніках еўрап. ун-таў і ўласных, якія выдаваліся ў Полацкай друкарні. Колькасць студэнтаў дасягала 700 чал. Сярод выкладчыкаў былі вучоныя з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, а таксама ўраджэнцы Беларусі, у іх ліку праф. В.Бучынскі, І.​Цытовіч, П.​Гаўрыловіч, І.​Залескі і інш. Акадэмія мела: 2 б-кі — адна з кнігамі на польскай мове, 2-я (больш за 40 тыс. тамоў) на рус. і інш. мовах; хім., фіз., заал., мінералагічны і натуральнай гісторыі кабінеты; карцінную галерэю і інш. Выдавала літ.навук. час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Нягледзячы на шырокую вучэбную праграму, акадэмія не поўнасцю адпавядала тагачаснаму навук. ўзроўню з-за моцнага клерыкальнага ўплыву. Вучоныя Віленскага універсітэта крытыкавалі яе як «гняздо абскурантызму». Сярод выпускнікоў акадэміі Я.Баршчэўскі, В.Ваньковіч і інш. выдатныя дзеячы навукі і культуры. Закрыта 13.3.1820 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рас. імперыі. Частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ун-т. Б-ка, друкарня і інш. маёмасць перададзены навуч. установам Полацка, Віцебска, Пецярбурга. У будынках акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

Літ.:

Шалькевіч В.Ф. З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі ў першай трэці XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 3. 1992. № 2;

Giżycki J. Notatka o Akademii i szkołach jezuitów w Polocku. Poznań, 1899.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.​Буш, з 28 чэрв. В.​Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.​Х.​Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.​Ф.​Захараў), 3-і (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.​Я.​Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.​К.​Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.​М.​Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.​А.​Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ РУСЬ,

гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.​Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.​Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.​Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял. кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст. зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус. тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.​М.​Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.​Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).

Літ.:

Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.​Сагановіч. Мн., 1991;

Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНІ́ЦА,

збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.

А.​І.​Лакотка.

Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,

мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.

На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел. дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел. політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.​Афанасьева, І.​Рудэнка, А.​Сычова, В.​Шальнікоўская, І.​Шпіт, Б.​Юрцін і інш).

Літ.:

Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;

Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;

Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.

А.​В.​Сычова.

Да арт. Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.
Да арт. Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.
Ландшафтная архітэктура.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сямёнавіч) (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),

бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел. гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.​Скарыне, Я.​Купалу, М.​Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, І.​Франка, М.​Карыма, Р.​Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст. маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.​Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.​Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1987—91;

У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;

З вякоў мінулых. Мн., 1990;

Творы. Мн., 1996.

Літ.:

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;

Быкаў В. Зб. тв. Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;

Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;

Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;

Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. Мн., 1995;

Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;

Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;

Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.

А.​Л.​Верабей.

У.С.Караткевіч.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)